Радасць чэрвеньскай ранiцы. 21.by

Радасць чэрвеньскай ранiцы

12.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яна i ў пацалунку сонца, спевах салоўкi i ў тым харастве, што навокал нас

Што можа падарыць чалавеку звычайная чэрвеньская ранiца? Я маю на ўвазе гарадскога жыхара, якi пасля доўгай нуднай зiмы атрымаў магчымасць перасялiцца ў вёску, дзе з непрывычкi галава кружыцца ад густога водару свежага паветра i ты на кожным кроку адкрываеш для сябе маленькiя цуды прыроды, якiх навокал вялiкае мноства. Каб убачыць i адчуць iх, зусiм не трэба ехаць далёка i шукаць нешта экзатычнае, незвычайнае, уражлiвае. Цуды жывуць у любой, нават зусiм непрыкметнай нашай вёсачцы, бо шчодрая прырода аднолькава ўважлiвая да кожнага куточка роднай Беларусi. Вось толькi некалькi маiх маленькiх адкрыццяў у чэрвеньскую ранiцу, дзякуючы якiм мы пра­святляемся, становiмся дабрэйшымi да ўсяго жывога.

Пацалунак сонца

Сёння мне вельмi захацелася схадзiць у лес ранiцай. Каб паглядзець i адчуць, як ён прачынаецца пасля ночы, чым у такi час здзiвiць мяне. Праблемы няма, лес прывольна разыходзiцца побач з нашай вёскай, хады да яго хвiлiны тры. Зайздросце, тыя гарадскiя жыхары, якiя лiчаць, што ўласная дача — адны клопаты, ад яе летам нiякага адпачынку, нiякай уцехi. А што, папрацаваць, скажам, на ўласных градках, каб мець на стале сакавiтую цыбулю цi духмяны кроп, каб запасцiся дарамi свайго агарода на зiму, — цi ж гэта не задавальненне i шчасце для чалавека, у чыiм сэрцы жыве вечны поклiч роднай зямлi? Урэшце, хто як думае, але ж мне надта шкада тых людзей, якiя зусiм абыякавыя да прыроднай прыгажосцi, бо яны збядняюць сваю душу.

Ну, вось я i ў лесе. Прабiраюся ў густы сасновы бор. Тут яшчэ засталiся рэшткi ночы, памiж дрэў ляжаць лёгкiя дрыготкiя ценi. Хоць неба чыстае i светлае, сонца ўжо досыць высока, але ж яго промнi яшчэ не прабiлiся праз густыя вяршалiны дрэў, унiзе неяк пахмурна i нявесела.

Раптам бачу: наперадзе на траве ляжыць вузенькая залацiстая стужка. Падыходжу блiжэй i спыняюся ўражаны: гэта сонечная палоска. Праз гушчар неяк прабiўся сонечны прамень i лагодна лёг менавiта на гэтае месца. Ён такi чысты, празрысты, лёгкi, ад чаго сагрэтыя iм тут травы вясёлыя i задаволеныя. Кветачкi таксама зусiм iншыя, чым тыя, што побач, якiя яшчэ не адчулi сонечнай ласкi i цяпла.

Стаю i думаю: гэта ж трэба, у лясной гушчынi сонца знайшло маленькi прасвет i карыстаецца iм, каб кожную пагодлiвую ранiцу як мага хутчэй сагрэць гэтую мясцiну i ўсё, што на ёй жыве. Ах, якi добры праменьчык, ды не, гэта пяшчотны i такi жаданы пацалунак сонца…

Дзе хачу, там i спяваю

Вяртаюся з лесу пад цудоўную птушыную сiмфонiю — столькi каля нашай вёскi адмысловых спевакоў. Асаблiва на лясным ускрайку, вясёлым i чыстым, усцеленым рознакаляровым жывым дываном з кветак i траў. Ну цi ж могуць птушкi не славiць такое хараство? Тут для iх сапраўдны рай, таму чэрвеньская ранiца аж звiнiць ад шматгалосся.

Заходжу ў хату — чую моцную, пранiзлiвую салаўiную трэль. Дзе гэта ён сядзiць, што яго голас так здорава чуваць у нашай хаце? Выходжу на двор, i — во дзiва: салавей сядзiць на электрапровадзе, што на высокiх бетонных апорах цягнецца ўздоўж нашай вулiцы. Сядзiць i выводзiць свае трэлi. Вось дык нумар! Электрапровад зусiм не тое месца, дзе спяваць салаўю. Яны кожную вясну i ноччу, i ўдзень залiваюцца ў густым падросце ля нашай вёскi, у купчастым бэзе ў нашым садзе. А тут — во дзе прыладзiўся!

«Яму вiдней, дзе спяваць», — думаю i вяртаюся дахаты. Не тое тут было: салавей ажно зайшоўся сваiм незвычайна моцным на гэты раз голасам. Быццам прасiў мяне: затрымайся, чалавек, паслухай маю песню, я ж нездарма так стараюся! Я спынiўся — салавей змоўк, вiдаць, супакоiўся, бо ўбачыў, што чалавек стаiць на месцы.

Ну што тут сказаць: у гэтага салаўя, канешне, няўрымслiвы характар, якi зараз i праяўляецца. А можа, вельмi практычная птушка: усю ноч спявае, а для каго? Вяскоўцы спяць, хто ж ацэнiць салаўiны талент? Крыўдна, ды й толькi. Спявае ранiцай — таксама мала людской увагi, бо шмат работы па гаспадарцы, на агародах. Не, гэты салавей, вiдаць, нiяк не хоча мiрыцца з такiмi да сябе адносiнамi. Таму i забраўся на верхатуру, на электрапровад. Тут усё адкрыта, значыць, абавязкова прыцягне да сябе людскую ўвагу. Маўляў, глядзiце, якi я смелы, дзе хачу, там i спяваю…

А мо, гэтую цiкавую добрую птушку проста перапаўняе радасць i задавальненне ад таго, што надышла якраз тая пара года, якую нельга нават i ўявiць сабе без яго песень. I дзiвосныя трэлi, што так старанна i добрасумленна выводзяць салаўi, — хвалюючая i трапяткая аздоба лесу, саду, вёскi, усяго наваколля. Вось i спявае салавей, колькi хоча i можа. Для сваёй сяброўкi, якая ўжо знесла яйкi i дбайна грэе iх, каб хутчэй з’явiлiся птушаняткi. Для самога сябе, каб весялей жылося. I, канешне, для людзей, для тых, хто не лянуецца выехаць, напрыклад, у выхадныя цi святы, хто прыдбаў сабе кавалак зямлi для дачы. I з мая аж да канца чэрвеня можа зачаравана слухаць мiлагучныя песнi, якiя нястомна спяваюць поўныя жывой сiлы i тэмпераменту нашы салаўi…

Чмялi на арэлях

Каля нашай хаты растуць тры нiцыя вербы, iх мы з жонкай пасадзiлi некалькi гадоў таму. Нават не думалi, што вырастуць такiя прыгажунi. Вясной яны зацвiтаюць самыя першыя i стаяць, з усiх бакоў абвешаныя тонкiмi светла-залацiстымi нiткамi. Гэта iх галiнкi, аздобленыя пяшчотнымi кветкамi, звiсаюць да самай зямлi.

Зараз кожная вярба нагадвае жывы светла-зялёны шацёр. Бачу, падлятае да яе тоўсты махнаты чмель. Зрабiў некалькi кругоў, прыладзiўся на галiнцы i застыў на месцы. Што яго тут вабiць? Можа, лёгкi духмяны водар, якi стаiць у гэтым вярбовым шатры? Падлятае яшчэ адзiн чмель, садзiцца на тую ж галiнку.

Ну, тут для мяне зусiм няпростая задача: у чым цiкавасць адразу двух чмялёў да звычайнай вярбы? Успамiнаю: дзесьцi чытаў, што вучоныя адкрылi незвычайны сакрэт гэтых насякомых. Аказваецца, самец чмель, калi садзiцца на галiнкi дрэва, праз свае жвалы выпускае i пакiдае на кары цi лiсцях рэчыва, якое пахне надзвычай моцна. На гэты пах праз некаторы час прыляцiць чмялiха — якраз на тую галiнку, на тое месца, дзе пакiнуў «сiгнал» чмель-самец. I будзе чакаць яго…

Мо, якраз такая любоўная «падзея» ў чмялiным жыццi зараз i адбываецца на маiх вачах? Ну што ж, хай будзе так, тут усё натуральна, вызначана магутнай i мудрай прыродай. Але што назiраю далей? Лёгкi ветрык калыша тоненькую галiнку, а чмялi не пакiдаюць яе, тут i застаюцца. I так цягнецца доўгi час. Абодва чмялi гойдаюцца на галiнцы, бы на тых арэлях. Па ўсiм вiдаць, iм вельмi падабаецца такi занятак. Да таго ж яшчэ i асабiстая радасць для кожнага: знайшлi адзiн аднаго! I няма больш прыемнага адчування, чым такая сустрэча…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яна i ў пацалунку сонца, спевах салоўкi i ў тым харастве, што навокал нас
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика