Хто будзе выпісваць льготныя рэцэпты?. 21.by

Хто будзе выпісваць льготныя рэцэпты?

21.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ці праўда, што ў хуткім часе атрымаць рэцэпт на льготны водпуск лекаў стане праблематычна? З такім пытаннем у "Звязду" звярнулася наша чытачка з Мінска Алена Мялешчанка. "У паліклініцы кажуць, што ўрад змяніў парадак бясплатнага і льготнага водпуску лекаў, і цяпер рашэнне аб выпісцы таго ці іншага лякарства пацыенту будзе прымаць не лечачы ўрач, а ўрачэбна-кансультацыйная камісія, — паведаміла нам наша заяўніца. — Мне ўрач нават выпісаў адразу некалькі рэцэптаў, так бы мовіць, на першы час. Маўляў, днямі гэта пастанова ўступіць у сілу..." Чытачку "Звязды" таксама цікавіла, ці мае права яна, як пенсіянерка, якая ўжо перасягнула 70-гадовы ўзрост, зрабіць бясплатную грыпозную прышчэпку ў паліклініцы. У амбулаторна-паліклінічнай установе па месцы жыхарства ёй паведамілі, што права на бясплатныя прышчэпкі маюць толькі асобы пенсійнага ўзросту з хранічнымі захворваннямі, якія ўваходзяць у так званую групу рызыкі...

Як патлумачылі нашай газеце ў Міністэрстве аховы здароўя, у розных сродках масавай інфармацыі змест пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 верасня 2010 года трактаваўся адвольна. Таму, напэўна, і папаўзлі сярод пацыентаў чуткі.

Змяненні, што былі ўнесеныя ў ранейшы парадак бясплатнага і льготнага забеспячэння грамадзян лекавымі сродкамі і перавязачнымі матэрыяламі, былі скіраваныя на змяншэнне нагрузкі на ўрачоў-тэрапеўтаў і "вузкіх" спецыялістаў амбулаторна-паліклінічных устаноў, а таксама на ПАЛЯПШЭННЕ ДАСТУПНАСЦІ і якасці аказання медыцынскай дапамогі пацыентам у амбулаторных умовах. І ні ў якім разе ніхто не збіраўся ствараць нейкія дадатковыя перашкоды ці ўводзіць абмежаванні на льготны водпуск лекаў...

Згодна з пастановай Савета Міністраў ад 15 верасня 2010 года № 1323 прадугледжваецца магчымасць выпісвання рэцэптаў пацыентам, якія маюць хранічныя захворванні, на атрыманне лекавых сродкаў бясплатна або на льготных умовах на тэрмін ад аднаго да шасці месяцаў. Падчас выпіскі рэцэпта ўрач прызначае пацыенту дату наступнага планавага наведвання паліклінікі для выпіскі яму на льготных умовах лекаў на наступны тэрмін лячэння.

"Наяўнасць заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай ці медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі датычыцца толькі выпісвання на льготных умовах перавязачных сродкаў, — падкрэсліла начальнік упраўлення фармацэўтычнай інспекцыі і арганізацыі лекавага забеспячэння Міністэрства аховы здароўя Людміла Рэуцкая. — Гэта значыць, што калі пацыенту патрэбныя бінты, то вырашаць пытанне забеспячэння хворага перавязачнымі матэрыяламі будзе спецыяльная камісія, а калі пацыенту патрэбныя лекі, якія ўваходзяць у пералік асноўных лекавых сродкаў, то пытанне выпіскі льготнага рэцэпта знаходзіцца цалкам у кампетэнцыі лечачага ўрача".

Нашу заяўніцу цікавіла таксама магчымасць зрабіць бясплатную прышчэпку супраць грыпу ў паліклініцы. У аддзяленні імунапрафілактыкі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі журналіста "Звязды" запэўнілі, што ў пенсіянеркі такое права ёсць. За кошт дзяржаўных сродкаў прышчапляюцца асобы, якія маюць высокую рызыку развіцця ўскладненняў у выніку інфіцыявання вірусамі грыпу. Людзі ва ўзросце пасля 65 гадоў таксама ўваходзяць у групу рызыкі. І наяўнасць у апошніх "букета" хранічных захворванняў зусім неабавязковая. Сам іх узрост з'яўляецца фактарам рызыкі. Як вядома, для немаўлят і людзей сталага ўзросту сустрэча з вірусам грыпу асабліва небяспечная. Таму людзям ва ўзросце за 65 гадоў і прапануюцца бясплатныя прышчэпкі.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці праўда, што ў хуткім часе атрымаць рэцэпт на льготны водпуск лекаў стане праблематычна? З такім пытаннем у "Звязду" звярнулася наша чытачка з Мінска Алена...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика