...І ў нас ёсць што паслухаць
08.09.2010
—
Новости Общества
|
Камянецкі фэст ладзіўся ўжо ў другі раз. Фолькавая музыка не вельмі блізкая масаваму слухачу. Аднак сёлета арганізатарам удалося сабраць аўдыторыю ў пяць тысяч чалавек. Гэта пацвярджае, што адпачываць па-народнаму, па-беларуску нашы людзі любяць. Ды і вялізны прастор Строчыцкага музея народных рамёстваў і побыту найлепшым чынам спрыяў таму, каб выходны дзень 4 верасня запомніўся надоўга. Дабрацца да месца можна было на бясплатнай маршрутцы. Кошт квітка на фэст— крыху больш за шэсць тысяч рублёў для дарослых і за тры тысячы для дзяцей і студэнтаў — быў проста смешным. Гэтыя грошы можна было аддаць хаця б за тое, каб убачыць выдатную драўляную архітэктуру ХVІІІ—ХХ стагоддзя, каб раскласці свае рэчы прама на траве і павячэраць на свежым паветры, каб на вялізных арэлях паспрабаваць дакрануцца да неба...
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ААГ "Новы альянс" — рэстарацыя "Камяніца" — і Музей народных рамёстваў і побыту. Дырэктар "Новага альянсу" Сяргей Чагрынец адзначыў, што налета дзея стане яшчэ больш маштабнай. Фармат "госць фестывалю", які быў апрабаваны ўпершыню, застанецца. Ужо вядуцца перамовы з украінскім гуртом "Воплі Відаплясава" пра яго ўдзел у будучым фэсце. Аднак ёсць адна просьба да наведвальнікаў — папярэдне рэгістравацца на сайце фестывалю. Гэта для таго, каб разлічыць харчаванне, прыезд-ад'езд маршрутак. Сёлета зарэгістравалася ўсяго трыста чалавек, але чакалася дзве — дзве з паловай тысячы. А ў выніку прыехала ў два разы больш людзей. Госці не адчулі ніякіх непрыемнасцяў, а вось арганізатарам было складана. Паралельна праходзілі яшчэ два буйныя музычныя мерапрыемствы: фестываль беларускай актуальнай музыкі "Можна" ў Крутагор'і і "Кубак піва" ў Лагойску. Тым больш складана было "Камяніцы" сабраць столькі гледачоў. Варта ўзгадаць і маштабны фестываль "Bе tоgеthеr", які летам праходзіў на мяжы Беларусі і Літвы. Ён размяшчаўся на прасторы ў дзесяць кіламетраў і меў не адну, а дзве пляцоўкі для выканаўцаў. Аднак аўдыторыя была прыкладна такой жа — пяць тысяч чалавек. "Над гэтым варта задумацца, — адзначае Сяргей Чагрынец. — Мы сябе недаацэньваем. Лічым, што ўсё вялікае і смачнае знаходзіцца за мяжой. Але і ў нас ёсць што паслухаць". Сярод наведвальнікаў былі замежныя госці, яны пакінулі найлепшыя водгукі. Што адчувалі яны падчас гучання нашай нацыянальнай музыкі — невядома. Аднак беларусам устаяць на месцы было немагчыма. Вялізныя карагоды з двух і трох колаў людзей — вось што ўяўляла сабой поле перад сцэнай. Чакаць маршрутку, каб ехаць дадому, зусім не хацелася. Бо наперадзе была яшчэ цэлая ноч і такая шырокая дарога... Ніна Шчарбачэвіч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камянецкі фэст ладзіўся ўжо ў другі раз. Фолькавая музыка не вельмі блізкая масаваму слухачу. Аднак сёлета арганізатарам удалося сабраць аўдыторыю ў пяць тысяч...
|
|