Круг вялікі, круг малы…. 21.by

Круг вялікі, круг малы…

17.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таленавітыя родзічы і нашчадкі вядомага беларускага кампазітара Мікалая Аладава жывуць у Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу
Мікалай АладаўЛетась на дзіцячым “Еўрабачанні” спявак Даніла Казлоў прадстаўляў Беларусь, разам з ім выступаў Ян Аладаў. Нядаўна я даведалася, што Ян — праўнук знакамітых людзей: кампазітара Мікалая Ільіча Аладава і ягонай жонкі Алены Васільеўны. А гэта былі яркія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі мінулага стагоддзя: прафесар, першы пасляваенны дырэктар Беларускай кансерваторыі і стваральніца цяперашняй калекцыі Мастацкага музея.
Мне захацелася больш даведацца пра гэтых людзей, іх нашчадкаў. І вось я ў гасцях у Радаславы Аладавай. Яна кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі — пайшла па бацькавай лініі. Гутарым з ёй у той жа ўтульнай гасцінай, дзе ў пасляваенныя гады перабывалі многія дзеячы беларускай музычнай культуры, мастацтва. На высокім серванце — прыгожы бюст былога гаспадара кватэры, Мікалая Аладава, работы скульптара Заіра Азгура: яны былі добрымі сябрамі. З вокнаў кватэры відаць будынак Купалаўскага тэатра. Пакой прасторны, абстаўлены ў строгім класічным стылі. “У шаноўных гадах бацька хацеў бачыць побач рэчы ранейшых гадоў, — расказвае Радаслава Мікалаеўна. — І мама паспрабавала ўзнавіць тую атмасферу”.
А яшчэ мяне ўразіла, як хораша вяла наш няспешны дыялог гаспадыня: уважліва слухала, прыгожа, ёмка і, я б сказала, арыстакратычна гаварыла: такі вытанчаны моўны лад сустрэнеш цяпер хіба ў дарэвалюцыйных раманах… Радаслава Мікалаеўна, па ўсім бачна, ганарыцца бацькамі, якія здолелі і ярка праявіцца ў соцыуме, і хораша зладзіць сямейнае жыццё: “Яны былі вельмі розныя, але выдатна дапаўнялі адзін другога. Бацька быў прынцыповым і досыць упартым чалавекам, а маці заўсёды ўмела мякка гэтак абысці, пазгладжваць усе непрыемнасці, калі яны здараліся. Агульнае ж, мабыць, у іх было адно: яны былі незвычайна добрыя”.Мікалай і Алена Аладавы з унукамі Андрэем і Вадзімам. 1968 г.
Мікалай Ільіч Аладаў, прафесар, народны артыст Беларусі, вядомы не толькі як адзін з заснавальнікаў сімфанічнага, кантатнага і шэрагу іншых жанраў беларускай музыкі. Ён яшчэ і родапачынальнік музычнай дынастыі. Нарадзіўся 21 снежня 1890 года, і летась 120-я ўгодкі класіка адзначаліся ў краіне. А родам кампазітар з Санкт-Пецярбурга, з арыстакратычнай сям’і. Цікавы факт, які раней не афішаваўся: Мікалай Ільіч жыў на Сярэднім праспекце Васільеўскага вострава якраз у тым двухпавярховым доме нумар 24, які і сёння вядомы як помнік архітэктуры пад назвай Дом Аладава. Менавіта ў ім, дарэчы, у канцы 1830-х гадоў жыў выдатны рускі мастак Аляксей Венецыянаў. Як гаворыць Радаслава Мікалаеўна, яе пецярбургскі дзядуля, Ілья Сямёнавіч, быў у дваранскай супольнасці чалавекам паважаным, з залатым медалём скончыў Пецярбургскі ўніверсітэт і абараніў дысертацыю па тэорыі бясконца малых велічыняў. А бабуля, Ганна Іванаўна, была “чалавекам дома”.
“У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей, — расказвае Р. Аладава. — Мая вельмі адукаваная цётка Маргарыта, а таксама дзядзька Міхаіл, чырвоны камандзір, загінулі ў войнах. Андрэй Ільіч, маскоўскі дзядзечка, якога я добра ведала і памятаю, стаў матэматыкам і стварыў “малы круг Аладавых” у Маскве.
А вялікі родавы круг у Мінску, варта дадаць, распачаў Мікалай Аладаў, яе бацька. Адкуль жа ў яго “музычныя гены”? Паводле сямейнага падання, яшчэ прадзед бацькі Мікалая Ільіча ажаніўся з А. Глазуновой, з роду рускага кампазітара Аляксандра Глазунова. Але, як лічыць Радаслава, яе бацьку “музычныя здольнасці перадаліся, хутчэй за ўсё, ад маці: яна была вельмі музычнай жанчынай”.Ян Аладаў
Жыць, працаваць у Мінск Мікалай Аладаў пераехаў у 1924 годзе: у сталіцы ў працяг ранейшых музычных традыцый (яшчэ ў 1803 годзе ў Менску быў арганізаваны гарадскі аркестр!) адкрываўся Беларускі музычны тэхнікум, і прафесіяналаў збіралі з розных гарадоў Саюза. Першы дырэктар Белмузтэхнікума Аркадзь Бяссмертны пазней згадваў з гумарам, як у Маскве, у Дзяржаўным інстытуце музычнай культуры ён пабачыў маладога чалавека ў чырвонай касаваротцы і падумаў: ну ўжо гэтага я ніяк не вазьму! Ды аказалася, што гэта якраз “той самы Аладаў”, пра якога яму гаварылі як пра доку, які не раз бываў у Беларусі і добра ведае беларускі фальклор. “Бацька і сапраўды быў надзвычай арыгінальным чалавекам, што і адрознівала яго ад многіх, — з добрай усмешкай прыгадвае субяседніца. — Вельмі ліберальны па натуры, ён мог сабе шмат дазволіць. Напрыклад, хадзіў заўсёды ў Бог ведама якім, вельмі кідкім адзенні. І аднойчы, адпачываючы ў прынарачанскай вёсцы, сваім выглядам вельмі здзівіў і нават напалохаў мясцовых жыхароў, якія прынялі вусатага дзядзьку за цыгана”.
Знаёмства ж Мікалая Ільіча і Алены Васільеўны адбылося ў Парычах у 1928 годзе. У прыгожым мястэчку на рацэ Бярэзіне (цяпер — Светлагорскі раён Гомельшчыны) у той час жыло шмат таленавітых маладых людзей, якія з часам сталі вядомымі ў нашай культуры, мастацтве. Аладаў быў у складзе чарговай фальклорнай экспедыцыі, яна праводзілася па ініцыятыве Інстытута беларускай культуры. Разам з Язэпам Лёсікам, беларускім пісьменнікам і лінгвістам — ён пазней быў рэпрэсаваны — яны заехалі ў хату сельскіх настаўнікаў, якая славілася гасціннасцю і багатым сталом. Там упершыню і назаўжды сустрэліся Аладавы. На той час Алена Васільеўна ўжо скончыла Беларускі дзяржуніверсітэт і была, як сцвярджае яе дачка, “вельмі жывой, сучаснай і нацыянальна арыентаванай дзяўчынай”.Алена Аладава
Так што Алена Васільеўна Аладава — карэнная беларуска. Нарадзілася 22 мая 1907 года ў Пружанах, на Берасцейшчыне, у моцнай настаўніцкай сям'і. Дарэчы, у 2007-м у гонар яе 100-х угодкаў там, на сцяне архітэктурнага помніка сярэдзіны XIX стагоддзя музея-сядзібы “Пружанскі палацык”, урачыста адкрыта памятная дошка, Бацька, Васіль Ісаевіч Пук, родам з Гарадзеншчыны, з 1902 года настаўнічаў спачатку ў сядзібах Ковенскай губерні, з 1904 года — у школе ў Пружанах. Там і пазнаёміўся, ажаніўся з настаўніцай Аленай Сільвестраўнай Карпызавай. У беларускіх настаўнікаў, як і ў іх піцерскіх сватоў, таксама было чацвёра дзяцей. Алена, іх першая дачка, па сямейнай традыцыі выбрала педагогіку, закончыла ўніверсітэцкі педфакультэт. Пад час вучобы падпрацоўвала ў Беларускім дзяржаўным музеі ў якасці ілюстратара, наведвала вячэрнюю ізастудыю пры Доме мастака. Так пачалося яе знаёмства з мастакамі, сур'ёзнае захапленне выяўленчым мастацтвам.
У сям'і Мікалая і Алены Аладавых нарадзілася трое дзяцей: спачатку, да вайны, Вальмен (1930) і Гельмір (1933). А Радаслава, жартуе, “пабачыла свет у прамежку паміж беганінай маёй мамы па міністэрствах” пад пераможныя залпы Вялікай Айчыннай вайны. І адкуль у дзяцей такія незвычайныя імёны? “У майго бацькі быў выдатны сябар Юльян Дрэйзін — музыказнаўца, перакладчык, які выкладаў ва ўніверсітэце старажытнагрэчаскую і лацінскую мовы і адначасова доўгі час быў скрыпачом сімфанічнага аркестра, — удакладняе Радаслава, — і ён з вельмі вялікай радасцю вынаходзіў нам імёны. Вальмен азначае мудры чалавек, Гельмір — ад бога Сонца, Геліяса, і міру. А Радаслава — гэта бацькоўская радасць і слава. Усе мы гадаваліся досыць музычнымі дзецьмі, вучыліся ў музычнай школе, ды па слядах бацькі пайшла я адна, а браты — больш па мамінай лініі”.Карціна “Кампазітар Мікалай Аладаў” Івана Ахрэмчыка. 1961 г.
Вальмен Аладаў закончыў Маскоўскі архітэктурны інстытут, доўгі час узначальваў праектны інстытут “Белгіпрагандаль”, доктар навук. Ён аўтар больш чым сотні ўвасобленых архітэктурных праектаў, у тым ліку спартыўнага комплексу ў Раўбічах, вялікага сферычнага будынка Камароўскага рынку, універсамаў “Цэнтральны”, “Фрунзенскі”, “Серабранка”... У Вальмена Мікалаевіча двое сыноў. Андрэй, якога ў родзе завуць “бунтуючым дзіцем”, стаў фізікам-лазершчыкам, жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу, у яго тры дачкі. Адна з іх, дарэчы, пайшла па прабабулінай лініі: выдатны рэстаўратар, вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным акадэмічным інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Рэпіна (гэта — на тым жа Васільеўскім востраве, непадалёку і Дом Аладава) на факультэце мастацтвазнаўства. Другі сын Вальмена Мікалаевіча, Вадзім, — мастак, жыве і працуе ў Германіі.
Гельмір Аладаў звязаў жыццё з тэатрам. У Маскве закончыў знакаміты ГИТИС, стаў акцёрам, працаваў у тэатрах Іркуцка, Таджыкістана. Потым вярнуўся ў Мінск, адпрацаваў дваццаць гадоў на кафедры рэжысуры масавых відовішчаў у Інстытуце культуры. Кажуць, студэнты яго проста абагаўлялі. У Мінску ў Гельміра нарадзілася дачка Ганна, якая, напэўна, пераняла “музычныя гены” дзеда: яна музыкавед і… джазвумэн, добра вядомая ў джазавых колах як выдатны імправізатар, была і журналісткай, вядучай тэлеперадач. Да таго ж яна і мама Яна Аладава, з якога, уласна кажучы, і пачаліся гэтыя нататкі. Цяпер праўнуку Мікалая Ільіча, які “засвяціўся” на мінскім “Еўрабачанні”, дванаццаць гадоў, з шасці ён вучыцца ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка на фартэпіянным аддзяленні. Як гаворыць Радаслава Мікалаеўна, Ян вельмі здольны, пачынае пісаць музыку, асвоіў шмат музычных інструментаў.
Як складзецца жыццё самага маладога з прадстаўнікоў мінскага, вялікага круга роду Аладавых? Родзічы спадзяюцца, што музыка стане галоўнай справай яго жыцця.
хі'Дарэчых.і'. Адна з вуліц мінскага мікрараёна Дамброўка, на захадзе сталіцы, у 2007 годзе названа зборным імем Аладавых — у гонар мастацтвазнаўца Алены Аладавай, кампазітара Мікалая Аладава і іншых дзеячаў (музыказнавец, архітэктар), якія выйшлі з гэтай таленавітай сям’і.

Іна Ганчаровіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таленавітыя родзічы і нашчадкі вядомага беларускага кампазітара Мікалая Аладава жывуць у Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика