У якім узросце паляцеў у космас ГАГАРЫН?. 21.by

У якім узросце паляцеў у космас ГАГАРЫН?

11.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аляксандр Мацюшэнка адказаў правільна і выйграў 50 мільёнаў рублёў

У праграме "Адзін супраць усіх" (АНТ) у трэці раз разыгралі 50 мільёнаў рублёў. Мінчанін Аляксандр Мацюшэнка стаў трэцім удзельнікам у гісторыі тв-шоу, якому ўдалося выйграць максімальную суму праекта.

— Пасля эфіру мой тэлефон проста разрываўся ад званкоў, — прызнаецца "Звяздзе" шчаслівы пераможца. — Сябры, калегі, родныя, знаёмыя — некаторых я не чуў па 20 гадоў...

Карэспандэнту "Звязды" Аляксандр Мацюшэнка расказаў, як паступаў у ВНУ без іспытаў, як выпадкова выйграў у латарэю матаролер "Вятка" і пра тое, чаму лічыць снежань сваім шчаслівым месяцам.

Анкета ўдзельніка:

Хобі: кнігі, газеты, унучка

Якія самыя адважныя ўчынкі здзяйснялі: ажаніўся

Якую суму хацелі б выйграць у нашай гульні: ад 10 млн

На што плануеце патраціць выйгрыш: на сям'ю

Напішыце Ваш любімы анекдот:

<І>Бландзінка пры анкетаванні пытае: "А як правільна пісаць — Ірак ці Іран?"

З жыцця: любімы прадмет — матэматыка

Яшчэ школьнікам Аляксандр Сяргеевіч праяўляў выдатныя матэматычныя схільнасці:

— Да восьмага класа я вучыўся на адны пяцёркі. Вучоба давалася лёгка, па ўсіх прадметах паспяваў. Хіба што хімію не надта любіў, затое матэматыку ведаў шыкоўна — хатняе заданне на пераменках рабіў. Таленавітым быў хлопцам...

Ва ўніверсітэт юнака бралі без іспытаў: газета "Знамя юности" сумесна са сталічным універсітэтам праводзіла матэматычны конкурс, у якім прапаноўвалася рашыць 13 задач. Пераможцы маглі быць залічаныя ва ўніверсітэт.

— Каб перамагчы, трэба было адолець 10 задач. Я рашыў 12 з 13 прапанаваных заданняў. Неўзабаве мне прыйшоў ліст з БДУ — вы залічаны без іспытаў на першы курс матфака... Але я не паехаў: куды мне, звычайнаму вучню з Лепельскага раёна — ды ў сталіцу?

Пакуль жа "звычайны вучань з Лепельскага раёна" заканчваў школу. І скончыў яе, маючы 5 (!) спартыўных разрадаў. Першы разрады па шахматах і па футболе, разрад па настольным тэнісе, баскетболе і ручным мячы.

З гульні: "Проста пачаў успамінаць, разважаючы лагічна"

— Адказу на пытанне пра Гагарына я дакладна не памятаў. Я проста пачаў успамінаць, разважаючы лагічна. Варыянт "30 гадоў" — адкінуў адразу. Я памятаў, што юбілей Гагарына нядаўна адзначаўся, але які? 70 гадоў? Калі так, то Гагарын павінен быў нарадзіцца ў 1940-м. Выходзіць, у космас ён паляцеў 21-гадовым юнаком? Не, быць такога не магло. Значыць, юбілей 75 гадоў. Хуценька ў галаве пракруціў (матэматыка, нагадаю, мой лепшы сябра) — год нараджэння 1935. Значыць, у космас паляцеў у 26 гадоў. Але такога варыянта не было, быў толькі варыянт 27. Значыць, ён і ёсць правільны. Значыць, у канцы снежня 2009-га пра юбілей і ўзгадвалі — Гагарыну споўнілася б 75 гадоў. А гэта азначае, што першы касманаўт нарадзіўся ў 1934 годзе. 1961-34=27 гадоў. Гэты варыянт я і націснуў.

З жыцця: "У латарэю я выйграў матаролер, але за гэтыя грошы мне купілі магнітафон, а старэйшай сястры — паліто..."

— Мой бацька — ваенны. Таму хоць я і нарадзіўся ў Мар'інай Горцы, паспеў павучыцца ў школах Асіповічаў, Бабруйска, Лепельшчыны, Барысава... У класе пятым, кіруючыся бацькавым прыкладам, я нават збіраўся паступаць у сувораўскае вучылішча, каб таксама стаць ваенным.

У выніку Аляксандр паступіў... на факультэт фінансаў. Прычым зусім выпадкова:

— Сустрэў неяк таварыша. Ты дакументы здаў? Здаў. Куды? У наргас. Які факультэт? Фінансаў. Пойдзем, і я здам. Пайшоў, здаў іспыты і паступіў. Вучыцца было вельмі цікава. Школа для вучобы і для жыцця. Шыкоўныя выкладчыкі.

У латарэю наш герой гуляў толькі аднойчы — гэта была латарэя ДТСААФ.

— Мой знаёмы адказваў за распаўсюджванне гэтых білетаў. І яму патрэбны былі тры рублі. У мяне не было, ён і кажа: купі білет. Я ў бабулі пазычыў і купіў білет. Якім жа было маё здзіўленне, калі я...выйграў матаролер "Вятка". Матаролер ацэньваўся ў 350 рублёў, што па тых часах — вялікія грошы. Таму, вядома, наша сям'я ўзяла грошы. З іх мне купілі магнітафон, а старэйшай сястры паліто. І ўсе былі шчаслівыя.

Пра ўдзел ў расійскай перадачы "Хто хоча стаць мільянерам" Аляксандр ніколі не задумваўся. А вось "Свая гульня", якую некаторы час транслявалі па ТБ, яму падабаецца.

— Сёння я вельмі люблю разгадваць крыжаванкі, найбольш судоку, — распавядае наваяўлены мільянер. — І хоць мне ўжо 60 гадоў, я не ўяўляю сябе без працы. Таксама шмат чытаю. Відаць, у мяне добрая памяць. Увогуле, магу размаўляць з любым чалавекам на любыя тэмы.

З гульні: "Як можна, адказаўшы на тры пытанні, забраць грошы і сысці — дзе тут эрудыцыя?"

— Неяк па АНТ я ўбачыў адзін з выпускаў перадачы "Адзін супраць усіх". Тады там былі яшчэ старыя правілы, калі можна было ўзяць джокер і не адказваць. Адзін з удзельнікаў адказаў на першае пытанне, на другое (яны звычайна лёгкія) — узяў джокер, на трэцяе — яшчэ адзін джокер, на чацвёртае — зноў джокер...І набраўшы 5 мільёнаў, ён вырашыў забраць грошы і сысці. Мяне ажно злосць узяла: як можна, адказаўшы на тры пытанні, забраць грошы і проста сысці — дзе тут эрудыцыя?!

Жонка мне кажа: ты ж у нас шмат ведаеш, дык ідзі — праяві эрудыцыю, калі такі разумны. Жончын пляменнік дапамог мне падаць заяўку. Прайшоў некалькі тураў і быў запрошаны на гульню ў студыю.

Ужо пасля эфіру, калі званіў жонцы, яна з трэцяга разу толькі зразумела — ніяк не магла паверыць. Пасля пазваніла дачцэ, а тая расказала ўнучцы: "Дарынка, дзядуля выйграў 50 мільёнаў". Маё дзіцятка адразу і заплакала.

Я вельмі люблю сваю ўнучку. Яна вучыцца ў школе з музычным ухілам, іграе на скрыпцы, прыгожа спявае, выдатна малюе. Памятаю, аддалі яе першы раз у лагер. Баяліся, як яна там будзе. А пасля наша Дарына прыязджае — яна і "міс атрада", і "віцэ-міс лагера", і там конкурс выйграла, і сям першая была... Мне здаецца, яна ў мяне пайшла.

* * *

— Перагледзеўшы сёння запіс, заўважыў, што вельмі хваляваўся на першых пытаннях — мяне трэсла. Вядома, калі прыходзіш і на цябе скіраваныя дзясяткі вачэй, свецяць сафіты, а насупраць — Калдун, цяжка не хвалявацца. Але пасля ўзяў сябе ў рукі, супакоіўся. Нават калі ведаў адказ, я стараўся паразважаць, каб лішні раз сябе пераканаць. Што яшчэ мне дапамагло — папярэдне я шмат назіраў і ўнікаў у гэту атмасферу. І безумоўна, быў сабой. Бо добры ты ці не, вясёлы ці не — будзь сабой, толькі тады ў цябе ўсё атрымаецца.

Увогуле снежань — шчаслівы для мяне месяц: 19 снежня першы раз я спаткаў сваю будучую жонку, 16 снежня — унучка нарадзілася, 4 снежня — прайшоў эфір...

Ілья ЛАПАТО.

Фота прэс-службы тэлеканала АНТ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аляксандр Мацюшэнка адказаў правільна і выйграў 50 мільёнаў рублёў У праграме "Адзін супраць усіх" (АНТ) у трэці раз разыгралі 50 мільёнаў рублёў. Мінчанін...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика