Як беларусы вырашалі дэмаграфічныя праблемы
02.07.2010 12:40
—
Новости Общества
|
Напэўна, калі б мы трымаліся тых няпісаных правілаў, па якіх жылі нашы продкі, у Беларусі сёння б і не даводзілася гаварыць ні пра якія дэмаграфічныя праблемы. Дзяўчаты не заседжваліся б у дзеўках, а перад хлопцамі не стаяла б праблема, як знайсці сабе палавіну, і беларусы "пладзіліся б і размнажаліся".
Рэцэпты ад адзіноты Чым звычайна заканчваюцца казкі? Якую б там пачвару хлопец не забіваў, галоўнай яго мэтай была не слава, не авалоданне багаццямі, а здабыванне Мар'і царэўны, Алены Прыгажуні, Васілісы і іншых дзяўчат. Таму ўсе казкі заканчваюцца вяселлем. У іх закладзена галоўная ідэя — неабходнасць традыцыйнага чалавека ў стварэнні сям'і і працягу свайго роду. — Вясковы соцыум вельмі клапаціўся, каб кожны з яго супольнікаў быў сямейным чалавекам, — расказвае фалькларыст, навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі Таццяна Валодзіна. — Таму ад самага нараджэння вакол дзіцяці разгортваўся цэлы шэраг магічных дзеянняў, скіраваных на тое, каб у будучыні яно шчасліва і паспяхова пабралася шлюбам. Так, хлопчыкам рэзалі пупавіну на тры пальцы (калі карацей, гэта адаб'ецца на яго "мужчынскіх здольнасцях"), а дзяўчынцы на два (каб яна не была вельмі пажадлівай). Затым закручвалі дзяўчынку ў бацькоўскую кашулю, а хлопчыка ў жаночую спадніцу, каб да іх мелі прыхільнасць прадстаўнікі другога полу. Мне даводзілася запісваць і такое, што не трэба дзяўчынку закручваць у штаны (бо будзе гуляць), а толькі ў кашулю. У час хрэсьбінаў госці прамаўлялі тосты: "Як мы пабачылі цябе пад храстом, каб у наступны раз пабачылі пад вянцом". А калі білі гаршчок з бабінай кашай, і той разлятаўся на чарапкі, казалі дзяўчынцы: "Каб так за табой біліся хлопцы". Ды і праблем з тым, каб моладзь перазнаёмілася, не было. Хлопцы і дзяўчаты сустракаліся падчас сумеснай працы, на каляндарныя святы, на вячорках. Яшчэ ў падлеткавых гульнях, калі складваліся пары, яны вучыліся будаваць адносіны. Сёння маладыя людзі могуць сказаць: "Хачу жанюся, хачу не. Гэта тычыцца толькі мяне", а раней заключэнне шлюбу не было прыватнай справай. Калі хлопец да 25 гадоў і старэй не заводзіў сям'ю, для яго існавалі рытуальныя пакаранні. Так, шырока вядомы на Беларусі, асабліва ў паўночнай яе частцы, звычай цягаць калодку. Грамада лавіла нежанатых хлопцаў, і альбо ім сімвалічна прывязвалася калодка, альбо вялікімі калодамі завальваліся дзверы. Каб адкупіцца, "вінаватым" даводзілася паіць, карміць добрую кампанію. Тут ужо хочаш — не хочаш, але каб не трымаць такога публічнага папроку, з жаніцьбай цягнуць не станеш. Існавалі пакаранні і для асабліва пераборлівых дзяўчат, да якіх тройчы ці больш разоў прыходзілі сваты, а яны іх не прымалі. Такім дзяўчатам маглі заваліць дзверы ступай. А для тых з іх, якія так і не абзаводзіліся мужам, існавалі пагардлівыя найменні накшталт "перастарка", ці пра іх маглі сказаць, што яны "ў пук пайшлі", па аналогіі з цыбуляй, што не дала зялёных парасткаў. Жанчыны ж, якія не змаглі ўзяць шлюб па тых ці іншых прычынах, маглі ўключацца ў шэраг некаторых магічных дзей (напрыклад, лічылася, што яны могуць выклікаць дождж). Як прызнацца ў каханні? Калі дзяўчына цішком наступала хлопцу нагой на нагу, гэта магло азначаць, што яна такім чынам выказвае свае неабыякавыя адносіны. Існавалі іншыя знакі, якія сведчылі пра сімпатыі маладых людзей. Напрыклад, дзяўчына дарыла хлопцу насоўку, асабліва, калі на ёй былі вышытыя ініцыялы альбо нейкі малюнак. Калі кавалер не саромеўся гэтую насоўку насіць, карыстаўся ёю публічна, гэта гаварыла пра тое, што ён яе сімпатыю прыняў. Але ў асноўным пачуцці маладых людзей не выносіліся на людзі. — Калі абапірацца на этнаграфічныя запісы ХІХ—ХХ стагоддзяў у нашых бабуль не прынята было прылюдна казаць пра каханне. Можна ўзгадаць запісы нашых этнографаў, напрыклад, Доўнар-Запольскага, які пісаў, што калі на вечарынцы хлопец употай пацісне дзяўчыне руку, то гэта будзе знак вялікай прыхільнасці. Волю для выяўлення сімпатый давала абрадавае жыццё і святы. Гэта той час, калі здымаліся пэўныя абмежаванні штодзённасці, калі можна было абсалютна спакойна, не баючыся позіркаў, нейкіх абгаворванняў, плётак, выказаць сваю сімпатыю ў прыпеўках. Для таго і існавалі шматлікія гульні, карагоды. Вялікая частка гульняў якраз спрыяла таму, каб складваліся пары. Напрыклад, тая ж самая "Падушачка", калі гаварылі "Каго люблю, каго люблю, таго пацалую, пуховую падушачку таму падарую". У звычайным жыцці ні адна дзяўчына так бы не сказала і не праспявала, але абрадавая сітуацыя стварала магчымасць для выказвання сваіх пачуццяў. Можна прыгадаць і "Жаніцьбу Цярэшкі": пары, якія ствараліся ў час гэтай каляднай гульні, у далейшым браліся шлюбам. Вельмі многія бабулі кажуць, што да шлюбу казаць пра каханне як такое асабліва не даводзілася, маўляў, пазнаёміліся яны на вечарынках, спадабаліся адзін аднаму. Вялікае значэнне пры выбары пары меў імідж, слава хлопца альбо дзяўчыны ў вёсцы (ці яны працавітыя, гаспадарлівыя, ці з добрай сям'і). Зараз сціраюцца з народнай памяці тыя выпадкі, калі сваталі маладых людзей без узаемных пачуццяў або проста сімпатыі. А яшчэ ў дарэвалюцыйны час звычайнай была з'ява, што дзяўчына кахала аднаго, а сватоў да яе прысылаў іншы, і яна мусіла ісці замуж, бо так хацелі бацькі. Калі ж ужо гулялася вяселле, рабіліся пэўныя захады для таго, каб і іншыя дзяўчаты хутчэй узялі шлюб. Гэта тая ж традыцыя, што і здымаць вэлюм, вянок і надзяваць на бліжэйшых сябровак. Пры вянчанні ў храме маладая цягнула нагой палавічок, на якім стаяла, — лічылася так за сабой яна "пацягне" ўсіх дзяўчат. — А ці можна было прыдбаць сабе мужа пры дапамозе варажбы? — Так, існаваў шэраг спосабаў, замоў, хаця па колькасці любоўных прысушак беларусы выглядаюць даволі сціпла. Абсалютная большасць бабуль-суразмоўніц выказваецца катэгарычна: прываражыць можна, але з такім чалавекам не пражывеш шчасліва. Напрыклад, бабуля з Ляхавіцкага раёна расказвала, што прываражыла свайго мужа, але ўсё жыццё гаравала. Жылі разам, дзяцей гадавалі, але ніякіх пачуццяў, павагі не было. Гэтая жанчына — прызнаная на ўсю вёску вышывальшчыца. А цяпер уявіце палескія хаты, стосы белых вышываных падушак... І вось муж гэтай жанчыны арэ агарод, ці нешта робіць у хляве, а потым прыходзіць і ў ботах кладзецца на пасцель. Гэты муж ў ботах на раскошнай белі, дзе ў вышыўку ўся душа ўкладзена, — для мяне карціна прыкрага выніку прыварожвання. — А ці прымаліся захады дзеля таго, каб разлучыць закаханых? — І такое здаралася. Раней шлюбы заключаліся ў межах вёскі, калі людзі адзін аднаго ведалі. І калі бацькам не падабалася абранніца сына, яны маглі адчараваць, не дапусціць гэтага шлюбу. Непрыязнасць свякрові магла адбіцца на здароўі будучай жонкі сына. На жаль... Усё пад кантролем Соцыум сачыў не толькі за тым, каб усе маладыя людзі пабраліся шлюбам, але і за маральнай чысцінёй жаніхоў і нявестаў. Дзявоцкасць, якую захавала маладая, не толькі разумелася як цнатлівасць і чысціня дзяўчыны, але і як справа сямейнага гонару. Таму падчас вяселля караліся і "нячэсныя" нявесты, і іх бацькі. Так, маці маладой падносілі гарэлку ў дзіравай чарцы, дзірку затыкалі пальцам, але ў яе руках гарэлка пралівалася. Маладой ці яе бацькам маглі надзяваць хамут (які сімвалізаваў нецнатлівасць дзяўчыны, існуе нават народнае выслоўе "Бабская хамуціна ўвесь свет памуціла"). А яшчэ маглі таўчы ваду ў ступе ці падкладаць нявесце за вясельным сталом таўкач. Што гэтыя ступа і таўкач сімвалізавалі, нескладана здагадацца. Прынамсі, таўкач фігураваў і ў перадшлюбных рытуалах (калі доўга не прыязджалі сваты, адна з дзяўчат сядала на таўкач са словамі "Зазываю к таўкачу, таўкач кажа — не хачу". Альбо, калі якая дзяўчына не прыняла сватоў, але пасля перадумала і хацела, каб яны вярнуліся, выносіла таўкач да парога). Калі ж нявеста была цнатлівая, дык пасля шлюбнай ночы жаніх мог адпраўляць свякрові падарунак за тое, што яна захавала дачку. Гэта магла быць бутэлька, перавязаная чырвоным бантам, з багатымі гасцінцамі. Пра "чэснасць" маладой сведчыла чырвоная гарэлка, што падавалася за сталом. Калі ж маладая была выкрыта ў "нячэснасці", вяселле наогул магло згортвацца, госці спявалі крыўдныя песні і разыходзіліся. Але калі ў гэтым быў вінаваты жаніх, як распавядаюць бабулькі, ён мог проста нікому нічога не сказаць. Існавалі і іншыя спосабы праверкі. Так, яшчэ да першай шлюбнай ночы дзяўчат садзілі на дзяжу. Тая, што не захавала дзявоцкасць, не мела права на яе сесці. Раней лічылася, што калі нецнатлівая сядзе на дзяжу, то яе дзеці будуць хварэць, хлеб не будзе радзіць, шчасця не будзе. І дзявочыя перакананні ў гэтым былі настолькі моцныя, што перакрывалі страх быць зганьбаванай, выключалі падман. У беларусаў, як ні ў кога з суседзяў, цнатлівасць патрабавалася і ад хлопцаў. Іх таксама садзілі на дзяжу ў знак таго, што тыя не мелі ніякіх нядобрых сувязяў да вяселля. Праўда, гэты звычай быў не так шырока пашыраны. Калі сям'я ўжо ўтварылася, яна зноў жа заставалася пад кантролем грамады. Вядома, ва ўнутрысямейныя спрэчкі ніхто не лез ("Свой са сваім грызіся, кусайся, а чужы не мяшайся"), але калі хтосьці з сужэнцаў дазваляў сабе вольнасці ўбаку, рэакцыя была адразу. Жанкам, што здраджвалі мужу, даваліся крыўдныя, ганебныя мянушкі, яны выключаліся з жыцця грамады. Жанчыну, за якой ведалі, што яна занадта вольна сябе паводзіць, не бралі за куму, дзяўчаты — за дружку, ёй маглі дзёгцем выпацкаць вароты. Але гаварыць пра выключную цнатлівасць нашай моладзі ў тыя часы, напэўна, нельга. Добра распрацаваная сістэма ганьбавання падчас вяселля сведчыць пра тое, што ўсё ж такія выпадкі мелі месца. Распрацаваная ў фальклоры і тэма, звязаная з нараджэннем пазашлюбных дзяцей. Так, захаваліся выслоўі пра пазашлюбныя сувязі "ў крапіве шлюб бралі", гэта сімвалізуе якраз плоцевае каханне, грахоўнае, якое пячэ гэтак жа, як і крапіва. Дзяцей, што нараджаліся па-за шлюбам, называлі крапіўнікамі, а іх маці — крапіўніцамі. Часам "заляцелыя" дзяўчаты самі павязвалі хустку, што сведчыла пра тое, што адбылося. Аборты тады былі выключэннем, гэта лічылася яшчэ большым грахом, чым дашлюбныя сувязі з мужчынам. — Лічылася, што жанчына, якая зробіць такі грэх, не толькі пазбаўляе дзіця жыцця, але і свядома аддае яго на тагасветныя пакуты. Існаваў шэраг павер'яў, што дзеці з абортаў, альбо тыя, што памерлі нехрышчонымі, становяцца русалкамі, кікімарамі, нядобрымі духамі, — заўважае Таццяна Валодзіна. — У вераваннях на дзетазабойства магла рэагаваць прырода: пра грыбны дождж казалі, што гэта слёзы забітага ва ўлонні плода; моцны град, засуха, навальніцы пачыналіся пасля нараджэння ці забойства пазашлюбнага дзіцяці. — Ці існавалі нейкія сродкі засцярогі ад цяжарнасці? Нашы прабабулі маглі неяк рэгуляваць нараджальнасць? — Безумоўна, выкарыстоўвалі травы і іншыя медычныя сродкі, але існавалі і магічныя захады. Найчасцей бабулі ўзгадваюць такі спосаб, як падкладанне пальцаў рукі за вясельным сталом. Так, калі дзяўчына садзілася на два пальцы — дзяцей не будзе два гады, на тры — тры гады і г.д. Палец жа ў міфалогіі сімвалізуе чалавека, таму падкласці палец пад ніз прыраўноўвалася да адпраўлення дзіцяці ў засветы. Сімволіка пальца як дзіцяці выяўляецца ў прымаўцы "Якога пальца не ўрэж, усё адно баліць". Можна прыгадаць і казку пра "хлопчыка-з-пальчыка". Яшчэ для магічнай кантрацэпцыі выкарыстоўвалі паслед. Раней яго закопвалі ў хаце, а калі якая жанчына не хацела больш нараджаць, дык пасля родаў прасіла бабку-павітуху закапаць паслед пупавінай уніз — так быццам бы пераварочваліся яе спараджальныя магчымасці. Хаця, як аборты, так і кантрацэпцыя асуджаліся беларусамі. — А якое было стаўленне да жанчын, якія не маглі мець дзяцей? — Вельмі спачувальнае. Бясплоднасць, бяздзетнасць лічылася не проста хваробай, а пакараннем Божым або вынікам злога чаравання, і па-за чыста медычнымі, фізіятэрапеўтычнымі метадамі прадпісваўся зварот да самых розных магічных маніпуляцый, каб выключыць уплыў нядобразычліўцаў, зайздроснікаў. Жанчыны звярталіся да царквы. Асабліва пры бясплоднасці шырока практыкуюцца паломніцтвы ў святыя месцы, да святых крыніц, святых камянёў, усемагчымыя аброкі. Напрыклад, жанчына ішла да крыжа, вешала ручнічок і абракалася, што штосьці выключае з свайго жыцця (напрыклад, што не будзе нешта рабіць у пэўны час). "Пра гэта" не толькі гаварылі, але і спявалі — А такая тэма "для абмеркавання", як сэкс, была абыякавая нашым продкам? — Беларускі эратычны фальклор скрозь сімвалічны, ён пазбягае прамога называння, скажам, органаў і дзей, тут няма нецэнзурных слоў. Эратычны фальклор уваходзіць у абрадавую паэзію, у шэраг прыпевак, якія дазваляліся падчас святаў. Усё падаецца вельмі сімвалічна і метафарычна. У песнях гэта вобразы, за якімі мы зараз не бачым нічога эратычнага. Напрыклад, у радзіннай паэзіі можна сустрэць вобраз каваля, які скаваў дзіця: які "ў ручачкі не хукаў, малаточкам не стукаў, а каваў уначы не паліўшы свячы". У вясельных песнях першая шлюбная ноч зашыфраваная пад ворыва альбо заваяванне горада, а дзявоцкасць нявесты падаецца праз вобраз каліны. Фальклор падае адносіны паміж поламі, з аднаго боку, як вельмі натуральную з'яву, з другога — пазбаўленую арэолу нечысціні, грахоўнасці. Гэта не было прадметам мусолення ў будзённым жыцці, вылучэння, як гэта робіцца зараз. Такія адносіны раней людзі ўспрымалі прыгажэй, і маглі спяваць пра гэта больш далікатна і вобразна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напэўна, калі б мы трымаліся тых няпісаных правілаў, па якіх жылі нашы продкі, у Беларусі сёння б і не даводзілася гаварыць ні пра якія дэмаграфічныя праблемы....
|
|