"Атрымаў добрую адукацыю — абавязкова будзеш паспяховым у жыцці"
08.12.2010
—
Новости Общества
|
У гэтым перакананы студэнт 5 курса факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр ГОРНЫ. — Беларусь — маладая краіна. Чацвёртая частка яе жыхароў — моладзь, і таму зразумелы наш глыбокі інтарэс да праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на бліжэйшую пяцігодку. Мае зносіны са студэнтамі паказваюць, што ўзровень сацыяльнага аптымізму, жаданне ўдзельнічаць у развіцці беларускага грамадства ўзраслі. Кожны з нас разумее, што будучыня нашай краіны ў многім залежыць ад стваральнай працы маладых. Асабліва важнай лічу сферу адукацыі і навукі. Калі атрымаў добрую адукацыю — абавязкова будзеш паспяховым у жыцці. Самому выстраіць свой адукацыйны і прафесійны шлях сёння нескладана: ёсць розныя ўзроўні, формы, тэрміны навучання, было б жаданне. Студэнцкая стыпендыя пастаянна расце. А памер стыпендыі аспірантаў — адзін з самых высокіх у СНД. Штогод у ВНУ краіны павялічваецца колькасць бюджэтных месцаў. Вядома, частка студэнтаў вучыцца на платнай аснове. Аднак калі ты дасягнуў высокіх паказчыкаў у вучэбнай, навуковай і грамадскай працы, то можаш атрымаць зніжку на аплату навучання да 60 працэнтаў. Да таго ж, студэнты-платнікі шырока карыстаюцца правам на атрыманне адукацыйнага крэдыту на льготных умовах. Наша сістэма адукацыі дынамічна развіваецца. Напрыклад, за апошнюю пяцігодку ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы створана пяць новых факультэтаў, распачата падрыхтоўка па трынаццаці сучасных, запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях. І я ведаю, што такія змяненні адбываюцца ва ўсіх вышэйшых навучальных установах краіны. Пры гэтым якасць адукацыі не зніжаецца, што ацанілі і замежныя грамадзяне, колькасць якіх сярод студэнтаў толькі нашага ўніверсітэта за апошні год павялічылася ўдвая. Дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця талентаў, іх запатрабаванасці ў далейшым жыцці. Менавіта гэтым мэтам служаць спецыяльныя фонды Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За пятнаццаць гадоў фондам па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў заахвочаныя прэміямі і стыпендыямі больш за дваццаць тысяч маладых людзей, у тым ліку больш за дзве тысячы — гэта прадстаўнікі Гродзенскай вобласці. Я таксама быў удастоены стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Лічу, што прэзідэнцкія прэміі і стыпендыі — гэта не толькі матэрыяльная падтрымка, але і вялізны маральны стымул, адказнасць перад сябрамі, выкладчыкамі, перад самім сабой, а галоўнае — перад сваёй краінай. Студэнцкая моладзь, разумеючы, што краіна ідзе па інавацыйным шляху развіцця, усё больш цікавіцца навукай, актыўна ўключаецца ў навукова-даследчую працу. Цяпер у беларускіх ВНУ працуе сто студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і канструктарскіх бюро, а пяць гадоў таму іх было ўдвая менш. Сёння ў рэспубліканскім банку звестак адоранай моладзі — інфармацыя аб шасці тысячах маладых людзей. Гэта — перспектыўны кадравы рэзерв краіны. Наша грамадства цэніць таленты. Маладым спецыялістам з іх ліку ўстаноўлена павышэнне тарыфных ставак і акладаў на 50 працэнтаў, выпускнікам ВНУ прадастаўлена права першачарговага размеркавання на працу, студэнтам — пазачарговага атрымання месца ў інтэрнаце. Лаўрэаты прэзідэнцкага фонду атрымліваюць ільготны крэдыт на будаўніцтва і набыццё жылля. Калі адчуваеш такі дзяржаўны клопат — зразумела, будзеш больш упэўненым у жыцці. Мы ўсе добра разумеем, што курс краіны на інавацыйна-тэхналагічнае развіццё — гэта перспектывы перш за ўсё для маладых людзей. І я ўпэўнены, што веды і энергію маладых неабходна сканцэнтраваць у прыярытэтных галінах, стварыць там, як кажуць фізікі, "крытычную масу" моладзі. Я жыву, вучуся і планую застацца працаваць на Гродзеншчыне. Добра, што ў наступнай пяцігодцы асаблівая роля ў развіцці краіны адводзіцца рэгіёнам. Лічу, што рэгіянальныя ўніверсітэты павінны стаць шматузроўневымі вучэбна-навуковымі комплексамі з сучаснымі карпусамі, мадэрнізаванымі бібліятэкамі, утульнымі інтэрнатамі. А таксама з цэнтрамі трансферу тэхналогій, лакальнымі тэхнапаркамі, бізнэс-інкубатарамі. Для нас, маладых, важна, каб у новай пяцігодцы моладзь больш актыўна вылучалася на ключавыя пазіцыі ў палітыцы, эканоміцы і грамадскім жыцці. "Больш даверу моладзі" — гэты прынцып павінен быць пакладзены ў аснову моладзевай палітыкі на наступныя пяць гадоў! Сваёй стваральнай працай, спартыўнымі дасягненнямі, навуковымі адкрыццямі, творчымі поспехамі мы гэты давер апраўдаем. А асновай ідэалаў моладзі, упэўнены, павінны заставацца вечныя каштоўнасці — чалавечнасць, справядлівасць, патрыятызм, абавязак, адказнасць. Грамадства ведаў абавязкова павінна быць і грамадствам сумлення. Барыс ПРАКОПЧЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтым перакананы студэнт 5 курса факультэта гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр ГОРНЫ. — Беларусь — маладая...
|
|