Будуем дом:беражліва і з розумам
17.11.2010
—
Новости Общества
|
З 16 па 19 лістапада ў сталічным выставачным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14 праходзіць 33-я міжнародная выстава жылля і будаўніцтва "Беларускі дом-2010", 16-я спецыялізаваная выстава "Ацяпленне. Водазабеспячэнне. Сантэхніка" і 3-я спецыялізаваная выстава "Трубатэх-2010". Сёлета пра ўдзел у форуме заявіла больш за 180 прадпрыемстваў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Швейцарыі. Напрыклад, тэматыка 33-й міжнароднай выставы "Беларускі дом—2010" у поўным аб'ёме прадстаўляе ўвесь спектр будаўнічай прадукцыі, якая будзе цікавай як спецыялісту, так і шэраговаму пакупніку. Тыя, хто распачалі будоўлю або толькі збіраюцца гэта зрабіць, змогуць знайсці на выставе практычна ўсё патрэбнае: ад архітэктурнага праекта да элітных матэрыялаў аздаблення, а таксама прадукцыю для добраўпарадкавання інтэр'ера. Усё гэта, вядома, можна знайсці і паасобку — у розных прадаўцоў з розных месцаў. Калі ёсць шмат часу. А форум дае магчымасць пабачыць усе прапановы пад адным дахам, параўнаць іх, выбраць аптымальныя цэны і, вядома ж, адшукаць навінкі. Як заўсёды, найперш за імі на выставу выправіліся і журналісты "Звязды". ...Мінскае ўнітарнае прадпрыемства "Ноатэхніка" прадстаўляе інавацыйную электронную тэхніку, распрацаваную каля дзесяці гадоў таму ў сценах кампаніі. Зрэшты, такой пакуль яна з'яўляецца хіба для нас, бо на Захадзе "разумны дом" — даўно не навіна. Напачатку сваю прадукцыю ўнітарнае прадпрыемства пастаўляла ў Расію, дзе найперш масквічы таксама "адчулі смак" да яе, як патлумачыла нам начальнік аддзела збыту Наталля СЦЕЛЬЧАНКА. Беларусы ж спярша праяўлялі пэўны недавер, аднак апошнім часам інтарэс абудзіўся і ў суайчыннікаў. Дык пра што ж гаворка? Замяніўшы звычайны выключальнік на дыстанцыйны выключальнік-рэгулятар ад "Ноатэхнікі", вы зможаце ўключаць, выключаць і рэгуляваць яркасць асвятлення ў пакоях не толькі ўручную, але і дыстанцыйна з дапамогай пульта. Прычым падыдзе любы пульт — ад тэлевізара, музычнага цэнтра. Зручна, сучасна — чым не своеасаблівая "фішка" інтэр'ера? Убудаваны рэжым плаўнага ўключэння пазбаўляе вочы ад шкоднага ўздзеяння рэзкай успышкі святла, а таксама значна падаўжае тэрмін службы лямпачак. А, напрыклад, калі вы паедзеце некуды ў адпачынак, у спецыяльным рэжыме такі выключальнік-рэгулятар выпадковым чынам будзе уключаць і выключаць святло, імітуючы вашу прысутнасць у жыллі. Цана пытання? Каля 38 тысяч рублёў, што значна менш за імпартны аналаг. Ці, скажам, вы часта пакідаеце святло ў калідоры, вітальні ці на лесвічнай пляцоўцы. Праблему можна вырашыць пра дапамозе таймера адключэння асвятлення. Яго можна запраграмаваць на аўтаматычнае адключэнне святла праз прамежак ад 30 секунд да 20 хвілін. Таймер для санвузла забяспечыць працу вентылятара на працягу пяці хвілін пасля вашага выхаду з прыбіральні ці ваннага пакоя. ...Пагадзіцеся, хто не чуў пра "блакітную мару" любой гаспадыні: пакуль ты на працы або едзеш дадому, нехта за цябе прыбірае жыллё? Або ты бавіш час з сямейнікамі ў выхадныя, а хтосьці ці яшчэ штосьці — завіхаецца па гаспадарцы... Дык вось, такое тэхнічнае "штосьці" з вясны гэтага года пачаў пастаўляць у нашу краіну генеральны дылер — сталічная будаўнічая кампанія "Інтэр'ербуд". Называецца яно — аўтаматычныя сістэмы ўборкі дома, або, калі папросту, робаты-пыласосы амерыканскай вытворчасці. Гэта — дыскі дыяметрам 33—37 сантыметраў, вышынёй 8-9 сантыметраў, вагой крыху больш за 3,5 кілаграма. Бываюць для сухой уборкі і для вільготнай. Тры гадзіны на зарадку акумулятара, і робат гатовы самастойна (па вашай праграме ён уключыцца, нават калі гаспадароў не будзе дома) прыбраць на адной зарадцы да 80 квадратных метраў плошчы. — Адзін пакой плошчай у 20 "квадратаў" робат-пыласос прыбярэ за 40 хвілін, — зазначыла эканаміст па збыце прадпрыемства Вольга КЯЦКО. — Дык я значна хутчэй і прапыласошу і памыю такі ж пакой... — Але робат чысціць не толькі адкрытую прастору, але і "пралазіць" пад мэблю (напрыклад, канапу), вакол ножак, у кутах і ўздоўж сцен. Прычым ён не блытаецца ў правадах, можа пераадольваць, напрыклад, парогі вышынёй да трох сантыметраў, а пасля завяршэння працы сам вяртаецца на зарадную базу, — расказвае далей Вольга. Ёсць толькі адна мадэль мыючага робата-пыласоса (адной запраўкі вады хапае прыкладна на 40 квадратных метраў, можна выкарыстоўваць звычайныя мыйныя сродкі), праўда, прызначаная выключна для ўборкі цвёрдай паверхні падлогі. Каштуе 590 еўра. Для сухой уборкі прапануецца некалькі мадэляў па цане ад 330 да 720 еўра. З дадатковых расходных матэрыялаў можа спатрэбіцца хіба толькі зменны фільтр. Вольга Кяцко сказала, што калі напачатку робаты-пыласосы ў суайчыннікаў выклікалі штосьці блізкае да здзіўлення і недаверу, дык апошнім часам іх набываюць прыкладна па паўсотні ў месяц. Камінамі цяпер, напэўна, ужо нікога не здзівіш, як і навінкай іх не назавеш. Але яны па-ранейшаму карыстаюцца попытам. — Таму што энергетыку натуральнага жывога полымя нічым іншым не заменіш, яна знаёмая чалавеку яшчэ са старажытнасці, — тлумачыць папулярнасць камінаў індывідуальны прадпрымальнік Сяргей ЖАРДЗЕЦКІ. — Камін — гэта ж не толькі і столькі цяпло. Для дома дачнага тыпу ён раіць рабіць камін з топкай са шкляной дзверцай, бо яе ККД — 60 працэнтаў. У той час як, напрыклад, ККД ад адкрытай топкі з цэглы — толькі 20 працэнтаў. Суразмоўца працуе ў стылі кантры, хай-тэк, а таксама сюррэалізму. Шкада, што газетная плошча не дае магчымасці паказаць некаторыя ўзоры, якія нараджаюцца ў галовах заказчыкаў і потым увасабляюцца ў жыццё рукой майстра. Натуральна, такая праца — не паточная, патрабуе індывідуальнага падыходу. Ці дорага гэта каштуе? Верхняй планкі, вядома ж, не існуе. Але калі гаварыць пра самы просты камін з цэглы (з топкай шырынёй 50 сантыметраў і вышынёй 45 сантыметраў, з вывадам трубы), дык з улікам матэрыялаў і кошту працы такі камін будзе каштаваць ад 1,5 тысячы еўра. ...Украінскае прадпрыемства "Шклопрыбор" выпускае кантрольныя вымяральныя прыборы і бытавую прадукцыю — тэрмометры: аконныя, пакаёвыя, водныя, фасадныя. У выставах удзельнічае ў многіх краінах, у тым ліку і ў нас, больш за тое, мае тут беларускага партнёра. На сёлетні форум, як распавяла менеджар аддзела знешнеэканамічнай дзейнасці Наталля РАДЧАНКА з галаўнога прадпрыемства ў Кіеве, прывезлі некалькі навінак. У прыватнасці, гэта тэрмометры для басейна (з паплаўком і шнуром на два метры), а таксама пакаёвыя бытавыя тэрмометры, выкананыя на аснове з гіпсу. Серыя называецца "Знакі задыяка", і яе асаблівасцю з'яўляецца тое, што гэтыя сузор'і, дзякуючы дабаўленню фарбы, свецяцца ў цемры. Выглядае сапраўды вельмі прыгожа. ...На форуме прадстаўленыя праекты будаўніцтва дамоў і рэканструкцыі індывідуальных катэджаў, драўляныя дамы, вокны і дзверы, пакрыцці на падлогу, энергазберагальнае ацяпляльнае абсталяванне, катлы і радыятары, абсталяванне для ачысткі вады, прыборы ўліку газу, вады і цяпла, штучны і натуральны камень, каваныя вырабы, абсталяванне для лазняў, саўнаў, басейны і шмат яшчэ чаго іншага. Невыпадкова ж рэкламны слоган выставы — беражліва і з розумам будуем дом — мы вынеслі ў загаловак. Каб зэканоміць час, сродкі, а выбраць лепшае, сапраўднаму гаспадару лепш завітаць на будаўнічы форум. Сяргей РАСОЛЬКА. Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З 16 па 19 лістапада ў сталічным выставачным комплексе па праспекце Пераможцаў, 14 праходзіць 33-я міжнародная выстава жылля і будаўніцтва "Беларускі дом-2010", 16-я...
|
|