Анемія спрыяе ішэміі і заўчаснаму старэнню. 21.by

Анемія спрыяе ішэміі і заўчаснаму старэнню

07.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Самым распаўсюджаным захворваннем крыві з'яўляецца анемія — з ёю сутыкаецца неверагодна вялікая колькасць людзей. Праўда, у адных выяўляецца сапраўды самастойнае захворванне, а ў другіх размова ідзе пра ўскладненне некаторых хвароб, у тым ліку інфекцыйных і анкалагічных. Анемія (з грэч. — бяскроўе) — гэта зніжаная колькасць гемаглабіну або гемаглабіну і эрытрацытаў у пэўным аб'ёме крыві. Большасць з нас і не задумваецца над тым, што за гэтымі нізкімі значэннямі хаваецца не проста млявасць і апатыя, але і рызыка развіцця ішэміі міякарда, і заўчаснае старэнне, паколькі анемія любога паходжання выклікае гіпаксію — кіслароднае галаданне тканак.

— Вядома некалькі відаў анеміі, але самай распаўсюджанай з'яўляецца жалезадэфіцытная, — расказвае ўрач лабараторнай дыягностыкі, загадчыца клініка-дыягнастычнай лабараторыі 18-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяна СТРАЛЬЦОВА. — Найбольш частай прычынай жалезадэфіцытнай анеміі з'яўляецца дэфіцыт жалеза, неабходнага для сінтэзу гемаглабіну, які, у сваю чаргу, неабходны для пераноскі належнай колькасці кіслароду да тканак арганізма. Кісларод, як вядома, дапамагае арганізму атрымаць энергію і трываласць, надае скуры здаровы колер. Калі мы трапляем у памяшканне, дзе няма свежага паветра, то праз нейкі час адчуваем толькі адно жаданне — як мага хутчэй пакінуць гэты пакой. Пры анеміі нашы клеткі не здольныя нармальна працаваць...

Гемаглабін — чырвоны, багаты на жалеза бялок эрытрацытаў — робіць магчымым дастаўку кіслароду ад лёгкіх да мозгу, іншых органаў і тканак. Нізкая колькасць гемаглабіну ўказвае на тое, што арганізм або сінтэзуе недастатковую колькасць здаровых эрытрацытаў, або надта шмат іх губляе, або вынішчае іх хутчэй, чым можа аднавіць. У выніку на пачатку захворвання могуць непакоіць невялікая стомленасць і бледнасць скураных покрываў. Лепш за ўсё бледнасць бачная на пазногцевых ложах, далонях, унутранай паверхні павек і губ. Пры фізічнай нагрузцы стомленасць надыходзіць хутчэй, чым звычайна. Могуць назірацца і пераднепрытомнасныя станы, пахаладанне кісцяў і стоп. Паступова анемія можа стаць настолькі цяжкай, што сэрцабіццё стане надта частым і заўважным.

Якім жа чынам у арганізме ўтвараецца дэфіцыт жалеза? У першую чаргу гэта назіраецца пры недастатковым паступленні жалеза з ежай. Другая важная прычына — шэраг захворванняў, пры якіх парушаецца ўсмоктванне жалеза ў кішэчніку або якія суправаджаюцца павольнай хранічнай кровастратай (гастрыт, язва страўніка і дванаццаперснай кішкі, паліп тоўстага кішэчніка, рак тоўстага кішэчніка, грыжа страваводу і нават працяглае расстройства страўніка). Страце жалеза будуць спрыяць і моцныя менструацыі. Амаль заўсёды ўсе цяжарныя жанчыны, якія не прымаюць дабаўкі жалеза, перажываюць яго дэфіцыт. Парушаць баланс жалеза здольныя міёма маткі, рэўматоідны артрыт, злаякасныя новаўтварэнні, гепатыты, сепсіс, інфаркт міякарда і нават глісныя інвазіі.

Парушэнне ўсмоктвання жалеза ў тонкім кішэчніку можа быць абумоўлена, напрыклад, прыёмам некаторых лекаў. Да жалезадэфіцытнай анеміі здольны прывесці пастаянны прыём лекаў, якія блакіруюць прадукцыю салянай кіслаты страўніка, — гэта так званыя інгібітары пратоннай помпы. Саляная кіслата патрэбна для пераводу харчовага жалеза ў форму, даступную для хуткага ўсмоктвання.

— Для пастаноўкі дыягназу жалезадэфіцытнай анеміі звычайна прымяняецца даследаванне крыві, — кажа Таццяна Стральцова. — Агульны аналіз крыві выдае нам колькасць эрытрацытаў і гемаглабіну. Здараецца, што на фоне нізкага гемаглабіну колькасць эрытрацытаў можа быць нармальнай. Гэта абумоўлена тым, што пры любой анеміі абавязкова назіраецца кіслароднае галаданне тканак, што вымушае мозг больш актыўна выпрацоўваць эрытрацыты. Паколькі выпрацоўваюцца яны хутчэй, чым належыць, то з'яўляюцца няспелымі, а значыць, недастаткова выконваюць сваю функцыю. Калі агульны аналіз крыві ўказвае на нізкі ўзровень гемаглабіну, неабходна зрабіць яшчэ біяхімічны аналіз крыві на ўтрыманне жалеза ў сыроватцы крыві...

Без лячэння жалезадэфіцытны стан прыводзіць да хуткага і нерэгулярнага сэрцабіцця (арытміі), а ў хворых са звужаным прасветам артэрый, якія харчуюць сэрца (з паталогіяй каранарных артэрый), — і да стэнакардыі. У больш цяжкіх выпадках анемія здольная справакаваць інфаркт міякарда.

Жалезадэфіцытную анемію немагчыма вылечыць за кароткі тэрмін. Для аднаўлення запасаў жалеза можа спатрэбіцца некалькі месяцаў ці нават больш.

Асновай прафілактыкі анеміі, не звязанай са спадарожнай паталогіяй, з'яўляецца правільнае харчаванне. На жалеза багатыя мяса, рыба, хатняя птушка, яйкі, бабовыя, бульба і рыс. Утрымліваецца жалеза і ў гародніне, аднак з яе яно горш засвойваецца. Трэба мець на ўвазе, што гемаглабін — гэта бялковае ўтварэнне. А значыць, у першую чаргу для папаўнення запасаў жалеза нам патрэбны прадукты жывёльнага паходжання, у тым ліку малочныя — тварог, цвёрды сыр.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Вітамін В 12 дэфіцытная анемія

Урач лабараторнай дыягностыкі, загадчыца клініка-дыягнастычнай лабараторыі 18-й гарадской паліклінікі г. Мінска Таццяна СТРАЛЬЦОВА:

— Мегалабласная (або вітамін В 12 дэфіцытная) анемія абумоўлена двума фактарамі: дэфіцытам вітаміну В 12, які ў недастатковай колькасці паступае ў арганізм з ежай, і недастатковай колькасцю спецыяльнага бялку, без якога В12 не ўсмоктваецца.

Вітамін бярэ ўдзел у сінтэзе ДНК і РНК, пры яго дэфіцыце парушаецца кроватварэнне (замест нормабластычнага яно становіцца мегалабластычным). Пры дэфіцыце В 12 у першую чаргу церпяць абалонкі нервовых клетак. Працягласць жыцця эрытрацытаў пры такога кшталту анеміі скарачаецца ў 2-3 разы. За кошт змяншэння колькасці эрытрацытаў у крыві развіваецца гіпаксія.

У цэлым вітамін В 12 дэфіцытная анемія праяўляецца парушэннямі з боку стрававальнай, нервовай і кроватворнай сістэм. Спачатку можа назірацца зніжэнне апетыту, змяненне пачуцця смаку (можа адварочваць ад такіх прадуктаў, як мяса, хлеб і інш.), пачуццё смылення і болю ў языку (асабліва пры ўжыванні кіслых прадуктаў). Далей узнікае млоснасць, ванітаванне, адрыжка. Часам павялічваецца печань, селязёнка. Хворыя часцей поўныя, скура бледная. Паражэнне нервовай сістэмы праяўляецца аняменнем, паколваннем, поўзаннем "мурашак", слабасцю ў нагах ("ватныя ногі"). У цяжкіх выпадках могуць развівацца псіхічныя расстройствы.

Вітамін В 12 дэфіцытныя анеміі добра паддаюцца лячэнню. Вітамін утрымліваецца толькі ў прадуктах жывёльнага паходжання — мясе, печані, малацэ, яйках. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самым распаўсюджаным захворваннем крыві з'яўляецца анемія — з ёю сутыкаецца неверагодна вялікая колькасць людзей. Праўда, у адных выяўляецца сапраўды...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика