Заполле: назад у будучыню
08.09.2010
—
Новости Общества
|
Заполле — гэта глыбінка Бялыніцкага краю. Саўгас "Падзевічы" — самая аддаленая гаспадарка ад раённага цэнтра, і на яе тэрыторыі аж тры дзясяткі маленькіх вёсак, раскіданых па тутэйшых лясах і балотах. Гэты край славіцца грыбамі, ягадамі і легендарнымі камянямі, а з нядаўняга часу — і сучаснымі пераўтварэннямі, якія ўжо ўвасабляюцца ў новую Запольскую ферму. Старажытныя камяні На Цэнтральнай вуліцы ў вёсцы Заполле пры дарозе стаіць каменны крыж. — Ён вельмі стары, — расказала Марыя Дзям'янаўна Сідарэвіч, чые хата і агарод месцяцца па суседстве з крыжам. — Нават старажылы не ведаюць, адкуль ён і што на ім за надпісы. Аднойчы крыж збіў аўтамабіль: не ведаем, як аўтамабіль, а камень застаўся цэлым. Павалены крыж аднавіла школа.
Яшчэ адна славутасць гэтага краю — камяні на месцы разбуранай царквы ў вёсцы Падзевічы. У бярозавым гаі тут калісьці стаяла царква Пакрова прасвятой Багародзіцы. Набажэнствы ў ёй пачаліся ў 1775 годзе, а ў 1930-м царква сваю дзейнасць спыніла. Камсамольцы скінулі з яе крыжы, а з драўлянага будынка атрымаўся клуб у Заполлі. — Мой бацька вучыўся тут у царкоўна-прыходскай школе, — расказвае старшыня Запольскага сельскага Савета Яўген Радоўскі. — Казаў, дысцыпліна была жорсткая: калі што, білі па плячах лінейкай, аднак і вынік быў. Бацька скончыў толькі 4 класы, але быў настолькі пісьменным чалавекам, што любую задачу нам, вучням савецкай школы, дапамагаў рашыць. На месцы былой царквы цяпер стаіць толькі памятны крыж з абразком. Яго паставіў Уладзімір Кароль — ураджэнец гэтых мясцінаў, а цяпер лётчык на пенсіі і жыхар Санкт-Пецярбурга, які піша пра гісторыю роднага краю. — А на месцы гэтага сасонніку стаяла Падзевіцкая бальніца, — працягвае экскурсію Радоўскі. — Я тут нарадзіўся. Быў добры драўляны будынак, а доктар жыў у хаце непадалёк. Я глядзеў статыстыку 1948 года: тады ў Падзевіцкай бальніцы нарадзілася 250 дзяцей! А потым бальніцу разабралі, а новую, цагляную, узвялі ў Заполлі. Цяпер у Падзевічах жыве толькі 40 чалавек, у асноўным — старыя людзі. Навокал крыжа раскіданы валуны, жывапісна пакрытыя бірузовым мохам. Яны былі падмуркам царквы, але яшчэ раней маглі быць і асновай капішча — дахрысціянскага свяцілішча. Яўген Іванавіч расказаў, што на беразе рэчкі Малыш непадалёк знаходзяць рэшткі вельмі старажытнага паселішча. На месца былой царквы прыязджаюць людзі. Тут захаваліся дзве магілы, адна з іх — апошняга падзевіцкага святара Міхаіла Далгаполава, які памёр у 1929 годзе. Многіх цікавіць камень, які стаіць ля магілы. У невялікай дзірцы ў ім збіраецца вільгаць, якая, вераць людзі, дапамагае вывесці бародаўкі. — Месцы тут старажытныя, і добра, што існуюць паданні, — ківае галавой старшыня Савета. — Вось толькі наконт гаючай сілы каменя я сумняваюся. Кажуць, быў каля той царквы нейкі святы камень, але ці захаваўся ён — ніхто не ведае. Мінулае і сучаснае Магілу Міхаіла Далгаполава даглядаюць яго сваякі. Унучка святара жыве ў вёсцы Глыбокі Брод: Ніна Іванаўна Грышкова — настаўніца на пенсіі. — Дзеда Міхаіла я не ведала, а вось яго жонка, Вера Уладзіславаўна, памерла толькі ў 1972 годзе, і мы з сёстрамі часта да яе хадзілі, — расказвае Грышкова. — У бабулі было шмат абразоў і царкоўныя кнігі, але ўсё гэта захоўвалася далей ад вачэй людзей, у кутку спальні. Праўда, і мая маці, і я таксама нікому ніколі не прызнаваліся, што мы — нашчадкі святара. Гэта было небяспечна, тым больш для настаўніцы, бо савецкая школа прапаведавала атэізм. З-за асцярожнасці ў сям'і не цікавіліся мінулым Далгаполавых і царквы ў Падзевічах, а цяпер вельмі шкадуюць, што страцілі магчымасць даведацца пра свой радавод. Праўнучка святара Таццяна Ігнатовіч, якая працуе ў Глыбокім Бродзе ў краме, спадзяецца тут на запісы Веры Уладзіславаўны, якія знайшлі і цяпер спрабуюць разабраць сваякі. Жонка святара рабіла іх у старасці і ўсё ж пакінула ўспаміны для сям'і. Калі зусім шчыра, то Таццяну сёння больш цікавіць сучаснае і будучае, чым мінулае. Яна з'ехала з Глыбокага Броду: у гэтай вёсцы на месцы школы вырас лес, зачынілася пошта і засталася толькі адна сям'я з малым. Жанчына пераехала ў цэнтр сельсавета: і сыну трэба быць бліжэй да школы, і бацькі разлічваюць на блізкасць да цывілізацыі.
Пераўтварэнні, пра якія гаворыць сялянка, пачаліся ў Запольскім краі сёлета. Іх ініцыяваў Аляксандр Лукашэнка, які ў час візіту на Магілёўшчыну заўважыў непарадак у глыбінцы. Даручэнне кіраўніка дзяржавы асабіста кантралюе старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік. — Па-першае, мы навялі парадак на зямлі, — расказаў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Бялыніцкага райвыканкама Аляксей Цапко. — У невялікіх вёсках засталося шмат безгаспадарных дамоў, і ўсё лета іх зносілі і хавалі. Нічыйная маёмасць — гэта небяспечна ў сэнсе пажараў, ды і выглядае нядбайна. Разам з пустымі хатамі хавалі і старыя фермы, якія былі пабудаваныя пасля вайны. Многія з іх ужо і заваліліся, жывёлу там не трымалі. Таму давялося ліквідаваць паўтара дзясятка будынкаў. — Лічы, што тысячу гектараў зямлі вызвалілі ад руінаў і бур'яну, правялі рэкультывацыю і засеялі новыя плошчы збожжавымі культурамі і травамі, — працягвае Цапко. — Да нас прыехалі меліяратары, якія наводзяць парадак у сваёй сістэме. На запольскіх землях рабілася калісьці меліярацыя, але даўно не працавала: у нізінах да сярэдзіны лета стаяла вада. Цяпер на гэтых землях гаспадарка робіць перазалужэнне: можна і жывёлу пасвіць, і сена нарыхтоўваць. Але самае галоўнае, што ў Заполлі гэтай восенню павінна запрацаваць новая сучасная ферма на 500 галоў. Новая ферма, добрыя планы Будаўніцтва фермы завяршаецца: застаецца навесці парадак і ўсталяваць даільную ўстаноўку. Старшыня сельскагаспадарчага кааператыва "Саўгас "Падзевічы" Анатоль Драздоў з гордасцю паказвае будоўлю: для яго гаспадаркі гэта сапраўды прарыў у цывілізацыю.
— Добра, што ўсё так павярнулася, — падтрымлівае Аляксей Цапко. — Ужо па Месяцы пешшу ходзяць, а мы ўсё ў вёдры доім. Жанчыне ў холадзе рукамі даіць карову! Якая нагрузка на чалавека: падаіць, памыць, пасушыць і яшчэ добрае слова гэтай карове сказаць. У даільнай зале ўсё прасцей. Там цёпла, суха, утульна, ёсць усе для людзей і жывёлы. За савецкім часам "Падзевічы" былі буйной гаспадаркай. Аднак пасля чарнобыльскай аварыі тэрыторыя трапіла пад радыяцыйнае забруджанне, і народ паехаў шукаць чыстых месцаў і дабрабыту. Нават бальніцу ў Заполлі зачынілі, хоць цяпер у цэнтры гаспадаркі аднавілі амбулаторыю. У Заполлі жыве тры сотні чалавек. Хоць гэтая вёска не будзе аграгарадком (паводле цяперашніх планаў), але яе жыхары хочуць жыць з належным камфортам. Тут працуюць пошта, аддзяленне банка, клуб, крамы. У школе і садку — больш за 150 дзяцей, якія прыязджаюць з усіх навакольных вёсак. Пабудавалі 6 новых домікаў. Ёсць два лясніцтвы. У сельскай гаспадарцы мае заробак 80 чалавек. "Саўгас "Падзевічы" лічаць у Бялыніцкім раёне за сярэднюю гаспадарку. — Кіраўнік малады, спецыялістаў не хапае, але яны плацяць падаткі, за энерганосьбіты і заробак людзям, — кажа Аляксей Цапко. — Сёлета сярэдні заробак перавысіў 700 тысяч рублёў і стаў роўны 250 доларам. Летась было толькі 450 тысяч. Так што яны самі на сябе зарабляюць.
— Тут добрыя мясціны, гістарычныя, — кажа Драздоў. — Старажытныя курганы і таямнічыя камяні. Мы прызвычаіліся да гэтага. Моладзі цяпер больш цікавыя камп'ютары, а нам даводзіцца дбаць пра гаспадарку. Землі тут бедныя, гаспадарка няпростая, але працуе. А аддаваць крэдыты будзем сваімі грашыма: пагалоўе павялічыцца ўдвая, і калі палепшыцца якасць малака, то за месяц мы зможам зарабляць паўсотні мільёнаў рублёў. Так што трэба жыць і развівацца. Думаем пра другі новы комплекс. Працаўнікі запольскай зямлі Яўген Радоўскі нарадзіўся ў тутэйшай вёсцы Сямікаўка, калі яшчэ толькі будавалі тыя фермы, якія цяпер разбурылі за непатрэбнасцю. Яго бацькі былі жывёлаводамі, і з малодшай школы хлопчык дапамагаў маці даіць кароў. У вялікай сям'і ён быў сёмы, і падымаўся разам з бацькамі а 4-й раніцы, каб гатаваць ежу. Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі вярнуўся ў родныя мясціны. — Пашкадаваў бацькоў, — тлумачыць сёння Яўген Іванавіч. — У мяне перспектывы былі, бо я добра гуляў у футбол. Але калі сабраўся ў горад, то азірнуўся на дарозе і ўбачыў, як бацькі глядзяць мне ўслед. І не вытрымаў, вярнуўся. Цяпер ні пра што не шкадую. Я стаў кіраўніком сельскай гаспадаркі, цяпер узначаліў сельсавет. У мяне цудоўная сям'я, дзеці і ўнукі. Вось толькі ўсе яны адсюль з'ехалі. Сёння старшыня сельсавета ведае імя і імя па бацьку большасці з 800 жыхароў. Яўген Іванавіч гаворыць, што людзі вельмі рады апошнім пераўтварэнням. Гэта стала, так бы мовіць, неспадзяванай радасцю для жыхароў "мядзведжага кута". Яго, дарэчы, нездарма так называюць. І не толькі таму, што гэта глухі закутак, які месціцца ўдалечыні ад цэнтральных трасаў. А таму, што тут сапраўды ёсць мядзведзі: напрыклад, Радоўскі аднойчы вывучаў сляды драпежніка на сваім агародзе. Не гаворачы ўжо пра дзікоў, якія атакуюць невялікія вёскі, што прытуліліся да лясоў. — А на "мядзведжы кут" у нас ніхто не крыўдзіцца, — запэўніў старшыня. — Таму што людзі ў нас самыя лепшыя, яны добрыя. І ў доказ пазнаёміў з Міхаілам Фёдаравічам Малашкам, які жыве ў вёсцы Рубеж. — Мае продкі пераехалі сюды на пачатку ХХ стагоддзя з Міншчыны, бо набылі тут зямлю, — расказаў стары вясковец. — Тут калісьці праходзіла мяжа паміж Польшчай і Расіяй, адсюль і назва — Рубеж. Тут старажытная зямля, шмат чаго цікавага. Гісторыі пра мінулыя часы ветлівага Міхаіла Фёдаравіча можна слухаць бясконца. Пра тое, як хлопчыкам ён хадзіў у Падзевіцкую царкву і бачыў, як скідвалі яе купалы: "На Вялікдзень была ўсяночная, але камсамольцы кідалі ў царкву камяні і такім чынам выгналі ўсіх вернікаў. З тых "актывістаў" цяпер ужо ніхто не жыве". Пра тое, як сустрэўся з мядзведзем на вялікай дарозе, але драпежнік спужаўся аўтамабіля і збег у лес. Як аднойчы ратаваў аматарку журавін, якая заблудзіла ў мясцовых балотах і начавала ў лесе. Як яго дзед-каваль выканаў заказ млынароў і пераканаў іх, што трэба не столькі сустракаць па адзежы (дзед хадзіў у лапцях), колькі выпраўляць па розуме. У пенсіянера цяпер толькі 6 суседзяў, але ён не хоча ехаць у горад і жыве ў кампаніі з любімым сабакам Шарыкам і катамі. — Аднойчы паехаў да дзяцей, якія жывуць у Мінску, — дзеліцца Малашка. — Яны пайшлі раніцай на працу, а я, як дурань, у кватэры адзін сяджу. Які дзень стаў доўгі, немагчыма трываць! Я старэйшаму сыну шчыра сказаў: "Завязі мяне хутчэй дадому, а то я памру!" Міхаіл Фёдаравіч адпрацаваў 40 гадоў у сельскай гаспадарцы, і цяпер вітае змены ў саўгасе "Падзевічы". — Нашы мясціны славяцца працаўнікамі, — гаворыць вясковец. — І калі дапамагчы, то вынік будзе ў гаспадарцы, я не сумняваюся. Як бы там ні было, тутэйшыя ў Запольскім краі заўсёды здолеюць зарабіць сабе на жыццё. Грыбы і ягады з мясцовых лясоў кармілі людзей ва ўсе часы. Чарніцы, суніцы, брусніцы, журавіны. Гавораць, вопытныя вяскоўцы тут за журавіны ледзь не аўтамабілі набывалі.І сёння, калі не ленавацца, можна зарабляць на дарах лесу, нават па 100 тысяч на дзень. І хоць сёлета журавін у Заполлі няшмат, але з восеньскімі дажджамі пайшлі грыбы. Кілаграм лісічак (радыяцыя — дапушчальнага ўзроўню) набываюць за 7 тысяч рублёў, а добры грыбнік здольны і некалькі дзясяткаў кілаграмаў сабраць за дзень. Таксама чакаюць сёлета добры ўраджай апенек і баравікоў. Але пры ўсім гэтым, жыхары Заполля і навакольных вёсак хочуць мець сталую працу, якая дасць добры заробак сям'і. Таму людзі вітаюць перамены і спадзяюцца на лепшае. — Будучыня ў нашых мясцін ёсць, — упэўнены старшыня Запольскага Савета Яўген Радоўскі. — Калі запрацуе новы комплекс, ды пабудуецца яшчэ адзін, то будзе малако і заробак. У наступным годзе пабудуюць яшчэ пяць новых домікаў. І будзе лепей. Ілона Іванова. Фота Ірыны Савосінай. Бялыніцкі раён. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заполле — гэта глыбінка Бялыніцкага краю. Саўгас "Падзевічы" — самая аддаленая гаспадарка ад раённага цэнтра, і на яе тэрыторыі аж тры дзясяткі маленькіх...
|
|