5 тэзісаў пра сучасны стан беларускай мовы
20.02.2011 11:44
—
Новости Общества
|
5 тэзісаў пра сучасны стан беларускай мовы 5 тэзісаў пра сучасны стан беларускай мовы ад Аляксандра Лукашанца, дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
1. Менавіта ў нашым дынамічным высокатэхналагічным свеце асаблівую актуальнасць набываюць праблемы гуманітарнага жыцця грамадства. Толькі захаваўшы сваю гістарычную памяць, нацыянальную культуру, нацыянальныя традыцыі, можна застацца чалавекам сярод людзей і ганарыцца сваім месцам у той супольнасці, у якой Бог наканаваў нам жыць. Нягледзячы на тое, што на нашым маленькім зямным шары налічваецца больш за 3,5 тысячы моў, мы сутыкаемся з той сітуацыяй, што вельмі імкліва мовы знікаюць з твару зямлі. А гэта страта не толькі для носьбітаў гэтай мовы, але і для ўсяго чалавецтва, таму што траціцца частка той культуры, якую чалавецтва набыло за папярэдні перыяд. Для нашай рэчаіснасці, для нашай краіны адзначэнне Дня роднай мовы — добрая нагода пагаварыць і аб праблемах нашай роднай беларускай мовы — дзяржаўнай мовы нашай краіны, нацыянальнай мовы беларускага народа. З беларускай мовай ёсць пэўныя праблемы не ў плане развіцця яе сістэмы, а ў плане яе становішча і стану ў сучасным грамадстве, у плане яе запатрабаванасці як рэальнага сродку зносін. 2. Нягледзячы на тое, што зусім нядаўна беларуская мова занесена ў міжнародны атлас моў у групу, дзе знаходзяцца мовы ў стане рызыкі знікнення, мы павінны добра ўсведамляць, што на сёння беларуская мова — гэта адна з найбольш пашыраных пісьмовых літаратурных моў свету. З 3,5 тысячы моў свету не больш за 400 з'яўляюцца высокаразвітымі літаратурнымі пісьмовымі мовамі. Па падліках замежных спецыялістаў, беларуская мова ўваходзіць у першую сотню гэтых моў. А гэта значыць, што яна займае сваё належнае месца і сярод славянскіх моў, і на лінгвістычнай карце свету. Праблема нашай нацыянальнасці. Але мы павінны ведаць, што тая невялікая колькасць беларусаў, якія карыстаюцца беларускай мовай, усё-такі складаюць значную колькасць носьбітаў у параўнанні, скажам, з 100% носьбітаў іншых моў. 3. Беларуская мова — гэта высокаразвітая мова, якая можа паспяхова абслугоўваць усе сферы жыцця сучаснага грамадства. Ёсць вельмі істотныя праблемы з існаваннем беларускай мовы як сродку зносін у нашым грамадстве, але і на пачатку 21 стагоддзя беларуская мова выяўляе высокую ступень жыццяздольнасці і жыццёвасці. Беларуская мова вельмі вузка, а часам сімвалічна прысутнічае ў афіцыйных сферах ужытку, разам з тым яна сёння рэальна запатрабаваная як сродак зносін у іншых сферах. Феноменам яе сённяшняга існавання з'яўляецца тое, што яна выяўляе тэндэнцыю да пранікнення ў новыя, вельмі актуальныя для жыцця сучаснага грамадства сферы дзейнасці. Перш за ўсё, гэта сфера інтэрнэт-камунікацыі. Асабліва маладое пакаленне, якое мае справу з гэтай сферай дзейнасці, можа бачыць, наколькі шырока беларуская мова прадстаўлена ў гэтай прасторы. Па-другое, сучасная беларуская літаратурная мова дастаткова актыўна пранікае ў сферу, дзе яе абсалютна не было 20 гадоў таму, — у сферу набажэнства. Сучасная беларуская літаратурная мова гучыць і ў каталіцкім касцёле, і ў праваслаўнай царкве. А гэта значыць, што яна запатрабаваная як элемент духоўнага жыцця беларускага грамадства. Нягледзячы на ўсе праблемы, беларуская мова пашырае сваю камунікатыўную прастору. 4. Сёння беларускамоўным людзям не хапае беларускамоўнага асяроддзя. Але можна паглядзець на гэтую праблему з іншага боку. Беларускамоўны асяродак не вычэрпваецца толькі літаратурная мовай. Нацыянальная беларуская мова прадстаўлена яшчэ цэлым шэрагам іншых разнавіднасцяў: гэта і народныя гаворкі, і элементы сацыяльных дыялектаў, і той варыянт беларускай літаратурнай пісьмовай мовы, якую мы называем "тарашкевіцай", і беларускамоўная "трасянка" — тая частка вуснага маўлення, якую мы можам класіфікаваць як "пераважна беларускае маўленне з элементамі рускай мовы". Калі гаварыць пра сучаснае месца "трасянкі" ў камунікатыўнай прасторы, то яна фактычна пачынае адыгрываць ролю гарадскога прастамоўя. Вось і аказваецца, што беларускамоўная прастора ў нашым грамадстве значна больш шырокая. Але ёсць тыя сферы, дзе павінна выкарыстоўвацца толькі беларуская літаратурная мова: гэта сфера школьнага навучання, афіцыйныя сферы ўжытку, СМІ. 5. Беларуская мова павінна перастаць быць фактарам канфрантацыі беларускага грамадства. Па моўнай прыкмеце і па адносінах да той ці іншай разнавіднасці мовы беларускае грамадства не павінна проціпастаўляцца. Беларуская мова павінна стаць адным з найбольш важных фактараў яднання беларускага грамадства, стаць сімвалам. З беларускай мовы, з тых ці іншых яе разнавіднасцяў павінны быць знятыя любыя ідэалагічныя і палітычныя ярлыкі. Прапагандай беларускай мовы павінны займацца людзі аўтарытэтныя, паважаныя, прыгожыя. Беларуская мова павінна прапагандавацца на ўсіх узроўнях, у першую чаргу ў сферы навучання, афіцыйнай дзяржаўнай дзейнасці і сродках масавай інфармацыі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
5 тэзісаў пра сучасны стан беларускай мовы ад Аляксандра Лукашанца, дырэктара Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі... |
|