РОЗГАЛАС. 21.by

РОЗГАЛАС

16.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Бягучы тыдзень будзе не па-лістападаўску цёплым

У Беларусі на бягучым тыдні чакаецца даволі цёплае надвор'е, паведаміла БЕЛТА галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

У бліжэйшыя суткі на тэрыторыі Беларусі прагназуюцца невялікія дажджы, месцамі туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 1-8 градусаў цяпла, удзень чакаецца ад 5 да 11 градусаў вышэй за нуль, у Гомельскай вобласці слупок тэрмометра будзе паказваць да плюс 14 градусаў. У чацвер і пятніцу Беларусь будзе знаходзіцца ў вобласці маларухомага атмасфернага фронту. Кантрасты тэмператур паміж паўночнымі і паўднёвымі раёнамі павялічацца. У многіх раёнах пройдуць дажджы. Пры гэтым начная тэмпература паветра будзе вагацца ад 0 градусаў у паўночнай частцы да плюс 8 градусаў на паўднёвым усходзе краіны. Удзень чакаецца 3—10 градусаў вышэй за нуль.

У канцы тыдня пад уплывам вільготных паветраных мас, што паступаюць з Атлантыкі, час ад часу будуць праходзіць непрацяглыя дажджы. Месцамі туман. Тэмпература паветра ўначы чакаецца ў межах плюс 1—7 градусаў, удзень слупок тэрмометра будзе паказваць ад 4 да 11 градусаў цяпла.

У Магілёве заахвоцяць дамы без даўгоў

Цэнтр гарадскіх інфармацыйных сістэм праводзіць акцыю "Дом без даўгоў".

Тры бліжэйшыя месяцы паэтапна, у розных раёнах абласнога цэнтра, жыхары дамоў, дзе ўсе спраўна плацяць за камунальныя паслугі, атрымаюць льготы. Паводле ўмоў акцыі, яны могуць замовіць на вялікім экране ў цэнтры горада віншаванне за 7750 рублёў (гэта палова звычайнай цаны) альбо падаць аб'яву да 5 слоў на інфармацыйны партал за 4500 рублёў. Цяпер у Магілёве 660 дамоў без даўгоў — гэта прыкладна 39 тысяч рахункаў. У цэнтры інфармацыйных сістэм разлічваюць, што акуратныя плацельшчыкі сваім прыкладам прыцягнуць да дысцыпліны і даўжнікоў-суседзяў. Паводле інфармацыі Магілёўскага абласнога ЖКГ, пратэрмінаваная запазычанасць насельніцтва рэгіёна за камунальныя паслугі перавышае 6 мільярдаў рублёў. Амаль палова гэтай сумы прыпадае на буйныя гарады Магілёў і Бабруйск.

Ілона Іванова.

"Мінёр"-раўнівец

Каб сарваць сустрэчу дзяўчыны са знаёмым, хлопец "замініраваў" жылы дом

Справа ў тым, што 20-гадовага маладога чалавека з Лагойскага раёна, які знаходзіўся ў Мінску на курсах павышэння кваліфікацыі, пакрыўдзіла тое, што ў яго таварыша дома дзяўчына разам з сяброўкай збіраюцца працягваць вечар, а ён у гэты момант знаходзіўся ў іншым месцы. Помстай кемлівага кавалера стаў званок па тэлефоне "102": ён паведаміў а першай гадзіне ночы ў міліцыю пра тое, што жылы дом № 105 па вуліцы Ясеніна замініраваны...

Паводле звестак прэс-афіцэра Фрунзенскага РУУС Алы Галубовіч, калі хлопец даведаўся ад сябра пра далейшыя планы вясёлай кампаніі (прычым пра гэта яму паведамілі па мабільніку каханай), то чамусьці адчуў сябе абражаным. Выпіўшы паўтара літра піва, ён, каб сарваць вечарыну з удзелам сваёй дзяўчыны, нічога лепшага не прыдумаў, як паведаміць у міліцыю пра замініраванне дома сябра. Між іншым, праваахоўнікам спатрэбілася няшмат часу, каб устанавіць асобу лжэ-мінёра: супрацоўнікі аператыўна-следчай групы хутка прыбылі да таксафона, адкуль быў зроблены званок, і ўжо праз паўгадзіны затрымалі "бамбіста". Апошні, дарэчы, не стаў адпірацца і адразу ж прызнаўся ва ўчыненым. У адносінах да яго заведзеная крымінальнай справа. За заведама несапраўднае паведамленне аб небяспецы раўніўцу пагражае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі тэрмінам на пяць гадоў.

Ігар ГРЫШЫН.

Нелегальная піратэхніка на 7 мільёнаў рублёў

У Полацку ў індывідуальнага прадпрымальніка супрацоўнікі падатковай інспекцыі канфіскавалі больш за 1,7 тысячы адзінак піратэхнікі, якія рэалізоўваліся без дакументаў, што маглі б пацвердзіць легальнасць набыцця прадукцыі. Кошт канфіскаваных петардаў і "ракет" — 7 мільёнаў рублёў.

Матэрыялы праверкі гандлёвага пункта накіравалі ў гаспадарчы суд Віцебскай вобласці. За выяўленае парушэнне прадугледжаны штраф у памеры ад 30 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Здаваць жыллё лепш па дагаворы

Падаткавікі Маскоўскага раёна выявілі 53 мінчан, якія здавалі кватэры без афармлення дагавору найму і аплаты падаткаў.

Аднаму з парушальнікаў давядзецца пералічыць дзяржаве каля 1,7 млн рублёў. Гэта агульная сума падатку і пені. Акрамя таго, ён абавязаны заплаціць штраф 110,2 тыс. рублёў. Агульная сума падатку і пені, якую давядзецца заплаціць гэтым 53 асобам, складзе 18,9 млн рублёў.

Наталля ВАВІЛАВА, "Мінск—Навіны".

"Мінск—Навіны". Сталіца перайшла на эканамічны рэжым ацяплення

У сталіцы ў сувязі з цёплым надвор'ем, якое ўсталявалася, скарэктаваны рэжым цеплазабеспячэння аб'ектаў гарадской гаспадаркі. Тэмпература прамой сеткавай вады зніжана да 62 °С.

Пра гэта паведаміў генеральны дырэктар РУП "Мінскэнерга" Аляксандр Юртаеў на аператыўнай нарадзе ў Мінгарвыканкаме. Пры гэтым ён адзначыў, што рашэнне аператыўнай групы не распаўсюджваецца на зоны цеплазабеспячэння ЦЭЦ-3 і ЦЭЦ-4. Ад цеплакрыніц цяпер адключаны адміністрацыйныя і прамысловая будынкі, што дазволіць зэканоміць немалыя грашовыя сродкі.

Святлана ФРАЛЯНКОВА, "Мінск—Навіны".

"Мінск—Навіны".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бягучы тыдзень будзе не па-лістападаўску цёплым У Беларусі на бягучым тыдні чакаецца даволі цёплае надвор'е, паведаміла БЕЛТА галоўны сіноптык...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика