РОЗГАЛАС. 21.by

РОЗГАЛАС

13.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У сталіцы плануюць будаваць камерцыйнае жыллё і прадаваць яго за валюту

У Мінску плануецца будаваць камерцыйнае жыллё і прадаваць яго за валюту. Пра гэта паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман.

Паводле яго слоў, адпаведная прапанова ўнесена кіраўніку дзяржавы. Цяпер падбіраюць 10 пляцовак, на якіх ААТ "МАПІД" можа пабудаваць камерцыйнае жыллё.

"Мы ведаем, што валюта ў насельніцтва ёсць. Мы вырашым з Нацыянальным банкам пытанне аб продажы ўжо гатовага, пабудаванага жылля за валюту. Сёння цана продажу ў горадзе знізілася: камерцыйныя арганізацыі-забудоўшчыкі прадаюць жыллё ад 1100 долараў за 1 кв. м. Калі ААТ "МАПІД" будзе будаваць па 800—900 долараў, думаю, такое жыллё будзе запатрабаваным у насельніцтва", — дадаў Сяргей Радаман.

Вераніка ЛЕБЕДЗЕВА, "Мінск—Навіны".

Самалёт "Белавія" здзейсніў вымушаную пасадку ў Сочы

Самалёт кампаніі "Белавія", які выконваў рэйс Батумі — Мінск, здзейсніў вымушаную пасадку ў Сочы, паведамляе РІА "Новости".

На гэтыя меры экіпаж паветранага судна пайшоў з-за разгерметызацыі. Яна здарылася на вышыні каля трох тысяч метраў яшчэ ў тбіліскай зоне аэранавігацыі. У 5.00 па маскоўскім часе самалёт вымушана сеў у Сочынскім аэрапорце.

Алена КРАВЕЦ.

Капсула ў фундамент новага храма

У дзень памяці святых дабраверных князёў Барыса і Глеба ў Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве прайшлі богаслужэнне і хрэсны ход да месца будаўніцтва новага царкоўна-прыходскага комплекса, паведамляе інтэрнэт-сайт Гродзенскага гарвыканкама.

Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій у прысутнасці шматлікіх прыхаджан здзейсніў чын асвячэння капсулы, якая закладзена ў фундамент новага храма. Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі старшыня гарвыканкама Барыс Казялкоў і генеральны дырэктар будаўніча-мантажнага трэста № 30 Рыгор Сыраежка — гэтаму прадпрыемству даручана адказная місія ўзвядзення царкоўна-прыходскага комплекса. Ён будзе шматфункцыянальным: акрамя храма ў гонар Каложскай іконы Божай Маці, там размесцяцца нядзельная школа, хрысцільня, бібліятэка, майстэрня і іншыя памяшканні.

Мяркуецца, што пасля пабудовы гэтага комплекса Барыса-Глебская (Каложская) царква будзе зачынена на рэстаўрацыю.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Тэрарызм у Пакістане мы не "падсілкоўваем"

Цэнтр інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі ўчора заявіў, што распаўсюджаная ў асобных СМІ інфармацыя аб пастаўках нашай краінай зброі "тэрарыстычным групоўкам, якія базуюцца ў Пакістане", не адпавядае сапраўднасці, а дакументы, на якія спасылаюцца аўтары публікацыі, — сфальсіфікаваныя.

Як адзначаецца, КДБ Беларусі ў межах сваёй кампетэнцыі паслядоўна рэалізуе сістэму мер па супрацьдзеянні тэрарызму і экстрэмізму, у тым ліку па недапушчэнні паставак спецыфічнай маёмасці на адрас экстрэмісцкіх, тэрарыстычных і іншых незаконных арганізацый. Створаная ў рэспубліцы нацыянальная сістэма экспартнага кантролю тавараў двайнога прызначэння, у склад якой уваходзіць КДБ, цалкам адпавядае рашэнням Савета Бяспекі ААН і выключае любыя парушэнні міжнароднага заканадаўства ў галіне гандлю зброяй. Камітэт дзейнічае строга ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і міжнароднымі абавязкамі, а значыць, прымае ўсе неабходныя меры для абароны інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Па гэтай праблематыцы арганізавана цеснае і эфектыўнае ўзаемадзеянне з замежнымі партнёрамі.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Рэкі для суднаў абмялелі

На ўнутраных водных шляхах краіны ўсталяваліся нізкія ўзроўні вады, небяспечныя для суднаходства.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый, каб забяспечыць бяспеку для суднаў, на рэках праводзіцца комплекс днопаглыбляльных ці дноачышчальных работ. Ён вядзецца сіламі чатырох прадпрыемстваў водных шляхоў: рэспубліканскім унітарным Днепра-Дзвінскім прадпрыемствам водных шляхоў "Белвадшлях", РУЭСП "Днепра-Бугскі водны шлях", рэспубліканскім унітарным Днепра-Бярэзінскім прадпрыемствам водных шляхоў, рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам водных шляхоў "Ніжне-Прыпяцкае". Для забеспячэння патрэбы спажыўцоў няруднымі будаўнічымі матэрыяламі ў партах створаны іх запас у аб'ёме больш за 616 тысяч тон.

Сяргей РАСОЛЬКА.

У ліпені ветсанлабараторыя Камароўскага рынку выявіла 4 пробы фальшывага мёду

У ліпені лабараторыя ветырынарна-санітарнай экспертызы №  4 Мінскага Камароўскага рынку выявіла 4 пробы падробленага мёду, які набылі з рук і пазней прынеслі для праверкі.

Загадчыца лабараторыі Кацярына Дубікоўская ў гутарцы з карэспандэнтам звярнула ўвагу на тое, што продаж ненатуральнага мёду за рыначнымі прылаўкамі выключаны, таму што штодня перад пачаткам гандлю рэалізатары абавязаны праводзіць экспертызу прадукту: лабараторны талон — гарант якасці — выдаецца толькі ў выпадку пацвярджэння дабраякаснасці тавару.

— Тыя, хто гандлююць за межамі рынку, часта грашаць тым, што верхні слой тавару — уяўляе сабой мёд, а знізу — цукар, — сказала яна.

Наталля РАМАНОЎСКАЯ, "Мінск—Навіны".

Беларускія турысты ў Крыму сталі ахвярамі вымагальніка

Беларускія і расійскія турысты на адпачынку ў Крыму сталі ахвярамі вымагальніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе МУС Украіны.

Паводле інфармацыі праваахоўных органаў Крыма, паведамленні аб вымаганнях паступілі ў міліцыю ад турыстаў, якія прыехалі ў Феадосію. Пакідаючы свае машыны на ноч каля пад'ездаў дамоў, раніцай адпачывальнікі знаходзілі, што з іх аўтамабіляў зніклі дзяржнумары. Ашуканец пакідаў запіску з нумарам мабільнага тэлефона, на які неабходна было пералічыць 500 грыўняў (у пераліку каля $63). Вымагальнік папярэджваў уладальнікаў машын, што ў адваротным выпадку яны не даведаюцца, дзе схаваны нумары.

Усяго з такімі заявамі ў міліцыю звярнуліся пяць грамадзян Беларусі і Расіі. Пры гэтым адзін пацярпелы ўсё ж паспеў папасціся на вуду вымагальніка і пералічыць запатрабаваную суму.

Выйсці на след вымагальніка аператыўнікам удалося даволі хутка. Ім аказаўся 40-гадовы мясцовы жыхар, раней судзімы за крадзяжы з аўтамабіляў. Затрыманы поўнасцю прызнаў сваю віну і быў змешчаны ў следчы ізалятар Феадасійскага гараддзела міліцыі. Супраць яго заведзена крымінальная справа па артыкуле "Вымагальніцтва". Падазронаму пагражае ад трох да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Зарабілі на аўто звыш 161 мільёна

Глыбоцкім міжраённым аддзелам Упраўлення дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Віцебскай вобласці заведзена крымінальная справа ў дачыненні так званых перагоншчыкаў аўто.

Высветлена, што жыхары райцэнтра аб'ядналіся ў арганізаваную групу і з канца мінулага года па сёлетні ліпень увезлі з краін Балтыі не меней за дзесяць аўтамабіляў, якія прадалі грамадзянам нашай краіны. У выніку атрымалі даход у суме 161,4 мільёна рублёў. А пра неабходнасць легалізацыі такой бізнэс-дзейнасці, падаткі і іншыя нюансы прадпрымальныя гандляры аўто "забылі".

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сталіцы плануюць будаваць камерцыйнае жыллё і прадаваць яго за валюту У Мінску плануецца будаваць камерцыйнае жыллё і прадаваць яго за валюту. Пра гэта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика