Журавінавы сюрпрыз. 21.by

Журавінавы сюрпрыз

02.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дынаміку цэнаў прасцей за ўсё прасачыць па прадуктах харчавання. Найперш таму, што з імі нам даводзіцца сутыкацца штодня.

Як ні дзіўна, але цана на свініну (у Баранавічах) вось ужо другі год амаль не мяняецца. Размова ідзе не пра мясныя прадукты ў крамах, а пра продаж мяса на рынках.

Напрыклад, кошт кумпяка свініны хістаецца ў межах 13-15 тыс./кг, мяса без косткі можна купіць за 16-18 тыс./кг. Такая цана была летась, а вось за цяляціну просяць 24 тыс./кг — кошт яе вырас на 5-6 тысяч. Кошт сала таксама застаўся ранейшым — 12-15 тысяч. Гэта ў сярэднім, бо на рынку заўсёды нехта просіць крыху больш ці менш. Хістанні ёсць, але яны не ўплываюць на сітуацыю ў цэлым.

Росту цэнаў могуць спрыяць многія абставіны. Вось у Расіі не ўрадзілі збожжа ды бульба і ў нас падскочыла цана на грэчку, проса і іншыя крупы, бо пэўная колькасць іх у нашу краіну ўвозіцца. А вось з бульбай наадварот — яна вывозіцца расійскімі закупнікамі, і ў нас цана на яе вырасла. Але ўлічваючы, што бульбу мы вырошчваем пры кожнай хаце, то кошт яе не адыгрывае такой ужо вялікай ролі.

Цэны растуць, але абвалу іх няма, а вось тое, што адбываецца з журавінамі, можна лічыць сюрпрызам, які падкінуў рынак.

Летась нарыхтоўшчыкі не ведалі, што з гэтай ягадай рабіць. Ганцавіцкае райпа журавіны не магло збыць аж да самай вясны.

Сёлета журавіны паставілі рэкорд. Калі ў верасні іх пачалі закупляць па 3 тысячы, то ўжо ў канцы кастрычніка кошт ягад узляцеў да 12,5-13 тыс./кг. Цана вырасла ў чатыры разы. Вось гэта абвал, але журавіны — не малако і не мяса, і ў масе сваёй такая цана не вельмі ўжо спажыўца і закранула. А вось тых, хто збірае ягады, асабліва палешукоў, — парадавала.

— Вось гэта сапраўдная цана на журавіны. Нарэшце ацанілі нашу працу, — кажуць людзі і спяшаюцца на балота.

Ніхто з палешукоў не памятае, каб цана на журавіны была такой высокай.

Здавалася б, у людзей ёсць шанц абагаціцца. Але тут аказалася, што сёлета журавіны не дужа ўрадзілі і на балоце асабліва не разгуляешся. Калі ўдалося назбіраць за дзень 5-8 кг, то і добра.

Не ўрадзілі журавіны не толькі ў нас, але і ў Расіі. Менавіта гэта адна з прычын, якая падштурхнула да росту цаны.

Адыграла ролю і вялікая канкурэнцыя сярод нарыхтоўшчыкаў. Калі ягад мала, а нарыхтоўшчыкаў шмат, то кожны імкнуўся ўхапіць сваю долю, павышаючы цану. Але ж і канкурэнты не драмалі. Вось і стаў кошт журавін завоблачным.

Але ж каб у тых нарыхтоўшчыкаў не было рынку збыту, то ніхто за ягаду не плаціў бы такія грошы. І можна толькі ўявіць (бо ўсе спасылаюцца на камерцыйную тайну), па якой цане нарыхтоўшчыкі перапрадаюць тыя журавіны.

З размовы з загадчыкам эксперыментальнай базы ЦБС "Журавінка" Мікалаем Паўлоўскім стала зразумела, што рост цаны на журавіны не дужа закрануў базу.

—<І> У нас фіксаваная цана на ягаду, — паведаміў загадчык. — І мы амаль усю ягаду збылі па 6 тысяч.

— Мікалай Баляслававіч, хіба сёння не рынак дыктуе цану?

— Планава-эканамічны аддзел Батанічнага сада ўстанавіў цану ў 6 тыс./кг. А ў верасні ўвогуле ягады пачалі прадаваць па 3 тысячы. І хто мог ведаць, што кошт журавін падымецца да 12 тысяч? Мы і прадавалі іх згодна з прэйскурантам.

— Магчыма, не трэба было спяшацца са збытам?

— У мінулым годзе база ледзь здолела збыць 15 тон журавін па 3 тысячы, і Батанічны сад нас летась фінансава падтрымаў, а сёлета мы яму дапамаглі. Ведаеце, год на год тут не выпадае.

Камерцыя — справа рызыкоўная. Нехта абходзіцца малым і задаволены, а другі рызыкуе і часам губляе ўсё.

Сымон Свістуновіч, фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дынаміку цэнаў прасцей за ўсё прасачыць па прадуктах харчавання. Найперш таму, што з імі нам даводзіцца сутыкацца штодня. Як ні дзіўна, але цана на свініну (у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика