Пражыць старасць ці прапіць, або Пагроза пенсійнаму фонду
06.08.2011
—
Новости Общества
|
Кожнае лета бываю ў роднай вёсцы, адкуль з'ехала пасля заканчэння школы ў 17 гадоў, і назіраю характэрную загану ХХІ стагоддзя — працэс співання пенсіянераў. Аб праблеме п'янства гаворыцца і пішацца шмат. Усе ведаюць, што мы разам з многімі краінамі даўно пераступілі мяжу ўжывання алкаголю на душу насельніцтва, за якой бываюць вельмі сур'ёзныя наступствы. Але ніхто дакладна не ведае, як перамагчы альбо хоць паменшыць маштабы зла. І калі ў кантэксце размовы пра маладых да ўвагі бярэцца сацыяльная неўладкаванасць, цяжкасці ў пошуку добрай працы, то ў нашым выпадку ўсё зусім інакш. Гаворка ідзе пра людзей, што сяк-так працавалі на калгасна-саўгаснай вытворчасці, гадавалі дзяцей, вялі пэўную падсобную гаспадарку, а свой заслужаны адпачынак поўнасцю прысвяцілі бутэльцы. Паводле прыблізных падлікаў, ад 70 да 80% пенсіі гэтыя людзі пускаюць на алкаголь. У адрозненне ад гарадскіх пенсіянераў, ім не трэба штомесяц плаціць за жыллё і камунальныя выгоды. А кош бульбы заўсёды можна здабыць, калі не ў сваім занядбаным агародзе, то на калгасным полі, альбо суседзі дапамогуць. Кашулю такія людзі носяць, пакуль сама з плячэй не зваліцца. Цяжка ўсвядоміць, але такім чынам яны ўмудраюцца жыць доўгія гады. І падобна на тое, не адчуваюць якога-небудзь унутранага дыскамфорту. Характэрны прыклад — адзін з насельнікаў нашай вуліцы. Дзядзьку даўно за семдзясят, але фізічная сіла захавалася ў целе. Прынамсі, яе хапае, каб кожны дзень заехаць веласіпедам у краму за два кіламетры, дапамагчы каму-небудзь па гаспадарцы за ўзнагароджанне выпіўкай. Пра сваю гаспадарку ён асабліва не рупіцца. Хата зарасла бур'яном па вокны. Усе жонкі, а іх было за жыццё нямала, пакідалі яго з-за жорсткага і агрэсіўнага характару. З жывых душ у двары, акрамя гаспадара, засталіся кот і сабака. Дык свой агрэсіўны нораў пенсіянер часта вымяшчае на сабаку, б'е бедную жывёліну, паводле слоў суседкі, за тое, што яна хоча есці. Кату гора-гаспадара жывецца лягчэй хоць таму, што ён не прывязаны. Так, на пачатку ліпеня суседка, цётка Маня, злавіла няшчаснага ката за паяданнем ранніх агуркоў ва ўласным агародзе. Спачатку бабуля ганяла таго кацяру, рабіла засады, а потым рукой махнула: што будзеш рабіць? Як сыранізаваў на гэты конт яшчэ адзін сусед: "Во ў В...га ката жыццё: дома віна вып'е, ідзе да Мані, гурком закусвае". Сапраўды, да гэтага выпадку ўся вуліца не здагадвалася, што каты ядуць гуркі. Але ж, як гаворыць народная мудрасць, з голаду чорт мухі еў. А ў доме гаспадара, акрамя віна, цяжка знайсці што-небудзь яшчэ. Аднойчы давялося назіраць за яго атаварваннем у краме пасля атрымання пенсіі: тры бутэлькі пладова-ягаднага напою, блок танных цыгарэт, бохан хлеба і кавалачак — грамаў дзвесце — варанай каўбасы. Дык гэта "джэнтльменскі набор" пенсіянера пры грашах, а калі запасы наяўных меншаюць, бярэцца найбольш "чарніла". У названага пенсіянера ёсць і маладзейшыя таварышы, якія зранку любяць тусавацца каля крамы. Напрыклад, грамадзянскія муж і жонка, што год таму выйшлі на пенсію. У іх таксама няма ні курыцы на падворку, ні талковага агарода, а штодзённыя клопаты зводзяцца да прыгатавання сякой-такой ежы ды здабывання выпіўкі. Менавіта ўслед гэтай вясёлай кампаніі, якая накіроўвалася з торбай "чарніла" ў цень бяроз за крамай, сказала нетутэйшая маладзіца з каляскай, відаць, чыясьці прыезджая нявестка: "Толькі дарэмна праядаюць пенсійны фонд краіны". Даволі рэзка сказана, але па сутнасці правільна. З аднаго боку, лад жыцця, які выбірае чалавек, з'яўляецца яго асабістай справай. Ён жа п'е за свае грошы, абмяжоўвае сябе ў ежы, нармальнай вопратцы, іншых звычайных штодзённых патрэбах па сваёй волі і ў рамках уласнай асобы. Але такіх людзей прыбывае, а значыць, зараза распаўсюджваецца. Да антысацыяльнага ладу жыцця далучаюцца іншыя, гледзячы на папярэдніх. І ў цэлым пагаршаецца агульная атмасфера вёскі, якая спрадвеку трымалася на працавітасці, здаровым падыходзе да жыцця. І ўсё, што прыведзена вышэй, выглядае як паўбяды сённяшняга дня. Бо гэтыя людзі асаблівай пагрозы навакольным сабой не ўяўляюць. Ніякага крыміналу за імі пакуль не заўважана. Але ў штодзённых міліцэйскіх зводках ўсё болей можна сустрэць паведамленняў аб правапарушэннях, злачынствах, нават забойствах, учыненых п'янымі пенсіянерамі. Усё гэта ўяўляецца звёнамі аднаго ланцужка: напіўся і пайшоў высвятляць адносіны. Вось адзін з апошніх прыкладаў. На гэтым тыдні пенсіянер адной з вёсак Камянецкага раёна пасварыўся з аднасяльчанкай і разбіў ёй галаву матыкай. Небяскрыўднай выглядае і яшчэ адна, так бы мовіць, сацыяльная група пенсіянераў. Тых, каго за адпаведны лад жыцця выганяюць з дому гарадскія жонкі, і яны, нікому больш не патрэбныя, вяртаюцца да сваіх састарэлых матуль. У вёсках былыя вяскоўцы не рвуцца касіць, палоць, даглядаць жывёлу. Яны прапіваюць свае пенсіі ды выбіваюць грошы на п'янку са сваіх няшчасных маці. Характэрная ў гэтым сэнсе гісторыя адбылася ў красавіку ў Ляхавіцкім раёне. Правільней сказаць, гісторыя цягнулася доўга, а скончылася яна злачынствам у красавіку. Пенсіянер з няскончанай вышэйшай адукацыяй, чалавек, які адпрацаваў шмат гадоў на гарадской вытворчасці, вярнуўся па названых вышэй прычынах да маці. Жанчыну 1924 года нараджэння ўласны сын пастаянна біў, патрабуючы грошы. Але, як пазней расказалі суседзі работнікам пракуратуры, яна не казала пра тое нават участковаму, бо ёй было сорамна за сына. Той жа сораму не адчуваў, і так збіў 24 красавіка маці, што яна ад пабояў памерла. Судмедэсперты не знайшлі ў беднай бабулькі ніводнай цэлай рабрыны... Каментуючы гэты дзікі выпадак, памочнік пракурора Брэсцкай вобласці Вольга ДЗМІТРУК заўважыла, што тэндэнцыя співання вясковых пенсіянераў мае вельмі трывожны характар. Дайшло да таго, што ў вёсках п'юць не толькі дзяды. Здараецца, што бабулькі, якія даўно ці нядаўна сталі ўдовамі, таксама ўтвараюць устойлівыя "гурткі". Закупляюць спіртное і за чаркай бавяць час. Не так даўно ў многіх газетах прамільгнула інфармацыя, як недарэчна загінула 80-гадовая пенсіянерка ў Івацэвіцкім раёне: бабуля зачапілася сарафанам за прабой у дзвярах і павесілася на ім. Дык вось, аказалася, што пажылая кабета была ў дым п'яная. Дочкі, якія ўраз прыляцелі з суседніх вёсак, ледзь не пазабівалі маладзейшых таварак маці па п'яным гуртку, ды было, відавочна, позна. У размовах на гэтую тэму не раз даводзілася чуць думку, што запілі дзядулі і бабулі ад безвыходнасці. Усё роўна малой пенсіі ні на што іншае не хопіць. Я думаю, справа ў іншым. У каго ёсць унутраны стрыжань, той і з малой пенсіяй знаходзіць спосаб жыць годна. А вось у каго яго няма, таму і гэтай пенсіі замнога, бо хапае яе на яду, каб падтрымліваць сваё існаванне, ды на танную выпіўку, якой у крамах — заваліся. Адышло пакаленне, якое ўвасабляў сабой франтавік, аднавясковец маёй бабулі Арцём Крамянеўскі. Ён казаў, што дастаткова мець у дзень шклянку вады і акраец хлеба, але жыць пад мірным небам. І ў маладзейшага пакалення, якое калі і перажыло вайну, то ў несвядомым дзяцінстве, якое не спасцігла веру ў Бога як фактар душэўнай стабільнасці, утварылася пустата. Пустэчу зручна заліваць танным "чарнілам". Гэтых людзей ужо не перавыхаваеш. Ну адыдуць яны, скажа нехта, ды і праблеме — канец. На жаль, не. Усё ў жыцці ўзаемазвязана. У такіх бабуль і дзядуль падраслі адпаведныя ўнукі. Вось адна з самых апошніх крымінальных навін. У Пінску маладая маці пасадзіла ў ванначку 9-месячнае дзіця, сама ж паперлася на кухню, мабыць, піць каву. Няцяжка здагадацца, што стала з немаўляткам у ванне. Маці пры гэтым была п'яная. Святлана ЯСКЕВІЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожнае лета бываю ў роднай вёсцы, адкуль з'ехала пасля заканчэння школы ў 17 гадоў, і назіраю характэрную загану ХХІ стагоддзя — працэс співання пенсіянераў. Аб...
|
|