Віктар Супрунчук - Халоднае поле. 21.by

Віктар Супрунчук - Халоднае поле

30.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Перад вачыма белы-белы снег. Ён ляжыць на вуснах, на вачах, на твары. Ён — усюды. Халодны і бясконцы. Здаецца, снег нават на сэрцы, на душы. Калі яна ёсць. Белая прастора, цішыня, у якой няма берагоў і нават далягляду. На вейках снег, і яны вельмі цяжкія, немагчыма ўзняць, каб штосьці ўбачыць, адчуць свет, дзе ён зараз. А ці ёсць у яго рукі і ногі? Ці ёсць ён сам? Белы свет адкуль плыве ў яго вочы? Значыць, ён пакуль жывы... Неба, зямля?.. Дзе ён?

Зусім механічна, таму што так было заўжды, выпрасталіся рукі, пальцы і пачалі грэбсці па цвёрдай і белай скарынцы, яшчэ не разумеючы дзеля чаго. Інстынкт жыў у ім, ён спрабаваў парушыць цішыню і спакой, якія з кожнай хвілінай усё мацней авалодвалі ім. Было холадна альбо цёпла — незразумела. Нейкая бясконцая далячынь, у якой не адчувалася жыцця. Быў проста так званы космас. Пра які ён неаднойчы думаў і не змог спасцігнуць, зразумець, паспрабаваць на зуб. Гэтыя думкі раптам выплылі аднекуль здаля, калыхнулі яго, прымусілі расплюшчыць вочы і зірнуць перад сабой.

Былі холад і зіма, якая даўно ўладарыла на зямлі, а ён зусім пра гэта забыў. Колькі часу мінула з той хвіліны, што ляжыць на гэтым полі на белым снезе пад чорным небам. І няма свету з ніякага боку, толькі зрэдку нешта пярэстае мігціць і знікае ўдалечыні.

Правая рука рухалася — гэта Уладзік адчуў, калі вырашыў пачасаць патыліцу, так захацелася, што ўсё цела, бы ў яшчаркі, выгнулася і затрэслася на цвёрдай зямлі. Потым пальцамі правёў па твары, халодным і цвёрдым, як снег. Тады зразумеў, што пакуль яшчэ жывы.

Божа, дзе ён, што з ім? Чаму на гэтым халодным і бязмежным полі? А можа, ён даўно не чалавек?

Холад дайшоў да самага сэрца. І тады ўскалыхнулася памяць, замітусілася: старонка за старонкай пабеглі нейкія твары, дамы, машыны, вуліцы, сабакі. І ўсё гэта было перамешана, наязджала адно на адно, чорныя твары паўзлі на чырвоныя, зялёныя і белыя. Пераважна чорных і белых.

Рука стамілася, і твар зноў апусціўся ў снег, пакрыты зверху скарынкай. Дзіўна, але раптам ён адчуў боль, нібы хтосьці нажом правёў па скуры.

— Зіма... — сказаў сам сабе, памаўчаў і ледзь-ледзь выціснуў: — Холадна, кепска... Чаму так? Чаму?..

Вочы зачапіліся за белае поле, і ніводнага краю не было відаць на ім: толькі бязмежнасць, снег і далёка-далёка чорная паска. Трохі вышэй дамы, нібы ракеты, чапляюцца галовамі, мусіць, за неба. А вось дрэвы, зноў дрэвы. Таксама чорныя, да іх не дакрануцца рукой. Яны — не жывыя, як ён, не дыхаюць, стаяць. А ён ляжыць... Чаму ён ляжыць тут? І святло гарыць недзе, свеціць некаму і яму таксама. А моцы няма зусім... Няма...

Ён помніць, помніць. Вуліцу, дом, дзверы з дзіркаю замест замка. Пакой, у ім прадраная зялёна-жоўтая канапка і трохногі стол. Замест чацвёртай нагі кніжкі. Стос кніжак, які праз хвіліну абрушыцца на даўно не фарбаваную і ўжо паўгнілую падлогу. У кутку шчыльныя шэрагі пустых бутэлек з-пад віна, якое ён выжлукціў. Не, не выпіў, а выжлукціў, калі мучыла смага і не было ад яе паратунку, усё гарэла ў вантробах і хацелася заскуголіць сабакам, урэшце залезці пад гэтую недалэнгу-канапу.

І кожную раніцу разуменне, што ў кішэнях пуста, ніводнага рубля за душою. Брудная столь над галавою і гнілая падлога пад нагамі. Толькі ў кранах пакуль яшчэ гудзе халодная вада, бо цёплую даўно адключылі за доўг, пра які лепш не ўспамінаць.

І раптам узнікае голад, выварочвае страўнік, сціскае яго, потым выпроствае, цягне некуды, цягне. Немагчыма адчапіцца, схавацца, усё плыве перад вачыма. З апошніх сіл ён ускоквае на ногі і бяжыць да крана. Струмень вады залівае твар, плечы, а ён п'е і п'е, ніяк не спатоліць смагі, не можа спыніць таго звера, што рве яго страўнік.

Нарэшце боль паціху знікае і надыходзяць шчасце, радасць, свята, якія вяртаюць да жыцця, узнімаюць настрой. У кватэры святло, ззяюць шыбіны ў вокнах, некуды знікаюць прусакі, а на стале, як ні дзіўна, — скібка чорнага хлеба з рэштаю селядца. Лепшага падарунка на снеданне немагчыма прыдумаць. З халоднай вадою гэта такі прысмак, што пазайздросцяць аматары рэстаранаў. Лепш за чорную ці чырвоную ікру, якую ён ніколі не любіў. Альбо нават за вэнджаную кілбасу найвышэйшага гатунку.

— Як ты можаш так жыць? — Уладзік чуе гэты голас даўно, і зараз услед за ім выплывае з цемры твар, мужчынскі, са светлымі доўгімі вусамі, кароткай прычоскай. Смяецца, смяецца, а пасля зноў знікае, пакідаючы маленькую выцягнутую кроплю.

— Як ты можаш так жыць? — ужо іншы голас і зусім іншы твар, але тыя ж словы. І смех, смех, ад якога ўваччу гусцее цемра і холад пачынае грызці косці. Няма месца, дзе было б утульна ляжаць.

Уладзік усё ўспомніў. Ён ведае, чаму ляжыць у цемры на гэтым полі, нічога не забыў. Нібыта ўспыхнула вялізнае вогнішча, асвятліла не толькі наваколле, але і ягонае былое жыццё, кожную рысачку, плямку. Быццам хтосьці гартаў перад ім год за годам, хвіліну за хвілінай. І ў большасці ўсё было брыдкае, непрыгожае, пра якое адразу хацелася забыць. Але мільгалі і чыстыя старонкі, вясёлыя і радасныя. Толькі іх было вельмі мала...

І зноў ён у кватэры з паўгнілой падлогай. Чуе тыя ж галасы і бачыць тыя ж мужчынскія твары. Ён даўно знаёмы з гэтымі людзьмі, яны добрыя і спагадлівыя да яго. Часам яны прыходзяць у кватэру з бутэлькай віна, з хлебам і кавалачкам сала, частуюцца разам. Весялей у кампаніі, і стол не пусты. Гавораць, гавораць... Госці, кожнаму адчынены дзверы, у якіх няма замка.

Так, аднаго з вусамі зваць Янка, Іван, а другога — Эдзік. У яго парык, таму што галава зусім лысая і блішчыць, бы наваксаваная. Ён прадпрымальнік, нечым гандлюе і ўвесь час хваліцца, што багаты. Голас у яго тонкі, бы ў Маруські, дванаццацігадовай суседкі. І непрыемны. Цяпер зразумела, што непрыемны, паганы. І ў Янкі паганы. А раней здаваўся шчырым і ласкавым...

— Як ты можаш так жыць? — гаворыць Янка, аглядаючы яго кватэру. — Гэта ж проста жах!

Эдзік ажно падскоквае на канапе, і Уладзік баіцца, што яна ад гэтых скокаў разваліцца. Голас у Эдзіка тонкі, але чалавек ён шыракаплечы, у целе. Што прыносіць у госці, амаль усё з'ядае.

— Як ты можаш так жыць?..

Канешне, жыве Уладзік горш за мыш у пустым пограбе, адкуль нельга выкараскацца. Але ён ведае, што пасля скажуць Янка і Эдзік. Яны шкадуюць яго, хочуць дапамагчы, а ён, бы ўпарты казёл, не прымае іхняй дапамогі. Яму жадаюць толькі дабра. У іх дзеці, жонкі, некалі будуць унукі. Гэта ж усё-ткі клопат, клопат... Уладзік жа адзін, думай толькі пра сябе. Вось так і думае: не працуе і жыве адным днём. Што госці прынясуць праз дзверы без замка.

...Рука пралезла ў кішэню штаноў і адразу знайшла тое, што шукала: паперка была на месцы. Уладзік баяўся згубіць яе. Яна была ахоўнай граматай, пашпартам, якога даўно ў яго не было. Прапаў, калі Уладзік у чарговы раз, наглытаўшыся таннага віна, амаль без свядомасці блукаў, ці ляжаў невядома дзе.

Ён разумеў, што рана ці позна ягоная дарога прыйдзе на нейкае апошняе месца. Другога варыянта сабе не ўяўляў, дый не хацеў, бы загіпнатызаваны, нават не ішоў, а каціўся, гнаны спадарожным ветрам. І аднойчы, калі ачмурэнне трохі пакінула галаву, напісаў гэтую паперку. Ён доўга думаў над тэкстам, падрыхтаваў некалькі варыянтаў. Не хацелася пакрыўдзіць ні Янку, ні Эдзіка. Хоць зрэшты наўрад ці ўбачаць яны гэтую паперку. Проста ў яго ўзнікла ідэя такім чынам замяніць пашпарт, бо шкада было аддаваць грошы міліцыі. Дый ці ёсць гарантыя, што ён не згубіць новы пашпарт? Няма. Навошта на вецер траціць грошы? Лепш іх выкарыстаць з карысцю для цела і душы.

Уладзік выбраў апошні варыянт тэксту, які потым мог успомніць у любым сваім стане. І цяпер, лежачы паўжывы на сцюдзёным заснежаным полі, прашаптаў, не варушачы вуснамі: " Я — Келька Уладзіслаў Паўлавіч. Тысяча дзевяцьсот сорак чацвёртага года. Пражываў у Мінску, вуліца Казакевіча... Дом, кватэра... Зараз жыву ў вёсцы. Па прапанове Івана Казіміравіча Шчура і Эдуарда Сямёнавіча Маховіча, маіх сяброў, кватэру прадаў за сем тысяч даляраў. За тысячу даляраў купіў хату ў вёсцы. Тры тысячы даляраў аддаў Маховічу ў яго камерцыю пад працэнты. У выпадку маёй смерці гэтыя грошы Маховіч павінен аддаць для маёй сястры Антаніны Паўлаўны Змітровіч, якая жыве..." Здалося, няправільна назваў адрас сястры, дый былы свой. Гэта кепска, вельмі кепска. Хоць зрэшты, у паперцы ўсё напісана так, як трэба. Памылкі не магло быць. Ён пісаў тады амаль цвярозы, седзячы за сталом у сваёй хаце. Нарадзіўся ў вёсцы і вярнуўся туды ж, каб памерці. Але ж нячысцік, пачаставаўшы яго смярдзючым віном, прывёў на гэтае праклятае поле, каб сканаў тут, адзінокі, нікому не патрэбны. "Ой, Госпадзі, Госпадзі!" — мабыць, упершыню ў жыцці ўспомніў ён Бога і захацеў памаліцца, але ніводнага слова, якое б адпавядала сутнасці малітвы, не ўспомніў. Дый ніколі не ведаў.

Ён ляжаў на заснежаным полі, і гэта быў канец. Ягоны фініш, да якога ішоў, бы жаба ў пашчу змяі. Нікчэмны, бязвольны чалавек. Усім быў добры: і Янку, і Эдзіку, і многім іншым. Дзверы былі без замка, і хто хацеў, мог да яго зайсці, перадыхнуць, пераначаваць, выпіць чарку і нават паляжаць з дзеўкай. Нікому ён не адмовіў. І вось апошні ягоны прытулак: халодная, цвёрдая і белая зямля. А побач ніводнай душы. І толькі вецер, вецер, які хутка выдзьме з яго апошнія кроплі жыцця...

Гэтая думка, што ціха, цягнучы свае паралітычныя ногі, прабегла ў паўзастылым мазгу, зрабіла штуршок па ўсім целе. Ён варухнуўся раз-другі і папоўз. Спярша не асэнсоўваючы гэтага, марудна, бы рыба, выкінутая на бераг, якая раптам адчула пах вады, а гэта значыць, свайго паратунку.

Уладзік зрушыўся з месца, пасунуўся яшчэ і яшчэ, і тады яму захацелася піць. Ён ухапіў зубамі снег, паспрабаваў адразу яго праглынуць і не змог. Жорсткая і халодная каша была горкая і кіслая. Спярша горкая, потым кіслая.

І ўсё-ткі стала лягчэй. Наблізіліся дамы, якія ўжо не датыкаліся неба. Дрэвы былі зусім побач. Уладзік успомніў, што сядзеў з нейкімі хлопцамі, частаваў іх, бо грошы былі ў яго: ад кватэры яшчэ тое-сёе засталося. Потым туман, холад, поле і — зіма, якой, здаецца, учора не было.

Ён папоўз. Поўз і плакаў. Ад жалю да сябе, да сваіх ног, рук, галавы. Яму было сябе вельмі шкада. Аднак у галаве нават не мільгала думка пра тое, што, магчыма, пашкадаваць трэба і некага іншага. Але каго? Увесь свет быў тут, на двух метрах замерзлай і белай ад снегу зямлі, панылай і сумнай для яго.

Ён — адзін, горш чым воўк, і прыхіліцца няма да каго. Сястра, што сястра?.. У яе сваё жыццё. Яны даўно не бачыліся, не размаўлялі. Ён чужы для яе, кузюрка, ад якой застанецца ёй тры тысячы даляраў. Яго апошняе "прабач"... Няхай купіць сабе ці дзецям тое, што пажадае. Муж яе пакінуў, нікчэмны быў чалавек. Нікчэмны...

І ўсё-ткі ён не ляжаў, а рухаўся, бы знакаміты Марэсьеў, якім захапляўся ў дзяцінстве, і нават хацеў стаць лётчыкам. Яшчэ трошкі, яшчэ... Вось, здаецца, і дарога... Людзі... Ліхтары...

Святло пагасла, снег растаў і паплыў вялікай ракой, поўнай крыг і рыбы. Неба злучылася з полем. Але паперка была ў кішэні. Толькі адрас ці быў той, які трэба... Цемра вакол, холад і лёд... Яшчэ трошкі, яшчэ...

...Ля аўтобуснага прыпынку ляжаў чалавек, увесь у снезе. Над ім гарэў ліхтар, побач дамы, стаялі людзі. Ад хлебазавода плылі хвалі свежага хлеба. У паветры гучала музыка. Бег сабака, спыніўся. Падняў лапу, чмыхнуў незадаволена носам і патрусіў на поле, дзе яго чакаў гаспадар.

У трупярні, куды прывезла Уладзіка "хуткая дапамога", у яго штанах знайшлі паперку, дзе былі тэлефоны Янкі і Эдзіка. Першым прыехаў Эдзік. Ён пазнаў Уладзіка, потым выклікаў санітара ў калідор і даў таму дзесяць даляраў. Паперка ўжо была ў ягонай кішэні.

— Мне трэба купіць машыну, а табе ўжо нічога не трэба, — прамармытаў Эдзік. — Кожны сам гаспадар свайго лёсу...

Узнялася завея, снег пагнала густымі хвалямі, не пакідаючы на зямлі аніякіх слядоў. І быў дзень, і была ноч, а раніцай узнялося ціхае і спакойнае сонца, асвятляючы кожнаму свой шлях, які ён сабе вызначыў...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перад вачыма белы-белы снег. Ён ляжыць на вуснах, на вачах, на твары. Ён — усюды. Халодны і бясконцы. Здаецца, снег нават на сэрцы, на душы. Калі яна ёсць. Белая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика