Касцёл у Беларусі моліцца за ахвяр выбуху ў мінскім метро. 21.by

Касцёл у Беларусі моліцца за ахвяр выбуху ў мінскім метро

12.04.2011 17:04 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Касцёл у Беларусі моліцца за ахвяр выбуху ў мінскім метро

  • ТUT.BY

12 красавіка каталіцкі Касцёл у Беларусі моліцца за ахвяраў тэракту ў мінскім метро. Каталіцкія біскупы выказваюць свае меркаванні аб жахлівым злачынстве, паведамляе Catholic.by.

Біскуп Антоні Дзям’янка ўзначаліў паўдзённую святую літургію ў касцёле св. Сымона і св. Алены. Вечаровая літургія пройдзе ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі а 18.30. Святыя імшы за ахвяраў тэракта адбудуцца і ў іншых касцёлах Беларусі.

Крыжовы шлях у Мінску пройдзе ў малітве за ахвяраў выбуху

15 красавіка а 18.00 на Кальварыйскіх могілках у Мінску адбудзецца інсцэніраваны Крыжовы шлях. Разважанні над пакутамі Езуса Хрыста стануць малітвай за загінуўшых і параненых у выніку тэрарыстычнага акту ў мінскім метрапалітэне, а таксама за іх сем’і і медыкаў, якія аказваюць дапамогу пацярпелым.

Набажэнства Крыжовага шляху, а пасля і святую Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Парафія Узвышэння Святога Крыжа знаходзіцца па вул. Кальварыйскі праезд, 1.

Каталіцкія біскупы Беларусі аб трагедыі: "Няхай Бог выведзе з яе дабро"

Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі:

— З вялікім сумам жыхары Беларусі і іншых краін сустрэлі вестку аб трагедыі, якая адбылася ў мінскім метро. Ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі моляцца аб вечным супакоі для загінуўшых, аб хутчэйшым выздараўленні для параненых, а таксама за медыкаў, якія нясуць дапамогу патрабуючым.

Разважаючы аб гэтым злачынстве, вельмі цяжка сабе ўявіць, што ёсць такія людзі, якія, кіруючыся пэўнымі мэтамі, здольныя да таго, каб прычыніць боль і цярпенні іншым. Касцёл навучае, што зло неабходна перамагаць дабром, і заклікае, асабліва падчас Вялікага посту, не кіравацца агрэсіяй, але міласэрнасцю. Касцёл заахвочвае маліцца за заблукаўшых грэшнікаў, каб яны скарысталі з Божай ласкі. Гэтаму нас вучыць Хрыстус. Паміраючы на крыжы, Езус маліўся за тых, хто Яго ўкрыжоўваў: "Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць".

Складана прыняць тое, што сярод пацярпелых ёсць нашыя знаёмыя ці блізкія. Але неабходна маліцца і ў першую чаргу за тых, хто памёр, не паспеўшы паяднацца з Богам.

Гэтая трагедыя — выклік для нас, хрысціянаў, яшчэ больш працаваць над здабыццём цнотаў міласэрнасці і любові да бліжняга. І ні ў якім разе не адказваць агрэсіяй на агрэсію.

Уладзіслаў Блін, біскуп Віцебскі:

— Гэта падзея ўзрушыла маё сэрца. Такая нечаканая. Мы спачуваем людзям, спачуваем нашай Беларусі, якая перажывае трагедыю, што закранула звычайных людзей, якія хочуць радавацца вясне. Вечарам адразу пасля тэракту я маліўся за загінуўшых. Сёння раніцай маліўся за ўсіх ахвяр трагедыі і за іх блізкіх, за тых, хто цяпер пакутуе. Пакутуе ўся Беларусь і прымае словы спачуванняў. Ніхто не разумее, чаму гэтая трагедыя прыйшла да нас. Аднак няхай Бог выведзе з яе дабро.

Падчас Вялікага посту Беларусь, перажываючы гэтую бяду, хоча дапамагчы Езусу несці крыж на шляху да ўваскрасення. Будзем трываць у надзеі, што праз пакуты прыйдзе ўваскрашэнне. Гэтае здарэнне павінна таксама стаць напамінам, што жыццё на зямлі не вечнае і трэба быць падрыхтаваным да спаткання з Богам.

Казімір Велікаселец, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі:

— Касцёл, як і кожны чалавек, як і ўсё грамадства, выступае за любоў і дабро, таму што Бог — гэта любоў і дабрыня. Адразу ж пасля паведамлення аб жудасным здарэнні ў мінскім метрапалітэне каталіцкая супольнасць сабралася на малітве за ахвяр трагедыі. Прасілі Бога, каб не было насілля і ўсялякага зла ў нашай краіне і на ўсёй зямлі. Скіроўваем словы спачування пацярпелым падчас гэтага тэрарыстычнага акту і тым, хто перажывае страту блізкіх.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
12 красавіка каталіцкі Касцёл у Беларусі моліцца за ахвяраў тэракту ў мінскім метро. Каталіцкія біскупы выказваюць свае меркаванні аб жахлівым злачынстве,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика