Дуб у міфапаэтычнай спадчыне беларусаў
06.08.2011
—
Новости Общества
|
Дуб — самае ўшанаванае дрэва ў міфарытуальнай спадчыне ўсходнеславянскіх народаў. Ён сімвалізаваў моц, мужнасць і ўстойлівасць, таму ўяўляўся нашым продкам своеасаблівай сусветнай воссю, вакол якой рухаецца не толькі Зямля, але і ўвесь Сусвет. Моц яго драўніны спрыяла таму, што дуб стаў сімвалам бессмяротнасці і даўгалецця. Дуб займаў галоўнае месца ў спісе дрэў, якія так або інакш былі ўключаны ў кантэкст рытуальна-абрадавай практыкі нашага народа. У самыя важныя, адказныя дні свайго жыцця нашы продкі ішлі да святых рытуальных месцаў — у дубовы або бярозавы гай, да асобных дубоў-волатаў, велізарных камянёў-валуноў (асабліва следавікоў), да крыніц, каб яны паспрыялі сямейнаму шчасцю, каб народжаныя дзеці былі такімі ж дужымі і непахіснымі перад жыццёвымі выпрабаваннямі. Часта менавіта каля дуба ставілі крыжы, вешалі на яго галінах ручнікі або іншыя аброчныя рэчы ў якасці ахвярапрынашэнняў, каб ён дапамог спраўдзіць задуманае і загаданае. На працягу шматлікіх стагоддзяў дуб выступаў рытуальным цэнтрам свяцілішча. Шырока быў вядомы звычай, калі маладыя ехалі да старога дуба і тройчы па сонцы абыходзілі яго, пасля чаго старэйшына абшчыны называў іх мужам і жонкай. З-за аддаленасці царквы або адсутнасці святароў у славян некаторы час існавала так званае "нецаркоўнае вянчанне". Гэты абрад маглі праводзіць дома, функцыі святара пры гэтым перадавалі хросным бацькам. У некаторых рэгіёнах маладых вялі да самага святога месца ў акрузе, напрыклад да каменя-валуна, старажытнага дрэва, крыніцы і г. д. Часам дуб выступаў аналагам храма. На Віцебшчыне і Магілёўшчыне лічылася, што маладыя пабраліся шлюбам, калі яны тройчы абыдуць вакол дуба. У вясельных песнях так і спявалася: Абвёў вакол дуба, ды й няхай будзе люба... З часу пашырэння хрысціянства стаўленне да свяшчэннага дрэва не змянілася. Пасля вянца маладыя ехалі да дуба, каб іх жыццё было такім доўгім, як у гэтага векавечнага дрэва. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дуб — самае ўшанаванае дрэва ў міфарытуальнай спадчыне ўсходнеславянскіх народаў. Ён сімвалізаваў моц, мужнасць і ўстойлівасць, таму ўяўляўся нашым продкам...
|
|