Казкі старога «Беларусьфільма»,альбо Калі нашы аніматары зробяць беларускага «Шрэка»? (беларуская анімацыя вачыма яе стваральнікаў)
05.07.2011
—
Новости Общества
|
Днямі я патрапіла на незвычайнае мерапрыемства. Журналістам паказвалі новыя беларускія мультфільмы. Зладзілі такі адмысловы паказ, каб хоць прэса пабачыла анімацыю вытворчасці студыі мультыплікацыйных фільмаў "Беларусьфільма"... Бо сапраўды беларускія мульцікі нельга пабачыць амаль нідзе: ні па тэлебачанні, ні ў кінатэатрах... Можна, праўда, прыдбаць дыск "Зборнік мультфільмаў", які год таму выпусціла кампанія "ВІГМА" па заказе "Беларусьфільма". Але знайсці яго сярод мноства дыскаў з заморскай анімацыяй можа толькі той, хто ведае пра яго існаванне. Рэкламы няма. Ад чаго перасмыкае беларускіх аніматараў? І вось мы паглядзелі "Беларускія прымаўкі" (2008) Міхаіла Тумелі, "Птаху" (2009) Аляксандра Ленкіна, "Было лета" (2010) Ірыны Кадзюковай, "Аднойчы, пад Новы год" (2009) Алены Пяткевіч, чацвёрты выпуск "Аповесці мінулых гадоў" пра гербы беларускіх гарадоў і мястэчак, "Лісу і жураўля" (2010) Уладзіміра Пяткевіча, "Сараканожку" (2011) — мультфільм для самых маленькіх Таццяны Кубліцкай і сумесны беларуска-расійскі мультфільм "Казкі старога піяніна. Сяргей Пракоф'еў" (2011). Беларуская анімацыя — гэта самабытны свет, абсалютна ўнікальны, хоць у нечым і не зусім дасканалы. З-за сваёй адарванасці ад тэхнічнага прагрэсу, адсутнасці новых тэхналогій і іншых 3D-магчымасцяў сучаснасці беларуская анімацыя не страціла яшчэ душэўнасці і шчырасці. Але і здаровыя капіталістычныя стасункі ў кінастудыі "Беларусьфільм" са спажыўцамі пакуль так і не склаліся. Калі беларускія аніматары чуюць пытанне пра распаўсюджванне сваіх фільмаў, іх пачынае нервова перасмыкаць... І я іх разумею. Па сутнасці, усё, што яны могуць (а гэта ўжо, безумоўна, нямала!) — гэта зрабіць мультфільм. Далей — дыстрыб'юцыя, паказы па ТБ, выпуск дыскаў, удзел у кінафестывалях — усё справа "Беларусьфільма". Мультыплікатары не маюць нават ніякіх аўтарскіх маёмасных правоў на свае карціны. Усе гэтыя правы належаць кінастудыі. Таму нават самі адправіць свой фільм на фестываль рэжысёры не могуць. — Зараз прадзюсарам у нас намінальна нібыта выступае Міністэрства культуры, — распавядае рэжысёр-мультыплікатар Уладзімір Пяткевіч. — Але там няма ніякіх службаў, якія б займаліся прасоўваннем і пракатам. На студыі створаны рэкламны аддзел, напрыклад... Але гэта такія занядбаныя канторкі, якія, дай Бог, калі хоць на нейкі фестываль адправяць. І ўсё — на гэтым іх дзейнасць заканчваецца. Гэта несур'ёзна. А вось неяк я рабіў невялічкі фільм для французаў. Там зусім іншая сістэма, чым у нас. Там таксама ёсць прадзюсар. Але працуе ён абсалютна па-іншаму. Ён падае маю заяву ва ўстанову — іх аналаг Міністэрства культуры. Гэтая ўстанова дае прадзюсару паперку, што, маўляў, праект зацверджаны, прыняты да вытворчасці, і прадзюсар з гэтай паперкай абыходзіць і абзвоньвае ўсе тэлеканалы, дзе ў яго ёсць знаёмыя і дзе гэты праект нейкім чынам па профілі. Фільм не запускаецца ў вытворчасць, пакуль прадзюсар не набярэ неабходны пакет заказаў. Яму не столькі важна атрымаць нейкія грошы ад тэлеканалаў, колькі атрымаць згоду на далейшы пракат гэтага праекта на тэлебачанні, калі ён будзе гатовы. І калі ў прадзюсара ёсць пакет заказаў ад каналаў, якія ў будучыні забяспечаць пракат карціны, ён дае каманду рэжысёру пачынаць працу над кіно. А ў нас атрымліваецца так: мы робім кіно, і невядома, куды мы яго потым уцюхаем. Цікава, тым не менш, што айчынная студыя мультыплікацыйных фільмаў развіваецца. І нават павялічыла аб'ём вытворчасці. Калі ў 2009 годзе агульная працягласць мультфільмаў складала 44 хвіліны, у 2010 — 66 хвілін, то ў 2011 годзе мяркуецца зрабіць 81 хвіліну (7 мультфільмаў). Праўда, першапачаткова сёлета планавалася мультфільмаў на 90 хвілін, але з-за раптоўнай эканамічнай нестабільнасці ў краіне планы давялося падкарэктаваць. — Мы пашырылі вытворчасць. Пару гадоў таму мы здымалі 3-4 мультфільмы ў год. Сёлета здымаем больш. Прагрэс відавочны, — перакананы рэжысёр-аніматар Аляксандр Ленкін, — Таму нам патрэбны маладыя спецыялісты, творчыя і тэхнічныя супрацоўнікі. Каб дапамагаць нам рабіць дастойнае кіно. Шрэк за гарамі Што ж тычыцца ўкаранення новых тэхналогій і стварэння поўнаметражных калектыўных 3D-мультфільмаў, якіх усе так чакаюць ад нашых аніматараў, то да гэтага яшчэ вельмі далёка... Беларускія аніматары ў адзін голас сцвярджаюць, што для гэтага патрэбна сур'ёзнае абсталяванне, сур'ёзныя грошы, шмат сур'ёзных камп'ютарных спецыялістаў... — Час ад часу ўзнікаюць ідэі зрабіць сумесны поўнаметражны мультфільм. Таксама як і лунаюць у паветры ідэі зрабіць фільм, які можна будзе паказваць у 3D-кінатэатрах, — распавядае Аляксандр Ленкін. — Але гэтыя ідэі, як правіла, упіраюцца ў начальства. А начальства ў нас шмат. У нас ёсць дырэктар мультсудыі, дырэктар кінастудыі, старшыня Дэпартамента па кінематаграфіі. І ўся гэтая структура даволі грувасткая, непаваротлівая. Для таго, каб нейкая ідэя была рэалізаваная, на мой погляд, самым галоўным з'яўляецца жаданне нейкай асобы з гэтага начальства і яе рашучасць у дзеяннях. Я абсалютна ўпэўнены, калі б каму-небудзь з іх прыйшла ў галаву светлая ідэя зняць 3D-фільм, то нягледзячы ні на што, мы б яго знялі. Тым больш што ніхто не прымушае нас рабіць адразу поўнаметражны 3D-фільм... Атрымліваецца, што рэжысёры проста закладнікі сітуацыі. Нармальных умоў для працы на кінастудыі ў іх няма, сыходзіць таксама няма куды... Хіба што з'язджаць. Рэжысёры сталага пакалення гэты шлях не выбіраюць, але яго выбіраюць маладыя творцы. Вось чаму айчыннай кіна- і анімацыйнай вытворчасці так складана знайсці маладых аўтараў.— Мы ўсе ўжо стомленыя ад пытання, калі мы зробім беларускага "Шрэка", — скардзіцца рэжысёр-мультыплікатар Таццяна Кубліцкая. — Насамрэч гэта будзе не хутка. Мы, у прынцыпе, робім тое, што можам у гэтых умовах... А ад нас чакаюць нейкі поўнаметражны 3D-шны мультфільм. Насамрэч мы проста да гэтага не гатовы. Каб зрабіць поўнаметражны 3D-мультфільм, трэба, у любым выпадку, акрамя творчай групы, сцэнарый добры, рэжысёр, які гэтым зоймецца. У нас няма вялікай колькасці людзей з якаснай тэхнічнай падрыхтоўкай і мастацкай адукацыяй, якія б сёння маглі ўзяцца рабіць такі фільм. Плюс сама падрыхтоўка да такога фільма патрабуе не аднаго года. А мы сабе гэтага дазволіць не можам, таму што бюджэт кінастудыі плануецца толькі на год наперад. А пачынаць працаваць над шматгадовым праектам, не будучы ўпэўненымі ў тым, што з ім будзе далей, мы не хочам... Зрэшты, за ўсё гэта было б не так крыўдна, калі б мы ўмела распараджаліся тым, што ў нас ёсць, — выдатнымі мультфільмамі. Само сабой не знікае пытанне: чаму так складана патэлефанаваць на сваё ж роднае беларускае тэлебачанне і прапанаваць новы класны беларускі мультфільм?! — Не, не складана, сцвярджае Сяргей Сычоў, дырэктар студыі мультыплікацыйных фільмаў "Беларусьфільма". — Але здараецца рознае: то асабістыя стасункі паміж дырэктарам студыі і кіраўнікамі тэлебачання сапсаваліся, то яшчэ нешта... Ну, і наогул, яны ж гэта паказваюць амаль бясплатна. Ці плацяць тры капейкі за паказ..., — распавядае Сяргей Рыгоравіч. Усё-ткі, напэўна, гэта няправільна, калі вырашальным з'яўляецца не прафесіяналізм і адладжаная надзейная сістэма стасункаў паміж вытворцамі фільмаў, дыстрыб'ютарамі і спажыўцамі, а чалавечы фактар, нейкае асабістае непрыняцце. І пакуль гэтая сітуацыя не зменіцца, беларускія мультфільмы так і будуць пыліцца на паліцах кінастудыі, а рэжысёры зрэдку на нейкіх самадзейных пачатках будуць паказваць сваё анімацыйнае кіно гледачам. Тут складана абвясціць вінаватым кагосьці аднаго. Вінаватыя ўсе: і рэжысёры, і кінастудыя з-за сваёй рэкламнай пасіўнасці, абсалютна непрымальнай ў капіталістычным глабалісцкім грамадстве. Магчыма, нават журналісты, якія недастаткова ўвагі надаюць айчыннай анімацыі, яе праблемам і дасягненням. Вось распавядалі мне пра адзін выпадак, калі ў кінатэатры "Ракета" зладзілі цэлую праграму беларускай анімацыі. І нават тэлебачанне прыехала зняць пра гэтую падзею сюжэт. Але потым чамусьці гэты сюжэт не трапіў у эфір. Відаць, там вырашылі, што паказ беларускай анімацыі — не такая значная падзея. А шкада... Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Днямі я патрапіла на незвычайнае мерапрыемства. Журналістам паказвалі новыя беларускія мультфільмы. Зладзілі такі адмысловы паказ, каб хоць прэса пабачыла...
|
|