Ніводная ўзнагарода не зможа замяніць людскую памяць
06.10.2011
—
Новости Общества
|
Звяртаюся да вас з вялікай просьбай. Я дачка Бар'яш Ганны Архіпаўны, інвалід першай групы. У газеце "Звязда" 11 чэрвеня 2010 года быў надрукаваны артыкул "1945: вяртанне на Беларусь... коней", падрыхтаваны гісторыкам. Яна ездзіла па коней у Германію, а нас, малых дзяцей, пакінула на суседзяў... І яна прыгнала коней без страт. І яе ўзнагародзілі ордэнам Чырвонай Зоркі. Але яна яго не атрымала. Я вам званіла некалькі разоў, а вы мне адказалі, што ордэна няма і вы можаце выслаць пасведчанне. Я напачатку не пагадзілася, а зараз падумала, што і гэта для памяці добра. Няхай яе гэты дакумент будзе падарункам для дзяцей і ўнукаў. Дзякуй. Чакаю адказу. Роза Фёдараўна РАГОВІЧ, вёска Новая Дуброва Акцябрскага раёна. Сапраўды, у нумары "Звязды" ад 11 чэрвеня мінулага года быў змешчаны вышэйназваны артыкул, падрыхтаваны Генадзем Баркуном. Аўтар на падставе архіўных дакументаў распавядаў пра малавядомую шырокаму колу чытачоў старонку з гісторыі, калі ў перыяд 1944-1945 гадоў вялося папаўненне пагалоўя коней у Беларусі. Для рэспублікі, якая моцна пацярпела падчас вайны, гэтая справа была надзвычай актуальнай. Нагадаем прыведзеныя тады ў артыкуле лічбы: на 1 студзеня 1945 года пагалоўе коней у Беларусі налічвала ўсяго 577 138 галоў, або 49,7 працэнта ад даваеннай колькасці. А да канца таго ж 1945 года пагалоўе павялічылася амаль на 80 тысяч — за кошт трафейных коней і коней ад расфарміраваных часцей Чырвонай Арміі. Першых даводзілася перапраўляць з тэрыторыі Германіі і Польшчы. Пра важнасць зробленай працы гаворыць знойдзены дакумент — прынятая 25 снежня 1945 года пастанова ЦК КП(б)Б "Аб прадстаўленні да ўрадавай узнагароды калгаснікаў, спецыялістаў жывёлагадоўлі і работнікаў партыйных, савецкіх і зямельных органаў Беларусі, якія асабліва вызначыліся пры выкананні задання ўрада па перагонцы жывёлы". Сярод 12 чалавек, прадстаўленых да ордэна Чырвонай Зоркі, была і Бар'яш Ганна Архіпаўна — старшая табуншчыца калгаса "Лесен" Акцябрскага раёна Бабруйскай вобласці. У кароткай характарыстыцы да ўзнагароджання гаварылася, што яна перагнала ў свой раён 100 коней без страт у дарозе. Неўзабаве пасля выхаду артыкула адгукнуліся нашчадкі Ганны Архіпаўны (сама гераіня, на жаль, ужо пайшла з жыцця): напачатку ліст у рэдакцыю даслала ўнучка — Святлана Мікалаеўна Мотус з гарадскога пасёлка Акцябрскі, а потым неаднойчы тэлефанавала і дачка колішняй старшай табуншчыцы — Роза Фёдараўна Раговіч. Яны спрабавалі высветліць: дзе можна забраць ордэн, які іх маці і бабуля так і не атрымала? Рэдакцыя спрабавала дапамагчы разабрацца ў сітуацыі... Пра тыя спробы мы вельмі падрабязна пісалі ў "Звяздзе" ад 16 чэрвеня мінулага года. Матэрыял пад рубрыкай "Гарачы" тэлефон" называўся "Мы хацелі б атрымаць бабулін ордэн..." Калі коратка нагадаць сутнасць адказу, дык яна ў наступным. Тое, што згадвалася ў архіўным дакуменце, яшчэ не сведчыць пра сам факт узнагароджання грамадзяніна: яно тады адбывалася на падставе Указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Калі такога Указа не было — значыць, не было і ўзнагароджання. Тады як назваць дакумент, які цытаваў аўтар Генадзь Баркун у сваім артыкуле? Прадстаўленне, "пратакол аб намерах", хадайніцтва, калі гаварыць увогуле. Відавочна, як бы мы ні называлі гэты дакумент, па нейкіх прычынах ён застаўся без задавальнення. (Наша версія тут такая. Ордэн Чырвонай Зоркі — па сутнасці, баявая ўзнагарода. Узнагароджваць такім ордэнам цывільных асоб, прычым праз паўгода пасля заканчэння вайны, відавочна, палічылі ў нейкі момант не зусім правільным. Хоць сам факт такой спробы, як нам падаецца, якраз і гаворыць пра значнасць зробленай для Беларусі працы, пра самаадданасць людзей, якія выконвалі гэтае заданне, пра адзнаку іх працы з боку кіраўніцтва рэспублікі). Прынамсі, дакументальных сведчанняў на той момант не было. І мы параілі заяўнікам самастойна пашукаць патрэбныя звесткі ў расійскіх архівах. Прычым мы папярэджвалі і ўнучку, і дачку Ганны Архіпаўны, што адказу адтуль давядзецца чакаць доўга (на жаль, па аб'ектыўных прычынах гэта — распаўсюджаная з'ява). Са свайго боку, рэдакцыя "Звязды" звярнулася з просьбай аб дапамозе ў Міністэрства абароны нашай краіны, зрабіўшы туды афіцыйны запыт. А яшчэ, не ведаючы на той момант канкрэтных вынікаў пошукаў, мы проста паразважалі. Калі б атрымалася адшукаць патрэбны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, гэта засведчыла б галоўнае: факт узнагароджання сапраўды быў. Аднак нашы заяўнікі канкрэтна прасілі дапамагчы знайсці ўласна сам ордэн. А тут маглі быць два варыянты (зноў жа ў каторы раз пацвердзім: толькі пры ўмове наяўнасці Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, у процілеглым выпадку далей гаварыць не было пра што). Першы, што ордэн адшукаецца недзе ў расійскіх архівах. У гэтым выпадку яго маглі ўручыць нашчадкам гераіні. Другі, гэта калі ў архівах узнагарода не знайшлася б (усё ж не трэба забываць, колькі гадоў з таго часу прайшло, ды і дзяржавы пад назвай СССР даўно не існуе). У такім выпадку родныя Ганны Архіпаўны маглі б атрымаць не сам ордэн, а ордэнскую кніжку да яго. Аднак рэдакцыя не абяцала выслаць яе сям'і Ганны Бар'яш, тут усё таксама павінны было вырашыцца праз расійскія архівы, паколькі правапераемніцай савецкай узнагароднай сістэмы з'яўляецца сучасная ўзнагародная сістэма Расійскай Федэрацыі. Таму чарговаму лісту ад Розы Фёдараўны мы, з аднаго боку, некалькі здзівіліся (усё ж падрабязна падказалі, куды трэба звяртацца ў пошуках патрэбнага), а з другога... працягвалі трымаць пытанне на кантролі. Усё ж гаворка вялася пра адну з малавядомых, як мы зазначалі вышэй, старонак нашай гісторыі, сведкамі і ўдзельнікамі якой сталі нашы землякі. Мы шчыра спадзяваліся, што пошукі не будуць дарэмнымі і ў архівах знойдзецца дакументальнае сведчанне ўзнагароджання Ганны Архіпаўны. Ды і галоўнае ўпраўленне кадраў Міністэрства абароны не забылася адносна просьбы "Звязды" дапамагчы нашым заяўнікам: цягам канца мінулага і пачатку бягучага года яно зрабіла шэраг запытаў і колькі часу таму перадало Розе Фёдараўне патрэбныя дакументы. Гэта і копія той самай пастановы ЦК КП(б)Б "Аб прадастаўленні да ўрадавай узнагароды калгаснікаў, спецыялістаў жывёлагадоўлі і работнікаў партыйных, савецкіх і зямельных органаў Беларусі, якія асабліва вызначыліся пры выкананні задання ўрада па перагонцы жывёлы" ад 25 снежня 1945 года, падпісаная П. Панамарэнкам (з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, з дакументаў архіўнага фонду "ЦК КПБ"). Дарэчы, да яго дадаецца спіс гэтых работнікаў, які так і называецца "Спіс прадстаўляемых да ўрадавай узнагароды..." Звернем увагу: прадстаўленых, а не узнагароджаных. Сярод тых, хто прадстаўлены да ўзнагароджання ордэнам Чырвонай Зоркі, ёсць і Ганна Архіпаўна Бар'яш. У адказе з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь далей гаворыцца, што "ў архіўным фондзе "Вярхоўны Савет БССР" ва Указах Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні ордэнамі і медалямі за 1946-1953 гады Бар'яш Ганна Архіпаўна не знойдзеная". Ёсць і даведка Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі. "Паведамляем, што Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі захоўвае дакументы толькі прадпрыемстваў, устаноў, навучальных устаноў, якія адносяцца да Міністэрства (Наркамата) абароны СССР. Пастановы ЦК КПБ ад 25 снежня 1945 года на захоўванні няма. У картцы ўліку ўзнагароджаных Бар'яш Ганна Архіпаўна не значыцца". Нарэшце, у адказе на імя дачкі гераіні з галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства абароны зазначаецца, што "такім чынам, задаволіць ваш зварот, на жаль, не ўяўляецца магчымым". ...Мы паўторым тое, што гаварылі ўжо летась. Родным Ганны Архіпаўны Бар'яш не трэба, падаецца, так хвалявацца з-за таго, што факт узнагароджання не пацвердзіўся. Справа ж не ў канкрэтным ордэне як такім. Галоўнае тое, што некалі разам з іншымі зрабіла гэтая жанчына. Галоўнае, што памяць пра тыя дні і падзеі цяпер жыве не толькі ў памяці нашчадкаў самой гераіні, але і нашых чытачоў. Ці хіба гэта не ўзнагарода, не памяць для дзяцей і ўнукаў, як пра тое піша дачка Ганны Бар'яш?!. Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звяртаюся да вас з вялікай просьбай. Я дачка Бар'яш Ганны Архіпаўны, інвалід першай групы. У газеце "Звязда" 11 чэрвеня 2010 года быў надрукаваны артыкул "1945:... |
|