Гара ежы на лустачцы хлеба
14.07.2011
—
Новости Общества
|
Любімая дацкая страва — смарэброт. Ці па нашаму — бутэрброд. У Даніі налічваецца больш за дзвесце відаў бутэрбродаў. І кожны з іх мае сваю ўласную назву. У звычайнай кавярні музея рэтра-ровараў турыстаў чакаюць розныя стравы, напоі і марозіва. Але мне асабліва кінуліся ў вочы дзясяткі розных бутэрбродаў на вітрыне. Між іншым, дацкія бутэрброды, або смарэброты, як іх тут называюць, вельмі папулярная ежа. Яны свайго роду харчовы культ. Наогул смарэброт уяўляе сабой бутэрброд з рознымі намазкамі. Ён можа быць і адзінарным, і ў некалькі слаёў, варыянтаў мноства. Ну, а каб уяўленне не намалявала звычайны наш бутэрброд, адзначым: дацкі смарэрброт выглядае, як гара ежы на тоненькай лустачцы хлеба. Напэўна, мала хто ведае, што аўтарства вынаходніцтва частаваць гасцей стоячы — так званы шведскі стол — належыць не шведам, а датчанам. У скандынаўскіх краінах паняцце "смарэбротседэл" (шведскі стол) дацкага паходжання. Прынамсі так сцвярджалі мае дацкія сябры. Дарэчы, іх кухня мае найбагацейшы асартымент халодных страў. Асноўную яго частку складаюць, вядома, смарэброты. Дарэчы, яны ў ЗША ператварыліся ў гамбургеры. У Даніі вельмі шмат прадуктаў ужываецца для бутэр-бродаў. Адзін іх пералік заняў бы некалькі старонак кухарскай кнігі. Яны бываюць мясныя, рыбныя і агароднінныя. Да бутэрбродаў тут часта падаюць салаты або накладваюць гатовую салату на хлеб. Для гэтай мэты падыходзіць і дацкая салата з макароны, дзе адварныя морква, квяцістая капуста і карані харчовых раслін перамяшаны з варанай макаронай і кавалачкамі вяндліны, а ўсё разам запраўлена маянэзам. На лусту хлеба кладуць селядзец, зялёную фасолю і капенгагенскую салату, якая складаецца з варанай рыбы, салёных агуркоў і свежых памідораў, запраўленых рознымі соусамі. І нават салёную курыцу з ананасам. Яна ж з'яўляецца і асобнай самастойнай стравай, уяўляе сабой варанае марынаванае курынае мяса пад маянэзам, які папярэдне разбаўлены ананасавым сокам. Зверху мяса пасыпаецца дзёртым ананасам. Салёную курыцу з ананасам часам падаюць і ў гарачым выглядзе, а гарнірам да яе з'яўляецца запечаная бульба. Свае бутэрброды датчане ядуць у строга пэўным парадку — спачатку рыбу, потым мяса, потым сыр. І абавязкова відэльцам і нажом! Самыя складаныя шэдэўры маюць па некалькі паверхаў. У Дацкім Каралеўстве харчаванне не трохразовае, як у Беларусі. Тут з 7.00 да 10.00 — ранні сняданак. Так бы мовіць, лёгкая размінка. З 12.00 да 14.00 — уласна сняданак, а па-беларуску — абед. Абедаюць датчане, калі сонца пачынае хіліцца да захаду — з 18.00 да 21.00. Вячэра ўяўляе сабой халодны, неразагрэты абед ...Данія — марская краіна, і аснову яе кухні, вядома, складаюць рыба і іншыя марскія прадукты. З рыбы гатуюць першыя і другія стравы. Але не забываюць датчане і пра мясныя стравы. Надзвычай папулярная ў датчан смажаная свініна з гарачай чырвонай капустай. Не менш часта ўжываюць свіную печань з храбусткой смажанай цыбуляй або паштэт са свіной печані. На гарнір падаюць смажаную бульбу або тушаную капусту. Традыцыйныя нацыянальныя стравы: рагу са свініны з гарачай чырвонай капустай, салёная курыца з ананасам, свініна з яблыкамі і чарнаслівам, гародніна з салам — шпік па-дацку. Любяць у Даніі рэд мар мез флэзе — густы кісель з чорнай парэчкі з узбітымі вяршкамі. Вельмі смачныя тут булачкі, увесь свет ведае іх пад назвай капенгагенскіх або дацкіх. Смачныя і дацкія дэсерты: яблычны пірог з парэчкавым жэле і ўзбітымі вяршкамі, а таксама суп з трускалак і ажыны з вяршкамі — нешта сярэдняе паміж узварам і вадкім варэннем. Нашчадкі некалі ваяўнічых вікінгаў даўно памянялі меч на плуг. І хлеб здабываюць не зброяй, а ўпартай працай на фермах і палетках. Данія — краіна эфектыўных сучасных тэхналогій, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Тут фермеры нават цвікі даўно ўжо не забіваюць малатком, забыліся на гэта, а заганяюць іх у дрэва ці сцяну спецыяльным прыстасаваннем. Вельмі развітая ў Даніі сельская гаспадарка дазваляе амаль поўнасцю забяспечваць харчаваннем. У гэтым датчане падобныя на беларусаў. І трэба сказаць, тут харчовыя прадукты: малочныя, мясныя, хлебабулачныя, кандытарскія, якімі мяне частавалі, — і якасныя і, зразумела, смачныя. Паўсюдна на зялёнай траўцы пасвяцца статкі прыгожых, чысцюткіх элітных парод кароў, авечак. У спецыяльных загонах — элітныя коні, якіх даўно ўжо не прыцягваюць да сельскагаспадарчай працы. На палетках працуе магутная і высокатэхналагічная тэхніка. І разам з тым у Даніі, як і ў Беларусі, з вялікай павагай ставяцца да сваёй галоўнай аграрнай культуры — бульбы. Штогод у верасні тут традыцыйна адзначаецца Дзень бульбы. Ён не пазначаны чырвонай фарбай у календары, як кажуць у нас, але па размаху і энтузіязме, з якім Дзень адзначаецца ў краіне, гэта, без перабольшвання, нацыянальнае свята. Пераважна ў ім удзельнічаюць школьнікі. Увогуле склалася ўражанне, што тут усе жыхары маленькіх гарадоў — заўзятыя фермеры. А самае папулярнае месца іх рэгулярных сустрэч — агравыставы. Адна частка датчан ахвотна ладзіць аграрныя выставы, другая іх актыўна наведвае. На выставах дэманструюцца ўзоры апошняй сельгастэхнікі ад сусветнавядомых кампаній. Датчане любяць наведваць такія выставы. Яны прыходзяць сюды сем'ямі. Напрыклад, вясной у невялікім горадзе Вардэ праходзіць папулярная агравыстава. У ёй традыцыйна ўдзельнічае кампанія "Ціструп-Бонум" з Ольгада, дзе працуе наш знаёмы Хенінг Лаўрсен. Фірма выстаўляе трактары і прыстасаванні да іх, спецадзенне і абутак, садова-паркавую тэхніку і г. д. Паводле слоў Хенінга, датчане цікавяцца апошнімі агратэхнічнымі навінкамі, у тым ліку і беларускімі трактарамі, сельгастэхнікай. Пакуль гэты інтарэс на стадыі вывучэння магчымасцяў беларускага агратэхнічнага комплексу. "Беларусы" зацікавілі іх выгаднымі суадносінамі цаны і якасці. На такіх выставах звычайна, як, напрыклад, у Вардэ, ладзяцца розныя няхітрыя спаборніцтвы, конкурсы. Самы папулярны — перавозка грузаў на хуткасць трактарамі розных мадэляў і пакаленняў. Пераможца атрымлівае немалы грашовы прыз. Удзельнікаў збіраецца вельмі шмат. Гледачы назіраюць за спаборніцтвам многія гадзіны, адначасова атрымліваючы асалоду ў кампаніі сяброў і знаёмых ад відовішча і добрага дацкага піва. Наталля Кірпічэнкава. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Любімая дацкая страва — смарэброт. Ці па нашаму — бутэрброд. У Даніі налічваецца больш за дзвесце відаў бутэрбродаў. І кожны з іх мае сваю ўласную назву. У...
|
|