Выбары з рубіконам. 21.by

Выбары з рубіконам

21.12.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Памятаю, як у пачатку выбарчага дня старанна занатоўвала навіны пра надзвычайнае здарэнне на ўчастку ў вёсцы Глухаўка. А пасля з гэткай жа дбайнасцю — пра гісторыю з укідам нечага ў скрыню для галасавання, калі "ўсе пачулі стук". Хто ведаў, што ўвечары ўсе звесткі пра стук і грук і нават пра пажар на ўчастку пададуцца самай дробнай драбязой...

Проста каб вы ведалі: гэтыя радкі — здабытак шматлікіх чарнавікоў, пісаных і перапісаных дзясяткі разоў. Так цяжка тэкст не даваўся мне яшчэ ніколі. Але ж і такіх інцыдэнтаў, як учора, у маёй краіне дагэтуль яшчэ не было... Мне вельмі балюча і прыкра.

Што да вынікаў выбараў, то свой унёсак у электаральны працэс зрабілі 90,66 адсотка — крыху менш, чым на папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах (тады на ўчасткі прыйшлі 92 з лішкам адсоткі). У скрыні апушчана 6,43 млн бюлетэняў.

— Перамогу атрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, — канстатуе старшыня ЦВК Лідзія ЯРМОШЫНА.

Інаўгурацыя павінна адбыцца не пазней за 19 лютага. Перамогу Прэзідэнту прынесла падтрымка 79,67 адсотка беларусаў, якія валодаюць выбарчым правам.

— На другім месцы — кандыдат "супраць усіх", — адзначае кіраўнік Цэнтрвыбаркама.

Яна зрабіла асаблівы акцэнт на тым, што ў свой час гэтую норму крытыкавала АБСЕ.

— Аднак мы лічым, што яе адмена прывядзе да таго, што выбаршчык будзе галасаваць нагамі.

А так сёлета 6,47% грамадзян, якія не ўпадабалі нікога, усё ж прыйшлі на ўчасткі...

Найбольшай падтрымкай, пасля пераможцы, заручыўся Андрэй Саннікаў: у яго актыве 2,44% галасоў — ухваленне 155 тыс. чалавек. З аднолькавым вынікам — у 1,97% — да фінішу прыйшлі Яраслаў Раманчук і Рыгор Кастусёў.1,77% выбаршчыкаў зрабілі росчырк у бюлетэні насупраць прозвішча Уладзіміра Някляева. Віталю Рымашэўскаму дапамаглі сваім голасам 1,1% грамадзян. У Віктара Цярэшчанку паверылі 1,08% выбаршчыкаў. На карысць Мікалая Статкевіча "выказаліся" ў сваіх бюлетэнях 1,04%. На перамогу Аляксея Міхалевіча спадзяваліся 1,02%. Менш за ўсё людзей бачыла на пасту прэзідэнта Дзмітрыя Уса — 0,48%.   Такія папярэднія лічбы. Казаць пра абсалют пакуль рана: трэба яшчэ падлічыць галасы нашых суграмадзян, якія цяпер жывуць за мяжой. Праўда, іх зусім няшмат, таму сённяшнія звесткі даюць уяўленне пра вынікі выбараў на 99%. Акрамя таго, да серады ўключна ўсе незадаволеныя вынікамі выбараў могуць падаць скаргу. Пакуль іх шквалу кіраўніцтва ЦВК не назірае. Аднак такое зацішша там схільныя тлумачыць тым, што "большасць кандыдатаў і іх прыхільнікаў знаходзіцца ў пэўным шоку" пасля тых жудасных для нашай ціхай і ветлай Беларусі беспарадкаў, якія адбыліся 19 снежня.

— Перш за ўсё гэта нас вельмі напалохала, — падзялілася ўражаннямі з журналістамі старшыня Цэнтрвыбаркама.

Паводле яе слоў, ЦВК раней заўжды заставаўся недатычным для кандыдатаў... Тыя, хто ўдзельнічаў у акцыі, на яе думку, перайшлі рубікон.

— Ніхто ніколі не рабіў замах на галоўны заканадаўчы будынак краіны. Тым самым палітычныя апаненты паказалі, што гатовыя да радыкальных дзеянняў.

Кіраўнік Цэнтрвыбаркама расказвае, што ўсе яе калегі, якія знаходзіліся ў будынку тым вечарам "адчулі пачуццё велізарнай чалавечай трывогі", а пасля ўсяго гэтага "было адчуванне, што ўсе вярнуліся з фронту"...

Маніторынг усіх этапаў выбарчай кампаніі вяло больш за тысячу міжнародных назіральнікаў. Як ніколі шмат было на гэтых выбарах нацыянальных назіральнікаў — больш як 39 тыс. чалавек. Пры гэтым толькі тры заявы з тых, якія ёсць у распараджэнні ЦВК, паводле слоў спадарыні Ярмошынай, "можна лічыць сур'ёзнымі". У двух выпадках выбаршчыкі знайшлі ў спісах чужы подпіс насупраць свайго прозвішча: нехта атрымаў бюлетэні за іх. Гэтыя пытанні знаходзяцца на разглядзе ў пракуратуры. Быў яшчэ і зварот пра ўкід 15 бюлетэняў на адным з наваполацкіх участкаў. Аднак у тамтэйшай камісіі патлумачылі, што проразь занадта вузкая, каб укінуць туды 15 бюлетэняў... Ёсць таксама зварот тады яшчэ кандыдатаў (пасля закрыцця ўчасткаў 19 снежня ў 20.00 усе ўдзельнікі выбарчай кампаніі пазбавіліся такога статусу) Андрэя Саннікава і Уладзіміра Някляева наконт непрызнання ўсяго датэрміновага галасавання. Натуральна, ён будзе разглядацца пры падвядзенні канчатковых вынікаў.

— Прызнанне вынікаў выбараў місіяй АБСЕ — мая хрустальная мара, — падзялілася з журналістамі, адказваючы на іх пытанні ў інфацэнтры, старшыня айчыннага ЦВК. — А мары павінны збывацца, асабліва напярэдадні Новага года. Дзедам Марозам у гэтым выпадку будзе кіраўнік місіі.

Паслухаем жа яго самога. Кіраўнік назіральнай місіі АБСЕ Герт АРАНС не без шкадавання паведаміў на сустрэчы з журналістамі, што ён расчараваны тым, як праводзіўся падлік галасоў. Але першапачаткова станоўчыя змены ў беларускім заканадаўстве дазвалялі назіральнікам ад АБСЕ разлічваць на тое, што сёлетняя справаздача будзе больш пазітыўнай. Сярод адзначаных ім станоўчых момантаў таксама і тое, што ўлады аказвалі садзейнічанне рабоце місіі, а сустрэчы і перамовы з імі праходзілі ў сяброўскай атмасферы. У папярэднім заключэнні, падрыхтаваным назіральнай місіяй, канстатуецца "Прэзідэнцкія выбары прадэманстравалі, што Рэспубліка Беларусь мае яшчэ прайсці значны шлях, перш чым яна зможа цалкам адпавядаць сваім абавязацельствам у рамках АБСЕ, хоць і былі адзначаныя пэўныя змены да лепшага".

Тым часам місія назіральнікаў ад СНД на чале з Сяргеем ЛЕБЕДЗЕВЫМ "не знайшла фактаў, якія б ставілі пад сумненне легітымнасць выбараў". Асобныя ж выяўленыя парушэнні не маглі ўплываць на вынікі выбараў. У Беларусі былі створаныя ўсе неабходныя ўмовы для назірання за выбарамі, што сведчыць пра дэмакратычнасць і празрыстасць выбарчага працэсу, перакананыя ўдзельнікі місіі.

— Мы ацэньваем выбары як адкрытыя, адпаведныя выбарчаму заканадаўству і агульнапрызнаным дэмакратычным нормам, што дазволіла забяспечыць свабоднае волевыяўленне грамадзян, — заяўляе місія.

Дарэчы, на думку кіраўніка назіральнай місіі СНД, беспарадкі, якія адбыліся ў Мінску ў дзень выбараў, "зусім не звязаныя з выбарчым працэсам". Ён выразіў шкадаванне, што непрадуманыя заклікі некаторых кандыдатаў прывялі да такіх акцый. Проста "скарысталіся пратэстным патэнцыялам моладзі". Што да дзеянняў праваахоўнікаў, то "падчас хваляванняў у Лондане, Афінах, Парыжы яны былі больш жорсткімі, чым у Мінску", мяркуе спадар Лебедзеў. Ён перакананы, што "іх нельга разглядаць інакш як законныя".

Сваімі думкамі пра беспарадкі ля парламента падзялілася з журналістамі жанчына, якая штодня ходзіць туды на работу — дэпутат Валянціна ЛЯВОНЕНКА.

— Палітыка — гэта сфера рацыянальных учынкаў, а не поле для кулачных баёў, — кажа парламентарый.

Ініцыятараў інцыдэнту яна назвала абсалютна безадказнай "палітычнай шантрапой". На яе думку, "кожны ведаў дакладна, на што ідзе" і павінен несці поўную адказнасць за тое, што адбылося. А моладзь, паводле яе слоў, з'яўляецца "пад'ёмнай сілай" у любой краіне. І гэтую энергію можна скіраваць як на стварэнне, так і на разбурэнне. Падтрымка Прэзідэнта, на думку дэпутата, застаецца ранейшай, а любыя спробы дэстабілізаваць сітуацыю асуджаныя на правал.

Зоя ВАРАНЦОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Памятаю, як у пачатку выбарчага дня старанна занатоўвала навіны пра надзвычайнае здарэнне на ўчастку ў вёсцы Глухаўка. А пасля з гэткай жа дбайнасцю — пра гісторыю...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика