Фота для нашчадкаў. 21.by

Фота для нашчадкаў

10.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Перш чым убачыць Смiлавiчы з вышынi птушынага палёту, аўтар гэтых радкоў нацярпеўся страху

Нiяк не ўдаецца здзейснiць маю даўнюю мару: сфатаграфаваць Смiлавiчы з вышынi птушынага палёту. Калi-небудзь даследчыкi цi проста цiкаўныя людзi захочуць убачыць, як выглядаў гэты гарадскi пасёлак у пачатку трэцяга тысячагоддзя. А знайшоўшы фотаздымкi, будуць гэтак жа рады, як сёння радуюся я, знаходзячы штосьцi новае з былых часоў пра маю радзiму.

Але як сфатаграфаваць мястэчка з верталёта цi самалёта? Знаёмы верталётчык казаў, што, па-першае, трэба пытанне ўзгадняць з рознымi ведамствамi. Па-другое, каб зрабiць такiя здымкi, трэба нахiляць верталёт пад пэўным вуглом, а гэта небяспечна. I, па-трэцяе, абыдзецца такi палёт для мяне ў непад’ёмную суму...

Паспрабаваў зайсцi з iншага боку. Узгадаў, што гады чатыры назад я дапамог аднаму лётчыку у важнай для яго справе. Кола завярцелася. Лётчык падключыў знаёмых. Высветлiлася, што Смiлавiчы можна сфатаграфаваць з самалёта, якi ляцiць з аэрапорта Мiнск-1 па паветранай трасе на Кiеў, а туды ў апошнiя гады накiроўваюцца толькi самалёты з аэрапорта Мiнск-2. Парушыць паветраны калiдор нiхто не мае права.

Заставалася адно: паспрабаваць сфатаграфаваць мястэчка з саракаметровай вежы скурзавода. Параiўся з былым аднакласнiкам i суседам Генам Чэрнiкам.

— Ты што, здурэў? – паглядзеў на мяне, як на ненармальнага, Гена. – Лезцi на такую вышыню! Ты ж не верхалаз, у цябе няма спецыяльных страховачных прыстасаванняў. Да таго ж трэба па дазвол звяртацца...

Хiба, думаю, у Смiлавiчах сакрэтны ракетна-ядзерны аб’ект? Са спадарожнiка можна сфатаграфаваць нават газету на зямлi! Хаця, калi па праўдзе, у Смiлавiчах ёсць аб’ект, аб якiм мала хто са смiлаўчан здагадваецца. У часы халоднай вайны, недзе ў пачатку 60-х гадоў, тут пабудавалi бамбасховiшча для ўрада Беларусi, забяспечанае ўсiм неабходным на шмат гадоў...

Калi я вырашыў лезцi на вежу ў 2001 годзе, дырэктара скурзавода Уладзiмiра Шчуркiна не аказалася на месцы: быў у адпачынку. Тым лепш: з начальствам нiжэйшага ўзроўню прасцей дамовiцца. Папрасiў дазволу ў галоўнага энергетыка Анатоля Лявiцкага. Каб якасць фотаздымкаў была лепшай, вырашыў фатаграфаваць, калi сонца будзе ў зенiце. Стаяла гарачыня 30 градусаў. Лявiцкi папярэдзiў: калi, не дай Божа, сарвуся з вышынi, ён нiчога не ведае.

...Вежа з белай цэглы, агароджаная металiчнай сеткай, зблiзку мела больш унушальныя памеры: метраў дзесяць у дыяметры. Калi рабочыя, што сядзелi на лавачцы ў цяньку, даведалiся, па якой справе я прыйшоў, паглядзелi на мяне, як на памешанага. Сказалi, што не зайздросцяць маёй рабоце: яны нi за якiя грошы не пагадзiлiся б туды лезцi.

— Калi б гэта была работа, i сам не палез бы, — яшчэ больш здзiвiў я рабочых. — Але гэта не работа, а хобi.

У самога — душа ў пятках.

Мiнуў агароджу, зайшоў у браму вежы. Я быў упэўнены, што лесвiцы тут пастаўлены пад вуглом, з пераходнымi пляцоўкамi для адпачынку. На справе ж жалезная лесвiца шырынёй сантыметраў сорак iшла ўверх вертыкальна. Да таго ж яна была зусiм iржавая. Вiдаць, даўно тут нiхто не лазiў... Лесвiца размяшчалася памiж сценкай вежы i жалезным катлом ёмiстасцю сто – сто пяцьдзясят кубоў. Я завагаўся: лезцi цi не? Пераадольваючы страх, палез. На правую руку павесiў на матузку фотаапарат, японскi «самсунг». Шкадаваў, што матузок караткаваты: нельга апарат павесiць на шыю, а матляючыся на руцэ, ён ствараў нязручнасцi.

Абмацоўваючы кожную прыступку на трываласць, узнiмаўся наверх. Стараўся нi ў якiм разе не трымацца дзвюма рукамi за адну i тую ж перакладзiну: калi адвалiцца, думаў, утрымаюся за другую. Гэтак жа i нагамi стаяў на розных прыступках, — на той выпадак, калi зламаецца адна з iх. Было вельмi нязручна i цяжка так лезцi, але гэта гарантавала большую бяспеку.

Не дай божа, сарвуся з лесвiцы i грымнуся! Што будуць гаварыць местачкоўцы? Адны скажуць: во дурань... Другiя: дажыў да сiвых валасоў (мне iшоў шэсцьдзясят другi год), а палез за доўгiм рублём. Нiхто не паверыць, што бясплатна!

Перад пад’ёмам на вежу саснiў... (Iншы раз сны мае аказваюцца прарочымi. Аднойчы бачыў у сне, што раблю зацяжны скачок з парашутам. Зямля наблiжаецца, i час раскрыць парашут. Я цягну-цягну за кальцо, але ўсё дарэмна. Хапаю з кiшэнi вялiкую хустку i ўздымаю над галавой. Яна надзiмаецца — я падаю на зямлю, моцна ўдарыўшыся. Радуюся, што застаўся жывы... Назаўтра быў моцны галалёд. Як нi стараўся iсцi асцярожна, не даходзячы метраў трыццаць да дома, паслiзнуўся i ўпаў. Пашкодзiў звязкi на левай назе, правую звiхнуў. Пасля гэтага некалькi месяцаў у гiпсе хадзiў на кастылях, з палачкай).

На гэты раз перад пад’ёмам на вежу сон быў такi: побач з вялiкiм цэхам гуляю са сваiм айчымам у шахматы. Свецiць яркае сонейка (як у гэты дзень). I тут на гарызонце з’яўляецца цягнiк. Замест таго, каб рухацца па рэйках, ён зрываецца i iмчыць проста на нас. Я хапаю айчыма за руку i цягну ўбок. Удаецца адскочыць перад самым носам лакаматыва, якi ўразаецца ў цэх i разносiць яго ўшчэнт...

Пацiху караскаюся. Пракараскаўся метраў шэсць—сем. Мiнуў нiжнi бак, цi кацёл. I тут над маёй галавой узнiк такi вэрхал, што я мiжволi ўцягнуў галаву ў плечы. Аднекуль вырвалася i пранеслася над галавой, моцна хлопаючы крыламi, цэлая хмара нейкiх iстот. Я мацней учапiўся ў жалезную прыступку i падняў галаву, каб разгледзець што гэта? Цэлая плойма галубоў, ледзь не чапляючы мяне крыламi, шаснула ўверх...

Вышэй быў такi ж чан, толькi з халоднай вадой. Крыху перавёўшы дух, палез далей. Хаця б не адарвалася якая прыступка! Праз паламаныя даводзiлася пераступаць. Ад напружання мускулы на руках i нагах адзеравянелi. Можа, хопiць выпрабоўваць лёс i спусцiцца? Не! Хто ж тады сфатаграфуе Смiлавiчы з вышынi птушынага палёту?

Унiзе засталося некалькi чанаў. Уцягваючы галаву ў плечы ад няспыннага хлопання крылаў над галавой, я ўрэшце дакараскаўся да самага верхняга. Што тут пачалося! Узгадаўся фiльм жахаў, у якiм крылатыя зданнi бiлiся ў вокны, насiлiся над галавой цэлымi чародамi, чапляючы ахвяру сваiмi крыламi...

Вакол чана — пляцоўка, высыпаная шчэбнем. А на iм шмат-шмат гнёздаў. Не ведаю, цi можна назваць гнёздамi зусiм невялiчкiя паглыбленнi ў шчабёнцы, без саломы, сена, пер’яў. У iх ляжалi па два белыя яйкi, даволi буйныя — куды большыя, чым перапялiныя. Амаль такiя нясуць маладыя куры. У многiх сядзелi птушаняты рознага ўзросту. Некаторыя толькi што вылупiлiся, былi большыя i амаль дарослыя. Яны спакойна сядзелi, нават калi я наблiзiўся да iх з фотаапаратам у паўцемры i пачаў блiскаць успышкай «Самсунга». Гэтыя iстоты яшчэ не мелi кантактаў з чалавекам, таму зусiм мяне не баялiся. Дарослыя ж птушкi не маглi супакоiцца. Яны бiлiся ў акенца са шклаблокаў i так махалi крыламi, што станавiлася жудасна.

Да верхняга чана дакараскаўся. А як узняцца на дах вежы? Кратаючы кожны каменьчык нагой, каб выпадкова не раздушыць яйка цi якога галубка, асцярожна абышоў чан. Убачыў жалезную лесвiцу, якая некалi была пастаўлена пад нахiлам. Вельмi няўстойлiвае яе становiшча. Але пераставiць не здолеў: занадта цяжкая. Крыху перадыхнуў. I асцярожна, каб не ўпасцi, калi мэта ўжо блiзкая, зноў палез.

Спрабую ўзняццца на чан, ад якога пыхае жарам. Учапiўся ў нейкую скабу ў цаглянай сцяне, перавёў дух. У метрах чатырох над галавой – конусны дах. Як на яго залезцi? Недзе ж павiнен быць люк? Агледзеўся. На другiм баку чана ўбачыў дашчаны шчыт, якi даставаў да столi. Нiчога не зробiш: давядзецца да яго прабiрацца па накрыўцы чана. Але як забрацца на яго? Ад маёй лесвiцы да яго далекавата. Трэба што-небудзь прыдумаць. Каб не згубiць раўнавагу, стоячы на дрыжачых нагах на прыступцы лесвiцы, адной рукой чапляюся ў скабу ў сцяне, а другой спрабую дацягнуцца да скабы ў чане. Як жа па iм лезцi: занадта гарачы! Падцягнуўся i лёг жыватом на край. Накрыўка ненадзейная, занадта мяккая, пакрытая шклаватай. Цi магчыма па ёй дабрацца да драўлянага шчыта на процiлеглым баку? Няўжо ж я дарэмна лез сюды? Патрацiў столькi сiл, часу i нерваў, каб плюнуць на задуму i спусцiцца ўнiз?

Паўз бак ляжалi дзве жэрдкi i далей – драўляны шчыт. Каб не правалiцца ў кiпень, па-пластунску паўзу па жэрдачках. Гарачыня ад чана такая, што адчуваю яе праз тоўстую падэшву спартыўных туфляў. Балансуючы, нiбы эквiлiбрыст на канаце ў цырку, iду над кiпенем да вертыкальнага шчыта, якi аказваецца зламаным!

Страх мокрымi шчупальцамi ахоплiвае ўсё цела: назад!.. назад!.. «Правалiшся – i пахаваць будзе нечага... Навошта такая рызыка? Каскадзёрам хоць грошы плацяць, а ты за што рызыкуеш?» – крычыць адзiн унутраны голас. «Не, калi столькi пераадолеў, трэба iсцi далей», — падбухторвае другi. Рукi калоцяцца. Цi вытрымае надломаны шчыт? Стаўлю нагу на планку, прыбiтую поперак, потым – на другую. Вышэй, вышэй. Дацягнуўся да столi. Што такое? Няма нiякай шчылiны: люк забiты наглуха. У роспачы ледзь не заплакаў.

Гэтак жа асцярожна пачаў прабiрацца па булькаючым чане назад. Спусцiўся на тоненькiя прыступкi лесвiцы. Бачу: адзiн аконны праём вежы забiты дошкамi i бляхай. Адагнуў вугал бляхi. Прасунуў руку з «Самсунгам» у шчылiну i наўгад пачаў шчоўкаць, паварочваючы фотаапарат ў розныя бакi. Цi атрымаецца што, не ведаў...

Калi спускаўся ўнiз, на адным з бакаў убачыў адтулiну пад шклаватай. Зверху, аказваецца, там была не жалезная накрыўка, як я думаў, а толькi цеплаўпорная плёнка i шклавата!

Выбраўся з вежы на святло. Адчуў, як гудзяць ногi. А потым зразумеў, што мне пашанцавала: злазiў не дарэмна. На здымках, што атрымалiся, Смiлавiчы выглядаюць вельмi прыгожа. Шкада, што толькi заходняя частка мястэчка не ўвайшла ў кадр.

Фота: Уладзiмiр ШУЛЯКОЎСКI

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб зрабiць здымак Смiлавiчаў зверху, аўтар гэтых радкоў нацярпеўся страху
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика