Школу можна і "разгрузіць". Але многія супраць. 21.by

Школу можна і "разгрузіць". Але многія супраць

01.09.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Святлана БАРЫСЕНКА

Ва ўсіх раёнах сталіцы прайшлі педагагічныя канферэнцыі, якія "задаюць тон" новаму навучальнаму году. На ўсіх узроўнях — раённым, гарадскім, рэспубліканскім — работнікі сістэмы адукацыі абмяркоўваюць актуальныя для сучаснай агульнаадукацыйнай школы тэмы. Наспеў час для "максімальна прадметнай і актуальнай дыскусіі, а не пафасных справаздач", падкрэсліў у інтэрв'ю нашай газеце міністр адукацыі Сяргей Маскевіч (нумар ад 16 жніўня г.г.). Ён заўважыў, што шэраг праблемных пытанняў, якія ўзнікаюць у сістэме адукацыі, трэба ўжо не проста ўзнімаць і агучваць, але актыўна шукаць на іх адказы. Свой пункт гледжання па некаторых вострых тэмах выказала начальнік упраўлення адукацыі Адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Таццяна ЯНУШКЕВІЧ.

— Усе школы імкнуцца як след падрыхтавацца да пачатку школьнага сезона. Мы не выключэнне: без затрымак атрымалі неабходнае фінансаванне, выкарысталі пры падрыхтоўцы ўсе сродкі. Дапамаглі і шэфы — ААТ "Амкадор" і іншыя. Адна школа ў раёне знаходзіцца на капітальным рамонце, а ўсе астатнія да вучэбнага года гатовыя.

— Бацькі таксама ўнеслі ў падрыхтоўку да новага навучальнага сезона сваю лепту?

— Прымалася і добраахвотная дапамога бацькоў. Упраўленне, дарэчы, вельмі сур'ёзна працуе з раённым бацькоўскім камітэтам, які дзейнічае вось як паўтара гады. Бацькі павінны разумець, што ніхто не мае права прымушаць іх да матэрыяльнай падтрымкі. З другога боку, варта памятаць, што дапамогу бацькі аказваюць не асобна ўзятаму будынку, а, перш-наперш, свайму дзіцяці. Я ведаю бацькоў, якія кажуць, што гатовыя па меры сіл спрыяць камфорту і ўтульнасці. Мы ўсе павінны ўсвядоміць, што нічога бясплатнага не бывае. Падтрымка школе можа быць толькі добраахвотнай і толькі безнаяўнай.

— Агульнаадукацыйная школа зараз імкнецца "ўпрыгожыць" навучальны працэс шматлікімі эксперыментамі і інавацыямі. Аднак ці не нашкодзіць гэта звычайнай базавай адукацыі?

— Базавай адукацыі эксперыменты і новыя ідэі ніяк не нашкодзяць. Мы не гаворым пра тое, што кожная школа ці гімназія патанае сёння ў інавацыях. Браць на сябе непасільную ношу не варта, трэба разлічваць свае магчымасці. Калі ж у канкрэтнай установы ёсць рэсурс для наватарства, то чаму б і не? Калі педагагічны склад здольны да творчасці, хоча ўкараняць нешта новае, навошта яго стрымліваць? Гімназія № 22 проста не можа не тварыць, не здзіўляць! Цікавыя ў гэтым сэнсе і гімназіі № 15 і № 30, СШ № 76, якая запускае новы праект... Дарэчы, падобная работа матэрыяльна заахвочваецца. Настаўнік, які прапануе цікавы праект, можа атрымаць прэмію, грант гарвыканкама... Дзякуючы гэтаму, у нашай справе ёсць свае зоркі, прозвішчы якіх на слыху ў раёне: Кендыш Наталля Антонаўна, Градабаева Іна Барысаўна, Пазняк Галіна Баляславаўна, Радзюк Галіна Іванаўна.

— Якой павінна быць прафарыентацыя школьнікаў? Што робіцца для таго, каб пазнаёміць дзяцей з рабочымі прафесіямі?

— Сітуацыя склалася так, што вучэбна-вытворчы камбінат Савецкага раёна з гэтага навучальнага года будзе працаваць як структурнае падраздзяленне СШ № 76. На першым паверсе будзе непасрэдна камбінат, на другім і трэцім — агульнаадукацыйная школа. Камбінат будуць наведваць дзеці не толькі Савецкага, але і Першамайскага раёна. На першым этапе вучні дзявятых класаў атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з рабочымі прафесіямі, запатрабаванымі ў горадзе, наведаюць ліцэі і каледжы, даведаюцца, дзе і як атрымаць тую ці іншую спецыяльнасць. Далей на базе ліцэяў і каледжаў мы пакажам, як менавіта навучаюць прафесіі будаўніка ці аўтаслесара, цырульніка або повара-афіцыянта. Трэба заўважыць, што ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі сёння створаны вельмі добрыя ўмовы для авалодання самымі рознымі прафесіямі... На трэцім этапе, ужо ў 10-11-х класах, можна будзе непасрэдна атрымаць адну з прапанаваных прафесій на базе вучэбна-вытворчага камбіната.

Прафесійная арыентацыя неабходная як дзецям, так і іх бацькам, якія таксама маюць магчымасць наведаць любую навучальную ўстанову. Мы павінны данесці да дарослых і дзяцей, што эканамісту, юрысту зараз складаней знайсці працу, чым будаўніку ці кухару. Іншая рэч, паралельна неабходна займацца і павышэннем прэстыжу рабочых спецыяльнасцяў.

— У раёне ёсць праблемы з настаўніцкімі кадрамі? Ці бачыце вы спосаб утрымаць у прафесіі маладых спецыялістаў?

— У нашых агульнаадукацыйных установах праблем з кадрамі няма. Той, хто ўцягнуўся ў работу ў школе, сысці не павінен, бо гэта — фанаты. Утрымліваць, зацікаўліваць трэба маладых спецыялістаў. Для гэтага мы і арганізавалі клуб маладога настаўніка "Мы маладыя". Летась да нас прыйшлі 42 маладыя настаўнікі. З іх удзелам мы правялі шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку ў нефармальнай абстаноўцы, паколькі важная не толькі сама працэдура працы, але і як цябе прынялі, як сустрэлі, як ставяцца. Колькі маладых спецыялістаў застанецца праз год — паглядзім...

— А з якімі цяжкасцямі сутыкаецца моладзь у першыя гады працы? Што даецца найцяжэй?

— Аказваецца, самая вялікая цяжкасць звязана не з выкладаннем прадмета, а з роляй класнага кіраўніка. Як правіла, у маладых яшчэ няма сваіх сем'яў, няма дзяцей. І ў такіх выпадках узнікае пэўны бар'ер у стасунках з бацькамі, якія маюць не толькі дзяцей, але і багаты жыццёвы вопыт. Я прапаную дырэктарам школ не ставіць маладога спецыяліста класным кіраўніком, калі ёсць такая магчымасць. Калі ж такой магчымасці няма, то няхай побач будзе настаўнік, які ў складанай сітуацыі прыйдзе на дапамогу... Узяць хоць бы той жа бацькоўскі сход. Да яго трэба сур'ёзна рыхтавацца, гэта не павінна стаць выключна месцам разборкі кожнага вучня. Размова з бацькамі — не другасная частка работы. Трэба разумець, што многае спасцігаецца толькі на практыцы, гэтаму нідзе не вучаць.

— Безумоўна, ёсць бацькі, якія неабгрунтавана скардзяцца на настаўнікаў, патрабуюць пакарання... Няўжо настаўніка штораз караюць?

— У прынцыпе, любое пытанне можна ўрэгуляваць. У сур'ёзных сітуацыях для прыняцця як мага больш аб'ектыўнага рашэння збіраецца спецыяльная камісія. Але тут справа ў многім заключаецца ў стаўленні настаўніка да прафесіі, у тым, як аднабока часам паказваецца грамадству фігура чалавека, які займаецца вельмі высакароднай справай. З другога боку, чаго хаваць, ёсць і настаўнікі, якія сталі, так бы мовіць, ахвярамі эмацыйнага выгарання і ўжо не падыходзяць для працы ў школе.

— Ці не перагружана сёння школа шматлікімі конкурсамі, спартакіядамі, спаборніцтвамі, зборам макулатуры і металалому і г.д.?

— Што да збору макулатуры, то важна, як гэта давесці да дзяцей. Нічога цяжкага для дзяцей тут няма, калі гэта будзе свайго роду гульня. Што да іншых мерапрыемстваў, то ў горадзе, рэспубліцы, на базе самой школы сапраўды праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Але кожная сярэднеадукацыйная ўстанова мае, як мы кажам, свой "твар", і можна выбраць з мноства мерапрыемстваў тое, што адпавядае інтарэсам і накіраванасці школы. Ніхто не прымушае ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах адразу.

— Што вы думаеце пра школьныя перагрузкі?

— Гаварыць пра перагрузкі вельмі няпроста. Адны бацькі хочуць разгрузіць дзіця, а другія — наадварот, максімальна загрузіць, бо лічаць, што ў дзіцяці не павінна быць вольнага часу, трэба, каб яно пастаянна чым-небудзь займалася. На маю думку, прывучыць дзіця да самых розных карысных заняткаў — вельмі добра для далейшага жыцця. Гэта цудоўна, калі ў чалавека ёсць хобі. Таму мы і кажам бацькам першакласнікаў — няхай дзіця займаецца хоць бы па месяцы ў кожным гуртку. Гэта пошук, які прынясе свой плён.

— Як вы ставіцеся да рэпетытарства?

— Ніводзін рэпетытар не здольны даць усяго таго, што даецца на працягу года ў межах школьнай праграмы. Рэпетытар дасягае добрага выніку, толькі калі ёсць добрая школьная падрыхтоўка. А калі ёсць добрая школьная падрыхтоўка, то можна паступіць у ВНУ і без рэпетытара.

Не толькі даць веды...

Начальнік аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ўпраўлення адукацыі Адміністрацыі Савецкага раёна г. Мінска Леакадзія СТАСЕВІЧ:

— Дабрабыт краіны напрамую залежыць ад таго, наколькі якасныя кадры мы падрыхтуем для яе. Таму наша задача — не толькі даць веды, але і выхаваць чалавека з грамадзянскай адказнасцю, таго, хто пазней прынясе карысць краіне, якая яго рыхтавала, вывела ў дарослае жыццё... Падчас сёлетняй нарады педагагічных работнікаў Савецкага раёна сталіцы мы гаварылі і аб тым, што грамадскія арганізацыі, якія прысутнічаюць ў школе, радуюць, хіба, колькасным складам, але не якасцю работы, а таксама аб тым, як наблізіцца да таго, каб нашы вучні валодалі размоўнай замежнай мовай... Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы мерапрыемства ўзяў раённы клуб "Мы маладыя". Спадзяёмся, яны не кінуць сваю спецыяльнасць праз два гады работы... Усім калегам зычу плённай працы, добрага настрою ў новым навучальным годзе!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ва ўсіх раёнах сталіцы прайшлі педагагічныя канферэнцыі, якія "задаюць тон" новаму навучальнаму году. На ўсіх узроўнях — раённым, гарадскім, рэспубліканскім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика