ПРА БЕЛАРУСКІ АВАНГАРД. 21.by

ПРА БЕЛАРУСКІ АВАНГАРД

01.07.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нядаўна ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава, пра якую ўжо цяпер можна сказаць, што яна з'яўляецца адной з галоўных культурных падзей года, — "Беларускі авангард 1980—1990 гг."

Можа гэта толькі маё ўражанне, але зрабіць выставу мастака і калекцыянера Андрэя Плясанава падштурхнула нядаўняя смерць мастачкі, пісьменніцы і перформера, знакавай постаці беларускага актуальнага мастацтва Людмілы Русавай. Як не прыкра, менавіта смерць, а не талент часцяком з'яўляецца ў нас відавочным доказам таго, што творы перайшлі мяжу "сучаснасць-класічнасць"... Як бы то ні было, на выставе "Беларускі авангард 1980—1990 гг." шмат прац Людмілы Русавай, у тым ліку і партрэт яе былога мужа і паплечніка па мастацкім цэху Фёдара Кашкурэвіча — дарэчы, той рэдкі выпадак, калі глядзіш на фармалізаваны твор і пазнаеш мадэль.

Наогул, на выставе вельмі шмат партрэтаў і аўтапартрэтаў, ці не ўпершыню гэты жанр прадстаўлены так шырока, прычым прыемнай асаблівасцю гэтых выяў з'яўляецца тое, што з іх глядзяць твары людзей творчых — мастакоў і іх калег па прафесіі: Сяргея Малішэўскага, Артура Клінава, Уладзіміра Акулава. Праўда, гледзячы на некаторыя з іх, так і прыгадваецца вядомы сказ з фільма пра прынца Фларызэля: "Дык гэта ж Клетчаты!" Што і казаць — авангардны партрэт да гэтай пары выклікае шмат эмоцый нават у звыклага да ўсяго сучасніка...

Калі вы любіце беларускую сучасную літаратуру, то напэўна сустракалі імя Генадзя Хацкевіча. Гэты вядомы мінскі фацэт, мастак і валацуга не раз быў праслаўлены пісьменнікам і мастаком Адамам Глобусам у "Сучасніках". Дарэчы, карціны апошняга таксама ёсць на выставе, так што ў прыхільнікаў яго пісьменніцкага таленту ёсць магчымасць паглядзець увачавідкі і на яго жывапіс. Ёсць там палотны і другіх цікавых літаратараў — Артура Клінава і Уладзіміра Сцяпана.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама працы такіх легенд беларускага авангарднага мастацтва як Яўген Буэль, Віталь Чарнабрысаў, Аляксей Жданаў, Уладзімір Лапо.

Выстава авангарднага мастацтва 1980—1990-х гг. — цудоўная мажлівасць адчуць аўру таго часу, успомніць, у якой гарачай атмасферы адбывалася змена культурнай парадыгмы.

"АДДАЙ МАЁ СЭРЦА"

Часта, наведваючы той ці іншы беларускі касцёл, чула пра тое, што тут было пахавана сэрца якога-небудзь магната...

Мяне гэты момант — навошта ім вырывалі сэрца? — хваляваў з дзяцінства, калі пачула ад ксяндза ў Нясвіжы гісторыю пра захаваныя ў скляпеннях унутраныя органы аднаго з Радзівілаў. Як сцвярджаў тады ксёндз, неяк у тых месцах працавалі вучоныя-медыкі. І калі яны ўскрылі скрынкі з набальзамаванымі органамі, то тыя выглядалі цалкам свежымі, хоць належалі чалавеку, якога не было на зямлі ўжо некалькі стагоддзяў.

І толькі нядаўна давялося прачытаць, навошта праводзілі такі дзіўны і жорсткі, з пункту погляду сучаснага чалавека, рытуал... Справа ў тым, што для таго, каб захаваць цела да цырымоніі пахавання (якая, дарэчы, магла адбывацца праз некалькі гадоў ад моманту смерці радавітага чалавека, бо сваякі і нашчадкі вымушаны былі збірацца на пахаванне часам з вельмі аддаленых мясцінаў, а самалётаў у тыя часы не было), з яго вымалі ўнутранасці, якія захоўвалі ў ў асобнай пасудзіне. Пазней іх клалі ў магілу разам з труной. Сэрца ж магло быць пахавана зусім у іншым месцы — часцей за ўсё гэта была царква, якую пабудаваў нябожчык на свае сродкі. У ХVІІІ стагоддзі развіўся жорсткі звычай асобнага захоўвання не толькі сэрца, але і пячонкі, і мозгу...

Даследчыца пахавальных звычаяў славянскіх народаў І. Дзюбкова лічыць, што цяжка вызначыць дакладна крыніцу гэтай цырымоніі: "Напэўна, яна блізкая культу рэліквій, а таксама сенсуалізму сармацкага ўяўлення, звычцы мысліць канкрэтнымі вобразамі".

Прызнацца, такое тлумачэнне мала што раскрывае... Хоць адно стала ясна — адкуль у беларускім дзіцячым фальклоры пайшла жахалка: "Аддай маё сэрца!"

ПРА СЯМЕЙНАЕ ШЧАСЦЕ

Некалі мой школьны настаўнік фізікі гаварыў пра доўгае няўдалае рашэнне задачы: "На вакзал праз Камароўку!"

А для мяне гэта цалкам рэальны шлях дадому. Адседзела на працы, закупілася на Камароўскім рынку прадуктамі, ды так, што ў пакетаў ручкі паадрываліся, завітала ў краму памераць сукенку, прыгатавала ежу... і ўспомніла, што трэба пазваніць сябру.

— Прывітанне! Я спытаць, ці дапамагла табе мая траўка?

— Якая такая траўка???

— Ну я тыдзень таму званіла тваёй жонцы, яна паскардзілася, што ў цябе страшэнныя болі, абвастрэнне падагры... І я ёй параіла кампрэс абязбольваючы... Вось званю даведацца — ці ёсць вынік.

— Першы раз чую! Ты сапраўды ёй тэлефанавала?

Нямая сцэна.

— Ладна, — кажу, — прыязджай, дам я табе гэтую траўку, сам зробіш кампрэс...

Я многае ў жыцці разумею, але проста ў галаве не ўкладаецца, як можна жыць з чалавекам, які пакутуе ад болю, і не зрабіць элементарную спробу палегчыць яго пакуты... Тут што цікава — сям'я гэтая на першы погляд цалкам шчаслівая. Двое ўжо амаль дарослых дзетак, жонка не працуе з той пары, як пазнаёмілася з мужам-бізнэсменам. Вольнага часу ў яе — воз і вазок!

...Год таму мяне гэтак жа ўразіла іншая ідэальная сям'я. Там абсалютна выпадкова высветлілася, што муж дваццаць гадоў захоўвае фотаздымкі сваіх сваякоў не дома, а на працы. "Каб жонка не парвала..."

Слоў няма.

ПРАВІЛЫ І ВЫКЛЮЧЭННІ

Аднойчы пісала, што мне вельмі часта даводзіцца сутыкацца з чужымі дысертацыйнымі працамі... І вось ці не кожнага разу здзіўляюся — з якой лёгкасцю маладыя даследчыкі адкідаюць усё, што не кладзецца ў пракруставы ложак іх схемы, не працуе на канцэпцыю...

Мне ж заўсёды здавалася, што навука робіцца не там, дзе працуе правіла, а там, дзе выключэнні. Такім выключэннем з савецкай літаратуры быў Алесь Разанаў. Такім выключэннем з беларускай прозы была эсэістыка. Тутэйшыя, тэвээлаўцы, бумбамлітаўцы, маргіналы і постмадэрністы ўсіх узростаў... Кожны раз я пісала кнігі пра выключнае, ненармаванае, а яно літаральна праз некалькі гадоў станавілася правілам, мэйнстрымам, класікай.

На жаль, гэтую простую ісціну абсалютна немагчыма данесці нашым маладзейшым вучоным. Іх цікавасць да навукі рэдка сягае далей кандыдацкіх корачак.

Ганна КІСЛІЦЫНА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нядаўна ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава, пра якую ўжо цяпер можна сказаць, што яна з'яўляецца адной з галоўных культурных падзей года,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика