Які характар у мужчыны — такі і яго падарунак. 21.by

Які характар у мужчыны — такі і яго падарунак

30.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Хочаце — верце...

Падарункі традыцыйна ўспрымаюцца як знакі ўвагі і з'яўляюцца неад'емнымі атрыбутамі чалавечых узаемаадносін. Цікава, што найбольш цяжкасцяў выклікае выбар падарунка для вельмі блізкага чалавека. Куды прасцей знайсці прэзент для шэфа ці калегі, чым для сваёй "паловы". Пры гэтым дагадзіць мужчыне значна лягчэй, чым жанчыне. Дастаткова памятаць, што ўсе дарослыя прадстаўнікі моцнага полу насамрэч проста вялікія дзеці, якія будуць шчаслівыя, атрымаўшы ў якасці падарунка адну з "мужчынскіх цацак". У гэтую катэгорыю, акрамя функцыянальных (кшталту набору інструментаў, армейскіх ножыкаў, барсетак, партаманетаў, партсігараў, фляжак, DVD-дыскаў, дарагіх канцылярскіх тавараў і піўных кубкаў) уваходзяць самыя недарэчныя і экзатычныя рэчы, напрыклад, самурайскія мячы і кальяны. Нават калі выбіраць падарунак для каханага даводзіцца ў самы апошні момант, пры мінімуме фантазіі і шанцавання можна знайсці нешта вартае.

Іншая справа — падарунак для жанчыны. Памыліцца тут лягчэй лёгкага, што большасць мужчын і робіць. Аднак псіхолагі раяць жанчынам не сумаваць і выкарыстаць сітуацыю на сваю карысць. Аказваецца, сам падарунак, зроблены мужчынам, можа расказаць шмат цікавага пра характар дарыльшчыка і яго жыццёвыя прынцыпы, а яшчэ намякнуць, як палепшыць вашы адносіны.

Звычайны

Гэта заўсёды матэрыяльная рэч, але якая канкрэтна — загадзя не даведацца. Часам гэта нешта дзіўна прыемнае, а часам — проста дзіўнае. Прычым да такой ступені, што ваша здзіўленне не праходзіць тыднямі. А самыя нечаканыя падарункі — кшталту прыбору для замеру электраліту ў акумулятары — вы і на залатым вяселлі будзеце ўзгадваць.

Такі дарыльшчык — самы звычайны мужчына, які валодае ўсімі неабходнымі якасцямі для таго, каб стаць надзейным спадарожнікам па жыцці. Больш часу побач з ім вы адчуваеце сябе камфортна, і толькі напярэдадні святаў пачынае трывожна заміраць сэрца. А ўсё таму, што, у прынцыпе, выбар падарунка — чужы і неарганічны для мужчын занятак, паколькі для гэтага неабходна: памятаць, у які канкрэтна дзень трэба зрабіць падарунак; умець здагадацца пра вашы жаданні па міміцы, рухах і эмацыянальных рэакцыях; знайсці пажаданае ў магазіне, выбіраючы з сотні падобных; сказаць нешта жартаўлівае падчас уручэння падарунка. Выкананне любога з вышэй згаданых пунктаў становіцца для мужчын — у сілу іх псіхафізічных асаблівасцяў — цяжкай задачай. Мужчыны амаль не чытаюць эмоцыі па твару, таму ваша патаемнае захапленне дызайнерскай сумачкай застанецца незаўважаным. Акрамя таго, яны адчуваюць сябе ў магазінах некамфортна: нават у здаровых індывідуумаў праз 20 хвілін павышаецца ціск. А ці можна за такі кароткі час паспець нешта выбраць?

І ўсё ж, выкідваць нязграбны ці непатрэбны падарунак у сметнік з драматычным каментаром кшталту "Цяпер я бачу, што табе да мяне няма справы!" не варта. Рэч усё ж можа спатрэбіцца ў побыце. Ідэальная рэакцыя — падзяка, аздобленая па магчымасці пазбаўленымі сарказму эпітэтамі ("Ух ты! Якая форма! Які нечаканы дызайн! Я пакіну яго ў сябе назаўсёды!) Ацаніце веліч ахвяры — ён усё ж ПАСПРАБАВАЎ ВЫБРАЦЬ, а для яго гэта цяжка. Але ўсё ж у наступны раз лепш не спадзявацца на шчаслівы выпадак і загадзя падкарэктаваць працэдуру ўручэння падарунка. Зрабіце намёкі больш празрыстымі і рэгулярнымі (разоў па 25 з інтэрвалам у 2-3 дні), а сваё захапленне ад атрымання сапраўды пажаданай рэчы — эфектным і запамінальным.

Зорка з неба

Ад ТАКОГА падарунка можна і слязу пусціць. Як ён здагадаўся? Як ТАКОЕ ўвогуле магчыма? Вы ж менавіта пра гэта і марылі літаральна з дзяцінства. Цуды здараюцца, калі ваш партнёр — сапраўдны чараўнік.

Дарыльшчык проста вельмі ўважлівы. Хутчэй за ўсё, вы самі некалі расказвалі яму пра сваю мару, а потым забыліся. А ён запомніў, бо для яго выкананне жаданняў партнёршы мае асаблівае значэнне. Ваша шчырая радасць дастаўляе яму столькі пазітыву, што ён гатовы выношваць ідэю падарунка гадамі, капіць на яго грошы, прыкладаць максімум намаганняў для рэалізацыі вашай мары.

У глыбіні душы ваш дарыльшчык сумуе. Асобы, занятыя здзяйсненнем чужых мар, як правіла, самі не вельмі шчаслівыя. Ім самім не хапае той радасці, якую яны імкнуцца даставіць іншым, і такой любові. Хутчэй за ўсё, вы ў гэтым не вінаватыя: пачуццё "мяне любяць толькі калі я гэтага варты" ідзе з глыбокага дзяцінства. На вас ён пераносіць сваё адчуванне неабароненасці і ад вас чакае павышанай дозы душэўнага цяпла. І не дачакаецца: мы так хутка прывыкаем да добрага стаўлення, што перастаём цаніць, успрымаем як норму. Больш за тое, менавіта ад такіх мужчын жанчыны часцей сыходзяць, пераканаўшыся ў сваёй выключнасці і мяркуючы, што з іншымі прадстаўнікамі моцнага полу іх таксама чакае феерычны поспех. Рэальнасць бывае жудаснай... Другі варыянт развіцця адносін ненамнога лепшы: абсалютна выпадкова вашаму чараўніку можа сустрэцца жанчына больш чуллівая і ўважлівая, здольная даць вашаму мужчыну пачуццё абароненасці, любові, і ацэніць яго падарункі.

Што ж рабіць? Папярэдзіць развіццё абодвух згаданых сцэнароў: ніякіх сыходаў, ніякіх чуллівых жанчын! Не скрывайце сваіх эмоцый і АБАВЯЗКОВА скажыце, што падарунак ЦУДОЎНЫ, што зрабіць яго мог толькі выключны чалавек, якога вы вельмі кахаеце — і з падарункамі, і без... Такому партнёру неабходна атрымліваць цеплыню і каханне часцей, чым іншым мужчынам, а збалаваць яго гэтым проста немагчыма. Вы проста скарэктуеце яго самаацэнку. І вас будуць любіць яшчэ мацней.

Залатыя рукі

Зборнік вершаў у жанры хоку, прысвечаны вам? Ён на гэта здатны, нават па-японску. Ваш барэльеф, выкананы на дрэве? Лёгка! Ваш партрэт, выкладзены з палавінак рысавых зярнятак? Чаму ж не! Музеі рэдкасцяў маглі б вам пазайздросціць, паколькі ў вас поўныя скрыні рэчаў, паглядзець на якія выстройваюцца чэргі. Яшчэ б, ні ў каго больш такіх падарункаў няма! Але з часам кожнае свята пачынае выклікаць у вас асацыяцыі з дзетсадаўскімі вырабамі. І хочацца чагосьці іншага (ну, кветачку жывую атрымаць з самай банальнай паштовачкай...). На жаль, па добрай волі вам букецік не падораць.

Крэатыўнасць — аснова асобы вашага партнёра. Ён і знешне непадобны на іншых: то гадзінамі маўчыць, пазіраючы ў акно, то ўсю ноч працуе, а раптам кіне працу і гады два шукае новае прызванне. Ён глыбокі інтраверт, і сярод мужчын разнавіднасці гэтага тыпу сустракаюцца даволі часта. Гэта цікавыя, з незвычайнай душэўнай арганізацыяй людзі, якія на пачатку выклікаюць у жаночым сэрцы вельмі цёплыя пачуцці. Але паступова адасобленасць праяўляецца мацней і пачынае перашкаджаць. Нам, жанчынам, патрэбна ўзаемнасць, цеплыня і ўпэўненасць, што чалавеку без нас дрэнна. А інтраверту без нас добра! Да такой ступені, што ўзнікаюць сумненні — ён увогуле здольны адчуваць хоць што-небудзь? Здольны нават на каханне, проста ўсё гэта выглядае незвычайна. Як і яго падарункі.

Тып нервовай сістэмы змяненням не падлягае, вашы прэтэнзіі такі партнёр не зразумее, а скандалы ён проста не пераносіць. Дык жывіце і не пакутуйце дарэмна. Але, калі, прааналізаваўшы адносіны, вы зразумееце, што плюсоў больш, чым мінусаў, што ўсё роўна хочаце жыць з гэтым мужчынам і завесці агульных дзяцей, проста гэтыя хоку з рысавым зернем вам надакучылі, то варта зрабіць наступнае. Знайсці надзейнага чалавека, да якога ваш партнёр ставіцца станоўча (напрыклад, яго сястра ці нехта з агульных знаёмых), які пачне мякка, але досыць рашуча кіраваць падрыхтоўкай да святаў. Асабліва ў той частцы, якая тычыцца падарунка вам. Гэта адзіны варыянт — сам партнёр ніколі не здагадаецца пра вашы патрэбы і тым больш не пойдзе ў краму нешта выбіраць.

Мех прыколаў

Ну, не можа ён гэта зрабіць проста так!.. Яму абавязкова неабходна, каб хто-небудзь пасмяяўся. Нават набыўшы пярсцёнак, ён упакуе футлярчык у прамасленую паперу і пакладзе ў авоську, а потым будзе сачыць за вашай рэакцыяй. Мужчыны, у прынцыпе, схільныя да іранічных жартаў, аднак, калі яго паводзіны не мяняюцца і ўсе падарункі выклікаюць непаразуменне і крыўду, — гэта нагода сур'ёзна задумацца.

Такі дарыльшчык можа адносіцца да аднаго з двух тыпаў, прычым цалкам процілеглых. Першы — бяскрыўдны, вельмі ранімы і няўпэўнены ў сабе чалавек. Жарты і іронія для яго — своеасаблівае прыкрыццё. "Лепш няхай нада мной смяюцца, чым заўважаць мае недахопы" — гэта яго дэвіз. Другі тып не такі бяскрыўдны. Хутчэй, наадварот, ён самаўпэўнены і пагардліва ставіцца да людзей. Падаграваючы сваё пачуццё ўласнай значнасці, дазваляе сабе хамскія паводзіны. Рэдка — калі ён не скандальны і не агрэсіўны — атрымліваецца паставіць яго на месца.

З тыпам № 2 варта весці сябе аналагічным чынам, якім бы цяжкім гэта вам ні падавалася (у партнёры такія людзі выбіраюць асоб мяккіх і ўражлівых): дарыце яму тое, пра што ва ўсіх парадах значыцца як "НІ Ў ЯКІМ РАЗЕ!". Гэта можа быць, напрыклад, дэзадарант для мужчын, што пакутуюць на павышаную патлівасць, ці сродак для ўзмацнення эрэкцыі з запіскай "Спадзяюся, усё пройдзе паспяхова". І яшчэ — не забудзьцеся арганізаваць скандал і не саромейцеся ў выбары эпітэтаў у яго адрас. Парада жудасная, але што рабіць? Такія людзі могуць "піць кроў" сваіх блізкіх усё жыццё.

А тыпу № 1 трэба дапамагчы. Для таго, каб ён расслабіўся, намагайцеся часцей аказваць яму падтрымку, унушаць упэўненасць ва ўласных сілах.

Грошы, ці прапанова вам самой схадзіць і выбраць сабе падарунак

Ёсць мужчыны, якія адмаўляюцца прымаць правілы гульні, таму напярэдадні вашага дня нараджэння яны могуць сказаць: "Заўтра я па справах ад'еду, ты сама што-небудзь знайдзі ў магазіне, а я аплачу, калі вярнуся". Жанчыну такія паводзіны задавальняюць толькі ў адным выпадку: калі партнёра яна ненавідзіць, выйшла замуж па разліку і ў яе ёсць той, хто заўтра яе парадуе па-сапраўднаму.

У свядомасці такога партнёра адносіны займаюць так мала месца, што ніякага негатыву ў сваіх паводзінах ён не заўважае. Была б яго воля, ён увогуле б адмяніў традыцыю дарыць падарункі. Гэта занадта стамляе. Хутчэй за ўсё, такая пазіцыя сфарміравалася яшчэ ў сям'і яго бацькоў, тата і мама не вельмі любілі сюрпрызы і святы. Паспрабуйце высветліць, да якога ўзросту да яго прыходзіў Дзед Мароз, вельмі верагодна, што ніколі.

Для выпраўлення сітуацыі варта ўзяць на ўзбраенне новыя правілы — тыя, якія больш будуць падабацца вам і вашым дзецям. Абавязкова ўключыце сюды бурныя віншаванні з пяшчотнымі пацалункамі і сотнямі добрых слоў, сюрпрызы і падарункі з любой нагоды.

Падрыхтавала Іна АРЭХАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падарункі традыцыйна ўспрымаюцца як знакі ўвагі і з'яўляюцца неад'емнымі атрыбутамі чалавечых узаемаадносін. Цікава, што найбольш цяжкасцяў выклікае выбар...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика