Чысты чацвер
20.04.2011
—
Новости Общества
|
Чысты чацвер на перадвелікодным тыдні ставіў заключную кропку ў працяглым і паэтапным працэсе ўсеагульнага развітання (інфармацыйнага, энергетычнага, гаспадарчага) з мінулым часам. Яго вялікасць чалавек — той, хто перайначваў асвоеную ім прастору, вынішчаючы сляды леташняй дзейнасці (каб не "перацягнуць" старыя праблемы ў новы час) — аказваўся апошнім звяном у шматдзённым ланцугу ачышчальных дзеянняў. Лічылася, што ўсход сонца гэтага дня чалавек павінен быў сустрэць абноўленым, чыстым. Людзі былі глыбока перакананы, што Чысты чацвер "змывае" ўсе грахі і хваробы на цэлы год, таму асноўным рытуальным дзеяннем раніцы гэтага дня было купанне (у самых розных яго праявах). Відавочна, што самымі даўнімі былі купанні людзей у рэках, азёрах, сажалках. Нягледзячы на надвор'е, людзі ішлі да вады і хоць бы раз акуналіся ў яе. У Капыльскім раёне лічылі, што вада на досвітку Чыстага чацвярга валодае магічным уздзеянням, калі "да свету памыцца на рацэ", можна пазбавіцца ад такой хваробы скуры, як кароста. У больш позні час (і асабліва ў тых месцах, дзе не было прыродных вадаёмаў) людзі пачалі мыцца ў лазні. У ёй палілі яшчэ з вечара, каб усёй сям'ёй памыцца да ўзыходу сонца. Яшчэ пазней у некаторых мясцінах узнікла традыцыя мыцца ў той вадзе, у якую апускалі сярэбраную манету. Лічылася: хто першым памыецца, у таго на працягу года будзе чысцюткім твар. Адным з самых старажытных абярэгаў лічылася "чацвярговая" соль, якую "рыхтавалі" ў ноч з серады на чацвер. У газеце "Минский листок" (№ 74 за 1894 г.) змешчана такое паведамленне: "Напярэдадні Чыстага чацвярга беларусы пакідаюць на ўсю ноч пад адкрытым небам кавалак мыла і соль — як лякарства ад сурокаў; іх захоўваюць увесь год у кожнай хаце". Сальнічку са звычайнай соллю ў сераду перад заходам сонца ставілі на адкрытым месцы: на дровы, на стог сена або проста пад застрэшак. Падчас незвычайнай ночы яна ўцягвала ў сябе энергію сонца, месяца, зорак, паветра і набывала, на думку нашых далёкіх продкаў, гаючыя і ахоўныя якасці. Раніцай, як толькі ўзыходзіла сонца, сальнічку забіралі, неслі ў хату, "прычашчаліся" ёю, а астатняе хавалі за абразы. Быў вядомы і іншы варыянт надання солі чарадзейнай магічнай сілы. Яе перапальвалі на патэльні ў печы. Лічылася, што агонь, як і сонца, здольны быў надзяліць крышталікі солі незвычайнымі лячэбнымі здольнасцямі. Але перад тым, як перапаліць, соль змешвалі з рошчынай або хлебным мякішам, змочаным у вадзе, затым загортвалі ў невялікі кавалак ільнянога палатна, клалі ў стары лапаць і ставілі ў печ, пакідаючы там аж да суботы ці нядзелі. Вядомы звычай, калі для перапальвання солі ў печы палілі асаблівымі дровамі. На працягу ўсяго Вялікага посту гаспадыня кожную нядзелю адкладвала па адным паленцы, а ў Чысты чацвер дадаткова паліла ў печы менавіта імі. У некаторых месцах чацвярговую соль рыхтавалі ўсёй сям'ёй, калектыўна. Перад тым, як вынесці яе ў двор, бацька ставіў сальнічку на сярэдзіну стала, а кожны з дамачадцаў падыходзіў да яго і высыпаў у агульную сальнічку па жменьцы солі. У гэтым выпадку да гаючай энергіі сонца і ветру далучалася калектыўная энергія ўсёй сям'і. А з другога боку, гэты абрадавы ход быў скіраваны на тое, каб на працягу года захаваць сям'ю ў поўным складзе. На працягу года асвячоную такімі спосабамі соль выкарыстоўвалі ў самых розных сітуацыях як самы моцны абярэг і цудоўны лекавы сродак. Аксана Катовіч, Янка Крук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чысты чацвер на перадвелікодным тыдні ставіў заключную кропку ў працяглым і паэтапным працэсе ўсеагульнага развітання (інфармацыйнага, энергетычнага,...
|
|