Капiтанская жонка
11.01.2011
—
Новости Общества
|
Жонка капiтана Андрэева ледзь не страцiла прытомнасць, калi даведалася, што мужа паставiлi перад выбарам: кiнуць сям’ю з двума дзецьмi цi развiтацца з армiяй ...Разразаючы празрыстую ваду, рачны трамвай шпарка бег па Рэйне. Група людзей нешта ажыўлена абмяркоўвала па-руску. А ў куце хударлявы сiвабароды мужчына з пагардай мармытаў сваёй спадарожнiцы: «Швайнэ-гундэ, швайнэ-гундэ», што азначала: свiннi-сабакi, свiннi-сабакi. Пажылая, невялiкага росту турыстка добра разумела высокага барадатага немца, бо нядрэнна вывучыла нямецкую мову ў Бухенвальдзе i Таргау. Калi кацер прычалiў i пасажыры пачалi сходзiць па трапе на бераг, яна рынулася да сiвабародага i выпалiла: «Ду бiст альтэ швайн, ду бiст альтэ гунд, ду бiст фашыст!» Немец спуджана шарахнуўся. Аб тым эпiзодзе ў Германii расказала Нiна Адамаўна Андрэева (дзявочае прозвiшча Iльясевiч). Там яна знаходзiлася па запрашэннi нямецкай антыфашысцкай арганiзацыi. Нарадзiлася Нiна Iльясевiч у 1926 годзе ў Папернi пад Мiнскам. Калi пачалася вайна, у Паперню нахлынулi карнiкi i ўчынiлi аблаву на моладзь. Так пятнаццацiгадовая Нiна Iльясевiч апынулася ў лагеры смерцi Бухенвальдзе. Зняволеных памылi, пастрыглi, пранумаравалi. Нiна Адамаўна нiколi не забудзе жудаснае донарства: кроў бралi, пакуль донары не гублялi прытомнасць. Iх ляпалi па шчоках, давалi пiць гарбату, затым зноў бралi кроў... Нiна засталася жывой, таму што ў яе была першая група крывi, прыгодная многiм. Менш пашчасцiла тым, у каго была рэдкая кроў: яе выкачвалi ўсю… Кармiлi дрэнна. На святы наладжвалi для зняволеных «пiр»: давалi па тры бульбiны. У астатнiя днi — па сто грамаў эрзац-хлеба, вараную рэпу, прапушчаную праз машынку (як сечка), i эрзац-каву. Нават цяпер, праз шэсцьдзесят пяць гадоў, Нiна Адамаўна глядзець не можа на рэпу. У лагеры была лютая наглядчыца, якую звалi фрау Штаўбе, што ў перакладзе з нямецкай мовы азначае «жанчына спакою». Фрау была на рэдкасць бязлiтаснай. — Русiш швайн! Русiш гунд! — крычала яна i са звярынай лютасцю секла бiзуном з любой нагоды i без нагоды кволых дзяўчат. На канцы бiзуна матляўся свiнцовы шарык. Калi ў 2004 годзе ў Нiны Андрэевай выявiлi пухлiну галавы, рэнтген паказаў, што аб сабе нагадаў той самы кавалачак свiнцу... На шчасце, сярод немцаў не ўсе былi садыстамi. Лагерны ўрач Курт, якi вярнуўся з фронту без нагi, шкадаваў Нiну. Калi б не ён, успамiнала Нiна Адамаўна, памерла б з голаду. Бязногi доктар даваў ёй сухар i наказваў, каб ела i маўчала. А дзяўчына баялася грызцi той сухар, каб побач не пачулi трэск. Аднойчы яна захварэла, паднялася высокая тэмпература. Курт улажыў яе ў лазарэце на скураны тапчан, памераў тэмпературу. Зашкалiла за 40. — Оля-ля! Кранк кляйнэ мэдхен, — спачувальна прамармытаў ён i надзеў на галаву Нiне нейкую скрынку з трыма сiнiмi лямпачкамi: — Кальт копф? Хвiлiн праз сорак тэмпература спала, галава перастала балець. «Што гэта быў за апарат?» — гадае па сённяшнi дзень Нiна Адамаўна. У Бухенвальдзе беларускiя дзяўчаты прабылi паўгода. Затым iх рассартыравалi, i Нiна Iльясевiч аказалася ў канцлагеры Таргау. У 1945 годзе зняволеных вызвалiлi амерыканцы. Адносiлiся да няшчасных з пашанай. Кармiлi так, што дзяўчатам здавалася: яны трапiлi ў рай. Саюзнiкi прапаноўвалi застацца на Захадзе. Але ўсе думкi былi пра радзiму. Аднак нават у кашмарным сне не магла ўявiць беларуская дзяўчына, як сустрэнуць яе свае. З кароткачасовага раю саюзнiкаў Нiна трапiла ў лапы берыеўскага халуя. Энкавэдзiст, якi дапытваў яе ў сартыровачным лагеры, нагадваў ненавiсную фрау Штаўбе. — Нямецкая падсцiлка, пад немцам ляжала? Прызнавайся! — стукаючы рукаяткай нагана па стале, крычаў раз’юшаны асабiст. Пасля выматваючых допытаў Нiну Iльясевiч адправiлi маршрутам Д-5 на радзiму пешшу. Начавала дзе давядзецца: у стагах сена, копах саломы… Яна бачыла нямала пакут нашых дзяўчат, якiя вярталiся з фашысцкага палону. Аб той горкай праўдзе нiдзе не напiсана. Толькi пра подзвiгi. Але хiба мала было свалаты не толькi сярод немцаў, але i сярод сваiх? Не думала пакутнiца Бухенвальда i Таргау, што нямецкiя канцлагеры доўга будуць вiсець на ёй чорным кляймом... Пасля вайны Нiна пазнаёмiлася з маладым лейтэнантам-танкiстам Валянцiнам Андрэевым. Яны закахалiся i пажанiлiся. У шчаслiвым шлюбе займелi дваiх дзяцей. Валянцiн даслужыўся да капiтана. Нiшто не прадракала бяды. Але аднойчы муж прыйшоў дадому ў невясёлым роздуме. Ад роспытаў жонкi ўсяляк ўхiляўся... Толькi праз месяц Нiна даведалася, што яго паставiлi перад выбарам: развесцiся цi развiтацца з армiяй з-за таго, што жонка была ў нямецкiм палоне. Даведаўшыся пра гэта, Нiна рашуча накiравалася ў штаб дывiзii. Шлях ёй перагарадзiў часавы на КПП. Нiна паказала дакумент, што яна жонка афiцэра Андрэева. Шум пачуў гаспадар кабiнета i адчынiў дзверы. — У чым справа? — спытаў генерал. — Я — жонка капiтана Андрэева. Прыйшла ратаваць мужа... Генерал даводзiў, што Нiна была ў нямецкiм палоне, таму яе муж не мае права быць савецкiм афiцэрам. Нiна тлумачыла генералу, што не па сваёй волi была ў Бухенвальдзе i Таргау, што ад фашысцкiх здзекаў яна ледзь выжыла... Генерал гнуў сваё: калi была ў палоне, значыць здраднiца. Тады Нiна пачала пагражаць, што дойдзе да самога Сталiна, i ўсiмi сiламi старалася не расплакацца... Генерал не вытрымаў такога напору, змякчыўся i прымiральна сказаў, каб муж вяртаўся на службу. Як на крылах ляцела Нiна з генеральскага кабiнета. — Вяртайцеся, капiтан Андрэеў, у часць! — радасна ўляцела яна ў кватэру. — Гэта загад генерала. Шчаслiвы танкiст апрануў мундзiр, якi не насiў ужо другi месяц, i накiраваўся ў штаб дывiзii. Генерал працягнуў яго рапарт аб звальненнi з армii i загадаў парваць. Капiтан адмовiўся. Тады генерал парваў яго сам. — А цяпер я пайду да свайго генерала! — радасна выпалiў Андрэеў. — Якога яшчэ генерала?! — здзiвiўся камандзiр дывiзii. — Да сваёй жонкi, таварыш генерал. — Калi ваша жонка — генерал, то хто ж мая? — Ваша жонка, таварыш генерал, — маршал! — не разгубiўся падначалены. Камандзiр дывiзii рассмяяўся, паляпаў афiцэра па плячы: — Служы, капiтан Андрэеў. Намыляць мне шыю, але бяру цябе пад сваю адказнасць. Падзякуй сваёй капiтаншы. З такою не прападзеш... Танкiст Валянцiн Андрэеў даслужыўся да палкоўнiка, камандзiра танкавай брыгады. На жаль, пятнаццаць гадоў назад ён памёр. А з мiнчанкай Нiнай Адамаўнай Андрэевай я пазнаёмiўся ў 2006 годзе. Цяпер ёй 84 гады. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Разразаючы празрыстую ваду, рачны трамвай шпарка бег па Рэйне...
|
|