Узняцца да вялікіх
08.09.2010
—
Новости Общества
|
Вялікі тэатр Рэспублікі Беларусь імкнецца ўпісацца ў сусветны кантэкст Балет і опера аднолькава дарагія нашым сэрцам, асабліва пасля таго, як уся краіна сачыла за аднаўленнем Вялікага тэатра Беларусі. Цяпер усе яе жыхары паступова павінны зразумець, што вялікае мастацтва патрабуе грошай: у новым сезоне падняўся кошт квіткоў на ўсе спектаклі оперы і балета. — Калі раней у сярэднім кошт квітка на оперны спектакль складаў 12,5 тысячы рублёў, а на балет 18,5 тысячы, то цяпер у сярэднім на оперу можна будзе патрапіць за 18 тысяч, і за 27 на балет, — паведаміў генеральны дырэктар тэатра Уладзімір Грыдзюшка. — Сярэдні кошт квітка на прэм'ерныя спектаклі будзе каля 30 тысяч, на гала-канцэрт — 35. А на балет з Масквы — каля 240 тысяч. Безумоўна, захоўваюцца ў нас і сацыяльныя цэны ў памеры 8-10 тысяч. На постсавецкай прасторы няшмат тэатраў, дзе ёсць сацыяльныя цэны. Наш тэатр мае бюджэтныя субсідыі на ўзроўні 85 працэнтаў, і ўласныя даходы складаюць каля 15 працэнтаў, у тым ліку ад рэалізацыі квіткоў. Змагацца за ўвагу гледача тэатр збіраецца з дапамогай прэм'ер і новых ідэй. Летась, напрыклад, прайшоў Навагодні баль і вечары оперы і балета ў Нясвіжскім палацы. Сёлета ў снежні абяцаюць Калядны оперны міжнародны форум, у рамках якога будуць паказаны два замежныя спектаклі: "Севільскі цырульнік" (Масква) і "Травіята" (Рыга). Таксама ў трох нашых спектаклях ("Тоска", "Набука", "Кармэн") выступяць салісты іншых тэатраў свету. Запланаваў тэатр на новы сезон прэм'еры: балет "Трыстан і Ізольда" Г. Вагнера абяцаюць паказаць ужо ў лістападзе, рыхтуецца прэм'ера балета "Сільфіда", оперу "Снягурка" Рымскага-Корсакава ставіць Сусана Цырук. Завершыць сезон тэатр збіраецца пастаноўкай оперы Вердзі "Аіда". Але магчымы і такі паварот, што хутка шмат спектакляў можна будзе лічыць прэм'ернымі. Якім чынам? — У нас шмат праблем па бягучым рэпертуары. Мы зараз адаптуем спектаклі да сцэны і разумеем: у некаторых спектаклях сцэнаграфія састарэла, у іншых — касцюмы... — гаворыць Уладзімір Грыдзюшка. — Але мы паступова будзем аднаўляць рэпертуар. Напрыклад, спектакль "Яўген Анегін" карыстаецца цікавасцю гледачоў, але ж састарэлі касцюмы... Мы будзем здымаць спектакль з афішы і ўжо ў наступным годзе пакажам новы спектакль "Яўген Анегін". Аналагічная сітуацыя з "Севільскім цырульнікам" — таксама адзін з самых папулярных спектакляў. Беларускаму гледачу абяцаюць сустрэчы не толькі з айчынным оперным і балетным мастацтвам: расійскім, грузінскім, магчыма нават, што сусветная зорка Ніна Ананіяшвілі асабіста выступіць у адной з сольных партый у беларускім спектаклі. І ў той жа час беларускі тэатр збіраецца заваёўваць замежжа. І калі Кітай — знаёмая тэрыторыя для нашых артыстаў балета, якія збіраюцца туды з "Лебядзіным возерам", то Мексіка і Арабскія Эміраты — новы рэгіён для беларускага балета.Прасоўваць высокае беларускае опернае і балетнае мастацтва цяпер будзе часопіс "Партэр", які заснаваў наш тэатр. Усё дзеля таго, каб упісваць Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь у сусветны кантэкст. Кантэксту пакуль больш — напрыклад, артыкулы пра сусветна вядомыя тэатры "Ла Скала", "Гранд-опера", "Метраполітэн-опера", Вялікі тэатр Расіі. Можа, і ў нашым тэатры з'явяцца такія пастаноўкі, пра якія будуць пісаць у тэатральных часопісах іншых краін. Вось быў бы той самы кантэкст, у якім мараць бачыць беларускі тэатр усе айчынныя прыхільнікі оперы і балета. Ларыса ЦІМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вялікі тэатр Рэспублікі Беларусь імкнецца ўпісацца ў сусветны кантэкст Балет і опера аднолькава дарагія нашым сэрцам, асабліва пасля таго, як уся краіна сачыла за...
|
|