Цяпло вячэрняга кастра. 21.by

Цяпло вячэрняга кастра

27.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра што думаецца

Ёсць вечная, хвалюючая таямнiчасць i загадкавасць вячэрняга кастра, асаблiва на ўлоннi прыроды. У такi час хочацца забыцца пра ўсё, толькi глядзець моўчкi на трапяткi мяккi агонь, атрымлiваць асалоду ад яго лёгкага жывога цяпла. Вiдаць, iснуе нейкая магiчная сiла, якая неадольна цягне чалавека да кастра, тым больш вечарам. Нездарма кажуць, што ў прыродзе ёсць тры з’явы, на якiя можна глядзець бясконца i гэта нiколi не надакучыць: агонь кастра, вада ў возеры, зоркi ў начным небе.

Расклаў касцёр на спецыяльна падрыхтаваным месцы, адкуль iскрынка не даляцiць у траву i магчымасць загарэцца выключана поўнасцю. Не дай бог здарыцца пажару. Тут луг багата затканы рознакаляровымi кветкамi, шаўкавiстымi травамi. Зусiм побач лес, ён зараз насцярожаны i маўклiвы. Усё застыла ў вячэрняй цiшы, бярозы апусцiлi долу свае гнуткiя галiны-косы, быццам дбайна прычасалi iх на ноч. Нават чуйныя асiны, якiя ўдзень спалохана трапяталi ад самага лёгкага ветрыку, зараз, нарэшцэ, супакоiлiся. Нерухома ўзвышаецца магутны дуб, бы той вартаўнiк, якому часта выпадае нялёгкая доля – у час бурану закрываць i берагчы сваёй густой, шырокай кронай маленькiя, яшчэ вельмi слабыя дрэўцы, што нясмела разышлiся навокал.

Касцёр гарыць цiха, не трашчыць i не патыхае нясцерпным полымем, як гэта бывае, калi раскладае вогнiшча вясёлая кампанiя, што прыязджае ў лес з горада. Па-свойму лагодны, ён быццам успамiн наводзiць.

Чыгунок з крупнiкам

Пераношуся ў свае далёкiя дзяцячыя гады ў роднай вёсцы. Ну цi ж можна ўявiць вясковае дзяцiнства без кастра? А я ўспамiнаю не адзiн, а мноства кастроў, прычым у вельмi цяжкiх абставiнах. Восенню 48-га года па ўсёй нашай вёсцы на агародах вечарамi гарэлi кастры. Справа ў тым, што вёскi не было, карнiкi спалiлi яе да апошняй пабудовы. Нашы мацеркi ажно плакалi: як гатаваць ежу? Вось на агародзе i ладзiлi «печ»: клалi кругам камянi або цэглу з папялiшча, на iх мацi ставiла чыгунок i тое-сёе варыла. Часцей гэта быў крупнiк, якi наша вялiкая i заўсёды галодная сям’я разам сёрбала з чыгунка крывымi, паломанымi лыжкамi, iх удалося знайсцi ў попеле на месцы згарэўшай хаты. Мацi сядзела побач, глядзела на нас i гаварыла: «Ах дзеткi, дзетачкi. Малавата крупнiку. Ды з чаго варыць? Нiчога, пражывём, галоўнае, што немца прагналi». Не магу сказаць, цi заставалася хоць крыху таго крупнiку мацi.

Той касцёр прыносiў нам, дзецям, сваю радасць. Мы яшчэ доўга сядзелi ля гарачых камянёў i вуголля. Цямнела, але ж зусiм не хацелася iсцi ў сырую, няўтульную зямлянку, дзе нас чакала халодная ноч. Маленькае, але зусiм iншае жыццё было ля кастра, сагрэтае яго цяплом i ласкай…

«Печ» пад каранямi вольхi

Позняй дажджлiвай восенню, калi босыя ногi аж заходзяцца ад холаду, касцёр для пастуха – выратаванне. I цяпер бачу перад сабой тыя нудныя днi, статак кароў i сябе, адзiнокага бедалагу. Збажына даўно зжата, выкапана дробная бульба, якая нiяк не хацела добра радзiць без гною, навокал пуста i сумна. Цярушыць назойлiвы дождж. Я ўжо не магу больш цярпець такую злую халадэчу, падбiраюся са сваiм статкам да лесу, там шмат дроў, значыць, будзе ў мяне касцёр, як i ў кожны восеньскi дзень, калi даймае холад.

Метраў за дзесяць ад лесу шмат сухой вольхi. Пад яе каранямi вясковыя хлапчукi змайстравалi свае «печы»: гэта шырокiя ямiны, дзе запаленыя дровы тлеюць вельмi доўга. I тут, пад густым пластом попелу, заўсёды ёсць «жывое» вуголле, якое трымалася ўсю ноч. I не трэба пастуху, выганяючы назаўтра статак, прасiць у бацькi запалак, якiя пасля вайны асцярожна разразалi ўздоўж. На чатыры часткi, каб на больш хапiла такога дэфiцытнага тады «тавару». З «жывога» вуголля ў зацiшнай ямiне пад кронай вольхi ў любы час можна развесцi касцёр, што мы, пастухi, халоднай восенню заўсёды i рабiлi.

Ну вось, i мая «печ», ля якой я саграваўся ўчора. Разграбаю попел, з яго вылятаюць iскрынкi, крыху глыбей чырванее вуголле. Бяру для распалу жменю сухiх галiнак, якiя я схаваў у зацiшным месцы, куды не дабярэцца дождж. На гарачым вуголлi яны спачатку патрэскваюць, i тут жа iх аблiзвае лёгкае полымя. З «печы» патыхае жарам, можна ўжо сюды класцi дровы. Iх шмат усюды, але ж пастухi – народ беражлiвы, дровы расходуем эканомна, яны заўсёды назапашаны, прыкрытыя ў кустах, каб не адсырэлi i не было з кастром нiякiх праблем.

Бульба майго дзяцiнства

Ах, якое задавальненне – сядзець ля кастра ў такi дзень, прабраны халодным ветрам i дажджом. Зусiм iншы настрой, i жыццё становiцца весялейшым. Мае каровы не вельмi ахвотна скубуць траву, iм таксама надакучыла гэтая непагадзь, таксама холадна. Яны збiлiся ў гурт недалёка ад кастра, мо, спадзяюцца, што iм хоць крыху перападзе цяпла. Ну што ж, хай будзе так…

Я сагрэўся добра, i зараз мяне чакае самае прыемнае. Развязваю сваю торбачку, дастаю некалькi сырых бульбiн. Варочаю вуголле, шукаю, дзе ёсць прысак, i кладу ў яго клубнi. Прысыпаю, цяпер застаецца чакаць, калi бульба спячэцца. Рыхтаваць такую «страву» мы, вясковыя пастухi, умелi адмыслова, была ж вельмi багатая практыка. Пакуль бульба пячэцца, я шукаю да яе «прыправу» – рву шчаўе, якога шмат у траве.

Абед у мяне такi: акраец хлеба, добрая жменя шчаўя, i, самае галоўнае – печаная бульба з прыгаркамi. Я разламваю гарачыя клубнi на маленькiя кавалачкi — яны так пахнуць, што нiчога больш смачнага ў тыя далёкiя пасляваенныя гады не ведаў…

I цяпер летам у вёсцы iншы раз пад вечар распальваю на сваiм пастаянным месцы касцёр. Не магу ўтрымацца ад спакуcы – пяку бульбу. I прыходзiць у маё сэрца ўспамiн пра далёкае дзяцiнства. Нялёгкае, але ж незабыўнае, бо гэта – самая дарагая пара ў жыццi чалавека.

Гарыць вячэрнi касцёр, як вечная повязь людскiх пакаленняў. Лёгкiя водблiскi жвава мiльгаюць па траве, быццам мроi з далёкага мiнулага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць вечная, хвалюючая таямнiчасць i загадкавасць вячэрняга кастра...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика