Як мы куплялі машыну ў Нямеччыне ці Горкі лёс беларускага аўтаперагоншчыка - Частка 1
19.11.2010
—
Новости Общества
|
Калісьці кожны беларускі мужчына марыў набыць патрыманую машыну з Нямеччыны. Гэты быў своеасаблівы сімвал беларускага дабрабыту. Дагэтуль сотні і тысячы нашых перагоншчыкаў зарабляюць грошы на прывозе нямецкіх машын. Журналіст "Звязды" Яўген Валошын пабываў у скуры аўтаганялы, выправіўшыся ў Баварыю на пошук "дагледжанай" нямецкай машыны. Мой сябар Алесь нечакана патэлефанаваў каля дзвюх гадзін ночы: — Паехалі днямі ў Нямеччыну, памажы прыгнаць машыну. А то дарога агулам займае болей як 3000 кіламетраў. Выкручуся з такімі дыстанцыямі. Вось прадам днямі свой "Форд" — і ў дарогу. Спартыўная машынка Алеся — гэта быў транспарт для суперагента. Трэба выціснуць 200 кіламетраў за гадзіну — пойдзе 200, уся нашпігаваная электронікай. Выглядае не горш за "паршэ", а каштуе ў шмат разоў танней. Вось сакрэт гэтага цікавага аўтамабіля . Машына, па якую мы прыехалі ў Нюрнберг. Прабег — малы, ёсць уся неабходная дакументацыя. Але праверыць "cітраэн" у справе перад набыццём так і не атрымалася.Але за два гады актыўнай язды Алесеў "форд" добра "разваліўся". Падвеска грымела на ямках, як ударная ўстаноўка рокера, рухавік працаваў ужо не так упэўнена. Любы больш-менш кампетэнтны майстар на СТА забракаваў бы "форд" на трэцяй хвіліне агляду, у крайнім выпадку кошт трэба было б зніжаць долараў на 600. Ды, як кажуць у народзе, на кожную машыну знойдзецца свой пакупнік. І на маё журналісцкае здзіўленне (у аўтамабілях жа трохі разбіраюся, артыкулы пра іх пішу) кліенты на спартовы "форд" знайшліся тут жа — 12 тэлефанаванняў цягам аднаго тыдня. — Тут адзін Валера з Клецка прыехаў, хадзіў, пальцы растапырыўшы, казаў: "Дзе машына, я зараз тут усё пабачу, што з ёй", — патэлефанаваў Алесь шчаслівым голасам: — Трапілі на ямку — падвеска загрымела. Ён пытаецца: "Што гэта было?" Я адказваю: "Дыск пагнуўся, напэўна". Прыкінуўся чайнікам. Валера расказаў пра тое, што нядаўна прыгнаў "лексус" з Масквы ў ідэальным стане. Я кажу: "Там жа машыны даражэйшыя, ты першы чалавек у гісторыі, хто джыпы з Масквы ганяе". А ён мне з важным выглядам: "Месцы ведаць трэба". У выніку "форд" Валера выкупіў за вельмі добрыя грошы. І хоць, не даехаўшы да роднага горада, тэлефанаваў і кляў мяне на чым свет стаіць, справа была зроблена. Не маеш мазгоў — не выкабеньвайся. Якім чынам перагоншчыкі дураць пакупнікоў на сотні еўра? Варыянты, як найбольш выгадна купіць машыну, перабіралі доўга. Разам хадзілі на нашы аўтарынкі, абмяркоўвалі прапановы з інтэрнэту. Ды Алесь упёрся рогам: — Я на рынку купляць машыны не хачу. Яны ўсе з Літвы, адна сабраная з трох, такая машына мне не патрэбна. Я спрабаваў давесці, што галоўнае ў машыне — яе стан, а не тое, адкуль яна прывезеная. Да таго ж, набываючы машыну ў Беларусі, можна яе падрабязна агледзець на СТА, з добра знаёмым майстрам. Кошты на аўтамабілі зараз таксама не атамныя, прапаноў хапае. Але сябар стаяў на сваім — гнаць машыну з Нямеччыны, і баста. Праўда, знайшоўся адзін "правераны" перагоншчык Вася, які паабяцаў прывезці шыкоўны чорны "Опель Вектра" 2004 года з дызельным рухавіком. Па ад'ездзе дзень, другі і трэці ад Васі не было добрых навін. Нарэшце, ён знайшоў больш-менш прыстойны варыянт у адным з аўтахаўсаў. Алесь (а гэты хлопец вельмі спрытны, у любую шчыліну ўлезе) тут жа даведаўся пра гэты аўтахаўс і залез на яго інтэрнэт-старонку. "Опель" быў выстаўлены за 4500 еўра. Раптам праз гадзіну ён стаў каштаваць 4700 еўра, пра што перагоншчык паведаміў па тэлефоне. Назаўтра гісторыя паўтарылася. Машына была выстаўлена на сайце па адным кошце, калі ж перагоншчык да яе дайшоў — цана паднялася на 200 еўра. Ад знаёмых, звязаных з аўтамабільным бізнэсам, мы даведаліся, што гэта нармальная практыка: перагоншчыкі дамаўляюцца з аўтахаўсамі (часта іх уладальнікамі з'яўляюцца рускія ці туркі), каб у інтэрнэце напісалі іншы кошт. Тады несумленны перагоншчык купляе машыну, атрымлівае павялічаны на 200 еўра ганарар, а аўтахаўс прадае машыну і атрымлівае на будучыню гарантаванага пакупніка. — Абдурвае мяне, поскудзь, сказаў яму, каб вёз грошы назад, — абураўся на "праверанага" перагоншчыка Алесь. — Ніякага ганарару не атрымае. Забіраць грошы ў "праверанага" паехалі на паркоўку ля аднаго са сталічных гіпермаркетаў. Уключылі дыктафоны, апранулі пагрозлівыя паліто з чорнымі капелюшамі. Перагоншчык аддаў на 300 еўра меней, чым меўся. На рэшту напісаў распіску і вярнуў грошы праз два дні. Аказалася, што на Алесеў крэдыт ён нармальна разжыўся: прыгнаў з нямеччыны "Опель Вектра" з агромістым прабегам, прадаў машыну і нармальна зарабіў. Расчараваўшыся ў "правераных" перагоншчыках, мы вырашылі адняць у іх кавалак хлеба і самім выправіцца ў Нямеччыну. Пасвячэнне ў аўтаганялы Назаўтра мы стаялі ля міжнародных касаў мінскага аўтавакзала "Усходні", і праз 20 хвілін меліся ад'ехаць у Еўрасаюз. Машыну, якую планавалі прыгнаць, знайшлі праз беларуса-эмігранта, які меў свой аўтахаўс у Баварыі. Білет да Нюрнберга на чалавека каштаваў 293 тысячы рублёў. І гэта са зніжкай у 10%, якую даюць пенсіянерам і маладзёнам да 26 гадоў. Аўтобус — звычайны "Івека" 90-х гадоў выпуску, без прыбіральні, кавы і іншых сучасных выгод. Дарога займала суткі. Праўда, у аўтобусе ехала ўсяго дзевяць чалавек. — І што мы за перагоншчыкі, выглядаем, нібы на міжнародную канферэнцыю выправіліся, — папракнуў я Алеся. — Даставай вогненную ваду, ляснем па кілішку. Іначай удачы не будзе. На запраўцы купілі сімвалічную кватэрку "Крамбамбулі", ляснулі, ціха мацюкнуліся на ўдачу. Цяпер мы — сапраўдныя перагоншчыкі. За ўспамінамі пра "форд" і пакупніка Валеру даехалі да мяжы з Еўрасаюзам. Гадзіны за дзве прайшлі памежныя і мытныя кантролі. Ужо апоўначы праязджалі начную Варшаву і бачылі яркія колеры новага стадыёна, які будуецца да чэмпіянату Еўропы па футболе... На гэтых начных карцінках адключыліся ў моцны сон. Каля шасці раніцы прачнуліся на глянцавым аўтавакзале Берліна, дзе нам далі 10 хвілін на санітарныя патрэбы. Аказалася, што ў тамтэйшым туалеце няма ні касіркі, ні кантралёра — грошы трэба класці проста на сподачак. Як выехалі з Берліна, у аўтобусе аб'явілі, што мы прыбываем на тры з паловай гадзіны раней за пазначаны ў білеце час. — Ого! Трэба пісаць Валянціну (хлопец з Нюрнберга, які паабяцаў дапамагчы з пакупкай машыны) эсэмэску, каб раней сустрэў. А ты здагадаўся, чаму мы так рана прыбываем? Скажы, ты ж загадчык аддзела журналісцкіх расследаванняў, — разышоўся Алесь. — Здагадаўся, мяжу прайшлі хутка, затораў на вузенькіх польскіх дарогах не здаралася, — адказаў я. — Не. Таму што едзе нас толькі дзевяць, а дзірак у некаторых прыбіральнях на санпрыпынках па адной-дзве, — узрадваўся Алесь і салодка захроп на велюравым сядзенні аўтобуса. Прачнуліся мы роўна ў 8:22 раніцы, і ўжо праз дзве з паловай гадзіны прыбылі ў Нюрнберг. Праверыць машыну ў справе — нельга! На маленькай нюрнбергскай аўтастанцыі нас сустрэў Мікалай. Ён працаваў з Валянцінам у адным аўтахаўсе. Наш правадыр, як аказалася, восем гадоў таму пераехаў у Нюрнберг з Гомеля, вывучыў мову і займаецца аўтабізнэсам. Мікалай пасадзіў нас у маленькі трохдзверны "міцубісі кольт": — Ззаду таксама трэба прышпільвацца, штраф кожны плаціць за сябе, — спакойна паведаміў Мікалай і павёз нас у бок аўтахаўса. Акуратненькі Нюрнберг утварае агламерацыю з двума іншымі гарадамі — Фюртам і Эрлангенам. Насельніцтва гэтага своеасаблівага мегаполіса — каля мільёна чалавек. У час Другой сусветнай вайны стары Нюрнберг быў на 90% знішчаны, пасля самыя стратэгічныя культурныя аб'екты былі адноўленыя. Калі ў вас не толькі па еўра ў кожным воку, але і тонкая душа, якая прагне культурнай самаадукацыі, то прыгон аўто з Нямеччыны — гэта добры бонус. Архітэктурных помнікаў тут хапае. Нюрнберг — горад вельмі ўтульны, і яго новая архітэктура стылёва ўпісваецца ў ансамбль са старадаўніх дамкоў, што нагадваюць крэмавыя торцікі. — Вой! Гэта ж тут адбываўся знакаміты Нюрнбергскі працэс! — ускрыкнуў Алесь, нібы пабачыў вусы Гітлера ў адным з вокнаў Міжнароднага ваеннага трыбуналу. Так, пра падзеі, якія адбываліся ў гэтым будынку, чытаў любы школьнік на планеце Зямля. Тут з 20 лістапада 1945 года да 1 кастрычніка 1946 года праходзіў Нюрнбергскі працэс, дзе судзілі галоўных нацысцкіх злачынцаў — Герынга, Геса, Рыбентропа і іншых. — Гісторыя гісторыяй, а запаркавацца ў нас няпроста, і грошы за гэта трэба плаціць, — адарваў нас ад фатаграфавання гістарычнага будынка Мікалай. — Штрафы за няправільную паркоўку — ад 10 да 15 еўра. Здараецца, за дзень, калі трэба паматацца па горадзе, назбіраеш адразу некалькі штрафаў... За размовамі пра законы і грашовыя спагнанні прыбываем у патрэбны нам аўтахаўс. Наш "Сітраэн С3" 2003 года выпуску — відавочна дагледжаная машына з малым прабегам. Ёсць усе неабходныя дакументы, у тым ліку і сэрвісная кніжка, дзе прапісана ўся гісторыя. Кузаў вельмі акуратны: літаральна некалькі сколаў, дробная, амаль незаўважная увагнутасць на левай дзверцы, драпінка, якую будзе лёгка запаліраваць. Скураны салон таксама пакідае добрае ўражанне — ездзіла прыстойная, відаць, жанчына, з гэтай прычыны неабходнасць адпала нават у хімчыстцы. Рухавік працуе вельмі роўна. Разам з тым праверыць машыну на практыцы мы не можам. Нумароў у яе няма, выехаць за межы аўтахаўза нельга. А значыцца — паслухаць падвеску і хаця б мінімальна праверыць у справе рухавік — немагчыма. Па сутнасці, машыну мы набывалі навобмацак. — А ўсё ж, ці ёсць у ёй хоць нейкія праблемы? — наіўна пытаецца Алесь. — Нам яе сюды прыгналі і паставілі, мы яе асабліва не правяралі. Але па ўсім відаць, што машына добрая, — адказаў Мікалай. Агледзеўшы сэрвісную кніжку і біркі пад капотам, заўважаем: масла і фільтры не мяняліся ўжо болей за 25 тысяч кіламетраў. Відавочны пераразлік. Але раз прыехалі ў Нюрнберг з разлікам на "сваіх" людзей, раз заплацілі грошы за білеты, значыць, і купляць машыну быццам трэба. Спадзяванне толькі на тое, што "свае" супрацоўнікі аўтахаўза не падсунуць лайно. Трэба сказаць, што кошты тут ненамнога адрозніваюцца ад нашых аўтарынкаў. — Машыны прадаём пад немцаў, таму ў нас нятанна. Затое якасць тавару — добрая, — патлумачыў Мікалай. Перажагнаўшыся, Алесь аддае за машыну 4800 еўра, 70 еўра сплочвае за транзітныя нумары і страхоўку (усё афармляецца за 15 хвілін на месцы). І мы выпраўляемся ў далёкую дарогу дадому. Сюрпрызы пачаліся неўзабаве... Працяг будзе... Р.S. На шляху ў Беларусь мы ператварыліся ў герояў амерыканскага вэстэрна. Спачатку машына ледзь не стала колам проста на нямецкім аўтабане. Потым з нас ледзь не вынялі душу некаторыя заходнееўрапейскія дарогі. І, нарэшце, на мяжы мы даведаліся пра невядомыя раней акалічнасці. З-за дробнай недакладнасці ў дакументах, якую мы ледзь не дапусцілі, могуць адправіць назад у аўтахаўс, за тысячу кіламетраў, перарабляць дакументы. Пасля прыгону аўто, з дапамогай прафесійных перагоншчыкаў і майстраў СТА мы склалі формулу: дзе найбольш выгадна і бяспечна набываць патрыманую машыну. Пра ўсё гэта ў заўтрашнім нумары "Звязды". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калісьці кожны беларускі мужчына марыў набыць патрыманую машыну з Нямеччыны. Гэты быў своеасаблівы сімвал беларускага дабрабыту. Дагэтуль сотні і тысячы нашых...
|
|