Сурагатнае мацярынства: праўда жыцця
30.03.2011 10:16
—
Новости Общества
|
Сурагатнае мацярынства: праўда жыцця Гэтую жанчыну я знайшла праз інтэрнэт. З яе паведамленняў на форумах, прысвечаных сурагатнаму мацярынству, даведалася, што яна некалькі месяцаў таму нарадзіла двух дзетак для бяздзетнай пары. Што мае ўласных дзяцей, замужам. І што для яе гэта не быў спосаб зарабіць грошы, але спосаб сцвердзіцца як асобе, дапамагчы іншаму, зрабіць добрую справу. Мне захацелася распытаць яе пра тое, аб чым людзі мала ведаюць і пра што рэдка кажуць. Яна пагадзілася на размову, каб развеяць вакол сурагатнага мацярынства некаторыя распаўсюджаныя міфы, каб адны лепш ведалі, на што ідуць, а другія — не спяшаліся асуджаць.
31 месяц замест 9 Мы сядзелі за сціплым столікам у кафетэрыі. Перада мной — маладая прыемная жанчына, стройная, сабраная, адукаваная. Яна гаварыла шчыра і спакойна, за яе манерай трымацца і размаўляць адчуваліся ўнутраная сіла, дабрыня і эмацыйнасць. Мы размаўлялі каля дзвюх гадзін. Толькі аднойчы, бліжэй да канца размовы, я заўважыла, што пра некаторыя рэчы ёй казаць няпроста. — З сурагатным мацярынствам усё больш складана, чым можа здацца. Перш за ўсё, гэта — не 9 месяцаў цяжарнасці, а значна больш. Можа быць некалькі гадоў падрыхтоўкі і няўдалых спроб. У мяне з першай парай генетычных бацькоў так нічога і не атрымалася, хоць чакала пачатак лячэбнага пратакола з імі паўтара года. Будучая генетычная маці не магла вынасіць дзіця з-за хворых нырак. Да працэдуры экстракарпаральнага апладнення яна таксама павінна была падрыхтавацца. Калі праз год ёй зрабілі аперацыю ў Маскве і высветлілася, што для рэабілітацыі трэба сама мала чатыры месяцы, я папрасіла скасаваць дагавор. Сказала, што, па-першае, старэю. Па-другое, мне важна было зацяжарыць да заканчэння адпачынку па доглядзе дзіцяці. Да таго ж я вырашыла, што раз з гэтымі людзьмі нічога не атрымліваецца, — значыць, не лёс. І я паспрабавала з іншымі. Зацяжарала з першай спробы, але перад тым зноў — чатыры месяцы падрыхтоўкі. Пры тым, што і ў іх, і ў мяне былі ўжо зробленыя ўсе папярэднія аналізы. — З-за чаго людзі звяртаюцца да сурагатных маці? — У большасці выпадкаў у жанчын адсутнічае матка. Так можа здарыцца ў выніку аперацый пры няўдалых цяжарнасцях, родах, выдаленні пухлін, альбо ад нараджэння. Мая другая пара генетычных бацькоў не магла зацяжараць з-за таго, што ў жанчыны на тэрміне 35 тыдняў цяжарнасці загінуў плод, матку давялося выдаліць. Выношванне і нараджэнне дзіцяці жанчыне можа быць супрацьпаказана з-за сур'ёзных хвароб, як у маёй першай пары. Бывае, што цяжарнасць наступае, але штораз па невытлумачальных прычынах перарываецца... На жаль, многія не разумеюць, што за такім выбарам, як правіла, стаіць трагедыя. І што гэта — апошняя магчымасць мець уласных дзяцей. Нават медыкі не ўсе ведаюць, што, згодна з законам, па дапамогу сурагатнай маці можна звярнуцца толькі па медыцынскіх паказаннях. На 12-тыднёвым тэрміне цяжарнасці я прыйшла на ўльтрагукавае даследаванне і папрасіла паказаць дзіця генетычным бацькам. Дык урач не вытрымала і спытала, маючы на ўвазе генетычную маці: "Што, дзяўчынка фігуру вырашыла зберагчы?" Чуць такое балюча і крыўдна. Ні генетычныя бацькі, ні жанчына, якая пагадзілася нарадзіць іхняе дзіця, не заслугоўваюць пагардлівага стаўлення. Для сурагатных маці таксама не ўсё роўна — для каго яны выношваюць дзіця. У мяне і з першай сужэнскай парай адносіны былі цудоўныя, мы развітваліся са шкадаваннем. А з другой мы сталі сябрамі. Усіх я адразу папярэджвала, што таксама буду выбіраць генетычных бацькоў. Вядома, ніхто не абаронены ад памылак. Бывае, што першае ўражанне добрае, а потым пачынаюцца рэчы не вельмі прыемныя. Напрыклад, сурагатная маці раптам просіць павялічыць грошы на яе ўтрыманне або пазычыць пэўную суму, або аплаціць разбітую машыну... І гэта яшчэ да пачатку лячэбнага пратакола, да наступлення цяжарнасці. Можа быць і псіхалагічная несумяшчальнасць. Я перапісваюся з парай, у якой муж ледзь трывае сурагатную маці. Можа таму ў іх і не атрымалася. Ад узаемнай сімпатыі шмат што залежыць. Генетычныя бацькі дзяцей, якіх я выношвала, падабаліся не толькі мне, але ўсім, хто іх бачыў. Яны вельмі прыемныя людзі. Ім хацелася дапамагчы. А мне ўвесь час было важна асэнсоўваць, наколькі ім неабходныя дзеці. Другі распаўсюджаны міф, які датычыцца сурагатнага мацярынства, звязаны з працэсам зачацця. Большасць людзей лічаць, што сурагатная маці ўступае з бацькам будучага дзіцяці ў інтымныя адносіны. Насамрэч жанчыне падсаджваюць эмбрыён, атрыманы шляхам апладнення ў лабараторных умовах, які не мае з ёй ніякай генетычнай сувязі. "А вакол усё цвіце і мамкі з вазкамі..." — Падрыхтоўка да падсадкі эмбрыёна і пачатак цяжарнасці ў выпадку штучнага апладнення прадугледжваюць прыём гарманальных прэпаратаў. Гэта адчувальна для здароўя сурагатнай маці? — У маім выпадку ўсё адбылося без наступстваў. Магчыма, гэта залежыць ад абранага лячэбнага пратакола. Наш быў найбольш ашчадны. З дапамогай гарманальных прэпаратаў і пад кантролем ультрагукавага даследавання ўрачы выключылі выспяванне маіх уласных палавых клетак, тым часам стымулявалі выспяванне яйцаклетак у генетычнай маці. Пасля апладнення іх іn vіtro мне падсадзілі эмбрыёны і прызначылі гармоны, якія спрыялі прыжыванню. Усе працэдуры адбываліся бязбольна. Многія пасля падсадкі адчуюць сябе кепска. У мяне такога не было. Толькі нізкі ціск і млявасць. — Але ж на руках маленькія дзеці, муж, які таксама патрабуе ўвагі... — Так, гэта было не проста. Была вясна, усе рыхтаваліся да Вялікадня, мылі вокны... Генетычная маці прапаноўвала мне дапамогу, але я адмовілася. Не магу ўявіць, як чужы чалавек прыйдзе і стане прыбіраць у маім доме, мыць, гатаваць... Нарэшце, я — не інвалід. Да таго ж, мы жывём з бацькамі мужа. Два дні пасля падсадкі эмбрыёнаў я пражыла ў генетычных бацькоў, тады сапраўды нічога не рабіла, глядзела тэлевізар, гартала часопісы. На трэці дзень паехала да сваёй сям'і. Цяжка было, калі спатрэбілася легчы ў лякарню на захаванне цяжарнасці і пакінуць сям'ю. Так было двойчы. Яшчэ больш цяжка было тры дні пасля аперацыі "кесарава сячэнне" знаходзіцца ў рэанімацыі, ды яшчэ мне, якая ніколі не хварэла, не ведала што такое шпіталізацыя, уколы, швы... — Гэта — самыя цяжкія моманты? — Самым жудасным для мяне было знаходжанне ў рэанімацыі. Я не ўяўляла, што гэта такое. Мне лягчэй было нарадзіць самой, перажыць схваткі, боль. Але адно дзіця ляжала так, што на свет магло з'явіцца толькі "шляхам кесара". І вось я ляжу адна, усё баліць, і на душы так пуста. У рэанімацыі мяне ахапіла невыноснае пачуццё адзіноты... — Вы бачылі дзяцей? — Я бачыла іх падчас аперацыі, бо знаходзілася ў свядомасці. Бачыла, як іх апрацоўваюць, як яны махаюць ручкамі і ножкамі. Мы дамовіліся з кіраўніцтвам радзільні, што на працягу першых сутак дзяцей перададуць генетычным бацькам. Гэта правільна. Вы толькі ўявіце сабе: доўгіх 37 тыдняў дзеці знаходзіліся не з імі, а ў жываце чужога чалавека. Генетычныя бацькі былі пазбаўлены магчымасці іх пачуць, адчуць іх штуршкі... І вось яны, нарэшце, з'явіліся на свет, іх можна ўбачыць, адчуць пах, дакрануцца! Праўда, тут аказалася ўсё не так проста, бо ў радзільні месца прадугледжана толькі для жанчыны, якая нарадзіла, а для генетычнай маці — не. Таму нам прыйшлося дамаўляцца, каб дзяцей перавялі ў іншае аддзяленне, дзе з імі разам магла знаходзіцца маці. Але і мне пасля ўсяго перажытага хацелася адчуць вынік фізічна, дакрануцца... Я пазваніла генетычнай маці і кажу: "Мне так дрэнна, хочацца на іх паглядзець, паціскаць..." Яна спужалася. Перадалі толькі фотаздымкі. Мяне тады вельмі падтрымала запіска з падзякай ад бабулі: "Нізкі вам паклон..." Інакш цяжка было б пазбавіцца ад адчування, што цябе выкарысталі і кінулі, што ты цяпер непатрэбная. Вось чаму яшчэ важныя добрыя адносіны і ўзаемны давер паміж генетычнымі бацькамі і сурагатнай маці. Калі дзецям было паўтара месяца, генетычныя бацькі запрасілі мяне ў госці, я патрымала малых на руках, пакарміла з бутэлечкі, і мне адразу стала лёгка. На развітанне сказала: "Як добра, што магу спаць начамі!" — Што яшчэ было няпроста? — Адносіны людзей. Самых розных. Калі мяне ў радзільні перавялі з рэанімацыі ў палату, дзе ляжалі іншыя жанчыны, чула, як яны паміж сабой казалі пра мяне: "Я такое не разумею!" Мне так хацелася адказаць: "Вядома, не разумееш, бо маеш дзіця! І можаш яшчэ нарадзіць". Генетычная маці мне неяк са слязамі расказвала, як яна дзесяць гадоў таму ў адзін момант страціла ўсё: дзіця, магчымасць нарадзіць другое і чалавека, ад якога яна была цяжарная. Ён, даведаўшыся, што яна не зможа мець дзяцей, кінуў яе. А на двары быў красавік. Яна выйшла з лякарні, вакол усё цвіце, і куды не паглядзіш — усюды мамкі з вазкамі... Мне даводзілася хавацца ад знаёмых падчас цяжарнасці. Мы памянялі месца жыхарства. Я не магла пайсці ў сваю паліклініку, з'явіцца ў сваім раёне. Але ўсё роўна нехта заўважаў, недзе бачыў, маю маці распытвалі... Гэта было жахліва. І там, дзе мы жылі, пасля родаў распытвалі: што здарылася? Прычым распытвалі не наўпрост, а нейкімі абходнымі шляхамі, ствараючы самыя неверагодныя і страшныя чуткі. А мне не хацелася лгаць, казаць пра здаровых дзяцей тое, чаго няма... "Мы ледзь не развяліся з мужам" — Сваякі ведалі? — Ад тых, з кім жывеш, не схаваеш. Разуменне было не з усімі. Муж даў згоду, але не падтрымліваў. З бацькам спачатку адбыўся канфлікт, але потым і ён, і маці ўсталі на мой бок. — А дзеці? — Таксама было няпроста. Дачка адразу заявіла, што ў жываце дзіцятка. Прасіла нарадзіць ёй сястрычку. Мне давялося падманваць, казаць, што вялікі жывот можа быць і па іншых прычынах. Дачцэ пакуль цяжка зразумець праўду. Да таго ж я не хацела, каб яна абмяркоўвала такую незвычайную сітуацыю з кім-небудзь староннім, напрыклад, у садку. Раскажу праўду, калі ёй будзе гадоў 18. Дзеці гладзілі жывот, абдымалі, клалі галаву. А я баялася, што пачуюць, як дзіця штурхаецца. Сурагатнай маці трэба мець вельмі здаровыя нервы і быць да ўсяго падрыхтаванай. Напрыклад, мы з-за ўсёй гэтай гісторыі ледзь не развяліся з мужам. Ён падпісаў дакументы, але заняў такую пазіцыю: я зрабіў гэта, таму што ты так хацела. Самым цяжкім для яго было тое, што ён згубіў мяне як жонку амаль на год. Спачатку нельга мець зносіны, каб не зацяжарыць самой, потым — каб не перарвалася штучная цяжарнасць, потым, каб не адбыліся дачасныя роды. З двойняй цяжарнасць праходзіць цяжэй, чым з адным дзіцем, а мне прыходзілася ўсё рабіць самой: мыць падлогу, хадзіць у краму, вешаць бялізну... Толькі на апошнім месяцы ён стаў мяне ўсюды вазіць на машыне. Баяўся, што зноў пакладуць у лякарню на захаванне, і ён застанецца адзін з дзецьмі. Цяжка было і псіхалагічна, я не магла адчуць спачуванне і клопат, якія так патрэбныя цяжарнай. Ціха ішла ў іншы пакой і плакала там, каб ніхто не бачыў... Калі прымала рашэнне вынасіць дзіця бяздзетнай пары, шмат чаго не ведала. Магчыма, калі б сказалі, што давядзецца падманваць сваіх дзяцей, хавацца ад суседзяў, і адносіны з мужам пагоршацца, я не пайшла б на гэта. — Ці існуе сувязь з народжанымі табой, але генетычна чужымі дзецьмі? — Я ведаю, што гэта — не мае дзеці. Зараз мне лёгка. На шчасце, у мяне ніколі не ўзнікала думкі, што змагу лепш клапаціцца пра іх, чым генетычныя бацькі. Нарадзіць — адно, гадаваць — іншае. Я з радасцю аддала ім калыску, цацкі і вопратку. Разам з маці купляла адзенне. Супакойвала яе, калі ўрачы казалі што-небудзь незразумелае, падказвала, як паводзіць сябе ў тых або іншых сітуацыях. Гэта падобна на тое, як старэйшая сястра ставіцца да малодшай, у якой з'явілася дзіця. Хочацца паняньчыцца, і толькі. Бачыць, як растуць. Радавацца разам з бацькамі. Мне вельмі хацелася б стаць іх хроснай маці. Тады б яны нікуды ад мяне не падзеліся. Не рашаюся папрасіць пра гэта. Яшчэ спадзяюся, што летам мы сустрэнемся дзвюма сем'ямі, і нашы дзеці пазнаёмяцца. Паступова вяртаюся да нармальнага жыцця. Выйшла на працу. Калі мне нехта кажа: "Якая ты малайчына! Двое дзяцей, і так добра выглядаеш!", я думаю пра сябе: "Калі б вы ведалі, што іх у мяне — чацвёра!" Р.S. Наша субяседніца вынасіла дзяцей бясплатна — па асабістых матывах. А ўвогуле па інфармацыі з інтэрнет-крыніц, сярэдні ганарар сурагатнай маці складае 10—15 тыс. долараў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэтую жанчыну я знайшла праз інтэрнэт. З яе паведамленняў на форумах, прысвечаных сурагатнаму мацярынству, даведалася, што яна некалькі месяцаў таму нарадзіла...
|
|