Аўтамабіль не раскоша.... 21.by

Аўтамабіль не раскоша...

19.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Абслугоўванне аўтамашыны становіцца ўсё больш дарагім, і перад пэўнай часткай аўтааматараў нават паўстае пытанне: "А ці не за лепшае адмовіцца ад легкавушкі?" Найперш гэта датычыцца пенсіянераў.

Калі ў маім аўтамабілі "заспяваў" выціскны падшыпнік, то пайшоў па крамах, у якіх прадаюцца аўтазапчасткі, шукаць той падшыпнік. Знайшоў хутка, а вось кошт запчасткі здзівіў, бо падшыпнік той — дробязь, "шайба з дзіркай".

На ўпакоўцы напісана, што зроблены ў Францыі, а на наклейцы сцвярджаецца, што ў Швецыі. Адсюль можна быць упэўненым, што падшыпнік зроблены ў нейкай трэцяй краіне — напрыклад, Кітаі.

— Чаму такая высокая цана? — пытаюся ў прадаўца.

— Пастаўшчыкі паднялі. Ніхто не хоча ў пралёце быць. Долар вунь як падскочыў...

— А па якім курсе разлік ідзе?

— Цяжка сказаць, адзін разлічваецца па курсе 4 тысячы за долар, а нехта па пяць...

Аўтазапчасткі — тавар імпартны і набываецца за валюту, а калі з ёю неакрэсленасць, то ў кожнага свой курс.

Але мала купіць падшыпнік, неабходна было яшчэ знайсці майстра, які яго ўстанавіў бы. Пайшоў па знаёмых, якія працуюць у сваіх гаражах, — усе забяспечаны работай на тыдзень наперад. Патэлефанаваў у некалькі СТА, але і там трэба станавіцца на чаргу. Калі б была неабходнасць нешта замяніць у падвесцы ці зрабіць касметычны рамонт, то знайсці майстра было б прасцей, а лезці ў счапленне не кожны здольны.

Вось ужо тыдзень не магу замяніць той падшыпнік, а пра кошт рамонту яшчэ размовы не было.

Пераважная большасць нашых аўтамашын мае вялікі прабег, і ў такіх аўто пастаянна трэба нешта мяняць, латаць, фарбаваць. Менавіта па гэтай прычыне апошняе слова за выканаўцамі. Можаш мець у кішэні грошы і чакаць. Безумоўна, вялікія грошы вырашаць праблему, але хто іх мае, ездзяць на новых "тачках", і абслугоўванне ў іх сэрвіснае. Калі пошліны на імпартныя аўтамабілі вырастуць у разы, то цана на аўтазапчасткі зноў рэзка падскочыць.

Ужо сёння ўтрыманне і абслугоўванне аўтамашыны хоць і не дасягнула крытычнай мяжы, але б'е па сямейным бюджэце. Аўтамабіль не раскоша — калі грошы ёсць.

Калі не браць да ўвагі затраты (страхоўку, рамонт, тэхагляд...), то ездзіць на дачу выгадней на аўтамашыне, чым на цягніку. У гэтым выпадку я прыводжу толькі свае выкладкі, магчыма, у кагосьці яны будуць іншыя.

На дзесяці літрах саляркі я магу праехаць 200 км, а гэта 7 паездак на дачу. За такое задавальненне неабходна заплаціць 31500 рублёў (ці 4500 за адну паездку). Калі ж ехаць электрычкай, то для дваіх (куды без жонкі!) кошт праезду будзе іншы.

Праезд да вакзала на гарадскім аўтобусе на дваіх — 2800 рублёў, і на электрычцы столькі ж, а ў суме атрымліваецца 5600 рублёў. І гэта пры тым, што на аўтамашыне даедзеш да самай дачы і пры гэтым не цягнеш груз. А калі ў машыне 3-4 чалавекі, то выгада істотная. Аднак падлічыўшы ўсе затраты на аўтамабіль, бачыш, што ад яго адна радасць: ён у цябе ёсць. І з сумам адзначаеш, што за выгоду неабходна плаціць.

Што датычыцца недалёкай будучыні, то аўтааматары выказваюць дзве думкі.

  Адны ўпэўнены, што з 1 ліпеня пошліны не будуць уведзены, бо гэта вельмі непапулярная мера. Але большасць прытрымліваецца іншага меркавання. Пасля павышэння пошлін на ўвоз імпартных аўтамашын гады тры сітуацыя істотна на нашых дарогах не зменіцца: іншамарак менш не стане. А затым многія аўтамашыны знікнуць на расійскіх рынках ці беларусы будуць "дабіваць" іх у сябе. Але настане час, калі давядзецца перайсці на аўтамабілі расійскай вытворчасці. Вядома, што не ўсім.

Паставіўшы бар'ер імпартным аўтамашынам, наша краіна тым самым унясе свой уклад у пад'ём расійскага аўтапрама. У аўтааматараў не будзе ўжо цяперашняга выбару, але ў тых, хто займаецца рамонтам, работы прыбавіцца. Расіянін пасля 3-5 гадоў эксплуатацыі аўтамашыны не будзе яе прадаваць, а выцісне з яе ўсё.

А мы развітаемся з "Фордамі", "Сітраенамі", "Аўдзі", "Таётамі" — нямецкімі, японскімі, амерыканскімі, французскімі аўтамашынамі...

Сымон Свістуновіч.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Абслугоўванне аўтамашыны становіцца ўсё больш дарагім, і перад пэўнай часткай аўтааматараў нават паўстае пытанне: "А ці не за лепшае адмовіцца ад легкавушкі?"...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика