Каралеўна мяжы і багіня ночы, альбо кантрабанднае Рэаліці-шоу
24.11.2010
—
Новости Общества
|
— Так, ціха! Тут ужо нядаўна дваіх такіх расстралялі! — зарыпеў раз'юшаны памежнік. Ён паабяцаў выпусціць нас, калі мы адкупімся. Нас было сямёра. Сямёра маладых жанчын, ад якіх патрабавалі адкупіцца ўласным целам... Памежнікаў было пяць. Але нам, што б там ні было, трэба было трапіць дадому! Нас там чакалі з нашай кантрабандай на вагу золата: лекамі, якіх на нашым баку было не дастаць; спіртам; дарагой жаночай парфумай, якая карысталася надзвычайным попытам і якую можна было няблага "загнаць" заможным савецкім кабетам; смочкамі для немаўлятак — гэта сапраўдны "рарытэт" у нас (бедныя дзеткі, што ім толькі ў рот ні пхаюць замест нармальных цывілізаваных смочак: і сала, і моркву, і марлю з пладовым пюрэ...). Так, калі паехала на экскурсію "Шляхамі кантрабандыстаў", арганізаваную ваенна-гістарычным клубам "Княжы Гуф" (www.bеl-knіght.соm), я паставіла сябе на месца жанчыны, якая ў 1920-ыя гг. у Беларусі рэальна магла трапіць у такую сітуацыю. І жанчыны-кантрабандысткі тады насамрэч былі ў тыя страшныя часы... У ваколіцах Ракава існавала нават цэлая банда такіх кантрабандыстак пад непрыгожай і невыпадковай назвай "Дзіркі". Мы начутыя пра адэскіх кантрабандыстаў і аферыстаў: Соньку Залатую Ручку, Беню Крыка, "япончыкаў", але мы нічога не ведаем пра беларускіх кантрабандыстаў і, наогул, пра цьмяны і неадназначны пачатак ХХ стагоддзя ў Беларусі.
Гэта няпростае жыццё і паслужыла добрай глебай для ўзнікнення кантрабандыстаў. У іх ішлі пераважна прадстаўнікі этнічнага насельніцтва, якім немагчыма было ў тагачасных умовах займацца гаспадаркай, якіх не прызначалі на адміністрацыйныя пасады. Эпіцэнтрамі кантрабанднага руху былі тры гарады: Ракаў, Валожын, Лоск, якія знаходзіліся на мяжы Усходняй і Заходняй Беларусі. Бадай усё насельніцтва гэтых гарадоў і ваколіцаў займалася кантрабандай. Раней гэта былі досыць буйныя і шумныя мястэчкі, але сёння яны страцілі сваю веліч і значнасць. Кантрабанда была выдатным спосабам зарабіць хутка і шмат. Але гэта быў надзвычайна небяспечны спосаб. — Прыбытак ад аднаго кантрабанднага паходу складаў 300-400%, — прыадкрывае таямніцы невядомай беларускай гісторыі экскурсавод Зміцер Старожыцкі. — За адзін пераход кантрабандыст выручаў 15-20 рублёў золатам, а добры наган тады можна было прыдбаць за 10-15 рублёў. Літаральна за два паходы можна было зарабіць столькі, каб потым цэлы год не працаваць. Была і свая рамантыка ў жыцці кантрабандыстаў, якую так сакавіта апісалі савецкія пісьменнікі Ісаак Бабель, І. Ільф і Я. Пятроў і беларускі пісьменнік і самы вядомы беларускі кантрабандыст Сяржук Пясецкі. — Кантрабандысты ўтваралі своеасаблівы клас, — распавядае Зміцер. — Яны жылі па сваіх законах, па сваёй маралі. Часта гэта былі вельмі смелыя і высакародныя людзі, якія пераходзілі праз мяжу нават без тавару, каб сустрэцца са сваёй каханкай. Яны былі сапраўднымі "каралямі мяжы і багамі ночы", як назваў іх Пясецкі. Яны, як кажаны, працавалі выключна па начах, а ўдзень адсыпаліся, адпачывалі. Самым спрыяльным часам для пераходу мяжы лічылася восень, вясна альбо зіма. Пажадана, каб была моцная завіруха, дождж, пахмурнае надвор'е, ноч. У дрэнных метэаралагічных умовах памежнікам было складаней пачуць трэск галінак альбо тупат ног кантрабандыстаў, было складаней заўважыць іх у гушчары лесу. Калі зусім нічога не было відаць з-за туману альбо завірухі, то кантрабандысты хадзілі з вяроўкамі: абвязваліся імі і шлі ланцужком, каб не згубіцца. І перамаўляліся, тузаючы за вяровачку. Яны прымалі шмат дадатковых мераў, каб застацца-такі незаўважанымі. Напрыклад, калі ўжо надта карцела паліць, то рабілі гэта выключна ў рукаў, каб не выдаваў агеньчык ад цыгарэты. Асабліва нахабныя і смелыя кантрабандысты вазілі кантрабанду вазамі: перавязвалі колы воза вяроўкамі, каб не грымелі; бралі ціхага паслухмянага каня, каб не ржаў. Яны пераадольвалі вялікія прыродныя перашкоды, праходзілі даўжэзныя адлегласці дзеля прыбытку, дзеля рамантыкі і экстрыму, які быў неабходны ім пастаянна, як добраму спартсмену нагрузка на мышцы.
Але калі памежнікі альбо надзвычайныя службы, якія займаліся адсочваннем кантрабандыстаў, усё ж затрымлівалі "экстрэмалаў", то гэта магло скончыцца па-рознаму. Далей дзеянне магло разварочвацца па трох сцэнарах: расстрэл (на месцы), турма, дараванне свабоды. Бывалыя кантрабандысты пры магчымасці выбару раілі здавацца польскаму боку, які лічыўся больш літасцівым. Польскім памежнікам можна было даць хабар, каб адпусцілі. У найгоршым выпадку палякі саджалі ў турму (часцей за ўсё — у навагрудскую) на тры-чатыры тыдні. Усе памежнікі вельмі не любілі ўзброеных кантрабандыстаў. А савецкія ў такіх наогул стралялі без папярэджання. Кантрабандысты хадзілі часцей за ўсё групамі па 5-7 чалавек, вельмі рэдка па адным. І калі памежнікі іх заўважалі і пачыналі пераследаваць, то групы рассыпаліся (гэта называлася "адкат") па адным чалавеку, і ўсе беглі хто куды, каб складаней было ўсіх адразу злавіць. Кантрабандысты пераносілі на сабе вялікую колькасць тавару на спецыяльных "ношках", якія шыліся з тканіны для кожнага кантрабандыста. "Ношкі" апраналіся на цела пад вопратку, на іх цягавіты кантрабандыст мог пераносіць да 50 кг тавару! Пагадзіцеся, уцякаць з такім цяжарам складана. Таму калі ўцякаць даводзілася, то часта тавар скідалі з сябе і беглі. Але тут была вось якая небяспека: калі на савецкай мяжы кантрабандыста заўважаць без ношы ды яшчэ і са зброяй, то адназначна палічаць яго за шпіёна і расстраляюць на месцы. Вось і выбірай... А калі кантрабандысту ўсё ж пашчасціць, кінуўшы ношу, уцячы ад памежнікаў, то за страту ношы ён мусіць заплаціць штраф гандляру, які забяспечыў яго кантрабандным таварам. — Кантрабандысты былі розныя. Акрамя тых, хто пераносіў тавар, былі тыя, хто нелегальна перапраўляў людзей праз мяжу, — гаворыць Зміцер. — Людзей, якіх перапраўлялі, называлі фігуркамі. Былі яшчэ і антыкантрабандысты. Яны падпільноўвалі кантрабандыстаў на мяжы, разбівалі групы і адбіралі тавар, каб самім атрымаць ад яго прыбытак. ...Нарэшце нашай экскурсійнай групе выдалі замежныя пашпарты. Як-ніяк перасякаем мяжу Усходняй Беларусі, накіроўваемся ў Заходнюю. Так-так, вось такое кантрабандысцкае падарожжа ў часе! Па праўдзе, адчуванне было нейкае незвычайнае: быццам перажываеш рэінкарнацыю. Няякасная ксеракопія замежнага пашпарта ўзору 1920-х гг. З ёю я, грамадзянка БССР 1887 года нараджэння, накіроўваюся за межы СССР, каб наведаць хворую бабулю... "Дакуменцікі не забываем!" — гаворыць "польскі памежнік", выводзячы "падазроных падарожнікаў" на вобыск. І ўсе экскурсанты хапаюцца за свой зампашпарт, быццам гэта зашмальцаваная сіне-ружовая раздрукоўка неяк ім дапаможа, растлумачыць нейкую памылку, выратуе жыццё. Вось яно — поўнае пагружэнне ў гісторыю! Гэткі касцюмаваны экстрым для неардынарных турыстаў: наганы, памежнікі, дакументы для выезду з Савецкага Саюза, транспарт пачатку мінулага стагоддзя і сялянскія сядзібы замест пяцізоркавых гатэляў. Рэаліці-шоу па-беларуску. Польскі памежнік нас усіх адпусціў, але адзін асабліва падазроны тып, які падарожнічаў з намі, так і застаўся на беларуска-польскай мяжы ўзору 1920-х... На выпадак, калі вы таксама паедзеце шляхамі кантрабандыстаў, не буду распавядаць, што было з ім далей... Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
— Так, ціха! Тут ужо нядаўна дваіх такіх расстралялі! — зарыпеў раз'юшаны памежнік. Ён паабяцаў выпусціць нас, калі мы адкупімся. Нас было сямёра. Сямёра маладых...
|
|