Эра жанчын. 21.by

Эра жанчын

24.11.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Навіна пра працу над календаром з беларускімі пісьменніцамі выклікала рэзананс. Адразу ўзніклі паралелі з календаром "аголеных пісьменнікаў". Маўляў, прыйшоў час жанчын, калі яны могуць заявіць пра сябе і паказаць сябе. Наогул дзеля чаго патрэбныя такія праекты, навошта гэта кожнай з удзельніц? Дзеля літаратуры, дзеля чытачоў ці саміх сябе? Сёння яны скажуць, што іх прывяло ў праект і паразважаюць пра тое, што значыць адкрытасць творцы.

Наталля Батракова не верыць у шалёнае шчасце з нябёсаў: прозвішча такое... Усё, чаго ўдалося дасягнуць, прыйшло праз працу і бяссонныя ночы. А тут незвычайны праект...

— Для мяне гэта ўнікальная магчымасць сустрэцца з чытачамі, ад чаго я ніколі не адмаўляюся. Прызнаюся, прапанову выслухала з асцярожнай цікаўнасцю. Але "запалілася" практычна адразу пасля сустрэчы з людзьмі, якія яго задумалі. Дырэктар скарыў сваім шчырым адказам, што нічога пра мяне і іншых не чуў, не чытаў. І вось вырашыў ліквідаваць гэты прабел такім незвычайным чынам. А заадно і іншым дапамагчы, пазнаёміць з аўтарамі. Я задаволена, што яму паверыла.

Гэта дало шмат станоўчых эмоцый! І падрыхтоўка вобразу, і праца над ім. І перажыванне за ўсіх удзельніц. І знаёмства з Валянцінам Свіягіным, у руках якога апынулася фотакамера, якая ўсіх "палюбіла"! Мы палюбілі адзін аднаго, не зважаючы на тое, хто рускамоўны аўтар, хто беларускамоўны.

— Пісьменнік ці паэт — гэта чалавек, які павінен "распранацца" ў творах...

— Любы аўтар так ці інакш раскрываецца на старонках сваіх твораў. Калі не адкрывацца і не ўкладваць душу, кніга не "ажыве", не зачэпіць, яе нават не дачытаюць. Калі ў творы не будзе душы, атрымаецца прыгожы набор слоў, не больш за тое.

— Якая ступень эратызму для вас прымальная?

— Прыгожая воку эротыка яшчэ нікому не сапсавала настрой, а тым больш жыццё! Я не ханжа і далёка не "сіняя панчоха", хоць, вядома, накладвае адбітак строгае выхаванне. У сілу шматлікіх фактараў, я, можна сказаць, чалавек іншай эпохі, і поўнае распрананне для мяне мае месца ў трох выпадках: у лазні, перад люстэркам, у ложку з каханым. Таму што гэта натуральна. Да тых, хто можа дазволіць сабе большае, прэтэнзій няма. Гэта асабістая справа кожнага, як і свая ступень разняволенасці, якой часам можна пазайздросціць.

Дзіяна Балыка лічыць: каб сядзець у тэатры ў партэры, трэба набыць лепшы білет. І яна актыўна займаецца рознымі відамі дзейнасці: піша п'есы, працуе і выдае кнігі як псіхолаг.

— Пасля таго, як пісьменнік агаліў перад чытачамі (чытай — перад усім светам) душу, якія размовы могуць ісці пра агаленне цела? Для мяне душа — значна болей інтымны фактар, чым цялеснасць... Мае кнігі выходзяць у Расіі, таму што ў Беларусі няма кніжнага рынку. Я не імкнуся тут выдавацца, і раблю гэта толькі тады, калі мяне запрашаюць. Напрыклад, просяць выдацца для школьнай праграмы: з 1 верасня "Белы анёл з чорнымі крыламі" дзеці вывучаюць у школе. Аднак я зарабляю ў асноўным у Расіі. А беларускі каляндар у Расіі — наогул не інфармацыйная нагода. Таму трэба глядзець на яго як на маленькае жаночае свавольства. Чаму не паўдзельнічаць, калі саліднае рэкламнае агенцтва прапануе праект з цікавымі мне людзьмі, якіх я ведаю яшчэ з 2004 года? Гэта мяне не бянтэжыць. Таму што я жанчына. Я адчуваю свой гендар — як пол, як праяву маёй сутнасці. Мае эратычныя фотаздымкі вісяць на сценах у маёй кватэры, таму што муж любіць маё цела, гэта яго здымкі, ён ганарыцца, калі бачыць мяне прыгожай. І ўдзел у календары — гэта вясёлая гісторыя, магчымасць працаваць з прафесіяналамі: фатографам Валянцінам Свіягіным, візажыстам Дзіянай Равякай.

— У вашым блогу ёсць на што паглядзець, напрыклад, фота ў стылі "ню"...

— Я вельмі люблю сваё цела. Мне яно дастаўляе эстэтычнае, фізіялагічнае задавальненне. Як псіхолаг, лічу, што гэта надта вялікая праблема, калі чалавек свайго цела саромеецца. Вугры, лішняя вага, дрэнны зрок — праявы нявыказаных эмоцый, псіхалагічных праблем. Цела — той футляр, які ўсё жыццё будзе насіць тваю цудоўную душу, творчасць. Няўжо яно не заслугоўвае пашаны за сваю вялікую працу? Я ведаю, што такое цела, як пісьменнік, таму што ў мяне часам баліць спіна: я вельмі шмат часу праводжу за камп'ютарам...

Гэта не першая мая фотасесія такога парадку. Я здымалася для выдавецтва "Эксмо", у мяне ёсць кніга "Давай зоймемся каханнем. Сэкс вяртаецца". Там на вокладцы маё фота ў стылі "ню". У мяне нават была ідэя рабіць праект, дзе я на вокладцы кнігі буду з'яўляцца аголенай. Праект, які б называўся "Псіхолаг, які ад вас нічога не хавае"...

У мяне вельмі мала ў жыцці абмежаванняў, магчыма, акрамя двух — Крымінальны кодэкс і ўласнае сумленне. Не парушаю ніводнага з гэтых пунктаў удзелам у праекце. Я ўсё калібрую праз уласны стан. Мне камфортна быць прыгожай, у грыме, у іншым грыме, без грыму...

Тамара Лісіцкая ўпэўненая, што ўдзел у праектах і стварэнне інфармацыйных падстаў — норма медыйнага жыцця:

— Падазраю, што і не медыйнага таксама, а ўвогуле нармальнага жывога жыцця. Любы праект — дзеянне. Ужо хоць бы таму я і пагадзілася. Калі ніхто не будзе нічога выдумляць, у прасторы наступіць цудоўная цішыня, але гэта будзе дакладна не мая прастора.

Мне гэты праект даў незвычайны новы вопыт. Па-першае, было прыемна, што мне, тройчы маме, так адназначна далі зразумець: я прыгожая. Далі зразумець, што свет у кантэксце гэтай тэмы не развіваецца лінейна па законах камерцыйных карпарацый, якім лепш за ўсё прасоўваць у якасці эталона юную бяздзетную дзяўчыну. Я — жанчына. Колькі б я ні важыла, якой бы даўжыні ў мяне ні былі ногі, колькі б мне ні стукнула гадоў — я прыгожая! Вось думка, у якой імкнулася і іншых мужных і цудоўных лэдзі пераканаць, і якой сама прытрымліваюся. Мы — моцныя, разумныя, цярплівыя, шмат перажылі, наплакаліся, са шрамамі... Але мы заўсёды будзем прыгожымі... Дарэчы, я важу роўна столькі ж, колькі на першым курсе ўніверсітэта. Чаму б мне і гэтым не ганарыцца? Па-другое, я са здзіўленнем адкрыла для сябе бязмежную зайздрасць парачкі таварышаў па літцэху. Стала асцярожней, гэта добра. Хто б мог падумаць, што бяскрыўдны праект выступіць такім лакмусам? Па-трэцяе, адкрыла для сябе некалькі новых імёнаў сярод удзельніц календара. Думаю, цяпер мы моцна пасябруем.

— Наколькі вы адкрыты чалавек у творчасці і ў жыцці?

— Абсалютна адкрыты. Па вызначэнні бачу ў любым чалавеку сябра. Здзіўлена, што можа быць інакш... А наконт распрананняў... Літаратар перш за ўсё павінен быць адэкватным часу, жыць у ім, быць тым самым чалавекам, для якога ён піша. Часовы і падзейны кантэкст, у якім я жыву, прадугледжвае шмат кантрастаў — ад побытавага подзвігу да свецкага жыцця, ад болевага шоку да абдымкаў з каханым. І гэта нармальна. Я не разбіваю падзеі свайго жыцця ў розныя плыні — вось тут духоўнае, а тут можна і эротыкі дадаць. Я — гэта складаная канструкцыя з усімі опцыямі, з усялякім вопытам. Менавіта пра гэта я пішу, менавіта так і паступаю. Але ў любой маёй справе мегапланавае — дадаць святла, даць надзею, падтрымаць.

Вольга Акуліч лічыць: тое, што не супярэчыць заканадаўству, мае права на існаванне.

— У гэтым праекце мяне цікавілі, па-першае, яго мастацкія складнікі, таму што канцэптуальна гэта было вельмі цікава. Мне здавалася, што гэта вельмі слушная ідэя —прыгожа паказаць беларускіх літаратараў, прычым і рускамоўных, і беларускамоўных. Гэта першае. Па-другое: для мяне гэта быў цікавы новы вопыт, таму што я не фотамадэль, я не здымалася ў фотавыданнях, хоць і працавала доўгі час у эфіры, здымалася ў кліпах. Сама фотасесія мне вельмі спадабалася, было цікава. Так, у мяне нечаканы вобраз, які не падобны на мой вобраз у жыцці. Гэта свайго роду творчы эксперымент. Для любой творчай асобы цікава час ад часу выходзіць за рамкі свайго вобраза. Як чалавеку, які працуе ў тым ліку з візуальнымі сродкамі масавай інфармацыі, які мае дачыненне да тэлебачання, вельмі цікава патрапіць па той бок экрана. Акрамя таго, я звычайна як рэжысёр і прадзюсар працую з іншымі людзьмі, часам прапаную ім незвычайныя вобразы, становішчы. Тут мне было цікава, як мяне пабачаць іншыя людзі, тыя ж візажысты альбо фатографы.

— Як вы наогул ставіцеся да эратычных фотасесій?

— Станоўча. Калі гэта прыгожа, па-мастацку, то станоўча. Калі непрыгожа, то адмоўна. Больш за тое, я так стаўлюся да любых фотасесій. І да афіцыйных здымкаў. Бо няма нічога больш жахлівага, чым афіцыйныя здымкі на Дошцы гонару, калі ўсе зашпіленыя і з пратакольнымі тварамі. У тым, што ў чалавека ёсць цялеснасць, няма нічога кепскага.

Вольга Гапеева — беларуская паэтка, якая надае асаблівую ўвагу роўнасці палоў. У яе хацелася спытаць, ці можна лічыць "жаночы" каляндар адказам на "аголеных літаратараў", якія паўсталі летась у календары на 2010 год?

— Не думаю, што жаночы пісьменніцкі каляндар з'яўляецца адказам на мужчынскі каляндар, які выйшаў летась. Нягледзячы на тое, што там нібыта аголеныя літаратары, ніякай аголенасці там няма. З пазіцый візуальнай антрапалогіі там усе апранутыя. Наогул, распрануць мужчыну і распрануць жанчыну — розныя рэчы... У тым сэнсе, што паказаць голыя ногі ці торс мужчыны — яшчэ не значыць яго "распрануць", ператварыць з суб'екта ў аб'ект.

Магчыма, ініцыятары праекта ведаюць пра той каляндар, але іх матывы, напэўна, былі іншыя, чым жаночы "адказ". Калі мне патэлефанавалі і папрасілі паўдзельнічаць, то я падумала: а чаму не? У мяне быў летні месяц, таму свой вобраз я бачыла ў сукенцы, у якой прахадзіла ўвесь жнівень. Матыў удзелу: стаць бачнай у грамадстве, якое асабліва не прапануе магчымасцяў жанчыне-аўтарцы, як выйсці да шырокага чытача. Мне здаецца, для кожнай гэта проста магчымасць, каб цябе пабачыла большая колькасць людзей, каб заўважылі імя. Можа, зацікавяцца беларускай літаратурай і літаратурай увогуле. Бо калі на каляндар змясцілі, значыць, чалавек мае нейкую вагу, хоць, вядома, гэта і не факт, але масавы спажывец так звычайна і думае.

Мне цікава тое, што атрымліваецца пасля ўсяго. Я падазравала, што можа адбыцца такі ажыятаж. Але з іншага боку гэта мяне трошкі засмучае, таму што, напрыклад, нядаўна адбываўся гендарны маршрут, прысвечаны праблемам фемінізму і гендарным пытанням. Чамусьці пра гэтую сур'ёзную падзею амаль ніхто не пісаў і такога ажыятажу яна не выклікала... Таму мне асабіста не хацелася б, каб потым навешвалі цэтлікі, ці казалі, што жанчыны здатныя толькі на тое, каб прыгожа здымацца ў календарах.

Валярына Кустава, паэтка, якая любіць выраз "далягляд не церпіць трох", у любых умовах думае пра тое, што галоўнае для яе, і ў адпаведнасці з гэтым прымае рашэнні.

— Ад пачатку я думала, што гэта будзе каляндар беларускіх пісьменніц, так было пададзена. Паколькі я даволі шмат выступаю, заўсёды стараюся данесці нейкі кавалачак беларускасці да як мага большай аўдыторыі, і, калі ў мяне з'яўляецца такі шанц, выкарыстоўваю яго. Бо гэта не штосьці распуснае ці непрыстойнае, не. Калі будуць прэзентацыі, то ўзнікне яшчэ адна нагода сустрэцца з чытачамі, гледачамі. Няхай будзе першым крокам, прынамсі з майго боку, каб данесці да іх нейкую часцінку культуры. Можа, да тых, хто раней пра яе не пачуў. Вядома ж, думала, што гэта будзе менавіта культурна засяроджаны, зарыентаваны на беларускасці каляндар. Але ён трохі змяніў канцэпцыю. Ну што ж! Мы будзем працаваць з тым, што маем. З аднаго боку, я мушу падзякаваць арганізатарам, якія зрабілі гэты каляндар. Бо такі цікавы досвед, фотаздымкі, якія проста так не маглі б з'явіцца.

— Лічыцца, што творчая асоба павінна адкрываць душу...

— Гэта было першае, пра што я казала, калі зайшла ў студыю. Калі я паглядзела на некаторыя фотаздымкі, якія мне былі прапанаваныя, я сказала, што разумею гэты праект як адкрыццё, паказ сутнасці сваёй творчасці. Калі хтосьці будзе паказваць аголенае цела, то я буду паказваць аголеную душу. У прынцыпе я пастаралася справіцца з гэтай задачай, якую сама ж сабе паставіла. У маіх вачах, я думаю, вы зможаце ўбачыць аголеную душу, што ў прынцыпе адпавядае маёй творчасці.

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навіна пра працу над календаром з беларускімі пісьменніцамі выклікала рэзананс. Адразу ўзніклі паралелі з календаром "аголеных пісьменнікаў". Маўляў,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика