Бясплатна на аўтобусе — толькі ў школу.... 21.by

Бясплатна на аўтобусе — толькі ў школу...

22.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вяртання льгот на праезд школьнікаў у гарадскім і прыгарадным транспарце многія беларускія сем'і чакалі з асаблівай нецярплівасцю. Яно і зразумела, бо калі ў сям'і выхоўваюцца некалькі дзяцей і аднаму, скажам, трэба ехаць у гурток ці ў спартыўную секцыю, другому — да рэпетытара ці на падрыхтоўчыя курсы, то гэта было вельмі адчувальна для сямейнага бюджэту. А калі яшчэ і да школы дзіцяці даводзілася пад'язджаць, ці калі размова ішла пра шматдзетныя сем'і... Нагадаем, што да адмены льгот школьнікам і студэнтам прадастаўлялася 50-працэнтная зніжка ад кошту праезду, прычым карыстацца гэтай ільготай яны маглі як у гарадскім, так і ў прыгарадным транспарце.

У снежні падчас Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнт нашай краіны даў даручэнне ўраду распрацаваць меры фінансавай падтрымкі навучэнцаў пры карыстанні пасажырскім транспартам. 16 лютага, нарэшце, была падпісана пастанова Савета Міністраў № 202 "Аб некаторых пытаннях праезду навучэнцаў". Але ці поўнасцю задаволіць яна бацькоў?

Справа ў тым, што паводле гэтага дакумента правам на бясплатны праезд школьнікі змогуць скарыстацца толькі ў межах свайго населенага пункта па дарозе ад дома да месца навучання ў перыяд з 1 верасня па 30 чэрвеня. Пры гэтым у школьніка на руках павінна быць даведка з указаннем яго месца жыхарства і месца вучобы.

— Наяўнасць фатаграфіі ў даведцы ўстаноўленага ўзору не прадугледжана, — паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Юрый ГЛАДКОЎ.

Натуральна, што ў журналістаў было шмат пытанняў да прадстаўніка Міністэрства адукацыі. Напрыклад, ці змогуць школьнікі скарыстацца транспартнай ільготай пры наведванні гурткоў, спартыўных секцый, падрыхтоўчых курсаў ці заняткаў з рэпетытарамі? Ці зможа школьнік, які жыве ў прыгарадзе, але навучаецца ў гарадской школе, бясплатна дабрацца да горада і да сваёй навучальнай установы? Ці зможа школьнік, які едзе ў школу пасля наведвання гуртка ці спартыўнай секцыі, а не са свайго дому, не прабіваць талончык? На ўсе гэтыя пытанні журналісты атрымалі адмоўныя адказы. Не баяцца кантралёраў ці кандуктараў вучань можа толькі на адным маршруце — ад дома і да школы. Ніякіх адхіленняў у бок ад "зацверджанага" маршруту. Затое нават калі школа знаходзіцца на адлегласці ўсяго аднаго прыпынку грамадскага транспарту ад дома, дзіця можа смела садзіцца ў аўтобус ці тралейбус, каб скараціць час на дарогу, і пры гэтым не рэагаваць на заўвагі кандуктара ці кантралёраў кшталту, "мог бы і прайсціся пешшу"... Адмовіць у выдачы даведкі ў школе яму не павінны.

Пацікавіліся журналісты таксама і магчымасцю скарыстацца правам на бясплатны праезд у вольны ад вучобы час — напрыклад, у выхадныя дні. На думку Юрыя Гладкова, у шосты школьны дзень гэтая льгота павінна працаваць, але ў нядзелю заняткі і пазакласныя мерапрыемствы ў школе не прадугледжаны. Па логіцы, і льгота ў гэты дзень не працуе... У пастанове ўрада, вядома, такія нюансы не прапісаны, але пытанні будуць узнікаць.

Што тычыцца льгот на праезд для навучэнцаў прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, то для іх усё засталося па-ранейшаму: яны могуць звярнуцца з хадайніцтвам аб прадастаўленні ім матэрыяльнай дапамогі на праезд у пастаянна дзейную камісію па аказанні матэрыяльнай дапамогі ў сваёй навучальнай установе. Але, як вядома, па такую дапамогу звяртаюцца толькі адзінкі. І на тое ёсць важкія прычыны. Колькі школьнікаў будзе карыстацца правам на бясплатны праезд ад дома і да школы, ніхто не падлічваў. Дакладней, ніхто не падлічваў, колькі дзяцей мае ў гэтым патрэбу. Затое патрэбу ў ільготах на праезд, каб наведаць установы пазашкольнага выхавання і навучання, а таксама спартыўныя секцыі маюць усе. Таму бацькі віталі б вяртанне нават 50-працэнтнай зніжкі на праезд.

— Згодна з другім пунктам пастановы ўрада, абласным і Мінскаму гарадскому Саветам дэпутатаў прадастаўлена права ў межах іх кампетэнцыі прымаць дадатковыя меры па сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі, — абнадзеіў Юрый Гладкоў.

Вельмі хочацца паставіць не кропку ў гэтай тэме, а... шматкроп'е.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Устанавіць што:

Пункт 1.1 <І>Навучэнцы агульнаадукацыйных устаноў і ўстаноў, якія забяспечваюць атрыманне спецыяльнай адукацыі, маюць права на бясплатны праезд на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання рэгулярных гарадскіх зносін, гарадскім электрычным транспарце і ў метрапалітэне ад месца жыхарства (месца знаходжання) да месца навучання і назад у перыяд з 1 верасня па 30 чэрвеня.

1.2.Выдаткі па бясплатным праездзе навучэнцаў ажыццяўляюцца за кошт уласных сродкаў арганізацый, якія выконваюць перавозку аўтамабільным транспартам агульнага карыстання рэгулярных гарадскіх зносін, гарадскім электрычным транспартам і ў метрапалітэне.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вяртання льгот на праезд школьнікаў у гарадскім і прыгарадным транспарце многія беларускія сем'і чакалі з асаблівай нецярплівасцю. Яно і зразумела, бо калі ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика