Лінія жыцця
16.04.2011
—
Новости Общества
|
...Ну вось мы і прыйшлі, — сказала Насця. — Распранайцеся, праходзьце ў залу, будзьце, як дома! Я зараз каўкі зраблю. Ці лепей гарбаткі? Кажыце, — гукала яна з кухні, — жаданне госця ў нашым доме закон. А то ж — вы ведаеце — я па гараскопе Шалі, прычым няправільныя: як толькі вазьму ў рукі каву, — адразу ж захачу гарбаты, завару зялёную — тут жа захочацца чорнай... Гатуючы яе, збіраючы штось на стол, гаспадыня (чуваць было) лёгенька тупала па кухні — ляпалі дзверцы халадзільніка, шумела, закіпаючы, вада ў чайніку, звыкла звінеў посуд і мілае, чыста жаночае шчабятанне: "Вам бутэрбродзікі з чым? З хлебам? І мне... А мужчынкі мае болей любяць з батончыкам... Вам гарбату з малаком (мой сёння купіў) ці з вяршкамі?"... Нешта адказвала — можа і неўпапад, бо ўсе гэтыя пытанні былі абсалютна не важнымі. Што важным? Покуць у Насцінай гасцёўні займалі вялікія старыя абразы (адкуль?), на сценах у прыгожых адмысловых рамках вісела безліч фатаграфій і вышыванак (розных жанраў, памераў, часоў), безліч мілых дзіцячых малюнкаў... Сярод гэтых апошніх твораў мастацтва найбольш здзівіў адзін: няроўная (асабліва спачатку), доўгая лінія з чатырма кропкамі... На крыху пакамечаным, жаўтаватым лісце з вучнёўскага сшытка ў клетачку. — Трэба зняць, — згледзеўшы цікавасць, засмяялася з-за спіны гаспадыня, — а то ўсе пра гэты "шэдэўрык" пытаюцца. ...І ўсім, як падалося, варта расказаць. Той дзень у яе пачаўся, як іншыя. І таксама, відаць, завяршыўся б, калі б Насцін сусед па парце не сказаў, што ён (дзень народзін, маўляў, трэба ж адзначыць?!) прынёс... віно: імпартнае, вельмі смачнае, зусім без градусаў — "продкі" з Польшчы прывезлі. Яны (тры хлопчыкі і дзве дзяўчынкі) зашыліся за маты ў спартзале і спехам, заеўшы яблыкам, выпілі. Ад таго, што гуртам, ад таго, што цэлую вялікую бутэльку (як дарослыя!), ад таго, што без закускі, крадком, і ніхто не злавіў, ім стала па-вар'яцку весела! Яны выскачылі са школы, пабеглі па вуліцы — штурхаліся, дурэючы, біліся... Нейкім чынам апынуліся каля дома аднаго з хлапчукоў. Той "зганяў" у кватэру і прынёс папярос. Наводшыбе ў скверыку яны "запаўзлі" ў кусты, у сваю чарговую хованку, і сталі курыць. Як вялікія. Праўда, не ўсе: Насця пацягнула раз, потым другі і зайшлася кашлем. Хлопцы сталі біць яе па спіне, смяяцца і паказваць пальцамі. Яна пакрыўдзілася і пайшла... Дакладней — з усіх ног пабегла, бо аж на дзве гадзіны спазнялася дамоў. Значыць, зноў мог усчацца гвалт. Але ў той раз яго не было. З парога яшчэ знюхаўшы пах віна і тытуню, маці бяссільна заплакала, адхіснулася да шафы. Потым, гэтак жа моўчкі, адчыніла яе — дастала бацькаву старую дзягу. Дачку ёй не білі ні разу, а вось сыну раней даставалася — калі скраў у матулі грошы, калі панатраў хадзіць "у партызанку" (замест школы ў кіно), калі, празваўшы галавешкай, стаў цкаваць аднакласніцу-мулатку... Насця помніла, як дзяжка тады ўзлятала ў паветра, як падала на братавы белыя, потым ружовыя, потым ярка-чырвоныя ягадзіцы, і цяпер калацілася ад жаху. Не столькі перад болем — перад непазбежным, відаць, загадам ЁЙ (?!)... спусціць або скінуць джынсы і легчы. ГЭТА было вышэй яе разумення, вышэй яе сіл! Таму яна забілася ў вузкую шчыліну за пісьмовым сталом і вырашыла, што выходзіць адтуль не будзе... Чула, як вярнуўся дамоў бацька. Але рукі мыць не пайшоў (не шумела вада ў ванне) і есці не сеў (маці тады ляпала б талеркамі і накрыўкамі каструль, пыталася б, колькі чаго палажыць). А так... Яна, відаць, расказвала, што на гэты раз утварыла дачка. Той, ну вядома ж, слухаў. І — сэрца з грудзей! — вось-вось павінен быў адчыніць яе дзверы, з дзягай зайсці ў пакой. Чула, здаецца, крокі... Бачыла, як варухнулася ручка... І не стрымалася — з усіх чатырох з плачам кінулася насустрач, абхапіла за ногі: "Татачка, болей не буду! Слова даю!.. Толькі не бі!" Ён падняў яе, пасадзіў ля сябе на тахту, цэлую вечнасць, здаецца, маўчаў (дзяжка ляжала побач), потым на нешта спытаў: "Ліст паперы ў клетку ёсць?". Яна ўстала, узяла са стала цэлы сшытак. Бацька паклаў яго сабе на калена, павярнуў, дастаў з кішэні асадку, узяўся праводзіць прамую, але рука ў яго моцна дрыжэла... Кінуў, аддаў аловак дачцэ, ціха сказаў: "Далей вядзі сама". Насця не пыталася, ні што вядзе, ні навошта, — бацька гаварыў сам: "Глядзі, дачка, гэта прамая — тваё жыццё. Колькі жанчыны жывуць? Гадоў 75? У сярэднім... То вось мы з табой іх і правялі — можаш адлічыць клетачкі. Цяпер дзялі: першыя 20 — ці не самыя галоўныя. Яны даюцца, каб расці і ўсяму навучацца, набірацца розуму... Табе колькі цяпер — 14? Значыць, ты недзе тут (на лініі бацька паставіў кропачку). Як быццам не позна яшчэ — шэсць гадоў у запасе... Будзеш вучыцца, старацца, значыць, потым паступіш, куды захочаш, атрымаеш спецыяльнасць, любімую работу, калектыў... Зноў жа — шанц сярод людскіх хлапцоў (не гультаёў, не алкашоў, не наркаманаў) знайсці палавінку, распачаць асобнае жыццё. Мы з маці вам дапаможам. Бо яно ж грэх не памагчы, калі дзеці стараюцца? Не будзеш вучыцца, што ж... Людзі і так жывуць — пойдзеш працаваць: можа, гандляваць хто на рынак возьме, можа кветкі палоць на вуліцы... Час ёсць — прыглядайся, што гэта за праца: чым добрая, чым дрэнная, колькі плацяць, якія перспектывы... Нават з замужжам... Бо няроўны шлюб ёсць няроўны... Ну, а калі хочаш піць, курыць ды гуляць... Месца ў падваротні заўсёды шмат і прымаюць без конкурсу — дарога шырокая. Туды... А вось назад... Лічы, што няма яе. А значыць — пішы прапала і тваё жыццё (ён алоўкам кружануў над доўгім адрэзкам лініі), і наша. Разумееш?". Ён замаўчаў, акуратна вырваў ліст з агульнага сшытка, хацеў, відаць, скамячыць, каб выкінуць, але Насці стала шкада — забрала. Доўга, як зачараваная, глядзела на лінію свайго жыцця — да той першай кропачкі, але ж больш — пасля... І чамусьці верыла, што яно, тое жыццё, якое яшчэ наперадзе, абавязкова адбудзецца, абавязкова атрымаецца! (Ну, вядома ж, без віна, цыгарэт і нават без "сяброў", з якімі толькі што было цікава і весела). ...Другую кропку на той лініі Насця намалявала сама, "пахаваўшы" пад ёй сваё першае і, як тады здавалася, самае сапраўднае каханне. Абраннік яе быў на дзевяць гадоў старэйшы, разведзены, але Апалон, бо ну вельмі ж прыгожы! І, нягледзячы на гэта, заўважыў яе, вылучыў з іншых і вялікую ласку зрабіў — стаў сустракацца! А неў- забаве нават больш за тое — намякнуў, што можна і пажыць — разам. У думках Насця ўмомант спакавала рэчы, пераехала (ды хоць да чорта на рогі!) і зажыла... Што да бацькоў... Верыла: яны ж не сляпыя, не глухія, не першы дзень на свеце жывуць. Значыць, ведаюць, што цяпер не так, як раней: цяпер ці не ўсе правяраюць свае пачуцці, нейкі час жывуць, а ўжо потым — можна і ў загс. Яны пойдуць! Абавязкова! Спачатку гэтым шчасцем дачка хацела падзяліцца з маці, але тая не стала і слухаць — усчала свой чарговы гвалт: "Не смець! Не пушчу!... Дурніца! Ад зямлі не адрасла... Хай спачатку распішацца!". У бацькі, на шчасце, другая прапанова знайшлася. Сказаў: "Добра, дачка... У суботу мы едзем на лецішча. Запрашай свайго кавалера. Можа, і сапраўды нашым зяцем стане? Трэба ж неяк знаёміцца?". Кандыдат у зяці рабіць гэтага яўна не збіраўся — ехаць не хацеў, але ж яна смалой прычапілася... Купіў тады бутэльку гарэлкі, бутэльку віна, каробку цукерак — для дам... Прыехаўшы, агледзеў сялібу, разам перакусілі. Потым жанчыны, прыбраўшы посуд, пайшлі ў агарод, мужчыны, як і планавалася, — фарбаваць вокны, знадворку, на вачах. Таму Насця бачыла, як работа гарэла ў руках у бацькі, у меншага брата. Каханы ж, што цешыла, доўга стаяў ля яе, доўга хадзіў па садзе, курыў (адну цыгарэту за другой), а ўзяўшы нарэшце пэндзаль, у імгненне спэцкаў фарбай усё — рукі, ногі, адзенне, шкло... Яны разам доўга смяяліся. Хоць потым яно і не да смеху было, бо госць чамусьці наадрэз адмовіўся ад іхняй лазні; ад прапановы з гатовага мяса, на гатовым жарку падсмажыць шашлыкі. Пры гэтым ён ад слова, самым першым, усеўся за святочным сталом, сам, "як пад лінеечку!" (бацька першы раз пахваліў) напоўніў чаркі. Маці прапанавала талерку фірменнага, спецыяльна зваранага баршчу, — ён не захацеў, нават для прыліку. Насця па чарзе падсоўвала салаты (у пяць гадзін устала, каб іх зрабіць), — зноў пакруціў галавой, сказаў: "Я лепей во гэтага" і... Шашлыкі ў бацькі, як заўсёды, удаліся (ён ведаў, якога мяса купіць, як марынаваць, як смажыць)... Але ж каб есці іх вось так — маўчком, напоўніцу, не зважаючы, ці застанецца хоць нешта іншым, не чуючы (у гасцях!) ніякіх размоў... Адно — перапыняўся зрэдчас, каб наліць у чаркі, каб пакурыць. А потым, задаволена "адваліўшыся" ў крэсле, такі загаварыць: пра тое, каго лепей наняць, каб зрабілі тут новую глухую агароджу, каго — каб "па навуцы", граматна пасеяць газон, што рэзка падыме... кошт на гэты ўчастак, на ўсе пабудовы і развяжа рукі ім, бо яны, прадаўшы дачу, не будуць болей гарбаціцца. Гаворачы гэтак, госць да болю крыўдзіў бацькоў, якія не столькі для сябе — для дзяцей на голых 15 сотках стварылі сапраўдны рай: паставілі ладны дамок, лазню, гараж, альтанку, цяпліцу, вырасцілі сад... І ўсё гэта — не мае цаны, а таму — не прадаецца! Ні за якія грошы! Пад сталом Насця з усёй сілы штурхала жаніха нагой, але той нёс ахінею далей — ні на што не зважаў. Зрэшты, "продкі", як быццам, таксама — слухалі, усміхаліся, з цікавасцю пазіралі на дзяцей, на яго. Адно — папыталіся, што ўзамен? Ну, калі ў выхадны, напрыклад, не выязджаць за горад і не "гарбаціцца", то што тады? "Адпачываць, — важна сказаў кандыдат у зяці, — ляжаць, глядзець тэлевізар, піць піва". Якраз гэтага ў Насцінай сям'і цярпець не маглі, таму ёй было вельмі няёмка, вельмі сорамна. Яна хацела пра гэта сказаць яму — потым, пасля вячэры, калі ўсе разышліся спаць. Ціхенька паднялася на другі паверх, дзе госцю адвялі асобны пакой, ціхенька пастукала ў дзверы, прыадчыніла іх. Той спаў — на спецыяльна прывезенай (першы ж раз чалавек у хаце) новай пасцелі. Нават не распрануўшыся! А казаў жа, што будзе чакаць... Хто і напраўду яе чакаў — дык гэта бацька. Яны ўдваіх пасядзелі на лаўцы, палюбаваліся тым, як пасвятлеў іх дом ад белай фарбы на вокнах. "Вунь на тым, на верандзе, — ціха загаварыў бацька, — на свежую фарбу муху занесла. Смешная такая, пэндзлем правёў, — яна тут як тут: села, азірнулася, нават пераступіла з лапкі на лапку (шкада, не паспеў табе паказаць), а потым ф-р-р і ходу... Паляцела, бедная. І, знаеш, дачка, на фарбе аніякага знаку! А вось на ёй... Прападзе ж! Да смерці не адчысціцца... То глядзі, каб і ты вось так не ўляцела. Жыць жа доўга яшчэ. Думай, з кім...". Да ранку не спала: думала! А прыехаўшы дамоў, дастала з шуфляды пажоўклы лісток — паглядзела на лінію жыцця, адлічыла на ёй свае 18 клетачак і паставіла кропку... За ёй, гэтай другой, досыць хутка намалявалася трэцяя. Насця, тады ўжо замужняя (дзякуй Госпаду, за каханым! І зусім не тым!) вырашыла кінуць вучобу і падацца да мужа ў бізнэс. Бацька гаварыў з абодвума, падоўгу і не раз: даводзіў, што нельга ўсе яйкі класці ў адзін кашэль і нельга так цяжка паступіўшы і, лічы, адвучыўшыся (пяты курс!), не атрымаць дыплом, застацца без спецыяльнасці, а потым (жыццё ж яшчэ доўгае), крый Бог, без работы, без грошай... Як у ваду ён глядзеў, бо года праз паўтара той паспяховы мужаў бізнэс накрыўся медным тазікам. Пакуль распачынаўся новы, а потым яшчэ і навейшы, сям'я (у чаканні першынца) жыла... на дапамогу бацькоў і (як знайшлі тады!) на зарплату жонкі! ...Гісторыю чацвёртай кропачкі Насця ўспамінаць не любіць, бо зноў жа хацела зрабіць дурное — развесціся з мужам. Ён то вінаваты быў, пакрыўдзіў — ды так, што сказала — як адрэзала: "Вунь Бог, а вунь парог — я з табой жыць не буду!". Ён сышоў. Амаль месяц (пакуль там тыя суды...) яны жылі паасобку. Бацькі — ні яго, ні яе — нічога не ведалі. А калі сваім прызналася... Маці, як заўсёды, расшумелася, расплакалася, шкадуючы "бедных сіротак", бацька... Бацька зноў знайшоў патрэбныя словы! Нагадаў ёй спачатку мудрае: "Пусты дороги те, где ищут идеальных"... І дадаў: "Думаеш, я не крыўдзіў матулю? Крыўдзіў... Думаеш, яна не даставала мяне? Яшчэ і як! Не раз! Мы, выходзіць, таксама маглі разбегчыся? Але кінуць вас...". Насця толькі на імгненне ўявіла, што б тады было?! Ды край, трагедыя — нават цяпер, калі ёй за трыццаць. А ўжо ў дзяцінстве... Канец свету! Не меней! Валянціна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Ну вось мы і прыйшлі, — сказала Насця. — Распранайцеся, праходзьце ў залу, будзьце, як дома! Я зараз каўкі зраблю. Ці лепей гарбаткі? Кажыце, — гукала яна з кухні, —... |
|