Шлюб. 21.by

Шлюб

15.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У мінулыя стагоддзі жаніх і нявеста абавязаныя былі паведаміць пра сваё жаданне стварыць сям'ю прыхадскому святару. Ён аб'яўляў пра гэта ў царкве ўсім прысутным, і, калі ніхто з іх не паведамляў пра факты, якія перашкаджаюць гэтаму шлюбу, у адмысловай кнізе рабіўся запіс, падпісаны святаром.

  Таінства шлюбу складаецца з дзвюх частак — заручынаў і вянчання. У мінулыя часы гэтыя абрады выконваліся ў розныя дні. Заручыны здзяйсняліся пры змовінах і маглі быць пасля скасавання. Вянчанне адбывалася ў дзень вяселля.

  Пры здзяйсненні вянчання ў праваслаўнай царкве патрабуецца, каб маладыя, якія ўступаюць у шлюб, былі хрысціянамі праваслаўнай веры, каб жаніх быў не маладзей за васямнаццаць гадоў, а нявеста — не маладзей за шаснаццаць, каб яны не былі блізкімі сваякамі і духоўнымі бацькамі (хроснымі) аднаго дзіцяці.

  Калі чалавек ужо тройчы быў у шлюбе, яго не шлюбуюць.

  Падчас вянчання жаніх становіцца па правы бок, нявеста па левы адносна алтара. Таксама становяцца і шаферы маладых. Гэтая расстаноўка маладых і шафераў застаецца да канца вяселля.

  У царкоўных правілах няма строгіх указанняў, ці могуць вянкі быць надзетыя на галовы маладых, ці іх павінны трымаць шафер і шаферка над галовамі жаніха і нявесты, стоячы ў іх за спіной.

  Падчас шлюбу ў храме маладыя трымалі ў руках Вянчальныя свечкі. Па народных уяўленнях, яркі агонь царкоўных свечак прадвяшчаў маладым добрае, шчаслівае жыццё; спакойны, ціхі — дружнае, але кароткае жыццё; калі ж падчас шлюбу свечкі маладых моцна трашчалі, лічылася, што жыццё ў іх будзе неспакойнае.

  Лічылася, калі ў кагосьці з маладых падчас шлюбу загасне свечка, той пройдзе карацейшы жыццёвы шлях; чыя свечка падчас абраду згарыць больш, той з маладых пражыве карацейшы век.

  Нашы бабулі раілі маладым задзьмуць вянчальныя свечкі адначасова, каб "жыць разам і памерці разам".

  Вянчальныя свечкі захоўвалі на працягу ўсяго жыцця як заклад шчаслівага шлюбу. Пасля шлюбу іх загортвалі ў хусткі, праз якія трымалі свечкі, злучалі паміж сабой чырвонай ніткай і клалі за бажніцу (абраз, які знаходзіўся ў чырвоным куце).

  Вянчальныя свечкі дазвалялася запальваць толькі ў самых складаных жыццёвых сітуацыях: пры цяжкіх родах, у выпадку хваробы дзяцей, падчас агоніі мужа ці жонкі.

  У народным асяроддзі прыкмячалі: калі падчас шлюбу ўпадзе заручальны пярсцёнак, гэта абяцае хуткі распад сям'і ці смерць аднаго з маладых.

  Нікому не аддавайце ручнік, на якім маладыя стаялі ў загсе падчас рэгістрацыі шлюбу ці бралі шлюб у храме. Гэты ручнік сімвалізуе жыццёвую дарогу маладых, таму яго трэба захоўваць усё жыццё.

  Разам з тым абавязкова варта зрабіць рытуальны падарунак храму за абрад вянчання. Традыцыйна такім падарункам быў ільняны ручнік, у які загортвалі бохан свежага хлеба, цукеркі, некаторую суму грошай і т. п.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У мінулыя стагоддзі жаніх і нявеста абавязаныя былі паведаміць пра сваё жаданне стварыць сям'ю прыхадскому святару. Ён аб'яўляў пра гэта ў царкве ўсім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика