За паўтара года БДУ прасунуўся ў сусветным рэйтынгу на 500 пазіцый. 21.by

За паўтара года БДУ прасунуўся ў сусветным рэйтынгу на 500 пазіцый

11.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Працяг тэмы

Навіну аб тым, што БДУ заняў у рэйтынгу Wеbоmеtrісs 1474 месца, выклікала вельмі неадназначную рэакцыю (чытай "Звязду" за 9 лютага). Прычым многія ўспрынялі гэтае паведамленне, хутчэй, са знакам "мінус", чым са знакам "плюс". Маўляў, няма чым ганарыцца... Навошта толькі ўзнялі такую шуміху? А студэнты і выпускнікі іншых беларускіх ВНУ нават пакрыўдзіліся за сваю "альма-матэр", якая не змагла трапіць у першую палову рэйтынгу і даволі істотна адстала ад БДУ...

— Безумоўна, і мы не адмовіліся б аказацца ў першай сотні, а яшчэ лепш — у першай тройцы, — смяецца рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, акадэмік Сяргей АБЛАМЕЙКА. — Аднак з таго моманту, як мы зацікавіліся нашай пазіцыяй у сусветным рэйтынгу ВНУ, які складаецца даследчай групай Суbеrmеtrісs Lаb, прайшло ўсяго каля паўтара года, і за гэты адносна кароткі час нам удалося прасунуцца наперад ажно на пяцьсот пазіцый.

Сяргей Абламейка патлумачыў, што ў іншых сусветных рэйтынгах фігуруюць часцей за ўсё ВНУ англамоўнай прасторы, а ВНУ краін СНД трапляюць і ў іх вельмі рэдка. У лепшым выпадку там могуць згадвацца Маскоўскі дзяржаўны або Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэты. Таму, напрыклад, у Маскоўскім дзяржаўным ўніверсітэце імя Ламаносава вырашылі выпрацаваць свае, усім зразумелыя і празрыстыя крытэрыі для складання рэйтынгу ВНУ.

Аднак да рэйтынгу Wеbоmеtrісs многія ставяцца з вялікай цікаўнасцю. Гэта выклікана і той акалічнасцю, што за кошт тэхналагізацыі працэдуры складання рэйтынгу даследчая група ахоплівае дастаткова вялікую колькасць ВНУ і прадстаўляе затым усе вынікі на сваім сайце: так, у апублікаваным у студзені 2011 года рэйтынгу Wеbоmеtrісs можна знайсці інфармацыю аб 12 тысячах ВНУ. Рэйтынг публікуецца два разы на год і адлюстроўвае ўсе дастаткова сур'ёзныя змяненні па прасоўванні дзейнасці ВНУ ў віртуальнай прасторы. Рэйтынг не толькі факусіруе ўвагу на выніках навуковай дзейнасці, але і паказвае глабальныя працэсы развіцця навуковых школ, даследчых інстытутаў і ўніверсітэтаў. Ён больш маштабны, чым "шанхайскі" ці "таймсаўскі", таму карціна развіцця сусветных універсітэтаў, заснаваная на вэб-індыкатарах, аказваецца больш адэкватнай рэчаіснасці, гэта самы поўны аналіз дзейнасці ВНУ незалежна ад іх знаходжання на сусветнай карце.

— Яшчэ ў 2009 годзе мы прынялі рашэнне, што прысутнасць БДУ ў такім рэйтынгу будзе карысная, — прызнаецца Сяргей Абламейка, — таму мы паслядоўна праводзілі работу па прэзентацыі ў інтэрнэце нашых дасягненняў, нашай навуковай работы, працавалі над англамоўнай версіяй сайта, вучоныя і выкладчыкі БДУ стваралі свае старонкі, перакладалі артыкулы на англійскую мову. Мы добра разумеем, што менавіта з інтэрнэта сёння ўсе чэрпаюць інфармацыю. І калі мы нацэленыя на пашырэнне экспарту адукацыйных паслуг, то ігнараваць інтэрнэт-рэсурс проста немагчыма. Сёння ў БДУ атрымліваюць адукацыю 2 тысячы 30 замежных грамадзян. Многія з іх упершыню пазнаёміліся з БДУ менавіта дзякуючы нашаму сайту. Адназначна на карысць БДУ будзе і яго прысутнасць у сусветным рэйтынгу...

Трэба дадаць, што рэктар БДУ першым з рэктараў беларускіх ВНУ адкрыў на сайце Белдзяржуніверсітэта свой відэаблог, і прыкладна раз у два тыдні ён "выходзіць на відэасувязь".

— У нас ва ўніверсітэце навучаюцца 35 тысяч чалавек плюс калектыў налічвае 8 тысяч супрацоўнікаў, таму нават пры вялікім жаданні мы не знойдзем памяшкання, каб сустрэцца ўсім разам. Затое цяпер у мяне ёсць спосаб, каб выказаць сваю пазіцыю па тым ці іншым пытанні, каб расказаць аб падзеях, што адбыліся за апошні час у нашым універсітэце (ды і ўвогуле ў сістэме адукацыі) і якія закранаюць вельмі многіх... — дадаў Сяргей Абламейка. — Прычым гэты канал сувязі — двухбаковы, і мне не менш цікава пачуць меркаванні студэнтаў па той ці іншай праблеме. Да таго ж мы спрабуем не пакінуць без увагі ніводнае з пытанняў, што да нас паступаюць... Я заклікаю студэнтаў больш актыўна адгукацца на ўсе падзеі, звязаныя з жыццём універсітэта...

Ці не таму, што першы відэазварот рэктара да студэнтаў быў прысвечаны павышэнню кошту навучання, ён аказаўся лідарам па колькасці каментарыяў?

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Навіну аб тым, што БДУ заняў у рэйтынгу Wеbоmеtrісs 1474 месца, выклікала вельмі неадназначную рэакцыю (чытай "Звязду" за 9 лютага). Прычым многія ўспрынялі гэтае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика