Працоўнай пенсіі без працы не бывае. 21.by

Працоўнай пенсіі без працы не бывае

23.10.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прамая лінія       Тэма чарговай "прамой лініі" нашай газеты з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — пенсіі, дапамогі і сацыяльныя паслугі. Такім чынам, на пытанні чытачоў "Звязды" адказваюць намеснік міністра Валянціна Вікенцьеўна КАРАЛЁВА, начальнік аддзела арганізацыі пенсійнага забеспячэння Ніна Міхайлаўна ЛУЗІНА і начальнік упраўлення дзяржаўнай сацыяльнай падтрымкі насельніцтва Іван Пятровіч НАГІБІН.     (Працяг. Пачатак у нумары за 22 красавіка.)

(— Майму бацьку, інваліду І групы, хутка споўніцца 80 гадоў. Ці атрымае ён у сувязі з гэтым надбаўку на догляд?

Раіса Мікалаеўна, Дубровенскі раён

— Надбаўку на догляд ваш тата ўжо атрымлівае — як інвалід І групы. Памер такой надбаўкі ў яго адпавядае мінімальнай пенсіі па ўзросце, ці на сёння — 68.628 рублям. Прычым надбаўка на догляд была прызначана з дня вызначэння інваліднасці І групы.

(— У 2005 годзе выйшла на датэрміновую пенсію паводле 20 артыкула Закона "Аб пенсійным забеспячэнні" (як маці, якая выхоўвала дзіця-інваліда) і працягвала працаваць. Цяпер мне споўнілася 55. Ці можна ў сувязі з гэтым перайсці на пенсію па ўзросце? І ці будзе выгадным такі пераход?

Галіна Міхайлаўна Штыкава, г. Мінск

— Паводле 20 артыкула Закона "Аб пенсійным забеспячэнні", маці, якія выхоўвалі дзіця-інваліда не менш за 8 гадоў да яго паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце па дасягненні 50 гадоў. Такім чынам, вам ужо прызначаная пенсія па ўзросце. І ў выпадку, калі вы працягвалі працаваць пасля яе прызначэння, стаж можа быць павялічаны толькі за кошт перыяду працы да 1 жніўня 2006 года. Бо з 1 жніўня 2006 года праца пасля прызначэння датэрміновай пенсіі па ўзросце залічваецца ў стаж для пераразліку пенсіі толькі пры ўмове яе неатрымання ў гэты перыяд.

(— Чаму ў стаж дзяржслужбы не ўвайшла праца з 3 лістапада 1980 па 3 лістапада 1982 года вызваленым старшынёй прафкама калгаса? У 2007 годзе выйшла на пенсію з пасады старшыні сельсавета — на той момант стаж дзяржслужбы аказаўся 19 гадоў і 1 месяц, таму пенсію дзяржслужачага я не атрымліваю.

І яшчэ пытанне. Я атрымліваю працоўную пенсію, маю індывідуальны каэфіцыент 1,48 і працягваю працаваць. Колькі пенсіі я ў сувязі з гэтым губляю?

Ларыса Мікалаеўна Лушчык, Баранавіцкі раён

— На першае пытанне можна адказаць толькі адно: залік работы вызваленага старшыні прафкама ў стаж дзяржслужбы сёння заканадаўствам не прадугледжваецца.

Што ж да пытання другога, то варта заўважыць: працуючым пенсіянерам (апроч пенсіянераў, занятых непасрэдна вытворчасцю сельгаспрадукцыі) выплачваецца пенсія з улікам каэфіцыента не больш чым 1,3. Каэфіцыент 1,48 "запрацуе" тады, калі вы ўжо не будзеце працаваць. Зрэшты, цяпер вы губляеце няшмат — недзе 12-15 тысяч рублёў у месяц.

(— Завуць мяне Марыя Іосіфаўна. Мой муж загінуў на вытворчасці, на дзяцей прызначаная пенсія па страце карміцеля і выплаты ад "Белдзяржстраха". Аднак калі страхавыя выплаты індэксуюцца, то пенсія — застаецца працяглы час "замарожанай". Ці варта чакаць тут якіх-небудзь змяненняў?

— Не, Марыя Іосіфаўна, ніякіх змяненняў тут не будзе.

(— Адпрацавала 35 гадоў, але атрымліваю вельмі малую пенсію — усяго 313 тысяч рублёў. Крыўдна, бо нават цяжка купіць тыя ж дровы. Напэўна, больш атрымліваюць нават тыя, хто ўвогуле ніколі не працаваў...

Надзея Віктараўна Будзько, Слуцкі раён

— Прычына вашай нізкай пенсіі толькі адна: невысокія заробкі ў мінулым і, адпаведна, невысокі індывідуальны каэфіцыент. Аднак з улікам вашай па-сапраўднаму невысокай пенсіі вы можаце звярнуцца ў раённае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне — там разгледзяць пытанне пра магчымасць аказання аднаразовай дапамогі, у прыватнасці, на набыццё дроў.

Разам з тым дазвольце ўсё ж не пагадзіцца: пенсіі ў тых, хто не працаваў, не большыя — такія асобы атрымліваюць недзе каля 140 тысяч рублёў.

(— Мяне завуць Ніна Уладзіміраўна. Маё дзіця стала інвалідам у 12-гадовым узросце. Ці магу я, як маці, якая выхоўвала дзіця-інваліда, выйсці на пенсію ў 50 гадоў?

— Не, Ніна Уладзіміраўна, пайсці на пенсію ў 50 гадоў вы не зможаце: для гэтага неабходна, каб вы выхоўвалі дзіця-інваліда не менш за 8 гадоў у перыяд да яго паўналецця.

(— Маю адначасова права на пенсію як інвалід ІІІ групы ў сувязі з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС і на пенсію па ўзросце. Аддаў перавагу чарнобыльскай пенсіі, але ў сувязі з гэтым пазбавіўся права на льготы па падатках на нерухомасць і на зямлю. Чаму нельга выдаць пасведчанне, дзе быў бы пазначаны "двайны статус" — мяркую, тады б аніякіх пытанняў з падаткамі не ўзнікала б?

Уладзімір Іванавіч Кошчанка, г. Рэчыца

— Паводле Закона "Аб пенсійным забеспячэнні" асобам, якія маюць права на некалькі відаў дзяржаўных пенсій адначасова, прызначаецца толькі адна з іх — па выбары. А пенсіянеру выдаецца пасведчанне вызначанай формы, у якім і ўказваецца від пенсіі, які ён атрымлівае. Такім чынам, калі вы атрымліваеце пенсію па інваліднасці, то падстаў для выдачы пасведчання пенсіянера па ўзросце (нават калі вы дасягнулі пенсійнага ўзросту) няма.

(— Як будзе налічвацца пенсія былым воінам-афганцам, якія пасля вяртання з вайны не працуюць і не маюць інваліднасці?

Марыя, Нясвіжскі раён

— Калі няма групы інваліднасці, то, зразумела, гаворкі пра пенсію па інваліднасці быць не можа. Пасля ж дасягнення пенсійнага ўзросту ўсё будзе вырашаць наяўнасць стажу. Калі стаж з выплатай узносаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання складзе больш за пяць гадоў, то прызначаць працоўную пры няпоўным стажы, а калі менш за пяць гадоў — то сацыяльную пенсію.

(— За які час сёлета вылічваецца індывідуальны каэфіцыент? І што будзе ў выпадку, калі за патрэбны перыяд захаваліся не ўсе звесткі пра заробкі?

Аляксандр, г. Мінск

— Сёлета індывідуальны каэфіцыент разлічваецца за 16 гадоў запар з 26 апошніх гадоў працы. Калі ж за пэўны час у патрэбным перыядзе не захаваліся звесткі пра зарплату, то варыянт адзін — паспрабаваць аднавіць гэтыя звесткі праз суд.

(— У 1980-90 гадах дачка разам з мужам-вайскоўцам жыла ў Германіі, прычым 4 гады працавала там настаўніцай, а 3 гады — сувязістам. Чаму гэтыя гады не ўвайшлі ў стаж?

Антаніна Вікенцьеўна, Свіслацкі раён

— Калі ёсць адпаведны запіс у працоўнай кніжцы, то час працы ў Германіі ў стаж павінен увайсці. І, дарэчы, у выпадку праблем з запісам у працоўнай кніжцы, у пацверджанне стажу могуць прымацца даведкі, якія выдаюцца вайсковай часткай або архівам Міністэрства абароны.

Што ж да заробку, то канвертацыі валюты ў нас не робіцца, адпаведна, зарплата падчас працы ў Германіі ў разлік не бярэцца — інакш кажучы, пры разліку індывідуальнага каэфіцыента гэтыя перыяды проста не ўлічваюцца.

(— Якая павінна быць даплата да пенсіі ліквідатару аварыі на Чарнобыльскай АЭС па 19-м артыкуле? У раёне мне налічылі 50 працэнтаў базавай велічыні — 17,5 тысячы рублёў. Ці правільна гэта?

Валерый Мікалаевіч, г. Паставы

— Паводле артыкула 23 Закона "Аб пенсійным забеспячэнні", мінімальны памер пенсіі па ўзросце адпавядае 25 працэнтам найбольшай велічыні бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва за два апошнія кварталы. У кастрычніку мінімальны памер пенсіі па ўзросце складае 68.628 рублёў. А павышэнне да пенсіі грамадзянам, якія прымалі ўдзел у работах па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у зоне эвакуацыі (адчужэння) вызначаны ў 50 працэнтаў гэтай сумы — такое павышэнне складае 34314 рублёў.

Матэрыялы "прамой лініі" падрыхтаваў Сяргей ГРЫБ.

(Працяг будзе.) 

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тэма чарговай "прамой лініі" нашай газеты з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны — пенсіі, дапамогі і сацыяльныя паслугі. Такім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика