У замку Гамлета ў Даніі можна набыць чэрап "беднага Ёрыка"
13.10.2010
—
Новости Общества
|
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб Лабадзенка пабыў у Капенгагене машыністам метро, наведаў дом, дзе нарадзіўся Андэрсэн, і капліцу, дзе 170 гадоў каранавалі дацкіх манархаў Як я быў машыністам дацкага метро Адным з першых і, бадай, моцных уражанняў ад Капенгагена было метро без машыніста. Цягнікамі кіруе камп'ютарная сістэма, а там, дзе ў нас сядзіць машыніст, — проста лаўкі для пасажыраў. Зразумела, я сеў на самую пярэднюю, проста перад шклом. Адчуванне сюррэалізму ўзнікае поўнае — плюс да ўсяго тунэль метро цалкам асветлены, таму праз вялікую хуткасць ты адчуваеш сябе капітанам касмічнага карабля. — Як ты туды ўпёрся?! — шчыра здзіўляліся знаёмыя, калі бачылі фоткі. — От журналюга, у любую дзірку ўлезе!.. Я загадкава ўсміхаўся, часам на хаду прыдумляючы байку пра тое, што мне "далі паруліць".Гавань Нюхаўн — хрэстаматыйная карцінка з Капенгагена. Другім уражаннем была колькасць ровараў. Я не быў у Амстэрдаме — кажуць, там яшчэ больш. Але калі пры выхадзе з метро пабачыў двухпавярховую (!) паркоўку для ровараў — не ўтрымаўся і зафоткаў. Ровары тут раскіданыя па вуліцах, як смецце. Іх не крадуць. Пра гэта гаворыць нават сістэма, па якой ровары бяруць у наём. Апускаеш манетку 20 крон у адмысловую прыладу, катаешся на ровары, а калі вяртаеш яго на любую з такіх парковак — манетка выскоквае назад. Такім чынам гарадскія ўлады спрыяюць "раварызацыі" насельніцтва. Асноўныя матывы тры: экалагічнасць (няма выкідаў, як у аўтамабіля), карысць для здароўя і таннасць. Літр бензіну ў Капенгагене каштуе на нашыя грошы 5 тысяч рублёў. Што праўда, заробкі ў Даніі пачынаюцца ад 2500 еўра "чыстымі". У Капенгагене, як і ў многіх іншых гарадах Еўропы, мяне заўжды вабяць вулічныя музыкі. Яны ствараюць атмасферу і ўтульнасць у горадзе. Шкада, што ў нас гэтая справа пакуль ідзе нецывілізавана. Замест таго, каб браць невялікі падатак і дазваляць граць, як у Даніі, нашых музыкаў пужаюць міліцыянтамі... Ва ўчорашнім матэрыяле я даў фотку мужчыны, які вязе дзіця ў вазочку. "Ну і што, — сказала мне жонка, — у нас такое таксама можна пабачыць". І я зразумеў, што забыўся дадаць: у Капенгагене з дзіцячымі вазочкамі ў большасці гуляюць таты, а не мамы. Такая вось гендарная роўнасць. Часам даходзіць да смешнага. У рэдакцыі газеты Bоrsеn я пабачыў тры прыбіральні. Злева — для мужчын, справа — для жанчын, а па цэнтры — і для тых, і для тых. Пра сваю прагу да гендарнай роўнасці датчане любяць жартаваць: "Роўнасць ажно такая, што міністрам абароны ў нас можа стаць мужчына". Намякаюць на тое, што жанчына на падобных пасадах — даўно ўжо звыклая справа. "Каралева паліць зашмат папіросак" На плошчы перад каралеўскім палацам Амаліенборг мне ўдалося патрапіць якраз на змену ганаровай варты. Гэтае відовішча заўжды вабіць турыстаў і цікаўных мінакоў. Жаўнеры Каралеўскай гвардыі традыцыйна носяць высокія футравыя шапкі — падобныя маюць таксама брытанцы. Турысты ахвотна абмяркоўваюць, ці бачаць нешта жаўнеры з-пад тых шапак і ці не горача ў іх летам. Змена ганаровай варты займае хвілін 20 — увесь гэты час два паліцыянты пільнуюць, каб людзі не заміналі жаўнерам выконваць "абавязковую праграму". Сам палацавы комплекс Амаліенборг служыць афіцыйнай рэзідэнцыяй манархаў апошнія два стагоддзі — ён стаў выконваць ролю рэзідэнцыі ў 1794 годзе пасля пажару ў палацы Крысціянсборг. Да каралевы ў Даніі стаўленне вельмі асаблівае. Яна выконвае выключна рэпрэзентатыўную ролю — як у нас кажуць, "для прыгажосці". Пасада каралевы — гэта даніна традыцыі. Не так даўно ў Даніі прайшло апытанне — ці не скасаваць нам пасаду каралевы? Асноўная прычына — скараціць выдаткі, бо на ўтрыманне каралеўскай сям'і дацкія падаткаплацельшчыкі выдаткоўваюць 150 мільёнаў еўра штогод. На гэтым галасаванні народ вырашыў пакінуць каралеву ў спакоі, бо гэта "прыгожая старадаўняя традыцыя, якая вылучае нас на фоне іншых і вабіць турыстаў". Аднак журналісты любяць пакрытыкаваць Маргрэтэ ІІ — напрыклад, за тое, што яна шмат паліць. Кожная газета лічыць за неабходнае даць здымак, дзе каралева смаліць папіроску ды дапоўніць яго з'едлівым подпісам. А газета "Паліцікен", якая 5 гадоў таму надрукавала карыкатуры на прарока Мухамеда, у адным з апошніх нумароў змясціла карыкатуру, дзе члены каралеўскай сям'і займаюцца групавым сэксам. І ведаеце што? Як ні дзіўна, ім за гэта ні-ча-гу-сень-кі не было. Беларуская вёска з дацкімі каранямі На месцы вуліцы Янкі Маўра ў Мінску, дзе я нарадзіўся, раней знаходзілася вёска Цівалі. І вось нарэшце я дабраўся да сапраўднага "Цівалі" — сусветна вядомага парка забаў у Капенгагене. Хлусіць не буду — сам ні на чым не пакатаўся. Бо прыехаў у Капенгаген якраз у апошні дзень забаўляльнага сезона. Ды і квіток у "Цівалі" каштуе як месячная дапамога па беспрацоўі ў Беларусі.Змена ганаровай варты Каралеўскай гвардыі — вядомая забава для турыстаў. Але нават з адлегласці мне ўдалося пачуць парасячы віск наведнікаў і нават пабачыць адну з прычын. Самы высокі з атрыкцыёнаў выглядае так. На металічны слуп вышынёй з 9-павярховы дом павольна падымаюць круглае сядзенне з прышпіленымі наведнікамі. Потым сядзенне на некалькі дзясяткаў секундаў замірае наверсе і... пачынае свабодна падаць уніз. Як жартуюць мясцовыя абарыгены, калі ўсё спрацуе, то механізм зловіць вас метры за два да зямлі. У парку "Цівалі" экстрым яшчэ і ў тым, што заснаваны ён ажно ў 1843 годзе. Як жартуюць дасціпныя экскурсаводы, некаторыя атракцыёны захаваліся яшчэ з таго часу. Мне адразу прыгадалася гісторыя ў тэму. Некалькі гадоў таму ў мінскім Цэнтральным дзіцячым парку спынілася кола агляду, і ні туды, ні сюды. Нават уручную не змаглі яго пракруціць. І на самым версе, на вышыні 60 метраў, якраз апынулася адкрытая кабінка — сядзяць сабе 4 чалавекі ды нагамі ў паветры целяпаюць. Карацей, выклікалі ратаўнікоў, некалькі гадзін па пажарных лесвіцах спускалі людзей уніз. І тут высветлілася, што якраз у той адкрытай кабінцы ўвесь гэты час сядзелі... турысты з Нямеччыны. Нашы, зразумела, давай перад імі выбачацца — чаго глядзі, дыпламатычны скандал будзе. А немцы ўсміхаюцца і кажуць: "Хлопцы, ды вы што?! Мы цяпер, наадварот, усім рэкламаваць будзем! Заплаціць два долары — і атрымаць такое шоу!!!" Дамок, дзе нарадзіўся Андэрсэн Зараз вы ахнеце, калі я нагадаю, што ўсе вашыя любімыя казкі напісаў менавіта ён, Ганс Хрысціян Андэрсэн: "Брыдкае качаня", "Дзікія лебедзі", "Дзюймовачка", "Новая сукенка караля", "Крэсіва", "Пастушка і трубачыст", "Прынцэса на гарошыне", "Русалачка", "Снежная каралева", "Стары дом", "Стойкі алавяны салдацік" ды многія іншыя... У самім Капенгагене стаіць некалькі помнікаў Андэрсэну. Я натрапіў на два — справа ад гарадской ратушы і ў Каралеўскім садзе. Аднак мне пашчасціла таксама пабачыць дамок, дзе нарадзіўся славуты казачнік. Ён знаходзіцца ў Одэнсэ — трэцім па велічыні горадзе Даніі (а людзей тут жыве меней, чым у Бабруйску). Тым часам, у 1988 годзе горад Одэнсэ адсвяткаваў сваё тысячагоддзе. Менавіта тут 2 красавіка 1805 года і нарадзіўся Ганс Хрысціян Андэрсэн. Дамок Андэрсэна, як і ўсе навакольныя — як цацачны. Звычайны аўтамабіль выглядае сярод іх недарэчнай гаргарай — дах аўто затуляе большую частку вокнаў. Дамкі захаваліся практычна ў такім выглядзе, як і 200 гадоў таму. На іх шчасце, тут няма прадпрыемства кшталту таго, якое метадычна знішчае мінскую спадчыну, падмяняючы яе таннымі муляжамі... Лёс Андэрсэна нагадвае лёс ягонага славутага "Брыдкага качаняці". Бацька казачніка, Ганс Андэрсэн, рамантаваў абутак, маці мыла бялізну. Таму Андэрсэн міфалагізаваў уласную біяграфію, ператварыўшы яе ў казку. Некаторыя і цяпер шчыра вераць, што казачнік сапраўды ў раннім дзяцінстве гуляў з прынцам Фрытсам, які пасля стаў каралём Фрэдэрыкам VІІ, і прынц быў ягоным адзіным сябрам. Андэрсэн развіў гэтую тэорыю да апагея — маўляў, на пахаванні караля, апроч сваякоў, да труны было дазволена падысці толькі яму. Бацька Андэрсэна памёр, калі казачніку было 11 гадоў, таму Гансу Хрысціяну давялося рана пачаць працаваць — дапамагаць ткачу, шаўцу, выконваць чорныя работы на папяроснай фабрыцы. Хлопчык быў вельмі ўражлівы і эмацыйны — а ў той час у школах было прынята лупцаваць дзяцей для лепшага педагагічнага эфекту. Таму маці аддала казачніка ў школу для яўрэйскіх дзетак, дзе фізічныя пакаранні не практыкаваліся. Праз гэта Андэрсэн на ўсё жыццё захаваў асаблівы сантымент да яўрэйскага народа. У 14 гадоў Андэрсэн паехаў заваёўваць Капенгаген, заявіўшы маці, што едзе туды, "каб стаць знакамітым!" Яго не адразу прынялі ў тэатр на другасныя ролі. Пасля пачалася мутацыя голасу — і яго "папрасілі". Тады Андэрсэн напісаў ліст да караля, дзе пераканаў яго даць грошы на выхад кнігі. У тую кнігу ўваходзілі п'еса і вершы — але ніхто не хацеў яе купляць, і наклад пайшоў на заварочванне селядцоў. Вядомасць Андэрсэну прынеслі казкі — хоць ён да канца жыцця, як мог, змагаўся з гэтым, спрабуючы пісаць "сур'ёзныя" раманы і п'есы. Карэспандэнт Лабадзенка кіруе цягніком капенгагенскага метро, паспяваючы другой рукой рабіць фотаздымкі.У 1872 годзе Андэрсэн зваліўся з ложка і моцна пабіўся. Ад траўмаў ён так і не ачуняў цалкам — хоць пражыў яшчэ тры гады. Пахаваны Андэрсэн на могілках "Асістэнс" у Капенгагене. Усе гэтыя падзеі жыцця казачніка жыва пралятаюць перад вачыма, калі глядзіш на маленечкі жоўты дамок сярод дзясяткаў гэткіх жа — і думаеш, што, ад'язджаючы тады ў Капенгаген, Андэрсэн не падмануў сваю маці. Па дарозе з Одэнсэ ў Капенгаген ты перачытваеш казкі Андэрсэна на ноўтбуку ў электрычцы. Добра, што ў дацкіх электрычках бяздротавы інтэрнэт (вай-фай) бясплатны. Самы доўгі мост у Еўропе У адзін з дзён наведвання Даніі мы выправіліся ў суседнюю Швецыю — пабачыць, як працуюць тамтэйшыя журналісты. Гэта, бадай што, малацікава шырокай публіцы, таму я коратка спынюся толькі на мосце, які злучае Данію са Швецыяй. Эрэсунскі мост называюць самым доўгім мостам у Еўропе. Ён складаецца з уласна моста (7,8 км) і тунэля пад пралівам даўжынёй 4 кіламетры. Мост будаваўся 4 гады — з 1995 па 1999. У дзень сканчэння будаўніцтва на сярэдзіне моста сустрэліся прынц Даніі Фрэдэрык і кронпрынцэса Швецыі Вікторыя. А афіцыйна мост адчынілі 1 ліпеня 2000 года знаёмая нам каралева Маргрэтэ ІІ і кароль Карл ХVІ Густаў. Мост мае 4-палосную аўтамагістраль і двухкалейную чыгунку — пад мостам. Пабудова моста каштавала больш за 4 мільярды еўра, ён павінен цалкам акупіцца да 2035 года (праезд па мосце каштуе 36 еўра). Што азначае Ордэн Слана? Многія з вас чулі ці каштавалі піва "Карлсберг". Аказваецца, яго рабілі вельмі добрыя людзі. Запачаткаваў усё Крысціян Якабсэн. Калі справа пайшла, ён выкупіў зямлю на адным з пагоркаў у Капенгагене. Пасля нарадзіўся сын, у гонар якога Крысціян і назваў піва "Карлсберг" — "пагорак Карла". Дык вось, менавіта гэтая сям'я падаравала Капенгагену славутую скульптуру "Русалачка", а таксама заснавала ў Капенгагене "Гліптатэку" (спачатку скульптурную, а пасля і мастацкую галерэю), дзе з часам былі сабраныя многія шэдэўры сусветнага мастацтва — творы Ван Гога, Дэга, Пісаро, Рэнуара, Тулуз-Латрэка, Манэ, Гагена... Дык вось, менавіта гэтыя півавары цалкам фінансавалі аднаўленне аднаго з найвялікшых замкаў Даніі — Фрэдэрыксборга. Перад паездкай у замак я паспяваю даведацца, што менавіта ў яго дамовай капліцы каранаваліся ўсе дацкія манархі з 1671 па 1840 год. У ноч з 16 на 17 снежня 1859 года замак ушчэнт згарэў. Яго пачалі аднаўляць адразу ж — і аднавілі ўсяго за тры гады. У 1878 годзе тут быў заснаваны Нацыянальны гістарычны музей — таксама па ініцыятыве Якабсэна. У замку мяне вельмі ўражвае, што большасць экспанатаў — уратаваныя ў часе пажару, калі іх выкідвалі з вокнаў проста на лёд замкавай сажалкі. І, што павучальна для нашых самадзейных рэстаўратараў, экспанаты не даведзеныя да бляску. Крэслы пацёртыя, сталы пашкрабаныя, кнігі дзе-нідзе пашкамутаныя. Аднак ва ўсім гэтым адчуваюцца стагоддзі гісторыі. У нас жа, наадварот, пры любой рэстаўрацыі стараюцца ўсё пабяліць-патынкаваць-ашаляваць, каб глядзелася, "як новае". Вось і ператвараецца Нясвіжскі замак Радзівілаў у навамодны катэдж з гіпсакардонавымі столямі, шклопакетамі і сучаснай цэглай. А замку Фрэдэрыксборгу не трэба даводзіць сваю гісторыю — яна адчуваецца тут на кожным кроку.Дамочак у Одэнсэ, дзе нарадзіўся Андэрсэн. Асаблівай цікавасці заслугоўвае тая самая замкавая капліца. Прыкметна, што гэта — адзінае памяшканне, якое не закрануў тады страшэнны пажар. Капліца ўпрыгожана медальёнамі з імёнамі і гербамі ўсіх кавалераў дацкага Ордэна Слана. Пра яго гісторыю экскурсаводка апавядае цікавую байку. Нібыта некалі аднаму з дацкіх манархаў падаравалі белую сланіху. А тая праз нейкі (працяглы) час узяла і нарадзіла сланянё (хоць перыяд цяжарнасці ў сланоў значна меншы). Таму і сталі гэтую сланіху лічыць свяшчэннай, заснаваўшы ордэн. Іншая легенда гаворыць, што ў часе крыжовых паходаў дацкія рыцары перамаглі сарацынаў, якія змагаліся на баявых сланах — у памяць пра гэта і быў заснаваны ордэн. У кожным разе, абедзве легенды вельмі падабаюцца сваёй незвычайнасцю. А яшчэ больш незвычайны сам ордэн, які ўяўляе аб'ёмную фігурку белага слана — і праз гэта лічыцца адным з самых арыгінальных ордэнаў у свеце. Тут жа, у капліцы, можна пабачыць сапраўдны 400-гадовы арган. Ягоная асаблівасць у тым, што за 40 хвілін арган можна разабраць на часткі — і сабраць, напрыклад, у замкавым двары — каб радаваць манарха ды гасцей канцэртам на вольным паветры. Замак Гамлета Так называюць замак Кронбарг. Паводле легенды, менавіта тут жыў прататып Гамлета Амлед — сын караля Ютландыі Харвендыла. Як бы там ні было, але на гэтай легендзе цяпер добра зарабляюць. "Усяго" за 45 тысяч на нашы грошы вы прыдбаеце тут чэрап "беднага Ёрыка" памерам з манету 1 еўра. Я абмяжоўваюся магніцікам з выявай Шэкспіра і ягонай бессмяротнай фразай "Быць альбо не быць — вось у чым пытанне". 45 тысяч на нашыя грошы — і "бедны Ёрык" ваш.Пры канцы экскурсіі здзіўляе крэатыў мясцовых музейшчыкаў. Далібог — за вунь тым пагоркам зараз адбываецца нейкая гарачая баталія, мушкеты выдаюць стрэл за стрэлам, камандзіры вядуць жаўнераў у бой!... А гэта ўсяго толькі дынамік, які надзвычай рэалістычна прадукуе ўсе згаданыя гукі. Трэба будзе падказаць такую ідэю супрацоўнікам Нясвіжскага ці Мірскага замка. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. Капенгаген—Мінск Р.S. Аўтар дзякуе МЗС Даніі і Польшчы, а таксама Амбасадзе Польшчы ў Мінску за цудоўна арганізаваную паездку! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб Лабадзенка пабыў у Капенгагене машыністам метро, наведаў дом, дзе нарадзіўся Андэрсэн, і капліцу, дзе 170 гадоў...
|
|