Рыбны дзень — субота
19.07.2011
—
Новости Общества
|
Свята рыбы пройдзе 23 ліпеня на беразе возера Мястра пад Мядзелам Усе аматары рыбалкі змогуць паспаборнічаць за права звацца найлепшым рыбаком. Пераможцы будуць вызначацца ў дзвюх групах: тыя, хто ловіць на вуду і на спінінг. —Рыбалка для ўсіх пачнецца ў 10 гадзін раніцы, — расказвае начальнік адзела ідэалагічнай работы Мядзельскага райвыканкама Валянціна Зуеўская. — У 15 гадзін удзельнікі павінны будуць прадставіць журы вынік свайго рыбацкага шчасця. Пазмагацца за перамогу давядзецца ў 6-7 намінацыях: журы вызначыць, хто злавіў самую вялікую рыбіну, хто — самую малую, у каго найбольш рыбак трапілася на адну вуду ці на спінінг. Пераможцам спаборніцтваў стане рыбак, чый улоў будзе самым вялікім па вазе. Прыз за першае месца — гумавая лодка. Адзначыць свята рыбы можна будзе і на беразе. Госці змогуць паглядзець выступленні на водных матацыклах, наведаць канцэрты беларускіх выканаўцаў Георгія Калдуна і Сяргея Мінскага, аматарскіх мастацкіх калектываў альбо набыць які-небудзь сувенір на выставе самадзейных майстроў. Арганізатары прапануюць асобную праграму для дзяцей, якая чакае малых на пляцоўцы пад назвай "Дзіцячыя пацешкі".Возера Мястра ўваходзіць у курортную зону "Нарач". Удзельнікаў і гасцей спаборніцтва будуць радаваць маляўнічыя краявіды, а на кручок да рыбакоў могуць трапіцца шчупак, вугор, плотка, краснапёрка, мянтуз, акунь, карась і амурскі сазан. Менавіта такая рыба водзіцца ў Мястры. А што вы лічыце найбольшым уловам у сваім жыцці? Святлана Панкратава, вядучая праграмы "Тэлебарометр": Сваю сям'ю. "Улоў" — гэта, відаць, тое, чаму чалавек радуецца, чым ён задаволены. А я вельмі шчаслівая ад таго, што змагла "злавіць" такі падарунак у жыццёвым моры. Сцяпан Шышко, пенсіянер: У дзяцінстве я вельмі любіў чытаць. Ды і зараз таксама. Але бацькі маглі купіць значна менш кніг, чым я здольны быў прачытаць. Аднойчы сусед зверху па нейкіх прычынах вырашыў пераехаць ва Уладзівасток. Гэта вельмі далёка, таму шмат рэчаў сусед пакідаў на старой кватэры альбо аддаваў знаёмым проста так. Мне дасталіся кнігі. Дагэтуль памятаю твар маці, калі я заносіў іх у кватэру. Там было больш за 300 асобнікаў! Іна Касінец, студэнтка: — Пакуль што самым значным жыццёвым уловам я лічу нараджэнне пляменніцы Веры. Яна такая прыгожанькая і мілая, што хочацца наведваць яе кожныя выхадныя. Побач з малымі дзецьмі эмацыянальна аднаўляешся. Маша, ходзіць у дзіцячы садок: — Мяне аднойчы тата з сабой на рэчку браў, і я спрабавала вудай рыбу лавіць. Злавіла ажно дзве. Толькі гэта я не сама, бо тата чарвяка на кручок чапляў. А я таго чарвяка вельмі баялася. Міхаіл Астрэйка, прадпрымальнік: — Некалькі разоў даводзілася ў латарэю выйграваць. Але сумы былі невялікія. І заўжды выпадкова. Спецыяльна ніколі білеты не набываў. Думаю, што самы вялікі ўлоў зараз атрымоўваю ад справы, якой займаюся — раблю дзверы і вокны на заказ. Толькі для гэтага вельмі шмат працаваць даводзіцца. Ганна ГАРУСТОВІЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Свята рыбы пройдзе 23 ліпеня на беразе возера Мястра пад Мядзелам Усе аматары рыбалкі змогуць паспаборнічаць за права звацца найлепшым рыбаком. Пераможцы будуць...
|
|