Аршанская бітва і тэрор на дарогах + фота. 21.by

Аршанская бітва і тэрор на дарогах + фота

13.09.2010 15:55 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У вогнішчы патрэсквае вуголле. Юрка Копцік папраўляе бел-чырвона-белы сцяг, прымацаваны на сцэне. «Слаўся, князь Астрожскі!» — спявае бард Мікола з Рэчыцы.

Выступае малады бард Мікола з Рэчыцы.

Конкурс на лепшы лагатып фэсту.

«Яшчэ адзін здымак і фотаапарат паляціць у вогнішча».

Узаранае плугам поле каля памятнага каменя.

«Пагоня» на крыжы.

Ікона Аршанскай Маці Божай.

Да людзей, што згуртаваліся каля агню на былым месцы Аршанскай бітвы, падыходзяць пяцёра «партызанаў» — нямногія, якім удалося ў той вечар схавацца ад міліцэйскіх ліхтароў і кустоўем прабрацца на поле. Яны, брудныя і стомленыя, наперабой распавядаюць пра свае ўцёкі ў поцемках праз вусцішныя хмызнякі ды яміны, і аблаву, учыненую на іх супрацоўнікамі МУС. Двое мясцовых вырашылі рухацца нанач дахаты да Воршы. На Крапівенскім полі да раніцы застаецца невялікі дзесятак беларусаў, што дабраліся на месца.

Так пачыналася асноўная частка святкавання традыцыйнага фестывалю беларускай аўтарскай песні і паэзіі «Аршанская бітва», які штогод ладзіцца бліжэйшыя да 8 верасня выходныя з нагоды славутай перамогі у 1514 годзе трыццацітысячнага войска Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага над васьмідзесяцітысячнымі войскамі Маскоўскага княства.

Напярэдадні правядзення фестывалю поле побліз памятнага каменя і крыжа па загаду мясцовых уладаў ўзаралі плугам — цяпер туды немагчыма пад’ехаць ды ставіць намёты таксама не зручна. Фестываль адбываўся троху ў іншым месцы, бліжэй да ракі Крапіўна.

Бардаўскую частку мерапрыемства ў той вечар выратаваў малады спявак Мікола з Рэчыцы. Пасля выступу адзінага на ўвесь вечар барда прысутныя ўключылі музычны дыск.

Паслухаць яго каля гадзіны ночы падышлі міліцыянеры з відэакамерай. Супрацоўнікі праваахоўных органаў пацікавіліся, палітычнае мерапрыемства тут адбываецца ці гісторыка-патрыятычнае. Міліцыянты, што з’явіліся на полі, папрасілі не здымаць іх, прыгразіўшы ў адваротным выпадку кінуць фотаапарат у вогнішча. Толькі на раніцу двое супрацоўнікаў МУС, што падышлі павітацца з удзельнікамі фэсту, ужо ветліва патлумачылі — нельга фатаграфаваць людзей у форме. Начныя візіцёры, пабачыўшы бел-чырвона-белы сцяг, запыталіся ў сабраных, ці знаёмы ім тэрмін «калабарацыянізм». Затым паведамілі, што знаходжанне некалькі чалавекаў у лесе ля агню трапляе пад артыкул закону аб масавых мерапрыемствах і кожны з сабраных прымае ўдзел у несанкцыянаваных дзеяннях. «Прайшла рэклама ў інтэрнэт, адбыўся анонс, таму вашае масавае мерапрыемства мае несанкцыянаваны характар, — зазначыў падпалкоўнік Дзяніс Рыбакоў, намеснік начальніка абласнога упраўлення унутраных справаў віцебскай вобласці. — Вы не атрымалі дазвол і паводзіце сябе асабліва задзірліва». Адзін з гасцей толькі пасля настойлівай просьбы сціпла праз зубы прадставіўся Сяргеем Семераковым з міліцыі. Леанід Міхайлаў, начальнік аршанскага райаддзела міліцыі, перапісаў пашпартныя дадзеныя ўсіх прысутных. Пра затрыманых на падыходах міліцыянты жартоўна казалі «тыя, што вырашылі не прысутнічаць на вашым канцэрце».

«Паглядзім, што вы напішаце ў інтэрнэце,« — на развітанне зазначылі міліцыянты.

Міліцэйскія машыны ў гэтым годзе дзяжурылі на ўсіх дарогах да Крапівенскага поля, учыніўшы на пад’ездах да поля сапраўдны тэрор. Праваахоўныя органы затрымалі людзей, што накіроўваліся на традыцыйны фэст аўтарскай песні «Аршанская бітва». Нагоды да затрыманняў былі розныя — адсутнасць флікера, высвятленне асобы ды нават падазрэнне ў нападзе на інкасатараў і буйным рабаўніцтве. Затрыманых адвозілі ў Воршу, там перадавалі ў рукі гарадскога ці раённага аддзела МУС або транспартнай міліцыі, якая добра адпрацоўвала схему «чамадан — вакзал — гэць з Воршы». Аляксея Трубкіна і Віталя Чарняўскага, напрыклад, двое супрацоўнікаў міліцыі суправаджалі у электрычцы пад канвоем амаль да Мінску. Агулам да месца святкавання не змаглі даехаць каля двух дзесяткаў чалавек.

Нягледзячы на прэвентыўныя затрыманні святкаванне адбылося, хоць і без вялікага размаху. На раніцу да яго далучыўся вядомы бард Андрэй Мельнікаў. Ён адбыў 6 гадзін у аршанскім пастарунку і пехатою прыйшоў з гораду. «Супраціў з боку ўладаў сведчыць, што свята дзейнічае, — зазначыў Андрэй Мельнікаў. — Гэта нагадвае штось акультнае. Нібы нехта з іх вылічыў, што тут нам знаходзіцца небяспечна." Андрэй Мельнікаў паказаў тры крыжы, пастаўленыя ў розных месцах у гонар сярэднявечнай перамогі нашых продкаў, распавёў як з 1991 году мяняўся фармат імпрэзы.

«У мерапрыемства няма арганізатара, — распавёў удзельнік кожнага фэсту Юрка Копцік. — Мы па завядзёнцы збіраемся на гэтым полі паспяваць песні, а нам замінаюць. Сёлета адбылася сапраўдная экспедыцыя супраць партызан. Нібы ў 1942-ім годзе, толькі без ужывання агняпальнай зброі».

Стаўленне ўладаў да святкавання аршанскай перамогі было заўсёды непрыязным, да 2006-га году яно было пасіўна негатыўным, а пасля займела актыўна негатыўны характар, адзначаюць заўзятыя прыхільнікі фестывалю.

Юрка Копцік выказвае небяспеку ў сувязі з будучым святкаваннем. «Людзі, што білі сябе ў грудзі ды абяцаліся дапамагаць у арганізацыі канцэрту, сёлета нават не дапамаглі з апаратураю. Усе кінуліся збіраць подбісы, нібыта ў нас ёсць выбары,« — падзяліўся меркаваннем Юрка Копцік.

***

Першы фестываль беларускай аўтарскай песні «Аршанская бітва» адбыўся ў 1991 годзе з ініцыятывы Андрэя Мельнікава і арганізацыйнай падтрымкі журналіста Юрася Копціка. На «Аршанскай бітве» ў розныя гады выступалі многія вядомыя беларускія аўтары: Віктар Шалкевіч, Алесь Камоцкі, Зміцер Бартосік, Андрэй Хадановіч, Таццяна Беланогая, Уладзімер Арлоў ды іншыя. Фестываль «Аршанская бітва» з’яўляецца народным святам, яго праграма не абмяжоўваецца традыцыйным канцэртам. У мінулыя гады ладзіліся паказальныя выступы рыцарскіх клубаў, фаер-шоў ды перфомансы.

У 1992-ім годзе намеснік старшыні Беларускага згуртавання вайскоўцаў маёр Міхась Варанец ініцыяваў прыняцце на полі вайсковай прысягі на вернасць Беларусі, а ў 2007-м планы Паўла Севярынца адзначыць на фэсце дзесяцігоддзе «Маладога Фронту» справакавалі на полі міліцэйскую экспедыцыю.

У 90-я гады пра Аршанскі фестываль пісала мясцовая і цэнтральная прэса, у 1995-м БТ паказала сюжэт, абвесткі пра мерапрыемства віселі на дошках аб’яваў у Воршы, з гораду ладзіліся адмысловыя аўтобусы, што давозілі ўдзельнікаў да месца народнага свята. Цяперашнія анонсы ідуць у асноўным праз інтэрнэт. Дзякуючы традыцыйнасці з’явіліся сталыя заўсёднікі імпрэзы, якіх не пужае ні надвор’е, ні міліцэйскія пасты на дарозе. У 2008-м годзе імпрэза прайшла досыць спакойна, міліцыянты толькі назіралі за падзеямі.

Можна не здзіўляцца, чаму колькасць людзей, што лічаць беларускую мову роднай, памяншаецца. Адным з чыннікаў з’яўляюцца невітальныя крокі з боку ўладаў падчас патрыятычных мерапрыемстваў падобнага кшталту.

Падзяліцца навіной: 
Юльян Місюкевіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вогнішчы патрэсквае вуголле. Юрка Копцік папраўляе бел-чырвона-белы сцяг. «Слаўся, князь Астрожскі!» — спявае Мікола з Рэчыцы. Рэпартаж Юліяна Місюкевіча.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика