Іванава — не толькі горад нявест
17.09.2010
—
Новости Общества
|
Падпіска-2010 Але і горад, дзе жывуць падпісчыкі газеты "Звязда". Знаўцы савецкай эстрады няхай даруюць, што ў гэтым рэпартажы выкарыстаны расійскі брэнд горада нявест — Іванава — на беларускі лад. Чарговы выезд "у людзі" сапраўды быў у беларускі горад Іванава, дзе наша падпісчыца са стажам Алена Кузьмінчук з вёскі Хамічова зачакалася адзін з галоўных прызоў "Звязды" — каляровы тэлевізар "Віцязь", які яна выйграла ў штоквартальнай звяздоўскай латарэі. Зразумела, што накіроўвацца ў няблізкі шлях на аўтамабілі толькі з адным прызам было б недазваляльнай раскошай, таму, як і раней, мы амаль у 1000-кіламетровым маршруце вырашылі ахапіць Брэстчыну па максімуме і сустрэцца з як мага большай колькасцю нашых прыхільнікаў — пастаянных падпісчыкаў, работнікаў паштовай сувязі, газетных кіёскаў...
Выязны фармат "кіраўніцтва раённай вертыкалі — пошта" быў захаваны і ў Пружанах, і ў Камянцы. Спадзяёмся, што нашы фірмовыя майкі, бейсболкі і іншыя сувеніры як мінімум стануць падставай да таго, каб тут не знізіць падпісныя тыражы. Бадай, найбольш ёмістай адчувалася прысутнасць "Звязды" ў Брэсце, дзе прайшлі плённыя "перамовы" з намеснікам старшыні аблвыканкама Леанідам Цупрыкам, дырэктарам Брэсцкага філіяла "Белпошты" Валянцінай Пух і кіраўніком абласнога "Саюздрука" Васілём Марэйкам. Ну, а потым надышла чарга раздачы "заслужаных" прызоў. Першы з іх — цеплавентылятар — быў уручаны ў Кобрыне кіяскёру Тамары Багдановіч. Тамара Васільеўна стала пераможцам сумеснага конкурсу Звязды" і "Белсаюздрука" ў Брэсцкім рэгіёне, дабіўшыся мінімальнага спісання нашай газеты. Паводле яе слоў, праца ў кіёску ёй падабаецца. Праўда, прыродныя анамаліі — моцныя маразы ці трапічная спякота — не самым лепшым чынам уплываюць на працаздольнасць чалавека. Дзіўна, але наш прыз у выглядзе цеплавентылятара — гэта якраз тое, што неабходна прадаўцу газет у кіёску ў любую пару года. З дапамогай гэтай прылады можна рэгуляваць тэмпературны рэжым у памяшканні як на "плюс", так і на "мінус". "Візіт ветлівасці" ў Драгічын змяніўся на мэтанакіраваны маршрут у Іванава — хутчэй бы "пазбавіцца" ад тэлевізара, які ўжо другі дзень ездзіць у салоне машыны па ўсёй краіне. Начальнік Іванаўскага РВПС Сяргей Барнюк ужо пачаў хвалявацца. Маўляў, падпісчыца за прызам прыйшла, а прадстаўнікоў "Звязды" яшчэ няма. Практычна без спазнення аўто з галоўным прызам прыбыло да ганка Іванаўскай пошты. Падчас "фотасесіі", дзе кампанію нашай падпісчыцы склаў начальнік пошты, Алена Андрэеўна расказала, што выпісвае "Звязду" ўжо больш дзясятка гадоў. З задавальненнем пасылае купоны на розыгрыш. Калісьці нават выйграла апырсквальнік для бульбы. І вось цяпер удача напоўніцу ўсміхнулася ёй — тэлевізар у гаспадарцы спатрэбіцца. Перад заключным акордам у Лунінцы, куды было выпісана адразу два каштоўныя прызы, адпаведнае "прывітанне" было перададзена Пінску, аднаму з нямногіх гарадоў краіны, дзе мірна суіснуюць гар- і райвыканкам. Зразумела, што часу на сустрэчы ў калідорах улады спатрэбілася значна больш, чым папярэдне. Яны пакінулі добрае ўражанне ў душы і ўпэўненасць у тым, што павага да "Звязды" на Піншчыне як мінімум не зменшылася.
Ну, калі такія людзі працуюць на пошце, то, значыць, з падпіскай павінна быць усё ў парадку. Тым больш, калі кожны з зацікаўленых бакоў прыкладае для гэтага шмат намаганняў. Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Мінск — Івацэвічы — Пружаны — Камянец — Брэст — Кобрын — Драгічын — Пінск — Лунінец —Мінск.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Але і горад, дзе жывуць падпісчыкі газеты "Звязда". Знаўцы савецкай эстрады няхай даруюць, што ў гэтым рэпартажы выкарыстаны расійскі брэнд горада нявест —...
|
|