Масавы гандаль "эйфарыйнымі парашкамі" праз беларускі інтэрнэт працягваецца?. 21.by

Масавы гандаль "эйфарыйнымі парашкамі" праз беларускі інтэрнэт працягваецца?

24.09.2011 11:14 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Масавы гандаль "эйфарыйнымі парашкамі" праз беларускі інтэрнэт працягваецца?


Новыя і новыя небяспечныя рэчывы з моцным псіхатропным эфектам працягваюць завозіць у Беларусь. І свабодна прадаваць праз інтэрнэт. "Лечаць прастуду, санлівасць, можна не спаць да сямі сутак", — адкрыта рэкламуюць барыгі свае парашкі ў сацыяльных сетках. Ці шмат у беларускім інтэрнэце суполак, прысвечаных "парашкам", "міксам", "солям"? Пра гэта ў матэрыяле "Звязды".

Увесну на старонках нашай газеты выйшла журналісцкае расследаванне "Як барыга прадаваў мне "эйфарыйны парашок" (нумар за 24 мая 2011 года).

У матэрыяле апавядалася пра тое, як журналіст пад выглядам наркаспажыўца набыў паўграма невядомага белага парашку. Аб'ява барыгі і яго нумар тэлефона былі размешчаны ў сацыяльных сетках.

— Я першы раз перабраў, мяне вынесла на... — так падчас кантрольнай закупкі прарэкламаваў якасці свайго тавару барыга Сяргей.

Пры дапамозе Міністэрства ўнутраных спраў "эйфарыйны парашок" быў здадзены на экспертызу ў Дзяржаўны экспертна-крыміналістычны цэнтр.

Рэчыва, якое прадаў барыга, аказалася метаксетамінам. Ужыванне такога парашку магло прывесці да маній, дысацыяцый і іншых псіхічных расстройстваў.

Як нам патлумачыў дацэнт кафедры псіхіятрыі і наркалогіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Аляксандр Багданаў, ад спажывання такіх "парашкоў", "соляў" і "міксаў" могуць узнікаць парушэнні псіхічнай дзейнасці: "І часам на тое, каб вярнуць пацыента да рэчаіснасці, патрэбна нямала часу. Псіхалагічная залежнасць застаецца, і яна настолькі моцная, што чалавек часам не можа сябе кантраляваць".

Падкрэслю, што на момант кантрольнай закупкі метаксетамін не быў унесены ў "Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў". Гэта агульнасусветная праблема. У наркалабараторыях штотыдзень "штампуюць" новыя і новыя псіхатропы. І да такой аператыўнасці заканадаўствы розных краін, у тым ліку і нашай, папросту не гатовы.

Што тычыцца Беларусі, у нас "парашкі", "солі", "міксты" і іншыя сінтэтычныя пісхатропы ўносяцца ў наркатычныя спісы перыядычна. І калі абмежаваць дзейнасць барыг у інтэрнэце (а ў аб'явах наўпрост пазначаны нумары тэлефонаў, цэны і нават часам выстаўлены рэальныя фотаздымкі наркагандляроў), то аб'ёмы распаўсюджвання небяспечных для псіхікі грамадзян рэчываў можна было б істотна зменшыць.

Праз тры месяцы пасля выхаду журналісцкага расследавання мы вырашылі праверыць, ці былі зроблены высновы з нашага матэрыялу. Ці навялі парадак у інтэрнэце?

Праглядаючы самую папулярную сярод моладзі сацыяльную сетку vkоntаktе.tu, мы па адным Мінску налічылі... 26 (!) суполак, праз якія адкрыта прапаноўваюць "солі", "міксты", "парашкі", "араматызатары" і іншае (сітуацыя на 23 верасня 2011 года, інфармацыя пра ўсе суполкі зафіксавана і знаходзіцца ў рэдакцыі). Кожная суполка — гэта паўнавартасны інтэрнэт-сайт, з фотаздымкамі тавараў, з беларускімі нумарамі тэлефонаў барыг.

26 — гэта лічба толькі па Мінску і толькі па запыце "парашок". Суполкі створаны і пад іншыя абласныя і раённыя цэнтры. Каб прагледзець усе прапановы, трэба патраціць, напэўна, дзень.

Тэлефаную па першым нумары, які мне патрапіўся.

— Здароў, колькі каштуе "полка" (паўграма)?

— Полка — 50 будзе (долараў).

— Я знаходжуся ў цэнтры, як бы нам сустрэцца?

— Магу пад'ехаць на машыне, якраз і я тут непадалёк.

— Калі?

— Ну, б..., магу хвілін і праз 20 быць у цэнтры. Дам на пробу, калі хочаш. Нармальная штука.

Вось так проста.

Набіраю другі нумар — занята. Неўзабаве барыга ператэлефаноўвае сам:

— Званілі?

— Званіў. Колькі каштуе "полка"?

— 50.

— Чаму так дорага?

— Якасць. За якасць трэба плаціць. Людзі плацяць за якасць. Затое, б....., там будзе не анальгін таўчоны, а там будзе нешта такое, ну, нармальнае... У тым жа інтэрнэце ты за 30 ці за 40 можаш купіць анальгін таўчоны. Так што глядзі сам, можа, варта заплаціць на 10 долараў больш, але ўзяць нешта якаснае...

Праўда, некаторыя барыгі паводзяць сябе не так нахабна і хаця б мінімальна канспіруюцца. Так праз сацыяльную сетку гандляр пад мянушкай Федзя Міксовы пакінуў мне інструкцыі, як набыць яго тавар:

"Аплата на мабільны тэлефон. Аператар "Білайн". Потым даём мінскі адрас. Едзеце і забіраеце..."

Хто павінен кантраляваць нахабства барыг у інтэрнэце?

Пасля выхаду любога расследавання "Звязды", звязанага з наркотыкамі і псіхатропамі, крытыка чытачоў заўжды накіравана на міліцыю.

Аднак, калі паглядзець на справу аб'ектыўна, то ў плане барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў менавіта МУС робіць самыя грунтоўныя крокі.

Прызнаны міжнароднай супольнасцю факт, што ў пытанні забароны сінтэтычных псіхатропаў Беларусь уваходзіць у дзясятку самых перадавых краін свету! Уявіце, які гонар гэта рабіла б нашай праваахоўнай сістэме, калі б не бяздзеянне некаторых іншых структур. Шэраг ведамстваў у сваіх справаздачах рапартуе пра ўласны ўнёсак у барацьбу з наркотыкамі. Але што гэта за ўнёсак, калі дзясяткі барыг гандлююць, не хаваючыся, небяспечнымі для жыцця і здароўя беларусаў рэчывамі? Міліцыя не можа прыцягваць іх да крымінальнай адказнасці, бо новыя "парашкі" немагчыма за дзень-два ўнесці ў наркатычныя спісы.

І тут, на маю думку, павінны дзейнічаць ведамствы, якія непасрэдна абавязаны кантраляваць інтэрнэт. Чаму барыгам дазваляць так свавольнічаць? Ніхто з нас не застрахаваны ад таго, што і нашы блізкія могуць з'ехаць з глузду, паспытаўшы "эйфарыйны парашок".


Як барыгі рэкламуюць свой тавар у інтэрнэт-суполках?

Прывядзём некалькі прыкладаў агрэсіўнай рэкламы ў сеціве.

Вось адна з суполак з назвай "Для аматараў якасці, Мінск (парашкі, таблы і курава...)"

У апісанні пазначана:

"Усе міксы абсалютна легальныя на тэрыторыі РБ і РФ! Не ўтрымліваюць забароненых на тэрыторыі РБ рэчываў, гэтаму ёсць дакументальнае пацверджанне — заключэнне лабараторнай экспертызы. Так што ні вы, ні мы нічым не рызыкуем".

А ў суполцы "Легальныя парашкі (сэкс і віскі, кокс карыбскі, маркі...)" барыгі пазіцыянуюць сябе запраўскімі менеджарамі, эталонамі ветлівасці:

"Прыносім прабачэнне за тое, што не працавалі па тэхнічных прычынах!!! Тэлефануйце на новы нумар, усё ў наяўнасці..."

А ў суполцы "Легальныя парашкі" і солі для ванны ў Мінску" гандляры пераконваюць, што іх тавар — ледзьве не вітаміны:

"Мы не займаемся продажам наркотыкаў і не маем нічога агульнага з тымі, хто гэтым займаецца. Мы толькі дапамагаем людзям знайсці тое, што яны шукаюць..."

Адміністратар адной з наркасуполак пад мянушкай Вагід Віслы апісвае свой тавар у стылі запраўскага фармацэўта": "Лечыць прастуду, санлівасць, апатыю, прысутнічае пачуццё ўпэўненасці, можна не спаць да сямі сутак. Рэкамендаваная доза для спажывання чалавекам — 0,15 грама".

Усе факты, ілюстрацыі і гутаркі, прыведзеныя ў гэтым матэрыяле, пацверджаны фота і аўдыя.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Новыя і новыя небяспечныя рэчывы з моцным псіхатропным эфектам працягваюць завозіць у Беларусь. І свабодна прадаваць праз інтэрнэт. "Лечаць прастуду, санлівасць,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика