"Наш шлях — народны капіталізм"
27.10.2010
—
Новости Общества
|
Лібералізацыя эканомікі і яе магчымыя наступствы — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым беларускім эканамістам і аналітыкам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам. — Відаць, пасля падпісання Прэзідэнтам дырэктывы № 4 аб далейшай лібералізацыі эканомікі, праект+ якой зараз дапрацоўваецца, у эканамічным жыцці краіны трэба чакаць цікавых перамен. Чым яны выкліканыя? — Можна сказаць, што мы знаходзімся ў пачатку этапу новага жыцця. Працяг лібералізацыі абумоўлены неабходнасцю новых падыходаў у эканамічнай палітыцы. У прыватнасці, у ходзе будучай прыватызацыі некаторыя буйныя прадпрыемствы неўзабаве пяройдуць да канкрэтных уласнікаў. Лібералізацыя і прыватызацыя ідуць побач, нас, на мой погляд, чакае маштабны падзел дзяржаўнай уласнасці, пераход прадпрыемстваў у прыватныя рукі. — Як нам пазбегнуць тых часам свядомых і несвядомых пралікаў, якія адбываліся ў час нярэдка "бандыцкай" прыватызацыі ў Расіі? Там, як вядома, гаспадарамі рэнтабельных і высокапрыбытковых вытворчасцяў станавіліся людзі, якія раней да іх мелі ў лепшым выпадку ўскоснае дачыненне. — Калі быць шчырым да канца, то я не вельмі ўпэўнены ў тым, што мы здолеем пазбегнуць расійскіх памылак. Я думаю, што частка цяперашняй эканамічнай эліты краіны абавязкова паспрабуе ўключыцца ў шматабяцальны для спрытных і кемлівых чыноўнікаў працэс падзелу дзяржаўнай уласнасці. І тут варта не страчваць пільнасць, каб за размовамі пра лібералізацыю эканомікі не прапусціць няхай і цывілізаваны, але захоп нашай прамысловасці. Мяне непакоіць той факт, што ў Беларусі знікла грамадская ўласнасць. Зараз пра яе ўвогуле ніхто не гаворыць, хоць яна стваралася намаганнямі беларускага народа на працягу 70 гадоў. Размовы ідуць толькі пра дзяржаўную ўласнасць. Быццам бы грамадская ўласнасць кудысьці знікла. А грамадская і дзяржаўная ўласнасць, як гавораць у Адэсе, — гэта дзве вялікія розніцы. — Прабачце, але любіце вы тэрмінамі часам жангліраваць. Навошта? — Прычым тут гэта? Я — усё ж эканаміст, і лічу, што мы прайшлі працэс пераўтварэння грамадскай уласнасці ў дзяржаўную, якая зараз (ёсць прычыны так думаць) пяройдзе ў стан прыватнай. Нагадаю, Расія і Украіна праходзілі лібералізацыю па-свойму. А яна закончылася прыватызацыяй дзяржаўных прадпрыемстваў. У выніку ў гэтых краінах была сфарміраваная буйная прыватная ўласнасць. Прычым яна стала належыць пераважна тым, у каго на той момант была эканамічная ўлада. У Расіі асобныя ўдзельнікі прыватызацыі казачна абагаціліся. Напрыклад, Брынцалаў, які некалі прыязджаў да нас, зараз у сваё задавальненне жыве ў Манака, катаецца там на шыкоўным "майбаху". Вядомы ліберал і прыхільнік дэмакратычных каштоўнасцяў чэх Вацлаў Гавел у адным з апошніх інтэрв'ю прызнаецца ў сваёй былой эканамічнай наіўнасці. Па яго словах, ён не да канца ўяўляў сабе, як будзе праходзіць пасля "аксамітнай" рэвалюцыі прыватызацыя ў Чэхаславакіі. А яна прайшла на карысць эканамічнай наменклатуры. Аніякай дэмакратычнай прыватызацыі на радзіме Гавела, дзе ён быў прэзідэнтам, не адбылося. Там эканамічная і палітычная эліта падзялілі паміж сабой дзяржаўную ўласнасць. А народ апынуўся ў ролі пасіўнага назіральніка. Я хачу адзначыць, што мы зараз знаходзімся на прынцыповай стадыі свайго існавання: з'явіцца ў нас алігархічны капіталізм ці мы пойдзем па больш гуманістычнаму шляху. — Што можна і трэба зрабіць, каб лібералізацыя эканомікі і наступная за ёй прыватызацыя прайшлі з меншымі праблемамі? — Спачатку ўважліва прыгледзецца да досведу кітайскіх камуністаў. Яны прыкладна дваццаць гадоў не прыватызавалі дзяржаўную ўласнасць. Яна, дарэчы, у іх лічыцца грамадскай і ў значнай ступені з'яўляецца агульнанароднай. Кітайцы, згодна з вучэннем Леніна, у пачатку сваіх слынных рэформаў пачалі актыўна развіваць малы і сярэдні бізнэс, які штодзень нараджаў капіталізм. Інакш кажучы, у Кітаі ствараўся рынак на ўласнай аснове: прадпрымальнікі на сваю рызыку адкрывалі дробныя прадпрыемствы, ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі заваёўвалі замежныя рынкі збыту і назапашвалі ўласны капітал. Ніхто з высокапастаўленых партыйных функцыянераў і чыноўнікаў не меў права займацца прыватызацыяй на сваю карысць ці карысць членаў сям'і, блізкіх і дальніх сваякоў. І вось, калі ў Кітаі з'явілася шмат прыватных фірмаў і прадпрыемстваў, тады ў Пекіне вырашылі акцыяніраваць частку дзяржаўнай уласнасці. Я думаю, што такі шлях быў бы рацыянальны і для нашай краіны. А лібералізацыя яе эканомікі, па вялікім рахунку, патрэбна ў першую чаргу для таго, каб зрабіць людзей гаспадарамі. Няхай і ў нас капіталізм таксама развіваецца на аснове станаўлення малога і сярэдняга бізнэсу. У час маёй работы ў Кітаі я пазнаёміўся з маладым хлопцам, які чамусьці называў сябе Міхаілам Ламаносавам. У сферы гандлёвага бізнэсу ён праявіў сябе як сапраўдны Ламаносаў: пачынаў з гандлёвай палаткі памерамі два на два метры, а зараз валодае сучасным двухпавярховым гандлёвым цэнтрам. "Ламаносаў" — доларавы мільянер, хаця нічога з дзяржаўнай уласнасці не прыватызаваў. У нас, на жаль, такі народны капіталізм пакуль не атрымаў належнага развіцця. — Не зусім згодны з вамі. У нас амаль 70 працэнтаў малога і сярэдняга бізнэсу — гандаль. Дарэчы, чаму? — Я зноў спашлюся на класіка — Карла Маркса, які ў свой час быў лепшым экспертам па капіталізме. Ён прыйшоў да высновы, што яго самая першая стадыя — гандлёвы капітал. І сёння ў многіх краінах, якія пераходзяць да капіталізму — у тым ліку і былога сацыялістычнага лагера — усё пачынаецца з гандлю. "Новыя" рускія, украінцы і беларусы свой першы капітал робяць пераважна на гандлі — не важна чым, галоўнае, каб быў прыбытак. Ужо потым пераходзяць да вытворчасці. — Ведаеце, гандаль — вельмі рызыкоўная сфера дзейнасці. Колькі бізнэсменаў пачаткоўцаў "згарэла" ў ёй! А чаму б адразу не заняцца вытворчасцю, бо не ў кожнага прадпрымальнага чалавека ляжыць душа да гандлёвых аперацый. — Каб заняцца вытворчасцю, патрэбна недзе ўзяць грошы на яе станаўленне і першапачатковае развіццё. Свабодныя і немалыя грошы ёсць далёка не ў кожнай сям'і. — Але чаму б не ўзяць сродкі ў банку ў выглядзе крэдыту на пэўны тэрмін, зарабіць грошы і потым разлічыцца з банкам? Гэта ж агульнапрынятая ў свеце практыка. — Так толькі на першы і не заўсёды дасведчаны погляд. Я, напрыклад, на аснове вывучэння многіх эканамічных праектаў пераканаўся ў тым, што самы эфектыўны бізнэс пачынаецца з уласных грошай ці пазычаных у сваякоў, сяброў, калег. Такія грошы, як правіла, іх часовымі ўласнікамі вельмі ашчадна выкарыстоўваюцца. А вось узятыя ў банку крэдыты часта легкадумна выдаткоўваюцца без аглядкі на тое, што хутка крэдыт з працэнтамі прыйдзецца вяртаць. Нярэдка малады ці сярэдняга ўзросту чалавек бярэ крэдыт на гаспадарчае развіццё, а замест тэхнікі ці ўзвядзення невялікага цэха, склада ў першую чаргу купляе дарагі джып у аўтасалоне. А як жа, ён цяпер паспяховы бізнэсмен — "круты", адным словам. Няхай зайздросцяць знаёмыя, суседзі! А затым пачынаюцца спрэчкі з банкам, часам уцёкі з рэшткамі крэдыту і г. д. А ўсё таму, што банкаўскія грошы часта ўспрымаюцца як чужыя. Такі, на жаль, наш славянскі менталітэт. Таму насуперак рэкламе банкаў, што іх крэдыты — ключ да поспеху для любога дзелавога чалавека, я заклікаю бізнэсменаў будаваць капіталізм на ўласнай аснове. — Дакладней, калі ласка. — Такі капіталізм стварае новыя працоўныя месцы, абвастрае канкурэнцыю, што спрыяе зніжэнню цэн на многія тавары. Апошнія два месяцы я правёў шмат часу ў Польшчы, Літве, ва Украіне і Расіі. Вядома, назіраў, вывучаў розныя аспекты рынкавай эканомікі ў гэтых краінах. На мой погляд, лепш за ўсё малы бізнэс уплывае на жыццё сваіх грамадзян у Польшчы і ва Украіне. Там рэальна падаюць цэны на многія тавары. Палякі маюць магчымасць набываць недарагія прадукты харчавання, якія выпускаюць малыя прадпрыемствы. І нам трэба было б, дарэчы, больш уважліва прыгледзецца да досведу Польшчы. Праўда, у іх даўнія традыцыі выкарыстання прыватнай уласнасці — напрыклад, зямлі. Таму і нам можна пачаць прадаваць зямлю ва ўласнасць. Дарэчы, пра гэта гаварыў і Прэзідэнт, звяртаючыся да чыноўнікаў: "Ну прадайце яму зямлю! Чаго вы баіцеся?" Але мясцовая наменклатура не хоча гэтага, супраціўляецца, часам процідзейнічае лібералізацыі ў вёсцы, у пасёлках, малых і сярэдніх гарадах. Такім чынам атрымоўваецца, што ёсць імкненне Прэзідэнта развіваць і пашыраць лібералізацыю — і ёсць, магчыма, не заўсёды наўмыснае жаданне прытармазіць гэты працэс, зацягнуць яго. — Мясцовая наменклатура — гэта частка народа. Якім чынам яна можа, на вашу думку, удзельнічаць у пераразмеркаванні дзяржаўнай уласнасці? — Гэта складанае пытанне. Мне цяжка ўявіць, што дырэктары і члены кіраўніцтва заводаў, асобныя прадстаўнікі раённых і абласных уладаў упусцяць свой шанц прыхапіць кавалак дзяржаўнай уласнасці, магчымасць стаць доларавым мільянерам. Таму трэба пагадзіцца з тым, што частка наменклатуры будзе мець права на ўдзел у прыватызацыі. Але пры ўмове: толькі тады, калі ў раёне, вобласці дастаткова разаўецца малы бізнэс. — А як вымяраць гэту дастатковасць? — Проста. Скажам, калі ў пэўным раёне 50 працэнтаў аб'ёму вытворчасці прыходзіцца на прыватны сектар, то тады можна дазволіць кіраўніцтву раёна ўдзельнічаць у прыватызацыі. Зноў хачу спаслацца на Кітай, досвед якога багаты на розныя прыклады. Дык вось адна кітайская дзяўчына — студэнтка леса-тэхналагічнага каледжа — пачала шыць танную вопратку для моладзі. Спачатку сама сядзела за швейнай машынкай, потым наняла людзей. Справа пайшла, нягледзячы на тое, што ўвесь свет, як і сам Кітай, завалены таннай прадукцыяй кітайскай лёгкай прамысловасці. За некалькі гадоў дзяўчына стала мільянершай. Так што стварэнне ўласнай перспектыўнай вытворчасці заўсёды мае перспектыву для раёна. — Адначасова з дырэктывай № 4 рыхтуецца Закон аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве. Навошта ён патрэбен? — Лібералізацыя — гэта, паўтаруся, стварэнне ўмоў для больш актыўнага развіцця прыватнага бізнэсу. Яго ўдзел у распрацоўцы вышэйназванага Закона — спроба паўдзельнічаць у барацьбе за атрыманне дзяржаўных заказаў буйных заводаў, як, напрыклад, МТЗ, МАЗ і іншыя. Бо не сакрэт, што да супрацоўніцтва з малымі і сярэднімі прыватнымі вытворцамі дэталяў, камплектуючых дзяржаўныя гіганты індустрыі, прадпрыемствы меншага калібру ставяцца не тое што падазрона, але як да не вельмі пажаданых партнёраў. Таму пасля ўступлення ў сілу гэтага Закона, думаю, гэтая ненармальная сітуацыя зменіцца: малыя і сярэднія прыватныя вытворцы будуць актыўна ўдзельнічаць у вытворчай кааперацыі з вядучымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Хаця тут ёсць і другі бок медаля. Мне здаецца, што шэраг нашых бізнэсменаў, нават іх вялікая колькасць, хочуць, нібы рыбы-прыліпалы, шчыльна прытуліцца да буйных заводаў і такім чынам мець, дзякуючы іх заказам, гарантаваны заробак на пастаўках дэталяў, аказанні паслуг. Хоць гэта не зусім добра. Тут павінна быць канкурэнцыя. Гэта калі ваша, умоўна скажам, гайка лепшая па якасці і прымальная па цане, то яе і варта набываць гіганту індустрыі, а не тую гайку, якую выпускае ўдзельнік нейкай там дамовы, няхай важнай дзяржаўнай праграмы. У такога прыватніка не будзе моцных стымулаў павышаць канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі. Гутарыў Леанід Лахманенка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лібералізацыя эканомікі і яе магчымыя наступствы — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым беларускім эканамістам і аналітыкам, членам...
|
|