Пад чароўны спеў цымбалаў. 21.by

Пад чароўны спеў цымбалаў

20.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Амерыканскі дырыжор Карэн Ніксан-Лейн у захапленні ад высокага майстэрства беларускіх музыкантаў і самой краіны. А ў Мінску яна пачувае сябе як дома.
У дырыжора Карэн Ніксан-Лейн (справа) са спявачкай Нінай Кавалёвай — поўнае творчае паразуменне“Вясна, каханне і жанчыны” — пад такой назвай прайшоў нядаўна адметны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча. Задуманы ён быў як творчы вечар вядучай салісткі аркестра, вядомай выканаўцы беларускіх народных песень Ніны Кавалёвай, а ператварыўся ў вялікае вандраванне ў свет музыкі. Бо гучалі ў Белдзяржфілармоніі творы амерыканскіх і беларускіх аўтараў, народныя песні, мелодыі з галівудскіх кінафільмаў і вядомых мюзіклаў, фальклорныя аркестравыя п’есы. Былі спачатку скептыкі: ці магчыма такое ажыццявіць? На дапамогу прыйшла амерыканскі дырыжор Карэн Ніксан-Лейн: яна падарыла аркестру шэраг унікальных сімфанічных партытур. Па-майстэрску адаптавалі іх для выканання на народных інструментах аранжыроўшчыкі Аляксандр Крамко і Анатоль Курмакін.
А першая сустрэча беларускіх музыкантаў-“народнікаў” са спадарыняй Ніксан-Лейн адбылася толькі напярэдадні канцэрта. Я ведала, што выспявае такі незвычайны міжнародны праект, а Карэн дазволіла мне пабываць на першай рэпетыцыі. І, прызнацца, была я проста ў захапленні ад яе прыцягальнага таленту. Пагутарылі ж мы крыху пазней.
— Карэн, як вы змаглі адважыцца звязаць свой лёс з такой складанай прафесіяй? Яна ж традыцыйна прылічаецца да мужчынскіх, дзе шануюцца ўладарнасць характару і нават некаторая аўтарытарнасць…
— Я нарадзілася ў штаце Мічыган у Дэтройце ў вялікай сям'і. Мае бацькі часта музіцыравалі дома, а тата нават спрабаваў рабіць скрыпкі. І таму, вядома ж, я была захопленая музыкай. Спачатку навучылася іграць на баяне, затым на валторне і паспяхова працавала адзінаццаць гадоў у амерыканскім сімфанічным аркестры. Тады і зразумела, што жадаю стаць дырыжорам — ізноў паступіла вучыцца. Пашанцавала, што трапіла на курс выдатнага амерыканскага кампазітара і дырыжора Леанарда Бернстайна. Дзякуючы яму перада мной адкрыўся цалкам іншы свет музыкі, і цяпер я проста жадаю перадаць тое, што сама бачу і адчуваю, аркестру і публіцы. А хто дырыжор — жанчына ці мужчына — для мяне наогул няма розніцы, я пра гэта ніколі неяк не задумвалася… Я музыкант і, можна сказаць, проста перакладчык. Калі працую з аркестрам, то думаю пра кампазітара, музыку, якую мы выконваем, і пра тое, як дакладней перадаць усе эмоцыі мовай гукаў.Амерыканскі дырыжор Карэн Ніксан-Лейн
— Ці не цяжка вам пераносіць немалыя фізічныя нагрузкі?
— У мяне выдатная падрыхтоўка, бо штодня займаюся фізкультурай. На сцэне, пакуль гучыць музыка, магу працаваць суткі, усе 24 гадзіны — і пры гэтым не адчуваю стомы.
— Калі і дзе вы ўпершыню пазнаёміліся з беларускімі музыкантамі?
— Гадоў адзінаццаць таму геніяльны беларускі дырыжор Генадзь Праватораў запрасіў мяне папрацаваць з яго аркестрам. Да таго пра Беларусь я не ведала нічога. Калі ж прыехала ў Мінск і прыйшла на першую рэпетыцыю, то проста ўлюбілася ў вашых таленавіцейшых музыкантаў, у ваш горад і ў вашых людзей. Пасля канцэрта я плакала ад шчасця, ад той цеплыні, якую тут адчула. І сёння ў Мінску я пачуваю сябе як дома. У мяне шмат сяброў, я пазнаёмілася з многімі сем'ямі, а іх дзеці раслі ў мяне на вачах.
— З нашым Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам вы пазнаёміліся ўпершыню. Што адчуваеце, калі гучаць зусім не традыцыйныя для вас інструменты?
— Сапраўды, многія музычныя інструменты, якія ёсць у аркестры, я бачыла раней толькі ў музеях. Некаторыя, напрыклад, своеасаблівыя дудачкі я чула, паколькі мая мама чэшка і мне даводзілася бываць на канцэртах чэшскіх музыкантаў. А ўявіць сабе, што цымбалы, дуды, жалейкі настолькі музычныя, — я нават не магла. Гэта вельмі ўражвае, калі на цымбалах іграюць сімфанічную музыку. Цяпер ведаю: на народных інструментах можна іграць усё, што заўгодна.
— У вас ёсць жаданне працягнуць супрацоўніцтва з народным аркестрам?
— Калі будзе такая магчымасць, я буду шчаслівая. На жаль, за мяжой, асабліва ў нас у Амерыцы, пра вашу краіне ведаюць мала, пра аркестр імя Жыновіча — яшчэ менш. А ён унікальны! Нічога падобнага больш у свеце няма. Гэта адзіны ў свеце аркестр, практычна аналаг сімфанічнага, толькі замест струннай групы інструментаў ідуць цымбалы. А мне вельмі хацелася б, каб людзі і далёка за мяжой ведалі, што ёсць такі супер-аркестр.

Іна Ганчаровіч

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Амерыканскі дырыжор Карэн Ніксан-Лейн у захапленні ад высокага майстэрства беларускіх музыкантаў і самой краіны. А ў Мінску яна пачувае сябе як дома.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика