Бізнэс — за стваральны кантроль
11.02.2011
—
Новости Общества
|
Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў першы "круглы стол" з бізнэс-суполкай краіны ў рамках выканання Дырэктывы №4 Такія сустрэчы стануць рэгулярнымі як у цэнтральным Камітэце, так і ў абласных. Іх мэта — адкрыты дыялог паміж дзяржкантролем і прадстаўнікамі бізнэсу для папярэджвання правапарушэнняў у эканамічнай сферы краіны, ліквідацыі прычын і ўмоў, якія такім правапарушэнням садзейнічаюць. 10 лютага ў рабоце "круглага стала" ўдзельнічалі ўсё кіраўніцтва галоўнага кантрольнага ведамства краіны, прадстаўнікі Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства эканомікі, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. Бізнэс-суполку прадстаўлялі дырэктары шэрагу прадпрыемстваў і прадстаўнікі бізнэс-саюзаў, а таксама ўдзельнікі Працоўнай групы экспертаў па падрыхтоўцы плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы №4 ад 31 снежня 2010 года. Размова доўжылася тры гадзіны замест запланаваных двух, была сапраўды адкрытай і канструктыўнай. У самым пачатку сустрэчы старшыня Камітэта дзяржкантролю папярэдзіў, што ад прадстаўнікоў бізнэс-эліты хацелася б пачуць не толькі прапановы па стварэнні спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці, хоць, гэта, магчыма, самае галоўнае, але чакаюцца і прапановы па пад'ёме аўтарытэта прадпрымальніцтва.Тым самым Аляксандр Якабсон закрануў за "жывое". Пытанне аўтарытэту, аказалася, вельмі хвалюе і саміх бізнэсоўцаў. Так, ценявая эканоміка ў краіне існуе, і бізнэс-суполка не менш за дзяржаву зацікаўлена ў тым, каб увесь айчынны бізнэс быў легальны і празрысты. Таму так важна, пагаджаліся і чыноўнікі, і прадпрымальнікі, супрацоўнічаць, а не супрацьстаяць адно аднаму. Адну з галоўных прэтэнзій прадпрымальнікаў да кантралёраў можна рэзюмаваць як "настрой на парушэнне". Якраз гэты момант павінен быць хутка выкаранены, калі меркаваць па заявах Камітэта дзяржкантролю і новых формах яго работы. — Дырэктыва №4 з'яўляецца праграмным дакументам, які накіраваны на стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці і павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі, — сказаў Аляксандр Якабсон. — На гэта накіравана і работа па ўдасканаленні кантрольнай дзейнасці, якая павінна насіць не столькі каральны, колькі прэвентыўны характар. Пытанні праверак суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці рэгулююцца Указам кіраўніка дзяржавы №510. Гэты дакумент стаў першым заканадаўчым актам, які стварыў адзіныя прававыя ўмовы для правядзення планавых і пазапланавых праверак як кантралюючымі, так і нагляднымі органамі. Указ паказаў сваю эфектыўнасць: за два гады колькасць праверак фінансава-гаспадарчай дзейнасці скарацілася ўдвая. Аднак пры скарачэнні агульнай колькасці праверак, заўважыў старшыня Камітэта, колькасць наглядных праверак застаецца высокай, і сёння вядзецца работа па пераглядзе метадаў і форм работы наглядных органаў. — Для таго, каб пабудаваць рэальную шматукладную эканоміку, трэба, каб людзі не баяліся займацца бізнэсам, — выказаў сваё меркаванне старшыня ГА "Беларускі саюз прадпрымальнікаў" Аляксандр КАЛІНІН. — На жаль, у нас стварыўся надта рэпрэсіўны ўхіл штрафнога заканадаўства. Страшныя не самі праверкі, а іх наступствы. Прадстаўнікі бізнэсу падчас "круглага стала" казалі пра тое, што пакаранне не павінна прыводзіць да гібелі прадпрыемства, што кожны чалавек мае права на памылку, што перш чым караць, трэба растлумачыць, навучыць і папярэдзіць. Што настрой кантралёраў пры кожнай праверцы знайсці парушэнне прыводзіць да злоўжыванняў і абсурду. Што тычыцца ценявой эканомікі і лжэпрадпрымальніцтва, то ўдзельнікі "круглага стала" пагадзіліся, што гэтай тэме трэба прысвяціць асобную размову, бо важна зразумець прычыны, якія выклікаюць негатыўныя з'явы ў эканоміцы, каб выкараніць іх. Кантроль у бізнэсе неабходны, гэта элемент менеджменту, пагаджаліся прадпрымальнікі з арганізатарамі сустрэчы. Але кантроль павінен быць не татальны, а стваральны, накіраваны не на знішчэнне, а на выпраўленне і дапамогу. Прадстаўнікі бізнэс-эліты віталі "круглы стол" пад эгідай Камітэта дзяржкантролю і прапаноўвалі пайсці далей — стварыць сумесны кансультатыўны орган, які акумуляваў бы праблемныя пытанні ў бізнэс-сферы і выпрацоўваў прапановы па іх вырашэнні для ўрада краіны. Па выніках сустрэчы Аляксандр Якабсон даручыў Камітэту дзяржкантролю на працягу сутак унесці агучаныя падчас "круглага стала" канкрэтныя прапановы ў працоўныя групы па падрыхтоўцы плана мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы і ўнясення змяненняў і дапаўненняў ва Указ № 510. Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў першы "круглы стол" з бізнэс-суполкай краіны ў рамках выканання Дырэктывы №4 Такія сустрэчы стануць рэгулярнымі як у...
|
|