Беларусам нагадалі, якая мова іх родная. 21.by

Беларусам нагадалі, якая мова іх родная

21.02.2011 19:35 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У Міжнародны дзень роднай мовы самы час яшчэ раз звярнуцца да праблемы захавання беларускай мовы і задумацца, чаму нашая мова не мае той вагі ў грамадстве, якой заслугоўвае.


Вершы Багдановіча чытаюць супрацоўнікі ААН


«Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючаго Ніла
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі!»
— санэт Максіма Багдановіча сёння прачыталі супрацоўнікі агенцтваў ААН у Беларусі. Першы радкі прагучалі ад прадстаўніка ААН/ПРААН у Беларусі Антоніуса Брука.



Супрацоўнікі ААН такім чынам прыцягнулі ўвагу да роднай мовы ў Беларусі ў дзень роднай мовы. 21 лютага было абрана для гэтага свята, таму што ў гэты дзень у 1952 годзе загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Сёння ў сталічным Чырвоным касцёле Мінскі гарадскі культурна-асветніцкі клуб «Спадчына» пісаў дыктоўку па «Пісьму з-пад шыбеніцы» Кастуся Каліноўскага.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» правяло дыктоўку па творах Багдановіча — вершу «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы» і адаптаваным эсэ «Хто мы такія?». Другі этап дыктоўкі адбудзецца 15 сакавіка, у дзень прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, трэці — 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння незалежнасьці БНР.

Аўтарытэт беларускай мовы будзе павышацца, калі ёй стануць карыстацца вядомыя, аўтарытэтныя і паспяховыя людзі, заявіў дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, член-карэспандэнт НАНБ Аляксандр Лукашанец 18 лютага ў Мінску на пасяджэнні круглага стала, прысвечанага Міжнароднаму дню роднай мовы. Паводле яго слоў, у папулярызацыі мовы многае могуць зрабіць айчынныя СМІ, у тым ліку радыё і тэлебачанне.

Разам з тым, навуковец адзначыў, што ў краіне рэалізуецца дзяржаўны план мерапрыемстваў па пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў афіцыйных сферах. Гэты план абапіраецца на прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі, адзначыў Лукашанец.


Калі беларуская мова загучыць у кабінетах чыноўнікаў?

Між тым адзначым, што беларуская мова даволі рэдка гучыць з вуснаў чыноўнікаў. Фактычна толькі адзін міністр — міністр культуры Павел Латушка, на дзяржаўным узроўні размаўляе на ёй. Ведаюць мову і ягоныя падначаленыя.

Намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі выказаў занепакоенасць тым, што толькі невялікая частка беларусаў карыстаецца беларускай мовай. Пры гэтым ён заўважыў, што з 1991 года ўсё справаводства Мінкультуры, а таксама нарматыўна-прававая база ў галіне культуры вядуцца на беларускай мове. І досвед сведчыць, што пераход на беларускую мову заняў не больш чатырох месяцаў, сказаў Стружэцкі.



Разам з тым ён адзначыў, што некаторыя супрацоўнікі галіны, асабліва на месцах, да гэтага часу не могуць пераадолець псіхалагічны бар'ер і перайсці на беларускую мову. Рашэнне гэтай праблемы Стружэцкі звязвае з «шырокім гучаннем беларускай мовы на айчынных тэле-і радыёканалах, прычым не толькі ў праграмах навін».


Беларуская мова ў адукацыі знаходзіцца на перыферыі інтарэсаў

На думку Стружэцкага, найвялікшая адказнасць за захаванне, падтрымку і папулярызацыю роднай мовы ляжыць на інтэлігенцыі. Між тым дзеля пашырэння ўжытку беларускай мовы не абыйсціся без змен у сферы адукацыі.

«Безумоўна, такая ж адказнасць ляжыць сёння на сферы адукацыі, — лічыць Тадэвуш Стружэцкі. — Як бы хто да гэтага не ставіўся, я асабіста лічу, што беларуская мова ў сферы адукацыі павінна выкарыстоўвацца больш шырока. Што тычыцца нашых навучальных устаноў у сферы культуры, то у вышэйшых — вялікіх праблем з гэтым няма, вялікая частка навучальнага працэсу вядзецца на беларускай мове. Што датычыцца нашых сярэдніх і пачатковых навучальных устаноў, там гэтая праблема, можа, больш надзённая».

Па дадзеных Мінадукацыі, у мінулым годзе школы з беларускай мовай навучання складалі 53%, з рускай мовай — 44%, астатнія — двухмоўныя школы. 

Аднак, калі гаворка ідзе пра значную колькасць школ з навучаннем на беларускай мове, то трэба адзначыць, што гэта перш за ўсё невялікія вясковыя школы. У гарадах руская мова дамінуе і ў побыце, і ў сістэме адукацыі. Пры гэтым, на думку чыноўнікаў, на ўлады няма чаго наракаць, бо мову навучання выбіраюць бацькі.

Але не ўсё так проста. Трэба ўлічваць, што сёння людзі даволі прагматычныя, кажа палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі: «Гэта гадоў 20 таму можна было б казаць, што беларускую мову трэба вучыць, бо гэта матчына мова. Зараз людзі зыходзяць з таго, што ім дасць вывучэнне мовы. Ніхто не хоча рабіць лішнюю работу, разумовую ў тым ліку».

Баршчэўскі лічыць, што сітуацыю можа змяніць толькі з’яўленне ВНУ з выкладаннем на беларускай мове. Тады мова будзе мець больш значны статус у грамадстве. Дзеці пачнуць больш старанна вывучаць і мову, і літаратуру на ёй. Бацькі, калі пабачаць, што ёсць магчымасць працягваць навучанне ў ВНУ, аспірантуры на беларускай мове, будуць яе выбіраць у якасці мовы навучання сваіх дзяцей. Які ім сэнс рабіць гэта сёння, калі ў краіне няма навучання на беларускай мове пасля школы?



Алена СПАСЮК

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сітуацыю можа змяніць толькі з’яўленне ВНУ з выкладаннем на беларускай мове. Тады мова будзе мець больш значны статус у грамадстве...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика