Турагляд
20.04.2011
—
Новости Общества
|
Расклад для аўтобусаў? Праз некаторы час турысты, якія любяць выязджаць на адпачынак на аўтобусе, напэўна, будуць менш часу праводзіць на мытні. У Беларусі распрацоўваецца нарматыўна-прававы акт, які тычыцца парадку прыбыцця турыстычных груп да мяжы. Пра тое, што такая пастанова павінна быць прынятая Саветам Міністраў, паведаміла юрыст дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Наталля Скрыцкая. Каб аўтобусы падыходзілі да мяжы раўнамерна, а не збіраліся ў вялікія чэргі, і, адпаведна, менш нязручнасцяў было ў турыстаў, плануецца ўсе гэтыя праблемы вырашаць загадзя. Хутчэй за ўсё спісы, дзе будзе прапісана, аўтобусы якіх турыстычных груп і ў які час будуць перасякаць мяжу, будуць складацца незалежнай турыстычнай арганізацыяй. Чыгунка прапануе У гэтым адпускным сезоне Беларуская чыгунка не толькі захавае ўсе тыя напрамкі і цягнікі, што былі ў папярэдніх летніх сезонах, але і пашырыць транспартную геаграфію. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела абслугоўвання пасажыраў Беларускай чыгункі Андрэй Кашко. Напрыклад, будзе запушчаны серыйны цягнік у напрамку Архангельска, які будзе ісці праз такія гарады, як Волагда, Яраслаўль і, што важна, праязджаць праз Маскву. Калі на расійскай чыгунцы праводзіўся вялікі планавы рамонт, нашы цягнікі хадзілі так званым паўночным ходам праз Ніжні Ноўгарад. Зараз аднаўляецца курсіраванне цягнікоў, якія ідуць такім напрамкам на Сібір, зноў жа іх маршрут будзе пралягаць праз Маскву. Наогул, сёлета на Маскву стануць хадзіць 5 дадатковых цягнікоў, а ўсяго праз расійскую сталіцу будзе выпраўляцца 27 цягнікоў. У новым графіку з'явіцца дадатковы цягнік з Масквы да Брэста. Той цягнік, які адпраўляўся з расійскай сталіцы ў 23.55, цяпер будзе курсіраваць да Брэста. Працягнуты маршрут цягніка Брэст—Баранавічы—Чалябінск. Сёлета ён будзе курсіраваць да Казахстана, да Караганды. Цалкам зменіцца курсіраванне цягнікоў на Вільнюс. Калі раней такое падарожжа займала 4,5—5 гадзін і хадзілі два цягнікі (адзін раніцай і адзін увечары), то цяпер працягласць паездкі да Вільнюса складзе 3 гадзіны і будуць хадзіць два цягнікі, насустрач адзін аднаму. Так, цягнік які будзе адбываць з Мінска ў 7.45 (у Вільнюсе ён у 10.45), а з Вільнюса будзе выпраўляцца цягнік у 19.25 (у 22.05 у Мінску). Вячэрні цягнік з Мінска на Вільнюс будзе адпраўляцца ў 18.49. Такі расклад больш зручны для турыстаў. Навінкай гэтага сезона — яшчэ адзін напрамак, на Рыгу. Першы такі цягнік на Латвію пойдзе 1 чэрвеня. І да 30 жніўня ён будзе хадзіць штодзень, а ўвосень — 2 разы на тыдзень, па пятніцах і нядзелях. Зноў жа тут будуць хадзіць два цягнікі (беларускі і латвійскі) насустрач адзін аднаму. З Мінска можна будзе выязджаць у 18.30 (у 8 раніцы прыбыць у Рыгу). За дзень можна будзе наведаць латвійскія турыстычныя аб'екты і вячэрнім цягніком вярнуцца ў Беларусь. Як заўважае Андрэй Кашко, сёлета нічога не павінна змяніцца ў руху цягнікоў у паўднёвым кірунку: "Мы разумеем, што будзе ажыятажны попыт на Крымскі паўвостраў, таму максімальна павялічылі схемы, узгаднілі максімальную даўжыню вагонаў да 17, у выключных выпадках да 18. І будзем старацца забяспечваць перавозку па максімуму. Што тычыцца тарыфаў з Украінай, яны засталіся на ўзроўні кошту мінулага года". Трэба заўважыць, што кошт праязнога дакумента фарміруецца ў тарыфнай валюце і залежыць ад курсу швейцарскага франка. Так, на май білет на Туапсе ў плацкартным вагоне будзе каштаваць прыкладна 180 тысяч беларускіх рублёў, на Сімферопаль — у межах 197-200 тысяч.Сёлета, як і летась, падчас славянскага базару ў Віцебску зноў будзе курсіраваць спецыяльны цягнік. У дарозе ён будзе знаходзіцца 3-3,5 гадзіны, але магчыма, яго давядзецца і паскорыць. Цягнік "Славянскі базар" будзе выпраўляцца на Віцебск у 12.30 ці 13.40-14 гадзін у залежнасці ад таго, якая будзе праводзіцца праграма фестывалю. Зразумела, расклад цягніка будзе фарміравацца з улікам часу, які трэба будзе пасажырам патраціць, каб з вакзала дабрацца да мясцін, дзе адбываюцца святочныя дзеі. Забіраць турыстаў з фестывалю цягнік будзе пасля вячэрніх праграм, каб раніцой іх вярнуць у Мінск. Выбіраем атэль праз інтэрнэт У Беларусі пачала дзейнічаць Нацыянальная сістэма браніравання оn-lіnе. Сёння ўжо праз інтэрнэт-рэсурсы можна замаўляць атэлі і трансфер. На дадзены момант у сістэме прадстаўлена некалькі дзясяткаў беларускіх атэляў. Прычым заўважана, што зараз ідзе найбольш актыўнае браніраванне рэгіянальных гасцініц. Відаць, таму, што інфармацыі ў інтэрнэце пра іх прадстаўлена менш, чым пра сталічныя гасцініцы, і многія з іх не маюць сайтаў. Дарэчы, сістэма працуе і на англійскай мове. Кампанія, якая займаецца трансферам, дзейнічае пад маркай Еurорсаr, гатовая сустрэць турыстаў у любы час (тут працуе кругласутачная дыспетчарская служба), вадзіцелі валодаюць англійскай мовай і маюць шэнгенвізы. Плануецца, што ў далейшым у сістэме оn-lіnе можна будзе браніраваць не толькі атэлі і трансфер, але і замаўляць экскурсіі, арандаваць аўтамабілі, білеты на канцэрт. Апошні шанц зэканоміць на адпачынку Калі вы збіраецеся выехаць летам адпачыць за мяжу і не пераплаціць за сваю пуцёўку, скарыстайцеся такой паслугай, як ранняе браніраванне. Яна дзейнічае да канца красавіка. І заўважу, што некаторыя кампаніі зараз ладзяць распродаж пуцёвак. Прынамсі, самы танны адпачынак, напрыклад, на моры вы ўжо не атрымаеце — найбольш выгадна пуцёўкі было набываць у лютым, сакавіку, а зараз, у тым ліку і ў сувязі з падзеямі ў Егіпце, адбыўся рост цэн на адпачынак ва ўсіх краінах. Гэтую сітуацыю скарысталі на сваю карысць і Турцыя, і Еўропа, і Украіна. Нават калі параўноўваць кошт пуцёвак сёння з тым, што быў у лютым, адбыўся рост як мінімум працэнтаў на 10. І цэны працягваюць расці — чым пазней вы вызначыцеся з тым, куды і калі ехаць, тым больш страціце. Прынамсі, мае знаёмыя распавялі, што ў адным з агенцтваў даведаліся пра магчымасць адпачынку ў Балгарыі, а калі яны ператэлефанавалі туды праз два дні, тая ж самая пуцёўка ўжо вырасла ў цане на 50 еўра. Так, спецыяліст па продажах кампаніі "АлатанТур" Аляксей Смышляеў заўважае, што пры раннім браніраванні розніца ў цане на адпачынак бывае істотнай. Асабліва гэта тычыцца добрых атэляў. На танныя атэлі бываюць скідкі на працягу сезона (так званыя гарачыя туры). Сёння цэны на Турцыю і на іншыя краіны працягваюць расці, і ўжо бачна, што сёлета пуцёўкі будуць даражэйшымі, чым летась. Сярэдні кошт на адпачынак у Турцыі на 10 дзён у атэлі на чатыры зоркі ў чэрвені на сям'ю (бацькі і адно дзіця) можа пацягнуць на 2 тысячы долараў. Нават пры раннім браніраванні кошт расце. Бывае, турфірма афармляе дагавор, а калі пачынаецца браніраванне, высвятляецца, што кошт ужо павялічыўся. Цікаўлюся ў Аляксея, ці ўплываюць на турыстычную справу Беларусі падзеі ў Егіпце, валютныя праблемы ўнутры краіны. — Заўважана, што народ хвалюецца. У сувязі з падзеямі ў Егіпце, гэты рынак прасеў, але зараз, калі адноўлена чартарная праграма на Егіпет, людзі станоўча ўспрынялі гэтую навіну і хочуць ехаць туды адпачываць. Нязменныя лідары — Турцыя, Балгарыя, Грэцыя, Іспанія. Прапануюцца турыстам і альтэрнатыўныя кірункі. Сёлета для турыстаў, якія хочуць хутка дабрацца да свайго атэля, прапанаваны пералёт Мінск—Сімферопаль. Летась такога прамога рэйса не было. Сёлета прапануецца праграма адпачынку на Сардыніі, на Сіцыліі. Ёсць большы попыт і прапановы на Еўропу. Часцей турысты пытаюцца Чарнагорыю, Харватыю, сёлета добра прадаецца Кіпр. Пры жаданні кліента мы можам арганізаваць розныя туры, напрыклад, з нашай кампаніяй адпачываюць аматары аўтобусных падарожжаў, якіх цікавіць экскурсійная праграма. Праз нашых партнёраў можам арганізаваць і круізы, напрыклад, па Міжземным моры. Ёсць ахвотныя здзейсніць і кругасветнае падарожжа. Некага цікавіць падзейны турызм, некага — рыбалка, сафары... Зацішша на турыстычным рынку няма. У сувязі з сітуацыяй на валютнай біржы народ не ведае, што рабіць, яны хочуць хутчэй выкупіць пуцёўкі, але не заўсёды атрымліваецца закупіць валюту. Ці ўплывае дэфіцыт валюты ў банках на турыстычны бізнэс, я пацікавілася і ў менеджара кампаніі Sаkub Hоlіdау Людмілы Някрасавай: — Я магу адказаць толькі за нашу кампанію. Для нас гэта пакуль не так адчувальна. Мы адна з нешматлікіх кампаній ў Беларусі, якая мае валютную рэцэнзію. А таму, што працуем з валютай, мы незалежныя так ад біржы, як іншыя фірмы. Але ад сваіх калег я чую, што яны сутыкаюцца з вельмі вялікімі праблемамі. Усе аплаты трэба рабіць у валюце, а няма магчымасці яе купляць. Калі сітуацыя не будзе вырашацца, дрэнна будзе як кампаніям, так і кліентам. Людміла Някрасава таксама гаворыць, што на выбар беларусамі месца адпачынку ўплываюць падзеі ў Егіпце, хаця ёсць турысты, якія працягвалі туды лятаць, напрыклад, праз Кіеў. — Тым не менш, прайшла пераарыентацыя кліентаў, якія традыцыйна выбіралі гэты кірунак, на іншыя краіны. Рэальная альтэрнатыва Егіпту, безумоўна, Турцыя. Наўрад ці Турцыя будзе яшчэ ўздымаць кошты, самі хатэльеры прадаюць свае гатэлі яшчэ зімой. Цэны павышаюцца аператарамі, якія прадаюць гэтыя гатэлі і фарміруюць пакет. Добра прадаецца — не выключана павышэнне цэн на гэтым кірунку. Турцыя заўсёды добра прадавалася, незалежна ад таго, прадаецца Егіпет ці не. Традыцыйна больш за 80 працэнтаў адпачывальнікаў у летні перыяд выязджаюць адпачываць у Турцыю, тут вялікі выбар і па гатэлях і па цэнавых катэгорыях. У маі ўжо не будзе дзейнічаць ранняе браніраванне, і калі вы будзеце купляць пуцёўку на ліпень ці жнівень, шмат згубіце, бо пуцёўкі будуць прадавацца па стандартных базавых цэнах без уплыву на іх кошт рынку. Калі ж у маі будзеце набываць пуцёўку на майскі адпачынак, не выключана, што іх можна будзе атрымаць па такім жа кошце, які быў пры раннім браніраванні, калі месцы будуць "гарэць". Пры тым жа раннім браніраванні кошт можа быць неаднолькавы ў красавіку, сакавіку і лютым, хоць ёсць атэлі, якія могуць роўна даваць скідку на ўвесь перыяд продажу з лютага па красавік. Некаторыя атэлі прыпыняюць ранняе браніраванне яшчэ да канца красавіка. Таму, чым пазней вы вызначыцеся з адпачынкам, тым меншы будзе выбар. Дарэчы, па раннім браніраванні лепш за ўсё прадаюцца пуцёўкі на адпачынак ў Турцыі ў маі-чэрвені (у гэты час адпачынак таннейшы). Людміла Някрасава адзначае, што сярод кліентаў іх кампаніі сёння, акрамя Турцыі, попытам карыстаецца Іспанія. Хоць на Іспанію няма такіх прапаноў на вылет. Так, увесь беларускі рынак набірае турыстаў на адзін самалёт з Мінска на тыдзень, а на Турцыю самалёты лятаюць штодзень, а часам і 2-3 на дзень. Sаkub Hоlіdау працуе не толькі на традыцыйных кірунках (той жа Турцыяй яны займаюцца ўжо 15 гадоў. І некалі адкрывалі яе для Беларусі сваімі чартарамі), але і шукаюць пэўныя падыходы для розных турыстаў, гэта тычыцца індывідуальных тураў. Так, распрацоўваюцца новыя маршруты, напрыклад, можна выправіцца ў круіз вакол Кубы. Плануецца ў гэтым годзе прасоўваць такі накірунак, як Венгрыя з цікавымі экскурсійнымі праграмамі. Працуюць тут і пад запыты турыстаў. Напрыклад, тут была заяўка на ўзыходжанне на Арарат, а нядаўна турыстаў выпраўлялі ў Антарктыду. У кампаніі Smоk Trаvеl заўважаюць, што сёння расце попыт на Еўропу (Іспанія, Італія, Францыя, Партугалія), добра прадаецца Чарнагорыя, часта кліенты пытаюць пра Харватыю. Моладзь асабліва часта цікавіцца Лонданам, папулярнасцю карыстаюцца адукацыйныя праграмы. І як тут заўважаюць, усё ж выбар адпачынку — справа індывідуальная: туры падбіраюцца пад кожную сям'ю ў залежнасці ад усіх пажаданняў. І што тычыцца адпачынку нават у той жа Турцыі, сёння яго можна падабраць як за 2 тысячы, так і за 7-10. Сёлета Smоk Trаvеl праводзіць цікавую акцыю — кліенты атрымліваюць у падарунак трусіка і маюць магчымасць выйграць каштоўны падарунак. Што тычыцца дзіцячага адпачынку, то сёлета кошты на яго таксама выраслі. "Краіны Еўропы і іншыя зразумелі, што ў арабскі свет сёлета турысты не надта паедуць, і ўзнялі кошт", — заўважаюць у кампаніі "Сіняя птушка плюс" (кампанія размяшчаецца ў "Піцеры", займаецца арганізацыяй дзіцячых летнікаў для малечы з Расіі, Беларусі і Украіны). — Сёлета попытам карыстаецца Чарнагорыя — экалагічная краіна, у якой няма ніводнага прамысловага прадпрыемства. У Піцеры знаходзіцца прыватная школа "Узмах", педагогі якой якраз і працуюць над анімацыйнымі праграмамі лагераў. Дарэчы, калі вы занятыя на ўвесь летні перыяд, гэта яшчэ не азначае, што вашаму дзіцяці не свеціць выязны адпачынак. Нават трохгадовага сына ці дачку сёння можна выправіць у лагер самастойна — для самых маленькіх прапануюцца выязныя дзіцячыя садкі, напрыклад, у Чарнагорыі, пры гэтым такія лагеры насычаныя цікавай адукацыйнай і забаўляльнай праграмай. Гэта можа быць ухіл на англійскую мову, танцы і спорт, альбо непаседам спадабаюцца лагеры "Шпіёнскія страсці", "Тэрыторыя разумных гульняў". Прычым дзеці могуць нават не заўважаць, што яны нечаму вучацца. Так, гісторыю яны спазнаюць, выязджаючы на руіны старога горада, пераапранаючыся ў рыцарскія касцюмы. Разам з дзецьмі выязджаюць медыкі і кухары, якія ведаюць, што ядуць менавіта нашы дзеці. Лагеры — як пэўная дзіцячая аўтаномія. Яны знаходзяцца ў такіх месцах, дзе няма атэляў з іншымі турыстамі. Дарэчы, такі ці падобны адпачынак сёння можна заказаць у шэрагу турыстычных кампаній Беларусі. Пра напружанае становішча на ўнутраным рынку гаворыць галоўны спецыяліст ДУ "ЦэнтрКурорт" Святлана Завадская: "Калі турысты збіраюцца выехаць у нашы санаторыі за межы Беларусі, яны перажываюць за тое, што няма з чым ехаць, бо валюту немагчыма купіць. Беларускія санаторыі, якія прадаюцца за беларускія рублі, вельмі запатрабаваныя, і выкупляюцца ў першую чаргу. На лета ўжо забраніравана ўсё, можна толькі знайсці пуцёўкі на самы яго пачатак, на вясенні і асенні адпачынак". Але, па словах Святланы, шанц адпачыць у беларускіх санаторыях летам усё ж яшчэ ёсць: нумары, якія не выкупляюцца своечасова, выстаўляюцца ў свабодны продаж. Перыядычна з'яўляюцца вольныя месцы, і калі быць настойлівым і пастаянна нагадваць пра сябе, вам перападзе якая-небудзь пуцёўка. Сярод санаторыяў, якія раяць наведаць — гэта найперш санаторыі Упраўлення справамі Прэзідэнта: "Прыазёрны", "Сосны", "Юнацтва" і "Баравое". Дарэчы, на будучыню, калі вы хочаце адпачываць на радзіме, пра летнія пуцёўкі ў санаторый падумайце яшчэ зімой. Алена Дзядзюля. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расклад для аўтобусаў? Праз некаторы час турысты, якія любяць выязджаць на адпачынак на аўтобусе, напэўна, будуць менш часу праводзіць на мытні. У Беларусі...
|
|